Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Наш хлопец!


Фота: pixabay.com

Пра суседнюю вёску Ляхаўцы берасцейскі пісьменнік Аляксей Філатаў пісаў, што мянушак там — пад дзве тысячы ў самім сяле і безліч па-за ім, што набывалі іх усе, хто тут нарадзіўся альбо пабываў. Набывалі, зазначу, раней, потым — перадавалі ў спадчыну ад дзядулі да ўнука.

Але ж ёсць сярод мянушак і новыя, народжаныя нядаўна.

...Значыцца, пачатак 1980-х. Танцаў у клубе хлопцам замала — патрэбен працяг. На «мінскачах», «іжах» ды «явах» яны стальной кавалькадай нясуцца ў суседнія вёскі Хаціслаў ці Макраны — вядуць «разборкі» з мясцовымі. Гэта значыць, у танцавальнай зале выключаюць святло і пачынаюць так званы «махач»: б'юць чужых, б'юць сваіх, бо ў цемры хіба разбярэш, хто ёсць хто... Выручае толькі голас.

Вось і ў той вечар, адчуўшы сілу ўдараў, наш Валодзька зразумеў, што б'юць яго не чужыя — свае, і ад крыўды на ўсю моц закрычаў:

— Хлопцы, не біце, я — ва-а-аш!..

На гэтым бойка скончылася — агульным рогатам, братаннем і... нараджэннем новай мянушкі. Валодзю празвалі «Вашыкам», на што хлопец ніколі не крыўдзіўся, бо здабыў мянушку ў баі, хоць і мясцовага значэння.

Генадзь Мішчук, в. Вотчына, Маларыцкі раён.


У каго што баліць...

Фота: stock.adobe.com

У нашай бухгалтэрыі працуюць дзесяць жанчын. Мы, ушасцёх, займаем адзін вялікі пакой і адна адной, як быццам, не замінаем: неяк прыстасаваліся. Хоць прыгоды, вядома ж, здараюцца.

У апошнія гады перасталі, напрыклад, хадзіць у сталоўку (хоць яно і добра было: і пройдзешся трохі, і гарачага супу з'ясі...). Цяпер — бяром так званыя ссабойкі ці тармазкі ды п'ём якую каву-гарбату. А ў астатні абедзенны час — нехта бегае па крамах, нехта чытае ці размаўляе...

У той дзень я сядзела ў інтэрнэце. Насмарк даняў — шукала там новы сродак. Непадалёк, за суседнім сталом, пра нейкія хваробы гаварылі і Вольга з Наташай — дзве нашы бухгалтаркі. Але я іх, можна сказаць, не чула — думала пра свой гаймарыт, аж пакуль не данеслася:

— А найлепшы сродак — гэта холад! Так мая бабуля казала...

(Яна, тая бабуля, па словах ўнучкі, працавала ваенным хірургам, ледзь не да Берліна дайшла! Таму я, ну вядома ж, адарвалася ад камп'ютара — стала слухаць жанчын.)

— У вайну, — «цытавала» бабулю Наташа, — яго і наогул ледзяшамі лячылі.

— Дык гэта ж зімой, — перабіла яе сяброўка, — а ў іншы час?

— У іншы — бабуля казала — прамыванні добра... Цёплай мачой...

— Ну ты скажаш!.. Яна ж у рот зацячэ, — скрывілася я.

— З чаго б гэта? — паглядзела на мяне Наташа.

— Дзе той рот, а дзе... — уставіла слоўца Вольга.

І тут ужо я залыпала вачыма:

— Дык вы пра што там гаворыце?

— Мы — пра гемарой.

— А ты?

— Я — пра гаймарыт.

Вось такія ў нас дзве хваробы. «Далекаватыя» па месцы знаходжання, блізкія па гучанні і, відаць, аднолькава непрыемныя.

Л. С. г. Асіповічы.


Разлік разліку розніца

Фота: pixabay.com

Гэта было на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Знаёмы студэнцкі будатрад паехаў на Магілёўшчыну ўзводзіць так званую малочнатаварную ферму. Непадалёк ад яе размяшчалася вёска — вялікая, але ж досыць глухая: у хаце, дзе пасялілася моладзь, тэлевізара і таго не было, што ўжо казаць пра нейкі клуб, кавярню, лазню... Да рэчкі таксама вярсты з чатыры. «Пакуль з работай справімся, — перажывалі хлопцы, — здзічэем!» Для таго, каб тое не сталася, вырашылі скончыць аб'ект як мага раней: працавалі на поўную выкладку з шасці гадзін раніцы да дзесяці вечара, без ніякіх выхадных. Калгаснае начальства, назіраючы за работай, нацешыцца не магло.

Але ж праз нейкі час здарыўся ў студэнтаў і першы вялікі збой: цэмент не прывезлі і ў адзін дзень, і ў другі, і ў трэці... Хлопцы дома сядзелі, што называецца, лынды білі, хто-ніхто па вёсцы сланяўся — у пошуках прыгод. І двое — нават знайшлі. Спыніла іх бабуля-«божы дзьмухавец», «адважыла» пару кампліментаў, сказала:

— Хлопцы, вы такія працавітыя, такія малайцы!.. Калі час маеце, то можа закалыміце?.. Мне дровы трэба пасекчы... Прычэп, невялічкі... А я і накармлю вас, і заплачу...

Студэнты, пераглянуліся: маўляў, жанчына старэнькая — грэх адмовіць... І таму закасалі рукавы!

Цэлага паўдня яны шчыравалі — пад потам, ад душы, але ж «прычэп» той пасеклі!..

Недзе пад канец, праўда (ведама, галодныя), сталі прыслухоўвацца, ці не запахла з хаты добрай яечняй, ці не ідзе гаспадыня паклікаць за стол?.. Не чуваць, як быццам? «Старэнькая... Мусіць, не паспела?» — падумалі хлопцы і далі ёй яшчэ трохі часу: пакуль дровы ў паветку складуць.

