Вы тут

Гульні з розумам


Хто яна, Людміла Рублеўская? Празаік? Паэтка? Гісторык-даследчык, які аднаўляе ў нацыянальнай свядомасці праўдзівыя кадры мінулага, ці казачніца, якая стварае новую прыгожую гісторыю Беларусі? Відавочна адно: яе творы — мастацкія рэфлексіі вакол малавядомых фактаў з даўніны.


Быць літаратарам у нашыя дні — не модна. Цяпер у трэндзе спецыяльнасці, якія прыносяць прыбытак. І, так званыя прафесіі будучыні, у якіх спецыялісты ствараюць адытыўныя тэхналогіі, стратэгіі дыверсіфікацыі, айдэнтыку, робатаў і мноства іншых пакуль мала зразумелых нам рэчаў.

З іншага боку, пісьменнікаў сёння як ніколі шмат, паліцы кнігарняў заваленыя літаратурай на любы густ. Чаму? Думаю, быць аўтарам твора, які пабачыў свет — прыемна. Адчуваеш гэткі флёр статуснасці. А яшчэ можна пісаць для сябе: выплюхваць на паперу эмоцыі, думкі, калі ім цесна ў галаве. Або — для іншых: такі маўклівы заклік задумацца пра тое, што напісана ў кнізе. Напрыклад, пра мінулае, пра гісторыю роднага краю. Без мінулага ж няма будучыні. Фраза вядомая, можа нават скажаце — банальная, але для нас, беларусаў, актуальная. У апошні час мы сталі больш цікавіцца нацыянальнай культурай і часцей размаўляць на роднай мове. Вось і фільмы пачалі здымаць «з нацыянальным характарам»: напрыканцы года на вялікія экраны павінна выйсці экранізацыя рамана Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега».

Мая субяседніца — вядомы празаік і паэтэса, літаратурны крытык і журналістка, знаўца беларускай гісторыі. Яна шмат усяго цікавага ведае пра славутых людзей з беларускай мінуўшчыны. Не ўсе яны ад «касы», між іншым, былі, як тое некаму здаецца па ўрыўку з Купалаўскага верша. «Хадзілі па зямлі роднай і рыцары, і прыгожыя дамы, філосафы, шляхцічы, былі балы і дуэлі, таямнічыя падзямеллі і загадкавыя артэфакты», — распавядае Людміла. І дзеля справядлівасці дадае: у яе кнігах, перакладзеных на розныя еўрапейскія мовы, нямала і мастацкай выдумкі.

— Людміла, адкуль паходзіць вашае прыгожае прозвішча? Раскажыце пра свае карані.

— Гісторыя Беларусі ўся — з белых плямаў, і гісторыя майго роду — таксама. Можа, таму мяне заўсёды так цікавілі архіўныя вышукі, аднаўленне фактаў. Справа ў тым, што з‑за пакручастых шляхоў нашай гісторыі многія факты проста хаваліся самімі людзямі. Пасля рэвалюцыі знішчаліся сведчанні пра шляхецкае паходжанне, або сваяцтва са святарамі. Калі пачаліся рэпрэсіі — натуральна, пра арыштаваных сваякоў не згадвалі, ці пра пэўныя нацыянальныя прыналежнасці. Мая маці з роду Часлаўскіх, напрыклад, вельмі здзівілася, калі я паведаміла ёй знойдзеныя звесткі пра яе родных дзядзек, стрыечнага дзеда ды іншых сваякоў, што былі арыштаваныя і расстраляныя ў 1937‑м у Ленінградзе — туды паехала цэлая «калонія» нашых сваякоў з беларускай вёскі Люцыя. Працавалі на чыгунцы, хто кандуктарам, хто начальнікам склада, мая бабуля — вагаўшчыцай. І амаль усіх арыштавалі… як «польскіх шпіёнаў». Мая бабуля ніколі не гаварыла пра гэта маці. Пра дзеда з боку бацькі ведаю толькі, што яго саслалі ў Сібір. Там ён загінуў, а бацька апынуўся ў дзіцячым доме. Падрабязнасці ўдакладніць цяжка. Знайшла звесткі пра Рублеўскіх канца ХІХ стагоддзя — праваслаўных святароў, яны таксама могуць быць сваякамі.

