Вы тут

Як праходзяць выбары ў Індыі?


У Індыі стартавалі самыя маштабныя дэмакратычныя выбары ў сучаснай гісторыі — краіна выбірае новы парламент. Восем тысяч кандыдатаў змагаюцца за 543 крэслы ў Лок Сабха — ніжняй палаце парламента. Тая партыя, якая атрымае ад 272 месцаў, зможа сфарміраваць урад, а яе лідар стане прэм'ер-міністрам. Выбары ў Індыі пройдуць у сем этапаў, а канчатковыя вынікі будуць падведзены толькі ў канцы наступнага месяца. Чым адметная цяперашняя парламенцкая кампанія ў адной з найбуйнейшых краін свету?


Львы і мааісты

У Індыі «завярсталі» толькі два першыя этапы ўсеагульных парламенцкіх выбараў, у якіх змогуць прыняць удзел каля 900 мільёнаў грамадзян дзяржавы з насельніцтвам каля 1,3 мільярда чалавек. Бюлетэні, пададзеныя такой вялікай колькасцю выбаршчыкаў, немагчыма пералічыць за адзін дзень, таму кампанію праводзяць цягам больш чым месяц па чарзе ва ўсіх 29 штатах і сямі саюзных тэрыторыях. Статыстыка індыйскіх выбараў здзіўляе: улады ўжо прыцягнулі амаль 11 мільёнаў членаў рэгіянальных выбаркамаў, паліцэйскіх і іншых чыноўнікаў. Па ўсёй Індыі будуць дзейнічаць больш за 800 тысяч выбарчых участкаў, а паводле некаторых ацэнак, іх колькасць можа наблізіцца да мільёна, перадае ТАСС.

Меншыя штаты могуць галасаваць у адзін дзень. Напрыклад, у Андхра-Прадэшы, Аруначал-Прадэшы, Арысе і Сыкіму 11 красавіка адначасова з агульнанацыянальнымі прайшлі і выбары ў мясцовыя парламенты. Галасаванне ў вялікіх штатах з дзясяткамі і сотнямі мільёнаў выбаршчыкаў праводзіцца цягам некалькіх дзён. Выбары складаюцца з аднаго тура, у іх няма ніякіх абмежавальных парогаў. Перавыбары могуць быць праведзены толькі ў самым крайнім выпадку, напрыклад па нейкіх тэхнічных прычынах. За ўсю сямідзесяцігадовую гісторыю незалежнай Індыі парламенцкія выбары адкладаліся ўсяго толькі адзін раз — у сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя, калі Індзіра Гандзі амаль на два гады абвясціла надзвычайнае становішча.

Індыя вялікая краіна па плошчы — каля 3,3 мільёна квадратных кіламетраў — сёмае месца ў свеце. Для параўнання: гэта шэсць кантынентальных Францый. Мясцовы закон строгі: паколькі ў краіне, значная частка якой пакрыта джунглямі, балотамі і гарамі, грамадскі транспарт дзейнічае не паўсюль, усе выбарчыя ўчасткі павінны быць у пешай даступнасці для кожнага грамадзяніна: на адлегласці, не большай за два кіламетры, каб любы мог прагаласаваць. Індыйскія СМІ ўжо расказалі аб «самым небяспечным» выбарчым участку ў Гірскім лесе, які знаходзіцца на паўвостраве Катхіявар, што ў штаце Гуджарат. Там размешчаны адзіны ў свеце запаведнік азіяцкіх ільвоў, на тэрыторыі якога пражывае і афіцыйна зарэгістраваны грамадзянін. Яму даставяць выбарчую скрыню проста ў «ільвіны лес». Членаў выбаркама пры гэтым будзе ахоўваць каманда егераў.

Аднак нельга сказаць, што гэта самы небяспечны ўчастак, насамрэч такіх нямала. Асцярогу выклікае галасаванне ў рэгіёнах так званага чырвонага пояса, дзе актыўна дзейнічаюць баевікі-наксаліты, якія вызнаюць уласную версію мааізму і змагаюцца за вызваленне сялянства «ад капіталістычнай эксплуатацыі». Гэтыя «змагары з капіталістамі» вядуць дзейнасць у 14 штатах краіны і рэгулярна арганізуюць напады на прадстаўнікоў улад. Павышаныя меры бяспекі будуць уведзеныя і на ўчастках у штаце Джаму і Кашмір, у якім дзейнічаюць ісламісцкія групоўкі.

У індыйскіх выбараў шырокая геаграфічная мазаіка. Галасаванне пройдзе ў самых розных геаграфічных і кліматычных зонах, пачынаючы ад трапічных астравоў у Індыйскім акіяне і заканчваючы заснежанымі Гімалаямі. Выбаршчыкі, вядома, прывыклі да экстрэмальных умоў, а вось супрацоўнікам выбарчых камісій даводзіцца нялёгка. Тым, хто, напрыклад, будзе працаваць у Гімалаях, выдаюць кіслародныя маскі, спальныя мяшкі, сухпайкі і паходні. Як паведамляюць прадстаўнікі выбаркама, у горныя вёскі і ў паселішчы ў джунглях адправяцца спецыяльна падрыхтаваныя члены камісій. У джунглях знаходзіцца каля 20 тысяч выбарчых участкаў, прыкладна 80 тысяч участкаў не маюць ні мабільнай, ні іншай сувязі. Таму, калі што здарыцца, чыноўнікам там прыйдзецца разлічваць толькі на сябе. Напрыклад, гэта датычыцца Андаманскіх астравоў, на якіх жывуць мясцовыя плямёны. Члены выбаркама будуць падарожнічаць на лодках па ўзбярэжных завадзях, якія кішаць кракадзіламі, каб астраўляне таксама змаглі прагаласаваць. У джунглях дастаўляць усё неабходнае для галасавання будуць сланы, якія ўжо зарэзерваваны ў дэпартаментаў лясной гаспадаркі штатаў.

