Вы тут

Сенатар пра работу над законамі і сельскі бізнес


Сенатар пра работу над законамі, сельскі бізнес, развіццё дапаможнай гаспадаркі, добраўпарадкаванне талакой

Член пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Віктар АМБРАЖЭЙЧЫК абраны ў верхнюю палату парламента ад Брэсцкай вобласці. Працуе Віктар Георгіевіч дырэктарам Драгічынскага лясгаса. На працягу некалькіх скліканняў быў дэпутатам Брэсцкага абласнога і Драгічынскага раённага Саветаў, значыць, мае практычны вопыт работы ў органах мясцовага самакіравання. Гутарку з ім пачынаем з прамых абавязкаў сенатара — работы над законамі.


— Што датычыцца законатворчасці, мне, як работніку лясной галіны, апошнім часам найбольш блізкай была работа над законам аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях, унясенні змяненняў у Лясны кодэкс, — гаворыць Віктар Амбражэйчык. — Названы закон быў прыняты ў 1994 годзе, за чвэрць стагоддзя шмат змянілася, той выпадак, калі само жыццё запатрабавала новую рэдакцыю важнага для краіны заканадаўчага акта. А вось Лясны кодэкс — намнога больш позні дакумент, яго змены абумоўлены практыкай вядзення лясной гаспадаркі і новымі прыроднымі з'явамі, што ўплываюць на стан лесу. Так што змяненні ў дакумент сталі своечасовымі і патрэбнымі.

— Што складае аснову вашай работы на месцы, у акрузе? З чым прыходзяць людзі да сенатара?

— На месцы члены Савета Рэспублікі працуюць у цеснай звязцы з мясцовымі Саветамі і дэпутатамі ўсіх узроўняў. На прыёмы людзі прыходзяць з самымі рознымі пытаннямі. Нядаўна грамадзяне прасілі знесці старое дрэва ў райцэнтры, адрамантаваць участак дарогі. Традыцыйна пэўная частка зваротаў датычыцца работы ЖКГ. Разам з зацікаўленымі ведамствамі, як правіла, знаходзім рашэнне па гэтых пытаннях. Варта адзначыць, што ўсім дэпутатам паступаюць падобныя звароты, і яны носяць, калі не зусім прыватны, то дакладна, не глабальны характар. Найбольш хвалююць звароты, звязаныя з працаўладкаваннем, пошукамі работы, асабліва маладымі людзьмі. У Драгічынскім раёне апошнім часам з-за складанай фінансавай сітуацыі і з іншых прычын шэраг прадпрыемстваў значна скарацілі свой штат. Людзі вымушаны былі шукаць работу альбо спосаб карміць сябе і сваю сям'ю. На прыёмах, у размове на сесіях, на пасяджэннях выканкамаў мы прыходзім да высновы, што для эканомікі, альбо, як цяпер прынята гаварыць, для ўстойлівага развіцця тэрыторыі патрэбна больш прыватнай ініцыятывы. А мясцовая ўлада павінна ўсяляк гэтаму спрыяць.

Прыклады ёсць. Скажам, не так даўно ў вёсцы Літоўск адкрылася прадпрыемства «Літоўск Прам». Мясцовы жыхар Аляксандр Галабурда наладзіў свой невялікі бізнес. Аляксандр, заўважу, не заезджы інвестар, нават не прадпрымальнік са стажам. Ён жыхар суседняга Закозеля, а нарадзіўся і вырас у Літоўску. У 2014 годзе Аляксандр Аляксандравіч купіў будынак былой рамонтнай майстэрні і адкрыў у ім пілараму. Цяперашні вясковы бізнесмен да нядаўняга часу працаваў у мясцовай гаспадарцы механізатарам, кіроўцам, на іншых участках. А калі у вёсцы стала вядома, што памяшканне вызвалілася, на яго шукаюць пакупнікоў, яны з жонкай-бухгалтарам усё пралічылі, склалі свой бізнес-план і вырашылі рызыкнуць.

