Вы тут

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў


Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай. Таму, трапіўшы ў гэты абласны цэнтр, першым чынам мы накіраваліся ў «Выратаванку», як называюць яе экскурсаводы.

Ад каго ж і што выратавалі ў музеі? Гэта творы мастацтва, затрыманыя калісьці на брэсцкай мытні. Іконы, распілаваныя на шэсць частак і запакаваныя ў бляшанку з-пад какавы, старажытнае велізарнае Евангелле, знойдзенае ў рэчах дыпламата, каштоўная парцэляна розных мануфактур. А яшчэ каштоўная антыкварная мэбля, творы Фабержэ, шматлікія карціны — у тым ліку Івана Айвазоўскага, Міхаіла Урубеля і Фернана Лежэ.


Рэчы, прадстаўленыя ў брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў, перадавалі з мытні пачынаючы яшчэ з 1953 года. Дарэчы, акурат тады, у 1950-я гады, затрымалі адразу 30 ікон! Музея яшчэ не было: яго адкрылі толькі ў 1989 годзе. Але ў фонды Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея ўвесь час паступалі прадметы з мытні. Таму пазней вырашылі стварыць асобны музей такой тэматыкі.

У дзень адкрыцця музея перагарадзілі ўсю вуліцу Леніна, згадваюць відавочцы тых падзей. Было столькі груп наведвальнікаў, што музей працаваў да 10 гадзін вечара.

Першая зала акурат прысвечана самой брэсцкай мытні. Тут можна ўбачыць розныя патайнікі. Напрыклад, скрынка ад какавы служыла патайніком для чатырох ікон: вонкава яна не прыцягвала ўвагі, унутры была запячатана фольгай, па вазе адпавядала свайму стандарту. Таму вызначыць, што ў ёй кантрабанда, было нялёгка, аднак гэта ўдалося зрабіць. Побач у экспазіцыі можна ўбачыць цукерніцу — сценка ў ёй ссунутая, а ўнутры відаць старыя сярэбраныя манеты.

У музеі ёсць прылада, якая вызначае вадзяныя знакі: яе падключаюць да сеціва, загараюцца два промні, чырвоны і сіні, — і вось ужо справа на банкноце праяўляецца партрэт Кацярыны ІІ.

У наш час тэхналогіі прасунуліся далёка наперад і вельмі дапамагаюць мытнікам у іх справе. Так, сёння выкарыстоўваецца сканаванне велікагрузных машын. Гэты працэс дазваляе выявіць зброю, наркотыкі, антыкварыят. Знайшоўшы каштоўныя прадметы, мытнікі перадаюць іх для судовага разбору. Затым рэчы паступаюць у музеі нашай краіны, у тым ліку ў музей выратаваных каштоўнасцяў.

Распілаваныя іконы...

Даволі значную частку экспазіцыі займаюць старыя іконы. Яны часта траплялі ў музей у распілаваным выглядзе: некаторыя з іх распілоўвалі нават на шэсць частак. Аднак сучасныя спосабы рэстаўрацыі дазваляюць аб'яднаць іх усе, прычым без зрухаў.

Перад тым як вывезці ікону, чалавек мог даволі доўга чакаць зручнага моманту: адна з ікон у распілаваным выглядзе ляжала 25 гадоў.

Такія творы традыцыйна пішуцца на дрэве. У музеі ёсць старая ікона ХVІ стагоддзя, якая была знойдзена ў кантрабандыстаў у 1960-я гады. Часта такія іконы везлі з храмаў, магчыма, нават з алтароў. Сярод асабліва каштоўных — абраз Божай Маці Уладзімірскай. Па тыпе напісання гэта Елеуса — на правай руцэ жанчына трымае немаўлятка Ісуса Хрыста, які пяшчотна прыціскаецца да шчакі маці.

Яшчэ адна асабліва каштоўная ікона ў экспазіцыі музея — Спас у Сілах. Яна прадстаўлена пасля рэстаўрацыі, а датуецца таксама ХVІ стагоддзем.

