Вы тут

Стараста з Горталя стала сапраўдным лідарам і арганізатарам у вялікай вёсцы


Старшыня Івацэвіцкага раённага Савета Аляксандр Сарока расказаў пра сваю першую сустрэчу са старастам Горталя Валянцінай Якімовіч і сваё здзіўленне. Аляксандр Фёдаравіч праязджаў міма могілак, убачыў, як людзі вясной дружна наводзяць парадак, прыпыніўся, рашыў пагаварыць. Падышоў і стаў сведкам прыкладна такога дыялогу: «У цябе, Васіль, ёсць конь, а ты без каня прыйшоў, то ідзі запрагай. А ты, Іван, трактар свой падгані, трэба вывезці пні, адходы пасля спілоўвання. Вы, жанчынкі, потым прыбераце свае магілы, спачатку трэба вунь тыя, да якіх ужо ніхто не прыязджае. Вы, дзеткі, ідзіце да ваенных пахаванняў, там парадак наводзьце. А вы, мужчыны, вунь тыя кусты ссячыце!» У адказ людзі толькі ўдакладняюць дэталі ды бяруцца за работу. «І гэта, заўважце, не калгасны брыгадзір на зарплаце, што камандуе сваімі работнікамі, якія таксама зарплату атрымліваюць. Чалавек так займаецца грамадскай работай», — падсумаваў старшыня.


Законны статус

А ў Горталі гэта ўсім прывычна. Валянціну Аляксееўну даўно прызнаюць за лідара. Некалі яна працавала ў Гортальскім сельскім Савеце. Потым яго скасавалі і далучылі да Целяханскага. Яна перайшла туды на пасаду сакратара, па-цяперашняму кіраўніка справамі. Жыла тут, і па звычцы ўсе людзі па любым пытанні звярталіся да яе: каму патрэбная даведка, каму спатрэбілася аформіць спадчыну, а каму і хатняга дэбашыра прыйшоў час накіраваць у лячэбна-прафілактычную ўстанову. Усім гэтым займалася, многім людзям дапамагала. А калі выйшла на пенсію ў 2006 годзе, вяскоўцы нават асабліва не думалі, на сходзе сказалі: «Ты, Аляксееўна, у нас, па сутнасці, стараста, а калі трэба, то і прагаласуем». І прагаласавалі, надалі законны статус.

Першай агульнай работай была ўстаноўка новай агароджы на могілках. Сабралі грошы, купілі бетонныя пралёты, паставілі, пафарбавалі. Але галоўнай справай, якую яны зрабілі ўсёй вёскай разам, стала ўзвядзенне свайго храма. Раней царквы тут не было. Мясцовыя людзі хадзілі ў Целяханы, амаль тысячны Горталь адносіўся да Целяханскага прыхода. Потым нешта змянілася ў царкоўным размеркаванні, і вёску аднеслі да Выганашчанскага прыхода, а гэта амаль 10 кіламетраў.

Галоўны праект — царква

Да Валянціны Якімовіч прыйшла цэлая дэлегацыя жыхароў вёскі, амаль з парога людзі заявілі, што трэба будаваць свой храм. Яна тады крыху разгубілася. А як гэта: будаваць царкву? З чаго пачынаць, куды звяртацца? І варта сказаць, спачатку ідэю далёка не ўсе падтрымалі. Некаторыя абураліся: «Вы хоць уяўляеце, колькі гэта будзе каштаваць?! Гэта ж не лазню, нават не жылы дом узвесці. Дзе ўзяць столькі грошай?» Тады яна патэлефанавала ў Пінск уладыку Стэфану, назвала сябе, расказала, што людзі хочуць мець сваю царкву ў вёсцы. Уладыка параіў збіраць агульны сход, запрашаць святароў. Абяцаў блаславіць таго свяшчэнніка, які возьмецца за гэтую справу. На сходзе, як той казаў, было горача. Розныя думкі і апасенні выказваліся. Але ж грамада рашыла: будаваць. Айцец Мікалай Выганашчаў згадзіўся ўзяцца за справу будаўніцтва. Людзі зразумелі, што галоўнай крыніцай фінансавання будуць ахвяраванні. Таму складалі спісы па вуліцах і кожны месяц уносілі пасільную суму. Праўда, пашанцавала, што ўчастак расчысціў пад будоўлю і заліў фундамент прадпрымальнік. Спачатку ён думаў тут будаваць кавярню з крамай. Потым нешта пайшло не так, чалавек ад ўзвядзення аб'екта адмовіўся, а фундамент ахвяраваў на храм.

Будаўніцтва вялося восем гадоў. Грошай не хапала. Тады бацюшка ўзяў у арэнду кавалак зямлі, сталі вырошчваць агародніну, прадаваць, атрымалі пэўны даход.