Найперш набылі тэхніку, абсталяванне, аформілі дакументы на распрацоўку лясной дзялянкі. Прадпрыемства займаецца распілоўкай дзелавой драўніны і атрымлівае будаўнічы матэрыял. Работу адразу пасля рэгістрацыі «Літоўск Прам» атрымалі сем чалавек. Але пілараму сваю Аляксандр Галабурда мае намер пашыраць, на падыходзе новы цэх з усім абсталяваннем. Такі прыклад, на шчасце, не адзінкавы, але нельга сказаць, што рэгістрацыя невялікага бізнесу стала масавай з'явай. У Драгічынскім раёне развіццё атрымала занятасць у прыватнай дапаможнай гаспадарцы.

Людзі бяруць участкі зямлі, займаюцца вырошчваннем маліны, клубніц. Драгічынскія маліннікі ведаюць цяпер далёка за межамі раёна, вобласці, нават краіны. І вось гэтае захапленне гаспадаркай дапамагло вырашыць даўнюю праблему, якой быў знос старых дамоў. Зараз гаспадары, якія жадаюць вырошчваць агародніну альбо ягады, купляюць ці бяруць у арэнду ўчасткі з нічыйнымі дамамі, зносяць рэшткі пабудоў, расчышчаюць тэрыторыю, распрацоўваюць зямлю і вырошчваюць сельгаскультуры. Гэта вельмі станоўчая тэндэнцыя. Магчыма, з такіх вось дробных гаспадароў у будучым вырастуць буйныя фермеры-прадпрымальнікі, а нехта з іх стане інвестарам будучага завода па перапрацоўцы ягад. Цяпер у многіх, калі не ва ўсіх, дробных гаспадароў узнікаюць праблемы са збытам сваёй прадукцыі, асабліва малін, якія вельмі хутка псуюцца. Адзін фермер выказаў намер узяцца за ажыццяўленне праекта перапрацоўчага прадпрыемства, але пакуль што названы праект не набыў рэальныя абрысы. Спадзяёмся, што з часам такое прадпрыемства з'явіцца.

Апошнім часам раённы Савет дэпутатаў стараецца накіроўваць фермераў, гаспадароў смялей асвойваць новыя віды прадукцыі. Напрыклад, можна вырошчваць кавуны альбо раянаваныя сарты вінаграду. Клімат змяніўся, у нашых шыротах традыцыйна паўднёвыя культуры таксама могуць расці. І мы, дэпутаты абедзвюх палат парламента, падтрымліваем мясцовых дэпутатаў. Чым больш будзе прыватнай ініцыятывы, тым лепш будзе развівацца раён.

— А прыватная ініцыятыва суполак на чале са старастам альбо асобных груп людзей у вёсцы, сельсавеце, на ваш погляд, можа змяніць сітуацыю з добраўпарадкаваннем, паляпшэннем знешняга выгляду населеных пунктаў?

— Спакон веку ў нашых мясцінах многае рабілі талакой. І цяпер традыцыі папярэднікаў часам успамінаюць. У нашым раёне фактычна ў кожным сельсавеце можна знайсці такія ініцыятывы. Вось, скажам, у Імянінскім сельсавеце прыклад адной вёскі стаў штуршком для іншых. Спачатку знайшлася група ініцыятыўных людзей у вёсцы Дзераўная. Яны сабралі грошы, замянілі агароджу вакол могілак, потым узяліся за добраўпарадкаванне гэтай тэрыторыі ў цэлым. На іх паглядзелі суседзі з Зёлава, зрабілі тое ж самае. А цяпер жыхары аграгарадка Імянін выбралі ініцыятыўную групу па зборы сродкаў. Яны не хочуць адстаць ад іншых, а маюць намер зрабіць яшчэ лепш.

Могілкі спрадвеку шанаваліся продкамі. І не дзіва, што навядзенне парадку ў вёсках пачынаюць з гэтага аб'екта. У вобласці ж можна прывесці мноства прыкладаў, калі людзі аб'ядноўваюцца ў вулічныя, дамавыя камітэты, а то і цэлым мікрараёнам вырашаюць пытанні добраўпарадкавання. Так робяць у камітэце тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Надзея» ў Баранавічах. Можна згадаць, як збіраюцца людзі і разам уладкоўваюць дзіцячыя пляцоўкі, месцы агульнага адпачынку, разбіваюць футбольнае поле. Агульная справа не толькі яднае людзей, яна здольная мяняць светапогляд, стаўленне да сябе, суседзяў, да агульнай маёмасці. Тое, што зроблена агульнымі намаганнямі, зберагаецца таксама грамадой.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.