— Раскажыце пра сваё студэнцтва: спачатку вучыліся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве, потым перавяліся ў БДУ… Але цікава, што пачыналі свой шлях у сталае жыццё з… архітэктурна-будаўнічага тэхнікума. Творчая жылка не адразу праявілася?

— Літаратура — гэта не прафесія. Гэта спосаб мыслення і, напэўна, лад жыцця. У кнізе вядомага даследчыка антычнасці Міхаіла Гаспарава знайшла вызначэнне, што паэзія — споведзь ва­дзяной істоты, якая жыве на сушы і марыць жыць у паветры. Мне гэта вельмі ўцямна. Я не выбірала — быць паэткай, пісьменніцай ці не быць, як не выбірае вусень, ператварацца ў матыля ці не… А ў архітэктурна-будаўнічы тэхнікум я пайшла, бо хацела са школы сысці пасля восьмага класу. Вучылася заўсёды добра, але атмасферка ў класе была… Карацей, выбрала самы прыймальны варыянт, бо займалася і маляваннем. Пасля тэхнікума ў Літаратурны інстытут падавала дакументы два гады запар. Варыянт з журфакам-філфакам разглядаць не хацела, бо ненавіджу зубрыць правілы. Пісьменнасць у мяне прыроджаная. Чытаю ж кнігі з трох гадоў. Паступіла на аддзяленне паэзіі, трапіла ў семінар Аляксандра Міхайлава і Галіны Сядых. Самае галоўнае — гэта была неверагодна яркая творчая тусоўка пачатку перабудовы. Са мной вучыліся будучыя куртуазныя маньерысты, мы чыталі раней недаступную літаратуру, абмяркоўвалі факты пра сталінскія рэпрэсіі, бегалі па тэатрах і выставах… Адчуванне было незвычайнай свабоды! Там я канчаткова зрабіла выбар на карысць беларускай мовы ў сваёй творчасці. Там жа знайшла чалавека, з якім можна было размаўляць на беларускай мове — паэта Віктара Шніпа, які вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах і жыў на сёмым паверсе нашага інтэрната. Вось ужо трыццаць два гады мы з ім размаўляем штодзень на беларускай мове, выгадавалі дваіх дзетак… Натуральна, калі Віктар закончыў свае курсы, я, не скончыўшы сваё навучанне, вярнулася з ім — улетку было наша вяселле. Беларускае аддзяленне філфака БДУ, куды я перавялася — быў свядомы выбар. Я хацела трапіць менавіта ў беларускі асяродак, удасканаліць веданне мовы. Гэта быў час літаратурнага аб’ядання «Тутэйшыя», часткай якога я стала. Гэта было адной­дзенне свайго шляху і сваёй Беларусі.

— Як правіла, вас прадстаўляюць чытачу ці гледачу як празаіка, паэтку, журналістку, літаратуразнаўцу і крытыка. А яшчэ вы актрыса, бо зняліся ў маладосці ў некалькіх кінастужках. А з нядаўніх часоў вы і сцэнарыст: па вашай кнізе «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» здымаецца фільм. Але хто вы, у першую чаргу, для самой сябе?