Хораша ў іх атрымалася — акуратненька. Бабуля палюбавалася, пахваліла, а потым кажа:

— Вось вам, хлопчыкі, і разлік — 24 капейкі. Газіровачкі ў краме вып'еце...

Ад гэтых слоў студэнты языкі праглынулі, а бабуля — гнула сваё:

— Там жа, у краме, — казала, — у вас і бутэльку могуць прыняць. Таксама 12 капеек будзе. Сваіх дабавіце — купіце слоік гарошку...

У хату, дзе кватаравалі, хлопцы прыйшлі стомленыя, злыя, але ж віду не падалі.

— Ну, колькі зарабілі? — з зайздрасцю спыталі ў іх аднакурснікі (яны, дарэчы, таксама на калым да бабулі прасіліся).

— Тры рублі, — схлусілі хлопцы (бо не хваліцца ж тым, як іх абдурылі).

— Ну, дык тут грашавітыя людзі, добра плацяць, — прызнала грамада і, дзякуй богу, не паслала хлапцоў у краму па віно ці гарэлку...

Што цікава, мяняюцца як быццам часы ды стагоддзі, а падобныя бабулі сустракаюцца і цяпер. Вось хоць бы Ігнатаўна...

Сказаць, што яна — чалавек эканомны, значыць, прамаўчаць, бо над кожнай капейкай жанчына трэслася нават тады, калі працавала, а ўжо як на пенсію пайшла... Ды каб жа якая шматдзетная, каб сямёра ўнукаў па лаўках, каб ніякага запасу, а то ж...

Карацей, яна таксама дроў прыкупіла. З просьбай, каб парэзаў, пайшла да свайго вяскоўца Пятра. У таго бензапіла ёсць, а вось грошай, на жаль, заўжды не хапае, і такса ўсім вядомая: 35 рублёў... Ігнатаўна, праўда, адразу ўпрасіла, каб пяцёрачку скінуў.

Той згадзіўся, прыйшоў на падворак і палову тых дроў парэзаў — прысеў адпачыць. Гаспадыня тут як тут:

— Цяжкая, — кажа, — работа... Але ж і дорага ты бярэш... А ў мяне пенсіі — кот наплакаў! За дровы шмат аддала, за балон заплаціла, у аптэку зайшла, бо лекі скончыліся... Можна, я табе дваццаць- пяткай заплачу? — клянчыла бабуля.

Пятро, каб не чуць гэтага ныцця, махнуў рукою ды зноў уключыў пілу.

Калі работа была завершана, гаспадыня прынесла... 20 рублёў. Болей, маўляў, нямашака.

Пільшчык плюнуў (бо што тут зробіш?) ды пайшоў са двара...

Што цікава, тыдні праз два ён, можна сказаць, вярнуўся: у суседзяў Ігнатаўны дровы парэзаў.

— Колькі ж яны заплацілі? — спытала бабуля ў Пятра.

— Ды — як людзі — 35 рублёў.

— Ну, і нядорага ж, — прызнала скупяндзя, а, падумаўшы, яшчэ і дадала, — зусім нядорага.

Ці ўспомніла пры гэтым, як разлічвалася сама, — таямніца, пакрытая цемрай.

Фаіна Касаткіна, г. Паставы.


Памылка генерала

Фота: pixabay.com

Гэту, на мой погляд, вясёлую гісторыю мне расказаў мой калега. Яго, афіцэра запасу, якраз на пачатку вучэнняў «Захад-81» прызвалі на службу ў войска. Прычым прызваць прызвалі, а вось абмундзіраваць...

Складанасць заключалася ў тым, што «навабранец» (назавём яго Барысам) быў чалавекам, мякка кажучы, далёка не хударлявым. І ростам — метры пад два...

Карацей, паспрабавалі на яго прымераць і тое, і гэта, аднак будзённай адзежы так і не знайшлі, — толькі парадную...

У яе Барыс і прыбраўся (адзіны з усіх). Яму ў форме нават спадабалася! Адно — асвоіцца як след не паспеў — ні села ні пала ўсё падраздзяленне выклікаюць у штаб дывізіі, прычым — тэрмінова.

У такіх выпадках часу на думкі ды зборы, вядома ж, няма: усе ўсё кінулі і хутчэй да паляны, на якой знаходзіўся штаб. Прычым выгляд у групы атрымаўся — нібы з карціны Валянціна Сярова «Пётр І»: гэта значыць, наперадзе, у парадным шынялі, бадзёра крочыць двухметровы Барыс, а за ім, трушком, бягуць астатнія.

Згледзеўшы такую карціну, генерал, які прыбыў на вучэнні, мігам ускочыў на ногі, скамандаваў «Смі-р-р-на!!!» і на «паўсагнутых», як той казаў, кінуўся насустрач.

— Таварыш... — пачаў быў даклад, аднак, згледзеўшы на пагонах Барыса маленькія зорачкі, тут жа скончыў, бо старшы лейтэнант у вачах генерала ну ніяк не цягнуў на «званне» таварыша, а вось мацюкоў яму ўляцела... Яшчэ і за тое, што на вучэннях ходзіць у парадным.

...Як бы там ні было, але наганяй для Барыса скончыўся добра, нават вельмі добра. Для таго каб лейтэнант самой сваёй прысутнасцю не напамінаў генералу пра ягоную памылку, хлопца «загналі» ў палявы аўтапарк, у кабіну самай апошняй машыны ў самым апошнім радзе, і загадалі да канца вучэнняў адтуль не вылазіць. Што ён і рабіў...

Яўген Шастакоў, г. Гомель.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.