У калекцыі ёсць і вельмі цікавы іканастас, затрыманы ў фургоне. Дарэчы, такія прадметы даволі часта спрабуюць вывезці ў фурах, хаваючы сярод асабістых рэчаў. У свой час гэты іканастас склалі — ён атрымаўся невялікага памеру — і так спрабавалі перавезці. Аднак нейкім дзівосным чынам Аляксандр Круковіч (вядомы мытнік, які ўжо пайшоў з жыцця, але паспеў раскрыць шмат тайнікоў) адшукаў яго ў фургоне. Іканастас датуецца ХІХ стагоддзем, ён трохрадны.

У цэнтры адной з залаў — вялізнае Напрастольнае Евангелле. Гэта царкоўная кніга, якая была знойдзена ў 1960-х гадах у рэчах дыпламата. Аклад датуецца 1761 годам, выкананы ў Санкт-Пецярбургу. Пад прыгожым сярэбраным акладам усе старонкі ў поўнай захаванасці — агулам іх каля 300. Напісана кніга на царкоўнаславянскай мове двухкаляровым ручным друкам, і ўсе літары ўпрыгожаны раслінным арнаментам.

І Фабержэ!

Як працавалі ювелірныя майстэрні ў ХІХ стагоддзі? Адразу ўспамінаецца фірма Фабержэ, якая паспяхова працавала з 1842 года да 1917-га. Фабержэ стваралі калекцыі па сезонах і прадавалі іх у крамах. Калі калекцыя не распрадавалася цалкам, яе забіралі, перапрацоўвалі і рабілі зусім іншую калекцыю. У фірме працавала каля дзесяці майстроў — іх імёны ўвайшлі ў гісторыю ювелірнага мастацтва.

У брэсцкім музеі ёсць нефрытавы нож ад Фабержэ — ручка выканана з серабра, а лязо — зялёны нефрыт — з уральскіх самацветаў. Гэта нож для разразання паперы, яго выкарыстоўвалі, каб адкрываць лісты. Побач запалачніца ў выглядзе невялікага грыба. Унутры стаялі запалкі, аб грыб, зроблены з серы, яны падпальваліся: падстаўка з'яўляецца дзейнай. Такіх грыбоў Фабержэ выпусцілі даволі шмат.

Ёсць і туалетныя прылады легендарнай фірмы: флакон для парфумы, пудраніца, скрыначка, ваза ручной работы. Тулава вазы ўпрыгожана алмазнай рэззю, якой займаліся майстры на шкляным заводзе ў Рызе. У экспазіцыі можна ўбачыць прыгожыя вазы для садавіны, графіны, цукарніцы — альянс Фабержэ і рыжскіх майстроў.

Усход — справа тонкая

Паўночны Каўказ прадстаўлены выстаўкай кінжалаў, жаночымі і мужчынскімі паясамі, якія служылі для ўпрыгожвання нацыянальных касцюмаў. Калі прыгледзецца, на жаночых паясах можна ўбачыць манеты, аднак па вазе паясы даволі лёгкія. На манетах пазначаны даты — ХІХ стагоддзе.

Зала Усходу прадстаўляе чатыры краіны — Манголію, Узбекістан, Японію і Кітай. У цэнтры экспазіцыі — адметныя японскія вазы. Адна з іх выканана з бронзы, а зверху пакрытая фаянсам і эмалевымі роспісамі, у тым ліку пазалотай. Кітайскія вазы зроблены ў тэхніцы перагародчатай эмалі.

Чаканны посуд майстроў Узбекістана таксама выклікае захапленне. Напрыклад, пасудзіны для захавання вады, зерня, масла. Ёсць і два японскія скруткі, напісаныя на шоўку.