— Ну, актрысай мяне назваць нельга. Проста ў дзяцінстве часта здымалася ў масоўцы разам з мамай, ва ўсякіх там фільмах пра Дзяніску Караблёва, «Дзяржаўнай мяжы» і многіх іншых. Так, тады пабачыла многіх легендарных артыстаў, кшталту Галіны Макаравай і Пятра Вельямінава. Уражанні адбіліся ў цыкле апавяданняў «Лю­дзі масоўкі». Была цікавая гісторыя, калі ўжо дарослай я з’явілася ў выгля­дзе вялікай княгіні Алены, жонкі польскага караля, у адной літаратурнай перадачы (пра гэта — у цыкле «Гісторыі пані», як я была прывідам Парка Чалюскінцаў). А таксама супраца з Беларускім паэтычным тэатрам аднаго акцёра «Зніч»… Але я не актрыса. І сцэнар для фільма па «Авантурах Вырвіча» пісала не я, а сцэнарыст Валянцін Залужны. А што ў мяне шмат прафесіяў — гэта праблема не мая, а «часу вузкай спецыялізацыі». Калісьці ўсё мастацтва было сінкрэтычным, ніхто не падзяляў, будзе ён кампазітарам, музыкам, мастаком ці танцорам. Лічу, найперш трэба быць чалавекам. Шчырым прыстойным чалавекам.

— Праглядаю вашу бібліяграфію і раблю выснову, што ў сярэднім вы ствараеце па адной кнізе ў год. Гэта шмат? Плануеце, колькі чаго і калі напішаце?

— Не люблю планаваць. Нават калі пішу раман, то ніколі не распісваю, што ў якім раздзеле. Мне гэта нецікава. Проза — гэта і канструкцыя, і сад. Які расце сам па сабе, калі ён жыццяздольны. У яго свая ўнутраная логіка. Здаралася, героі прымушалі мяне так ці іначай павяр­нуць сюжэт. Я не думала, што гісторыя пра шкаляра Вырвіча і ягонага слугу Лёдніка вырасце ў цэлую эпапею. Проста пісанне прозы для мяне — паралельнае жыццё, ад існавання ў якім я не хачу, не здольная адмовіцца. Таму, выйшаўшы з аднаго свету, ачуняўшы ад эмацыйных і фізічных выдаткаў, мімаволі ствараю другі свет, у якім змагу жыць яшчэ нейкі час.

— У 2013 годзе вы ўвайшлі ў топ‑10 самых паспяховых жанчын Беларусі. Як даведаліся пра тое? Па якіх крытэрыях увогуле ствараюцца такія рэйтынгі?

— Доўга смяялася, калі даведалася. Гэта як у 1990‑х розныя каламутныя біяграфічныя інстытуты рассылалі нашым дзеячам прапановы абвесціць іх «Чалавекам года» за пэўную плату. Я таксама атрымлівала такія «лісты шчасця». Адзін з іх сцвярджаў, што мне прысуджана званне «Бізнэс-лэдзі года». І за сто даляраў я магу атрымаць адпаведны дыплом, ці з Оксфарда, ці з Гарварда. А ў мяне не было ста даляраў. Не тое, што на дыплом — а зусім. От бізнэс-лэдзі! З другога боку, як вымяраецца чужы поспех? Напэўна, камусьці колькасць маіх кніг здаецца да крыўднага вялікай. Але ж яны мне не з неба зваліліся! Я іх напісала і аплаціла ўласным здароўем, бяссоннымі начыма, эмоцыямі — бо я пражываю з героямі ўсё. У мяне ж няма і ніколі не было свайго кабінета, нават вольнага часу для пісання. Усё — пасля асноўнай працы, спадарове. У побыце мы з мужам кіруемся мінімалізмам, таму не маем шмат чаго, што з’яўляецца адзнакамі дабрабыту і поспеху.

— Людміла, як думаеце, рэцэнзіі — папулярны жанр цяпер?

— Жанр не можа быць папулярным. Такім яго робяць удалыя ўзоры выканання. У нас так доўга наракалі на адсутнасць літаратурнай крытыкі, што лагічна, калі пачаліся спробы надаць крытыцы другое дыханне — у фармаце інтэрнэт-эпохі. Праўда, мне гэта больш нагадвае батлы. Хто дасціпней падколе суперніка. Рэцэнзій у класічным выглядзе бадай не засталося. І я не буду плакаць на гэты конт. Літаратура змушае пра сябе гаварыць, выказваць меркаванні — і файна. Галоўнае, «хвалу и клевету приемли равнодушно и не оспаривай глупца».