— Так з Божай дапамогай вырасла наша цэркаўка. Зараз там службы ідуць, але працягваецца работа па добраўпарадкаванні, рыхтуем храм да асвячэння. А тыя, хто лічыў, што мы ўвязваемся ў авантуру, цяпер прабачэння прасілі ў грамады. Мы рады, што ёсць царква і ўсе святы мы можам адзначаць фактычна дома, а не ехаць за дзесяць кіламетраў, — кажа стараста.

Пахаванні Першай сусветнай

Цяпер яна з актывістамі, мясцовай уладай, спонсарамі ўзялася яшчэ за адну, несумненна, богаўгодную справу. Гаворка аб тым, што на гортальскіх могілках ёсць пахаванне не менш чым дзвюх тысяч салдат расійскай арміі часоў Першай сусветнай вайны. Па беразе Агінскага канала праходзіла лінія фронту. Ваявалі тут больш за год, баі былі жорсткія і працяглыя. Вось і хавалі ўсіх загінулых у адным месцы. Не так даўно ў вёску прыязджалі актывісты Пінскага гістарычнага клуба «Пошук». З іх дапамогай быў аформлены запыт у расійскія архівы. Несумненна, цікава было б высветліць хоць некаторыя імёны, можа, знайшліся б нашчадкі тых воінаў, што назаўсёды засталіся ў гортальскай зямлі. А пакуль што восенню Валянціна Аляксееўна арганізавала суботнік. Прыехалі вяскоўцы са сваімі трактарамі, вывезлі пні і іншыя адходы, што ўтварыліся пры расчыстцы. Потым тэрыторыю разраўнялі. Паставілі крыж і сціплы знак на месцы пахавання. Сёлета запланавалі ўстанавіць агароджу і далейшае добраўпарадкаванне тэрыторыі пахавання.

Зараз у вёсцы вясновыя клопаты. Хутка прыйдзе час дзяліць участкі пад пасадку бульбы. Валянціна Аляксееўна шмат гадоў узначальвае адпаведную камісію. А потым — сенажаці, выпас кароў, копка бульбы.

Словам і справай

Але галоўным у сваёй рабоце яна лічыць нават не вялікія, агульныя справы, пра якія ішла гаворка вышэй, а штодзённыя стасункі з людзьмі. На пахаванні землякоў стараста заўсёды прысутнічае, да гэтага ўсе прывыклі. Нават даводзілася самой разам з сацыяльным работнікам арганізоўваць пахаванне адзінокага чалавека. Нядаўна вось сустрэла яе вельмі пажылая пенсіянерка і раптам расплакалася, сказала, што ёй ніхто ў жыцці такіх харошых слоў не адрасаваў. А ўсяго толькі на 80-гадовы юбілей жанчыны стараста накіравала ёй паштоўку з цёплым віншаваннем. «Вось, аказваецца, якое важнае своечасовае слова ўвагі, а раней аб гэтым не думалася, — разважае Валянціна Якімовіч. — Як у выпадку з гэтай простай жанчынай, якая ўсё жыццё толькі працавала, якой, можа, не надта пашанцавала з роднымі. Добра, што сёлета мясцовая гаспадарка ў калектыўны дагавор унесла палажэнне аб віншаванні ветэранаў: 80-, 85- і 90-гадовых».

Каля дзіцячага садка заводжу размову з маладымі жанчынамі пра старасту:

— У нас у вёсцы дакладна ўлада ёсць, — кажа Святлана Марзан, загадчыца дзіцячага садка. — Ніводная значная падзея не абыходзіцца без Валянціны Аляксееўны. — Летась у доме 90-гадовай жанчыны здарыўся пажар. Яна з унукам жыве. Дык стараста адразу арганізавала збор грошай. Ім дапамаглі. А яшчэ раней адну шматдзетную сям'ю напаткала бяда. Дзіця цяжка захварэла. Трэба было рэгулярна вазіць на лячэнне ў Бараўляны. Стараста адразу пайшла па дамах, сабралі патрэбную суму, каб падтрымаць сям'ю. Радасць цяпер для ўсіх, што хлопчык пайшоў на папраўку...

— Гэта талент трэба мець, каб так арганізоўваць людзей, — падтрымліваюць Святлану Іванаўну іншыя суразмоўніцы. — Неяк прыходзім у магазін, Валянціна Аляксееўна прапануе ўсім пакупнікам рабіць унёсак на ёлачныя ўпрыгажэнні. Ёлку ставім у цэнтры шмат гадоў, а цацкі ж трэба абнаўляць. Вось так за дзень на адну гірлянду збярэ. Мы ў садку таксама вырабляем цацкі. Так разам і ўпрыгожваем ёлку, потым разам святкуем.

— Важна, што Валянціна Якімовіч раней працавала ў сельскім органе ўлады і мела аўтарытэт сярод вяскоўцаў. Гэты аўтарытэт цяпер дапамагае ў рабоце. Ну яшчэ: прыродныя арганізатарскія здольнасці, добрая ўласная сям'я як прыклад для іншых — вось рэцэпт паспяховага старасты. Яна кожны дзень на сваёй грамадскай працы, нібы на работу ходзіць, — сказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Як на работу ходзіць»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».