Вы тут

«Будзе зроблена ўсё магчымае, каб Брэст прыгожа адзначыў сваё 1000-годдзе»


Першы атрымаў самакіраванне, або Пра ўдзел дэпутатаў і маладзёжных структур у падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 1000-гадовага юбілею Брэста

Можна сказаць, што старт для падрыхтоўкі да святкавання 1000-годдзя Брэста быў дадзены на сесіі гарадскога Савета ў верасні 2017 года. Тады была прынятая Канцэпцыя падрыхтоўкі і правядзення святкавання. «Брэст — адзін са старэйшых і найбуйнейшых культурных, прамысловых і гандлёвых цэнтраў Беларусі. Гэта горад цікавага лёсу, горад, які адыграў значную ролю ў гісторыі. Тысячы ніцяў звязваюць Брэст з блізкімі і далёкімі краінамі, робяць яго месцам перасячэння розных культур і рэлігій», — сказана ў агульным палажэнні Канцэпцыі.


А яе мэтамі і задачамі вызначана найперш стварэнне ў грамадскай свядомасці беларусаў і замежных партнёраў вобраза Брэста як сучаснага горада, буйнога рэгіянальнага культурнага, эканамічнага, турыстычнага цэнтра, горада з багатай гісторыяй. У названым дакуменце пазначана таксама адраджэнне ўнікальнасці і самабытнасці Брэста з акцэнтам на развіццё нацыянальна-культурных каштоўнасцяў і гістарычных сімвалаў. У ліку задач пастаўлена рэалізацыя мерапрыемстваў, накіраваных на рэканструкцыю і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, праектаванне і будаўніцтва аб'ектаў сацыяльнага і культурна-асветніцкага прызначэння, а таксама павышэнне камфортнасці пражывання шляхам комплекснага добраўпарадкавання. У Канцэпцыю дэпутаты таксама заклалі неабходнасць максімальнага залучэння да святкавання юбілею горада прадстаўнікоў грамадскасці, інтэлігенцыі, моладзі, прадпрыемстваў і ўстаноў, бізнес-супольнасці, грамадскіх і рэлігійных арганізацый.

— На гэтай жа сесіі, 12 верасня 2017 года, мы прынялі план работы дэпутацкага корпуса, членаў маладзёжнага парламента і маладзёжных арганізацый горада па падрыхтоўцы да свята, — гаворыць старшыня Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў Мікалай КРАСОЎСКІ. — План налічвае паўсотні пунктаў, за кожным з якіх стаяць асобнае мерапрыемства альбо цэлая праграма дзеянняў. Напрыклад, пункт 16 прадугледжвае ўдзел маладых людзей у стварэнні аб'екта «Парк 1000-годдзя горада Брэста». На практыцы мы бачым, што названая работа атрымала форму цэлага грамадскага руху і не толькі ў маладзёжным асяроддзі. У новым парку паявілася, напрыклад, алея сямейных дрэў, якую пасадзілі маладыя сем'і. Моладзь прымала ўдзел у пасадцы дрэў у многіх раёнах горада. Практычна ў кожнай такой акцыі актыўны ўдзел бралі дэпутаты. Яны ж — завадатары на шматлікіх суботніках, працоўных дэсантах, якія ладзяцца з наступленнем вясны пастаянна. Усім разам нам трэба прыбрацца да свята.

Літаральна ў мінулую суботу па ўсім горадзе прайшла экалагічная акцыя. Ад смецця ачышчалі лесапаркавыя зоны, поймы рэк, паркі і скверы, мясціны баявой і воінскай славы, добраўпарадкавалі помнікі і пахаванні часоў вайны. У першых радах ішлі дэпутаты, кіраўнікі і супрацоўнікі выканаўчых органаў улады. Папрацавалі ў гэты дзень у Гарадскім садзе, у Брэсцкай крэпасці на тэрыторыі Шпітальнага вострава, наводзілі парадак на Трышынскіх могілках.

Многа зроблена ў плане добраўпарадкавання народнымі выбраннікамі ў акругах. Планам мы прадугледзелі ў кожнай акрузе ўладкаваць не менш за дзве дзіцячыя пляцоўкі, палепшыць дваровыя тэрыторыі. Прамежкавыя вынікі падводзім на пасяджэннях дэпутацкіх камісій, пастаянна трымаем пытанні на кантролі прэзідыумам Савета. З такім жа парадкам дня прайшоў прэзідыум і на гэтым тыдні. Зараз дэпутаты асаблівую ўвагу ўдзяляюць санітарнаму стану і добраўпарадкаванню прыватнага сектара. Як правіла, там узнікае найбольш пытанняў.

Старшыня гарадскога Савета лічыць асабліва важнай на цяперашнім этапе прапагандысцкую і тлумачальную работу з насельніцтвам кожнай акругі. Трэба, каб людзі адчулі сваю зацікаўленасць, уласны абавязак зрабіць нешта карыснае для паляпшэння дваровай тэрыторыі, свайго ўчастка, калі гаворка ідзе аб прыватным домаўладанні. Тады горад стане крышачку прыгажэйшы, і тады мы адчуем, што гэта наша агульнае свята.

— Нездарма свой дэпутацкі план мы аб'ядналі з маладзёжным, — працягвае Мікалай Васілевіч. — Можна сказаць, што ўсе сродкі і намаганні, якія ўкладваюцца ў правядзенне юбілею, — гэта работа для будучага камфортнага пражывання новага пакалення брастаўчан. І Заходні абход, і новыя масты, дарогі, і прыгожыя будынкі, якія ўзводзяцца па праграме святкавання, застануцца гораду на многія гады. Трэба, каб маладыя гэта бачылі, правільна ацанілі, і што самае важнае, прадоўжылі работу па развіцці, паляпшэнні, удасканаленні горада ў другім тысячагоддзі. Таму ў праграме юбілею пазначана шмат культурных, гістарычных, асветніцкіх мерапрыемстваў. Конкурсы, фестывалі, навуковыя канферэнцыі, музычныя форумы праводзяцца для таго, каб зрабіць гэты юбілейны год знамянальным і запамінальным. Не перабольшу, калі скажу, што амаль за кожным радком праграмы стаіць удзел некага з нашых дэпутатаў. Думаю, што будзе зроблена ўсё магчымае, каб Брэст, які першы з гарадоў Беларусі атрымаў самакіраванне на аснове Магдэбургскага права ў 1390 годзе, прыгожа і годна адзначыў сваё 1000-годдзе.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Марына Літвінчук і Вольга Худзенка сталі чэмпіёнкамі ІІ Еўрапейскіх гульняў

Марына Літвінчук і Вольга Худзенка сталі чэмпіёнкамі ІІ Еўрапейскіх гульняў

Сёння на вяслярным канале ў Заслаўі працягнуліся спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ.

Грамадства

Як без рызыкі адпачыць у спёку?

Як без рызыкі адпачыць у спёку?

Вадасховішча Дразды даўно стала ўлюбёным месцам адпачынку тысяч людзей.

Грамадства

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў

Расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Уладзімір Зайцаў.

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.