— Вы не раз паўтаралі, што пішаце кнігі не для чытача. А для каго тады?.. Калі толькі для сябе ці «ў стол», тады чаму, як лічаце, іх усё роўна чытаюць? У чым сакрэт вашага творчага поспеху?

— Я не зарабляю на сваіх кнігах. Як казала, пішу іх у вольны ад працы час. Таму ніхто не будзе дыктаваць мне, як і пра што пісаць. Я пішу тое, што падабаецца мне. Хачу нешта важнае для сябе высказаць, выплюхнуць боль, аднавіць гістарычную справядлівасць… Матывацый шмат — але ўсе яны асабістыя, а не «заказныя». А паколькі я не эксклюзіў, і ёсць дастатковая колькасць людзей, якіх можа ўсхваляваць тое ж, што і мяне — дык яны і робяцца маймі чытачамі, дакладней, суразмоўцамі.

— Я ўпэўнена, што аўтар любой кнігі, — ці то навучальны дапаможнік, ці то фантастыка — нясе адказнасць перад чытачом за думку, якую выказвае. Ён накшталт настаўніка, які вядзе за сабою да той ідэі, той звышзадачы, дзеля якой і ствараў твор. Адчуваеце такую адказнасць?

Людміла Рублеўскай і яе муж Віктар Шніп у духоўна-энергетычным полі скульптурнай кампазіцыі «Князь і княжна. Тры ганцы», зробленай Генікам Лойкам паводле паэмы Янкі Купалы «На куццю». Здымак зроблены на святкаванні 130-х угодкаў Янкі Купалы. Вязынка, 2012 г. Фота Івана Ждановіча.

— Барані Божа ад спакусы пачувацца месіяй. Так, неабходна быць гатовым расплочвацца за свае словы. Але калі пішаш тое, што думаеш і адчуваеш, калі адстойваеш у напісаным дарагія для цябе рэчы — гэтая акалічнасць ад пачатку ўключана ў прайс.

— Людміла Рублеўская — перфекцыяністка? Такія людзі часта незадаволеныя сабою, таму што гоняцца за ідэалам. А як у вас?

— Нармальны творчы чалавек заўсёды «на арэлях»: ад «нічога не атрымалася, а‑а‑а» да «ўсё-ткі ўдалося, хэй-хо!». Праўда, мае «арэлі» да адзнакі «добра» ўздымаюцца рэдка. Так, я перфекцыяністка. Не тое, каб гэта палягчала мне жыццё, але тэкстам на карысць ідзе.

— Вы гаворыце, што любіце даводзіць распачатае да канца. Але напісаць раман за одну ноч, да прыкладу, немагчыма. Калі адчуваеце, што трэба спыніцца?

— У мяне няма праблемы, калі не ведаю, завершаны твор ці не. Ён сам вырашае: ці нарадзіўся. Жывы ж арганізм. Звычайна пад канец рамана ў мяне такое творчае напружанне, я настолькі ў тэме, што адчуваю страшэнную тугу, калі стаўлю кропку. Але гэтая кропка — непазбежнасць, якую я не магу змяніць.

— Мяне, як пісьменніка-пачаткоўца, які пачаў ствараць некалькі кніг, але не дапісаў ніводнай, зацікавіла ваша фраза, я вычытала яе ў інтэрнэце ў адным з вашых інтэрв’ю: «З натхненнем усё неадназначна: бывае, ёсць час заняцца творчасцю, але нічога з сябе не выціснеш — атрымліваецца фальшыва. І, бывае, няма часу, а трэба запісаць некалькі радкоў, у тваім разуменні поўны фільм разгортваецца…». Як вырашаеце гэтую праблему ў адным і другім выпадку?

— З вершамі — кепска. Колькі іх загінула, незапісаных!.. Ці таму што не было часу, ці таму, што я палічыла з’яўленае недасканалым, банальным… З прозай — часам за ноч адзін радок дадасца, часам — некалькі старонак. У прозе неабходная працаздольнасць. У ёй больш рамяства — бо маеш справу з вялікім аб’ёмам «слоўнай руды».

