Вы тут

Цао Вэньсюань: Чытанне — гэта дзея, напоўненая рытуальнасцю


Сваімі развагамі аб працы дзіцячага пісьменніка, пра тое, што цікавіць юных чытачоў Кітая, дзеліцца вядомы кітайскі празаік


— Як вы лічыце, дзіцячая літаратура, дзіцячае чытанне ці не пацярпелі паражэнне ў бітве з інтэрнэтам і забаўляльнай індустрыяй, якія захапілі дзяцей?

— Развіццё індустрыі гульняў настолькі імклівае і, сапраўды, вельмі прыцягвае ўвагу. Каб прачытаць адзін літаратурны твор, неабходны тыдзень ці нават болей, а каб паглядзець фільм — дастаткова 120 хвілін. Гэта тэндэнцыя эпохі, аднак яна не супярэчыць развіццю дзіцячай літаратуры. Існуе многа прыгожых класічных літаратурных твораў, якія былі экранізаваны. І наадваарот, многія чытачы пасля прагляду фільма ці серыяла, адаптаванага з літаратурнага твора, звяртаюцца да кнігі. Зачараванне пісьмовым тэкстам велізарнае, і яго не можа замяніць іншы від мастацтва.

— Ці ёсць у мастацкага слова яшчэ рэсурсы, каб адстаяць юнага чытача, не ўпусціць яго цалкам?

— Я заклікаю дзяцей чытаць, бо гэты працэс важнейшы за яго пасярэднікаў. Я не выключаю чытання ў інтэрнэце, але выступаю за вяртанне да ўдумлівага чытання на паперы, гэта для мяне — натуральны і свяшчэнны акт. Кожная работа — не толькі праява старанняў і думак пісьменніка, у кнізе таксама прыхаваны ідэі ілюстратараў, рэдактараў і графічных дызайнераў. Калі бярэш у рукі кнігу, прываблівае дызайн вокладкі: яна стварае жаданне чытаць і даследаваць; перагортваеш старонку і адчуваеш, як прыгожа ілюстрацыі дапаўняюць тэкст, як камфортна гартаць цёплую паперу… А яшчэ чытанне — гэта дзея, напоўненая рытуальнасцю. Так, інтэрнэт зрабіў жыццё больш зручным, у ім нават з’явіліся такія дзіўныя формы як гук, анімацыя і гэтак далей. Але чытанню ў інтэрнэце па-ранейшаму не хапае пачуцця рытуала. Не кажучы ўжо пра такі «пабочны эфект» як зрок дзяцей, які хутка пагаршаецца. На жаль, гэты від «фастфуд»-чытання не спрыяе развіццю моцнага інтарэсу да яго.

— Якія кнігі любяць дзеці Кітаю?

— У апошнія гады рынак дзіцячых кніг усё больш развіваецца. Чытачы малодшага ўзросту любяць кніжкі-расфарбоўкі ды галаваломкі, а ў старэйшых класах чытаюць выдатныя кітайскія і замежныя літаратурныя творы.

— Ці чытаюць дзеці кнігі пра Гары Потэра?

— «Гары Потэр» — кніга, папулярная ва ўсім свеце. Так, яе любяць і дзеці Кітаю. Аднак нашыя аўтарытэтныя ўстановы і настаўнікі, па іх уласным меркаванні, не вельмі паважаюць гэты фантастычны твор. Большую ўвагу яны звяртаюць на літаратурную класіку: яна вытрымала выпрабаванне часам.

— Ці многа перакладаецца ў Кітаі замежнай дзіцячай літаратуры? Наколькі яна папулярная сярод юных  чытачоў?

— Шмат якія кітайскія выдаўцы робяць серыі выдатных замежных пісьменнікаў. Ад класічнай дзіцячай літаратуры, такой як «Пітэр Пэн» і «Таямнічы сад», да апошніх твораў, надрукаваных за мяжою, амаль усе з іх перакладаюцца на кітайскую мову. Наша краіна, магчыма, — магутнейшая ў свеце ў сэнсе мастацкага перакладу. Мы нядрэнна разбіраемся ў сусветнай літаратуры, дзіцячай у тым ліку. Цяпер у Кітаі ўсё больш выдатных арыгінальных твораў, якія атрымліваюць прызнанне і любоў замежных чытачоў. Змест — гэта ключ да твора, імпартаванага ці арыгінальнага. Ён здольны закрануць сэрца чытача. Але, безумоўна, творы кітайскіх пісьменнікаў — асноўны кірунак дзіцячага кнігавыдання.

— Якія тэмы прывабліваюць юных кітайскіх чытачоў: прыгоды, фантастыка, прырода, свет жывёл, гісторыя?..

— У кожнай катэгорыі ёсць творы, якія карыстаюцца найбольшай папулярнасцю. Цяпер на кітайскім рынку дзіцячай літаратуры можна знайсці мноства добрых твораў любога жанру. Я думаю, што незалежна ад яго, пакуль змест твора дастаткова добры, прыцягальны і адаптаваны да ўзросту чытачоў, яны будуць у захапленні. У Кітаі хутка ўкараняецца аўтарскае права. І маленькія кітайскія чытачы могуць сінхронна чытаць амаль усе выдатныя творы з розных краін і рэгіёнаў свету. Да таго ж у Кітаі велізарная колькасць цудоўных арыгінальных твораў сталых пісьменнікаў, якія пішуць для дзяцей дзесяцігоддзямі, як я, ці таленавітых маладых аўтараў.

— Хто для вас прыклад у творчай працы?

— Гэта мой бацька — дырэктар сельскай пачатковай школы і чалавек, які прывіў мне любоў да чытання, а пасля — да пісьма.

— Ці ёсць у вас любімыя дзіцячыя кнігі іншых аўтараў? Ёсць кніга, якую вы перачытваеце?

— Творы італьянца Джані Радары «Прыгоды Чыпаліна» і «Прыгоды Таніна-невідзімкі». Ёсць яшчэ «Мамо» і «Бяс­концая гісторыя» нямецкага пісьменніка Міхаэля Эндэ. Ды і «Павуціна Шарлоты» амерыканскага празаіка Элвіна Брукса Уайта.

— Пра што вы яшчэ не расказалі юнаму чытачу? Пра што вашы новыя кнігі?

— Я цяпер працую над дзіўным раманам: пішу гісторыю аб прыватным дэтэктыве і пра яго дзесяцігадовага сына; гісторыю, якая адбылася ў кітайскім горадзе Шанхаі ў 1930–1940‑я гады.

— Што б вы параілі пачынаючым дзіцячым пісьменнікам?

— Што тычыцца мяне, то мой матэрыял вельмі шырокі: ён заснаваны на ўспамінах дзяцінства, на досведзе, які я атрымаў ва ўласным жыцці, і, магчыма, нават на выразах, якія вычытваў у творах іншых аўтараў. Я запісваю сваё натхненне, абдумваю, вы­дзяляю галоўнае, збіраю ўражанні, і тады ў патрэбны час той ці іншы выраз становіцца гісторыяй майго мастацкага тварэння. Пісьменніку заўжды трэба нагадваць сабе, што нельга толькі бясконца пісаць. 70 працэнтаў свайго часу ён павінен аддаваць чытанню, помніць адну простую ісціну: чытанне — прадцеча літаратурнай творчасці, а літаратурная творчасць — гэта вынік чытання.

Гутарыў Кастусь Ладуцька

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.