Вы тут

Ад слоў да справы. Аляксей Ягудзін адкрыў цэнтр фігурнага катання ў Мінску


Цэнтр фігурнага катання імя алімпійскага чэмпіёна размясціўся ў «Алімпік парку». Сёння, у дзень адкрыцця, Аляксей Ягудзін правёў бясплатны майстар-клас для дзетак ад 3 да 9 гадоў. Кампанію яму склалі алімпійскія чэмпіёны - расійская пара фігурыстаў Максім Марынін і Таццяна Тацьмяніна, а таксама Паліна Шэлепень. Дакрануцца да легендаў сусветнага фігурнага катання атрымалі магчымасць больш за 250 беларускіх дзяцей.


Юныя фігурысты не хавалі свайго захаплення і адзначалі, што марылі сустрэцца з алімпійскімі чэмпіёнамі.

Наведалі адкрыццё цэнтра таксама намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка і міністр спорту і турызму краіны Сяргей Кавальчук.

Падтрымаць свайго вучня ў такі адказны момант у Мінск прыехала і Таццяна Тарасава, якая выхавала акрамя Аляксея і іншых алімпійскіх чэмпіёнаў. «Вялікае шчасце бачыць такі палац, я ўсё жыццё пра такі марыла, - расказала яна. - Ён нагадвае мне адзін з першых палацаў у Маскве - каток ЦСК. На гэтым стадыёне працавала два генія - мой тата і Станіслаў Аляксеевіч Жук. Мы тады дзялілі лёд з хакеістамі, як будзе і тут. На адным лёдзе ўжывалася тры школы, якія ўславілі нашу радзіму. Тут, маючы такіх трэнераў, такіх дзяцей, хацелася б, каб атрымалася тое ж самае. Я зайздрошчу вашым дзецям, у іх будзе выдатны шлях. Гэта той від спорту, які прымае да сябе ў 4 гады і робіць з дзіцяці працаголіка. Важна, каб дзеці былі здаровымі, цягавітымі і ўжо пасля расквітаў іх талент, калі такі маецца. Набярыцеся цярпення, дарагія бацькі, прыводзьце сюды дзяцей з задавальненнем. Дзеці падаюць, не бойцеся гэтага. Яны маленькія, ім не далёка ад лёду. Усё ў вас будзе добра. А мы будзем дапамагаць, як можам", - адзначыла Таццяна Анатольеўна.

Цэнтр фігурнага катання Аляксея Ягудзіна будзе рыхтаваць дзяцей ва ўзросце ад трох да дзевяці гадоў. Фігурысты змогуць займацца па ўнікальнай праграме, распрацаванай вядучымі спецыялістамі. Трэніраваць дзяцей будуць вядомыя майстры: алімпійскі чэмпіён і настаўнік алімпійскіх чэмпіёнаў Алег Васільеў, алімпійская чэмпіёнка Таццяна Тацьмяніна, чэмпіёнка Еўропы і прызёр чэмпіянатаў свету Яна Хахлова, алімпійскі чэмпіён Максім Марынін.

«Чэмпіянат Еўропы, які прайшоў у Мінску ў студзені гэтага года, даў штуршок развіццю фігурнага катання ў вашай краіне, - адзначыў Аляксей Ягудзін. - Трэба пераходзіць ад слоў да справы, гэтай справай мы пачнем займацца ўжо з заўтрашняга дня».

Аляксей падзякаваў за цэнтр фігурнага катання кіраўніцтву краіны, Міністэрству спорту і турызму, Саюзу канькабежцаў Беларусі.

«Я чалавек, які не любіць даваць абяцанні, думаю, гэта пустая справа. Спадзяюся, наша планамерная праца ў далейшым прывядзе да выніку. Мы будзем інтэграваць у цэнтр вопытных трэнераў, у тым ліку трэніраваць буду і я, зразумела, што час ад часу. Галоўнае - выбудаваць сістэму, чым мы і займаемся. Важны момант, мы тут не для таго, каб рэалізаваць свае амбіцыі, мы не хочам разбураць тое, што ўжо створана ў Беларусі, не будзем хадзіць і перавабліваць дзяцей з іншых школ. Мы наадварот хочам інтэгравацца ў сістэму і працаваць разам, як адзіны механізм. Каб усё працавала на адзін вынік, каб падняць узровень фігурнага катання ў Беларусі», - падкрэсліў Аляксей Ягудзін.

Ён адзначыў, што цэнтр фігурнага катання не абмяжуецца дзецьмі, спецыялісты школы Ягудзіна будуць працаваць са спартсменамі, якія здольныя паказваць больш высокія вынікі на еўрапейскіх першынствах і, магчыма, чэмпіянатах свету, юніёрскіх турнірах.

«Усё ўпіраецца ў адно слова - праца. У любой прафесіі чалавек не можа дасягнуць добрага выніку, калі ён не ўстае з пеўнямі. У 2003-2004 годзе, пасля завяршэння сваёй кар'еры, я працаваў з Таццянай Анатольеўнай Тарасавай у якасці трэнера з Андрэем Гразевым, у галаве тады прамільгнула думка, што, магчыма, буду трэнерам, але я з гэтым не спяшаўся. Далейшае жыццё паказала, асабліва з нараджэннем дзвюх дачок, што ты жывеш не толькі для сябе, але і для таго, хто з'яўляецца нашым будучым. Я не адважваўся адчыняць школу, пакуль на 100 працэнтаў не ўсвядоміў, што магу тут быць, а не проста назваць школу сваім імем».

Дар'я Лабажэвіч

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.