— Ці трэба аўтару прымушаць сябе працаваць над тэкстам, калі натхненне прайшло? Ці не атрымаецца ў выніку «штучная» гісторыя?

— Я выкладаю ў Школе маладога літаратара, і штомесяц мы даем хатнія заданні ў выглядзе аповедаў. То бок змушаем маладых людзей да творчасці. Часта яны скардзяцца, што цяжка, няма натхнення. Але і ў такіх выпадках здараюцца добрыя вынікі. Разумееце, чытачу ж у прынцыпе ўсё адно: пакутваў пісьменнік ці не, напісаў за дзень ці за дзесяць год, змушалі яго ці не…

— Неяк вы згадалі ў адной размове з журналістам, што пісьменніку не перашкодзіць ведаць сістэму Станіслаўскага. Я пазнаёмілася з ёю ў часы вучобы ў Акадэміі мастацтваў. Абсалютна згодная з тым, што калі акцёр пражывае эмоцыі свайго персанажа, ён уцягвае ў гэтую «гульню розуму» і гледача, чытача. Але памятаеце, што здарылася з героем амерыканскага фільма з аднайменнай назвай? Маю на ўвазе кінастужку «Гульні розуму» Рона Ховарда, галоўную ролю ў якой іграў Расел Кроу. Выдуманы свет яго персанажа Джона Нэша стаў рэальным… А гэта ўжо — псіхічнае адхіленне, нават дыягназ. Неаднойчы назірала сітуацыю, як пасля добрай ігры ў спектаклі акцёру было цяжка выйсці з ролі. Можа гэта небяспечна: доўга знаходзіцца ў віртуальным свеце?

— Так, думаю, небяспечна. І баюся гэтага. Таму што без стану змененай свядомасці творчасць сапраўдная, па гамбургскім рахунку ўвогуле немагчымая. Але пры гэтым трэба мець трывалую сувязь з рэальнасцю. Памятаеце, якія эксперыменты рабілі над сабою імпрэсіяністы, сімвалісты, дадаісты ды іншыя? Здавалася б, чым глыбей у падсвядомае, тым цікавей. Але я заўсёды прыводжу ў прыклад «Мартына Задэку», кнігу пісьменніка срэбнага стагоддзя Аляксея Рэмізава, які проста ўзяў і запісаў свае снабачанні. І чытаць іх надзвычай нудна. Гэтак жа, як медыцынскія запісы. Калі знаходзішся ў матэрыяле, здараюцца, вядома, містычныя рэчы, бачыш у сне будучыя сцэны рамана, гісторыі, якія пасля акажуцца рэальнымі, пацвердзяцца архіўнымі вышукамі. Але насамрэч гэта нармальна і вытлумачальна — так дасведчаны рэстаўратар аднаўляе страчаныя кавалкі вітража. А вось увесьчасна знаходзіцца ў стане змененай свядомасці — гэта ўжо па-за межамі мастацтва. Як казаў Міхаіл Чэхаў, артыст, сваяк пісьменніка, каб сыграць біфштэкс, не абавязкова быць засмажаным.

— Як потым «адыходзіце» ад творчага працэсу: п’яце моцную каву, выкурваеце цыгарэтку, сустракаеце світанак ці, можа, выходзіце раніцай на прабежку? Колькі часу вам патрэбна, каб вярнуцца ў рэальнасць?

— Каву не п’ю. Не куру. Раніцай люблю паспаць. У рэальнасць вяртаюся доўга і пакутліва. Проста ў мяне такі напружаны графік, столькі працы акрамя творчасці, што не трэба спецыяльных адцягваючых ад яе прычын.

— Людміла, мне падаецца, інта­рэс да нацыянальнай культуры і мовы пачаў праяўляцца масава адносна нядаўна: у модзе насіць адзенне з нацыянальным арнаментам, у штодзённым жыцці ўсё часцей гучыць беларуская мова. З чым гэта звязана, як лічыце?