Парцэляна з ляпнінай

Парцэлянавыя ваза для садавіны і камінны гадзіннік зроблены на нямецкім заводзе больш за 100 гадоў таму — на першай мануфактуры, заснаванай у 1709 годзе пад маркай Майсен. Што ж уяўляла сабой традыцыя Майсена? Першапачаткова прадметы былі белымі, але іх пакрывалі ляпнінай — тонкімі кветкамі, скульптурамі людзей і звяроў, пазней парцэляну часам яшчэ і распісвалі.

Другой па значнасці ў Еўропе была мануфактура Вены. Яна славілася тым, што на прадметах выконвалі творы мастацтва, нават уручную капіравалі шэдэўры сусветнага жывапісу.

Ёсць у музеі і паліцы для захоўвання парцэляны, даволі незвычайнай формы. Датуюцца яны канцом ХІХ стагоддзя. Выкананыя з масіву сасны, зверху пакрытыя шпонай з розных парод дрэва. Дзве такія паліцы былі затрыманыя ў 1973 годзе ў людзей, якія эмігравалі ў Ізраіль. Іншая мэбля гэтай экспазіцыі — стол-бюро для дакументаў, стол-бюро для посуду ў кітайскім стылі — былі затрыманыя ў 1993 годзе ў фуры, якая ішла з Латвіі ў Германію ўначы праз Брэст. У гэтай фуры, акрамя прадметаў мэблі, знаходзілася вялікая партыя кантрабанды. Усе прадметы трапілі ў фонды музея выратаваных каштоўнасцяў — таксама там знаходзіліся карціны, якія ўяўлялі сабой скручаныя ў трубачку палотны.

Пасля знаходжання карцін у такім выглядзе іх, вядома, рэстаўруюць, нацягваюць на падрамнік і ўстаўляюць у раму — каб зноў можна было ўбачыць твор.

Найлепшы сярод марыністаў

Адна з работ, прадстаўленая пасля рэстаўрацыі, — аўстрыйскага мастака Шонберга, 1916 года. Гэта выдатны партрэт маці і дзіцяці, на якім можна ўбачыць вельмі тонкае пісьмо дзіцяці — не кожнаму мастаку ўдаецца так жыва напісаць партрэт немаўляці. Прадстаўлены партрэт дзяўчынкі з ружовым бантам 1900 года — аднак гэта карціна моцна пацярпела, палатно парвалася, фарба ў некаторых месцах пасыпалася.

Ёсць асобная пейзажная зала. Адна з затрыманых карцін адразу была ў раме — гэта праца Юлія Клевера «Пейзаж ля возера». У 1993 годзе яна была схаваная ў фургоне. Клевер — даволі вядомы пейзажыст, яго палатно персанальна набыў Аляксандр ІІІ, і яго карціны на аўкцыёнах каштуюць даволі дорага.

У зборах музея ёсць творы вядомага марыніста Івана Айвазоўскага. Прадстаўленыя карціны Айвазоўскі пісаў для ўпрыгожвання кабінета за 2-3 гадзіны па памяці. За сваё жыццё мастак напісаў каля шасці тысяч палотнаў. Асабліва добра ў яго атрымлівалася выяўляць месяцавае святло і яго адлюстраванне на вадзе і скрозь ваду — акурат гэта відаць на карціне «Марскі пейзаж».

Таксама ў брэсцкім музеі можна ўбачыць работы Міхаіла Урубеля, Фернана Лежэ і многіх іншых адметных мастакоў. Зрэшты, кожны знойдзе ў «Выратаванцы» тое, што зацікавіць менавіта яго.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Вікторыі ЛЯЙКОЎСКАЙ

г. Брэст

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Яна добра памятае той летні дзень. За акном сталі чутныя роў матацыклаў і нямецкая гаворка.

Грамадства

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Як з дапамогай кода стварыць уласную анімацыю і «ажывіць» касмічны карабель? 

Грамадства

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Наш карэспандэнт пастараўся згадаць самыя цікавыя прыклады сумеснай рэалізацыі праектаў.

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.