Вы тут

Як у Відамлі ствараюць і падтрымліваюць прыгажосць усёй грамадой


Тут зроблена шмат па добраўпарадкаванні, ёсць нямала крэатыўных узораў ландшафнага дызайну. Мясцовыя жыхары кожны год прыдумваюць і ствараюць новыя клумбы, высаджваюць новую расліннасць, разводзяць новыя кветкі. Чаго не хапала ў Відамлі,
што ў Камянецкім раёне, дык гэта хіба што Лабараторыі сонца. Вось і яна паявілася мінулым летам. Назва трошкі нават інтрыгуе. Але пра лабараторыю скажам крыху пазней.


З гісторыі пытання

Пачаць варта з гісторыі. Актыўная работа па паляпшэнні знешняга выгляду пачалася ў Відамлі з прыходам у тутэйшы калгас «Кастрычнік» на пасаду старшыні Міхаіла СТРАПКО. Забягаючы наперад, адзначу, што Міхаіл Мікалаевіч тры скліканні запар быў дэпутатам абласнога Савета. Спецыяліст, які прайшоў «школу» двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Уладзіміра Бядулі, Міхаіл Страпко прывык усё рабіць грунтоўна і звяртаць увагу не толькі на вытворчыя паказчыкі. А тое, што ўбачыў новы старшыня ў цэнтры вёскі, праз якую праходзіць рэспубліканская дарога на Белавежскую пушчу, яго, вядома, не ўзрадавала. Побач з адміністрацыйнымі будынкамі, крамамі разрасліся старыя дрэвы, хмызняк, іх трэба было прыбіраць. Статак свойскіх кароў праходзіў праз цэнтр вёскі некалькі разоў на дзень з усімі наступствамі для дарогі.

Першае, з чаго пачаў новы старшыня, — навядзенне парадку на тэрыторыі. Прыбралі каля канторы, зрэзалі старыя дрэвы і кусты, пачалі высаджваць кветкі... Пенсіянеры з найбліжэйшых дамоў прыходзілі, цікавіліся, давалі парады.

Тады ж сельвыканкам разам са старастам вёскі прапанаваў вясковым жыхарам раздзяліць статак на два. Відамля — населены пункт, выцягнуты ўздоўж дарогі. І такі варыянт выглядаў выйсцем у справе падтрымання парадку. Хаця б цэнтральная частка заўсёды заставалася б чыстай. Правялі сходы, пагутарылі з людзьмі, асноўная частка насельніцтва ідэю падтрымала. Але знайшліся і тыя, хто не згаджаўся. Зноў і зноў даводзілася гутарыць, пераконваць. Жыхары вёскі паступова звыкаліся з думкай, што прыгажосць дасягаецца агульнымі намаганнямі.

Настрой на пазітыў

З часам у гаспадарцы паявілася штатная адзінка — работнік па азеляненні. На гэта месца ўзялі не першага чалавека, які трапіў пад руку, а таго, хто ўмее даглядаць і любіць расліны. Менавіта Таццяна Логаш цяпер адказвае за прыгажосць у Відамлі. А вясной ці восенню на дапамогу выходзяць работнікі адміністрацыі гаспадаркі, спецыялісты сельсавета.

Кожны год у Відамлі паяўляецца нешта новае: кусты ядлоўцу, кіпарысавыя расліны. А недарагія самшыты, напрыклад, знайшліся ў Кобрынскім раёне — іх адразу купілі цэлую машыну. Міхаіл Страпко кажа, што гэта не проста хобі, а частка вытворчай стратэгіі:

— Вось прыязджаюць на працу маладыя спецыялісты. Хто з іх захоча застацца ў недагледжанай закінутай вёсцы? Далей: кожны дзень на працу прыходзяць механізатары, кіроўцы, іншыя работнікі. Яны бачаць не засмечаныя гаспадарчыя і машынныя двары, а парадак на тэрыторыі, клумбы з кветкамі, якія радуюць вока. Гэта міжволі настройвае чалавека на пазітыў. Аказалася, што стварыць прыгожы куточак каля кожнага са складоў не з'яўляецца праблемай. Заўсёды знойдзецца чалавек, які гэта любіць. На тэрыторыі збожжатока жанчыны здолелі так размясціць куточкі з кветкамі, што яны відаць адусюль. Зойдзеш падчас уборкі, тоны збожжа кругом ляжаць, а побач абавязкова нешта цвіце. Самі работнікі кажуць, што гэта спрыяе добраму настрою.

Калі да гаспадаркі далучылі дзве суседнія, на аддаленых фермах захапленне падтрымалі. Аднойчы на адной з такіх фермаў кветкі пабіў град. «Прыязджаю, а жанчыны ледзь не плачуць, — расказваў Міхаіл Мікалаевіч. — Прывезлі ім новыя расліны, паправілі клумбы. Мяне ж парадавала, што людзі аказаліся чуйнымі да прыгажосці».

Конкурс-агляд

З гадамі ў вёсцы станавілася ўсё болей добраўпарадкаваных і ўпрыгожаных сядзіб. Потым у практыку ўвайшло спаборніцтва на найлепшую сядзібу. Паступова гэта ўжо стала нормай грамадскага жыцця, нікога асабліва не трэба агітаваць альбо прымушаць, — канстатуе старшыня сельскага Савета Марына КАРАЛЮК. — Вяскоўцы захапіліся ідэяй упрыгожвання свайго побыту. Кожнае лета камісія сельскага Савета абыходзіць падворкі, робіць фотаздымкі, каб зімой падчас падвядзення вынікаў аформіць стэнды і прадставіць дакументальныя сведчанні намаганняў пераможцаў.