— Ну, пра гэта яшчэ Максім Багдановіч пісаў: пра гаршчок з насеннем, які знайшлі ў пясках Егіпецкай зямлі. Жыццёвая сіла народа не знікае. Заўсёды знойдуцца тыя, хто будуць у любых абставінах імкнуцца захаваць нацыянальную ідэнтычнасць і культурную самабытнасць, і гэта рана ці позна экстрапалюецца на больш шырокія слаі. Асэнсаванне сябе асобай пачынаецца не з асэнсавання, чым ты падобны, а — чым адметны. У канцы 1980‑х я, гарадская дзяўчына, якая не чула беларускую мову вакол сябе, пад уплывам Караткевіча горача захацела быць праўдзівай беларускай, гаварыць на прыўкраснай беларускай мове. І пачала пісаць на ёй.

— Гісторыяй у «чыстым выгля­дзе», нейкімі архіўнымі дакументамі цікавяцца куды менш людзей, чым яе мастацкімі варыяцыямі, легендамі, міфами. І вы самі прызнаваліся, што нямала фантазуеце з гістарычнымі персанажамі. Мне падаецца, такім чынам вы ствараеце нейкую паралельную гісторыю Беларусі. Але ці правільна гэта: фармаваць новы, магчыма, больш прывабны вобраз той краіны, якой ніколі і не было?

— Для паўнавартаснага існавання народа неабходна стварэнне паўнавартаснага, жыццяздольнага нацыянальнага міфа. Маю на ўвазе не казку, а складаную структуру, якая ўключае ў сябе абагульнены вобраз прадстаўніка нацыі ды асяродка яго існавання. Гэта павінны быць прыцягальныя вобразы, падтрыманыя шматлікімі канкрэтнымі прыкладамі. Вобраз рыцарскай Беларусі, шляхецкай, інсургенцкай, якую ствараў Уладзімір Караткевіч, калісьці скарыў мяне, змусіў сэрца забіцца мацней. У нашай гісторыі дастаткова матэрыялу для стварэння такого багатага, яскравага вобраза, у процівагу беларусу ў лапцях, які нясе на плячах сваю крыўду. Пасля маіх артыкулаў пад рубрыкай «Рыцары і дамы» часам пачынаюць пісаць і тэлефанаваць: «гэта не нашы персанажы», «гэты князь — толькі эксплуататар». Мы маем права на ўсё, што стваралася на нашай зямлі. Маем права ганарыцца ўсімі ўраджэнцамі сваёй зямлі, якія здабылі сабе славу дзесьці ў іншых краінах. Мы столькі ўсяго параздавалі са сваёй гісторыі, што прыйшоў час збіраць.

«У мяне няма праблемы, калі не ведаю, завершаны твор ці не. Ён сам вырашае: ці нарадзіўся. Жывы ж арганізм.»

— У камп’ютарных гульнях і мастацкай літаратуры ёсць агульнае: абодва сусветы прыдуманы чалавекам. Але ёсць і розніца. У чым яна, на вашу думку?

— Літаратура змушае думаць, дапускае нязгоду з аўтарам. Добрая літаратура — гэта заўсёды суперажыванне, эмпатыя. Камп’ютарная гульня — гэта дзеянне, механістыка. Зрабі нешта і атрымаеш прыз. У літаратуры ж два плюс два — не абавязкова чатыры. Там ёсць месца надматэрыяльнаму, няправільнаму, нелагічнаму: Раскольнікаў ідзе на катаргу, Наташа Растова збягае з Курагіным, Ганна Чарнушка выходзіць за Яўхіма на злосць каханаму Васілю… І нічога не паправіш, колькі фанфікаў ні напішы.

— Як зрабіць так, каб дзецям хацелася праводзіць вольны час за чытаннем мастацкай літаратуры, а не за камп’ютарнымі гульнямі?

— Чытаць усёй сям’ёй.

Гутарыла Аліса Гюнгер

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.