Вы тут

Кітайскія журналісты знаёмяцца з Сінявокай


Прадстаўнікі кітайскіх медыя з 15 да 20 красавіка гасцююць у нашай краіне, наведваючы розныя аб'екты як у беларускай сталіцы, так і ў рэгіёнах.


У рамках арганізаванага прэс-тура яны ўжо пабывалі ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень», рэсурсным цэнтры ЭкаТэхнаПарк — Волма, навукова-тэхнічным парку БНТУ «Палітэхнік». У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце кітайскія журналісты змаглі пазнаёміцца з адукацыйным працэсам на факультэце кітайскай мовы і культуры, пагутарылі з першым намеснікам міністра адукацыі Беларусі Ірынай Старавойтавай і кіраўніцтвам ВНУ.

Знаёмства з «адукацыйнай тэмай» працягнулася на гродзенскай зямлі, дзе ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы вучацца суайчыннікі гасцей. Прычым на ўсіх узроўнях атрымання адукацыі: ад падрыхтоўчага аддзялення да аспірантуры. Акрамя таго, тут развіваюцца некалькі сумесных навуковых праектаў. Разам з тым вывучэнне мовы мае ўзаемны характар: каля 200 беларускіх студэнтаў вывучаюць кітайскую мову на розных узроўнях. Гэта могуць быць курсы ў кабінеце Канфуцыя ці вывучэнне кітайскай мовы як першай замежнай для студэнтаў, якія займаюцца на спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый».

Перавагі якаснай і натуральнай беларускай прадукцыі кітайскія госці змаглі ў літаральным сэнсе ацаніць на смак, наведаўшы прадпрыемствы «Малочны мір» і «Беллакт».

А з багатай культурна-гістарычнай спадчынай кітайскія госці мелі магчымасць пазнаёміцца бліжэй падчас наведвання замкавага комплексу «Мір» і пешай прагулкі па гістарычных мясцінах цэнтра Гродна.

На сустрэчы з кіраўніцтвам вобласці журналістаў больш за ўсё цікавілі пытанні супрацоўніцтва Гродзеншчыны з рэгіёнамі Кітая. Прадстаўнікі масмедыя змаглі даведацца, як рэалізуюцца з удзелам кітайскага капіталу чатыры інвестпраекты. У прыватнасці, кітайская кампанія выкупіла ў абласным цэнтры 16-павярховы будынак былой гасцініцы «Гродна». Зараз вядзецца яго рэканструкцыя: тут з'явяцца гатэль, рэстаран, гандлёвыя і офісныя памяшканні.

У СЭЗ «Гроднаінвест» таксама зарэгістраваны рэзідэнт з Кітая, які плануе рэалізацыю інвестпраекта ў сферы лагістыкі. Гэты напрамак супрацоўніцтва — адзін з самых перспектыўных, адзначыў на сустрэчы старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, паведамляе БелТА.

У Гродне таксама адкрыты цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны і гандлёва-выставачны цэнтр, дзе прадстаўлены тавары з Кітая. Праекты рэалізуюцца сумесна з партнёрамі з кітайскай правінцыі Ганьсу, з якой Гродзенскую вобласць звязваюць пабрацімскія адносіны.

— Кітай у апошнія гады для рэгіёна важны гандлёва-эканамічны партнёр. Планы па развіцці супрацоўніцтва ў нас дастаткова вялікія. Па выніках 2018 года тавараабарот склаў каля 200 мільёнаў долараў. Магчыма, лічба і не самая вялікая, аднак адзначаем штогадовы рост гэтага паказчыка. Усё больш і больш прадпрыемстваў рэгіёна наладжваюць сувязі з кітайскімі партнёрамі, — адзначыў Уладзімір Краўцоў.

Ён падкрэсліў, што дынамічна развіваюцца адносіны ў адукацыі і культуры. Яшчэ адна перспектыўная сфера супрацоўніцтва — турызм.

Знаёмства з Сінявокай працягваецца.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.

Грамадства

 Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. Рэпартаж

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. Рэпартаж

Нудна больш не будзе. Гэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.