Вынікі падводзяць сумесна сельскі Савет і адкрытае акцыянернае таварыства «Відамлянскае». Нават падзячныя лісты падпісваюць два кіраўнікі. Праводзіцца ўрачыстае мерапрыемства, дзе ўшаноўваюць перадавікоў мінулага года. У зале ладзіцца фотавыстаўка, падчас якой нярэдка можна пачуць: «Няўжо так прыгожа было ў маім двары?»

Вялікая заслуга ў справах добраўпарадкавання на рахунку мясцовай школы. Зараз тут вырошчваецца да 90 працэнтаў расады аднагадовых раслін, якія ўвесь сезон упрыгожваюць вуліцы і плошчы вёскі. Школа падтрымлівае ў парадку не толькі сваю тэрыторыю, але і даволі вялікую прыдарожную паласу. Тут з'явіліся прыгожыя арыгінальныя клумбы, якія час ад часу мяняюць форму і колеравую гаму.

Цікавая гісторыя з клумбай у выглядзе зубра. Яе ўладкавалі на ўзбочыне дарогі на Белавежскую пушчу. Некалькі сезонаў квітнела рознымі краскамі, а потым вырашылі па звычцы памяняць яе форму на іншую. Але нехта з настаўнікаў заўважыў, што менавіта каля гэтай клумбы больш за ўсё фатаграфуецца турыстаў. І яна тут вельмі дарэчы, бо мае брэндавае значэнне. «Выйшла як з той Эйфелевай вежай, — жартуе дырэктар школы Тамара Страпко. — Будавалі на час выстаўкі, потым хацелі разбурыць, а аказалася, што вежа — ужо славутасць. Так і наш зубр: мы яго пакінулі, толькі кожны сезон напаўняем новымі адценнямі». Школа даглядае ладны кавалак прыдарожнай паласы, тэрыторыю царквы, падтрымлівае ва ўзорным парадку ўласны двор.

Фестываль малых вёсак

Акрамя Відамлі ў склад сельсавета ўваходзіць нямала малых вёсак. Каб іх падтрымаць, у тым ліку ў плане добраўпарадкавання, задумалі фестываль малых вёсак пад назвай «Вёсачка мая — мая чараўніца». Кожны год у адным з такіх населеных пунктаў праводзіцца свята вёскі, да якога ідзе падрыхтоўка фактычна цэлы год. А на вясковы фэст збіраюцца ўсе пакаленні вяскоўцаў, дзеці-ўнукі прыязджаюць нават здалёк. Сельгаспрадпрыемства не абыходзіць увагай ніводнага былога работніка, падарункі адрасуюцца ўсім калгасным пенсіянерам. Гаспадыні дастаюць з куфраў вышыванкі і посцілкі, дэманструюць таленты кулінарыі. Усе, як адно, святы: «Грушаўскі світанак», «Баранкаўскі завітанак», «Млыноўскі беражок», «Куфар Радасці», «Гасцёўня на Лясной», «Мядовы чай на Панскім», — прайшлі вельмі душэўна, цікава, пакінулі іх удзельнікам незабыўныя эмоцыі. У сельскім Савеце захоўваюцца відэаматэрыялы, цэлыя альбомы са здымкамі з тых мерапрыемстваў, там цэлы стос падзячных водгукаў найбольш ад нашчадкаў жыхароў, якія выбраліся на свята і сустрэліся з аднакласнікамі, аднавяскоўцамі, акунуліся ў сваё юнацтва.

Рэкрэацыйная і навучальная

Асобна варта сказаць аб праекце, які ажыццявілі ў Відамлі летась. У цэнтры вёскі паявілася рэкрэацыйна-навучальная пляцоўка «Лабараторыя сонца». Пачыналася, як заўсёды, з ініцыятывы нераўнадушных жыхароў. Спачатку за адміністрацыйным будынкам уладкавалі стары сад. Яго пачысцілі, абнавілі. Старыя неаварыйныя дрэвы пакінулі, дабавілі новых, сад ажыў. Потым сельскі Савет аформіў свае намеры дакументальна і выйграў грант на конкурсе мясцовых ініцыятыў «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні». На атрыманыя грошы, а гэта 27 тысяч долараў, пабудавалі пешаходныя дарожкі, устанавілі сем свяцільнікаў, чатыры сонечныя панэлі і два стэнды па энергазберажэнні. Тут размяшчаецца інфармацыя на тэму эканоміі і беражлівасці.

Энергіі ад сонечных батарэй хапае, каб асвятляць названую пляцоўку круглы год. Тут жа ўсталяваны разеткі для зарадкі мабільных прылад. Адпачываеш і зараджаеш тэлефон альбо планшэт. За кошт сельвыканкама на пляцоўцы паставілі садовыя лаўкі. Людзі ацанілі іх як выдатнае месца для адпачынку. Сталі прыходзіць, каб пасядзець, палюбавацца садам. Але адразу склалася ўражанне, што чагосьці не хапае, бо на пляцоўку пацягнуліся сем'і з дзецьмі. Так, у цэнтры зоны адпачынку проста прасілася дзіцячая пляцоўка. Гэта заўважыў і старшыня Камянецкага райвыканкама, калі заехаў падчас работ па ўзвядзенні «Лабараторыі сонца». І менавіта з дапамогай выканкама дзіцячая пляцоўка неўзабаве паявілася. З якім захапленнем прыходзілі сюды дзеці, асабліва на самым пачатку!

— Адным словам, добрую справу адолелі ўсёй грамадой, — падсумоўвае старшыня сельскага Савета Марына Каралюк. — Самую вялікую падтрымку аказалі ААТ «Відамлянскае», ААТ «Агра-Турна», ДРСУ-137 і многія жыхары вёскі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Лабараторыя сонца на фоне старога саду

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.