Чарніла супраць падману

Бюлетэні на выбарах у Індыі нагадваюць малюнкі ў дзіцячай чытанцы. Тлумачыцца ўсё проста: значная частка насельніцтва застаецца непісьменнай. Асабліва гэта датычыцца сельскай глыбінкі. Таму ў бюлетэнь абавязкова ўносяцца сімвалы палітычных партый — графічныя выявы, якія проста запомніць. Такія сімвалы выкарыстоўваюцца на індыйскіх выбарах з 1968 года. Напрыклад, кіруючая Бхаратыя джаната парты (Індыйская народная партыя, BJP) абрала сімвалам кветку лотаса: партыя стаіць на пазіцыях абароны індуізму і індыйскіх каштоўнасцяў, а лотас — адзін з сімвалаў гэтай рэлігіі. Асноўная апазіцыйная партыя — «Індыйскі нацыянальны кангрэс» (ІNC) выкарыстоўвае як эмблему малюнак адкрытай далоні, дзе ўсе пальцы разам, гэта яшчэ і сімвал адзінства.

Якіх толькі знакаў няма — кветка, гадзіннік, веласіпед, слон. Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў да гэтых выбараў звыш паўтары тысячы партый і арганізацый. Знакаў у спісе, зацверджаным ЦВК, яшчэ больш. Некалькі гадоў таму, напрыклад, суд Дэлі разбіраў незвычайную для любой іншай краіны справу. Дзве партыі, якія ўдзельнічалі ў выбарах у сталічны парламент, не здолелі падзяліць... веласіпед у якасці знака. Суддзя вынес кампраміснае рашэнне: веласіпед не дастанецца нікому. Адна партыя выбрала ў якасці сімвала фужэр, а другая — фотаапарат.

Падчас выбарчай кампаніі няправільным лічыцца выкарыстанне малюнкаў багоў. «Багі не галасуюць», — заявіў Выбаркам. Сімвалы партый малююць на бюлетэнях. Акрамя таго, яны могуць з'явіцца і на машынах для галасавання, якія актыўна ўжываюцца ў Індыі: на мінулых парламенцкіх выбарах у 2014 годзе было задзейнічана каля двух мільёнаў такіх машын. Выбаркам сцвярджае, што яны спрашчаюць галасаванне і падлік, а таксама абаронены ад старонняга ўмяшання. Некаторыя прадстаўнікі апазіцыі, праўда, упэўнены ў тым, што гэтую сістэму можна запраграмаваць. Таму кожны выбаршчык мае права раздрукаваць сабе ліст, на якім паказаны нумар яго голасу і за каго ён галасаваў, — калі спатрэбіцца пералік галасоў у выпадку якіх-небудзь праблем.

Каб пазбегнуць «выбарчых каруселяў», указальныя пальцы ўсіх тых, хто прагаласаваў, у Індыі пазначаюць побач з пазногцем цяжказмывальным чарнілам. Толькі адзін штат Утар-Прадэш (найбуйнейшы па колькасці насельніцтва ў краіне — 200 мільёнаў чалавек) заказаў 3,6 тысячы літраў такога чарніла. «Гэта чарніла супраць падману», — растлумачылі ў Выбарчай камісіі.

Парламент за $7 мільярдаў

Як паведамілі ТАСС у Цэнтры вывучэння СМІ (Centre for Medіa Studіes), які базуецца ў Нью-Дэлі, выбары стануць самымі дарагімі ў гісторыі краіны. Па папярэдніх падліках, якія прывяла The Tіmes of Іndіa, яны абыдуцца ў паўтрыльёна рупій (больш чым у 7 мільярдаў долараў). Гэта на 40 працэнтаў больш, чым пяццю гадамі раней, на выбарах у 2014-м. У суму, выдаткаваную на выбары, уваходзіць і ўласна арганізацыя галасавання, і паездкі агітатараў, і рэклама ў СМІ і, вядома, у інтэрнэце. У сярэднім выдаткі на аднаго выбаршчыка складуць $8. І гэта пры тым, што каля паловы насельніцтва жыве на тры долары ў дзень. Для параўнання: прэзідэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе і выбары ў Кангрэс абышліся амерыканскім падаткаплацельшчыкам, па даных OpenSecrets.org, у $6,5 мільярда.

Электронныя СМІ асабліва важныя, паколькі 83 мільёны выбаршчыкаў будуць галасаваць першы раз як асобы, што дасягнулі 18 гадоў, а моладзь часта верыць інтэрнэту больш, чым друкаваным сродкам масавай інфармацыі або тэлевізійнай рэкламе. Таму ўпершыню ў індыйскай гісторыі такая актыўная барацьба ідзе ў «Фэйсбуку», WhatsApp і іншых сацсетках і месенджарах, адзначаюць аналітыкі. Невыпадкова WhatsApp, які належыць кампаніі Facebook, сумесна з індыйскім стартапам запусціў у гэтай паўднёваазіяцкай краіне сэрвіс па праверцы дакладнасці інфармацыі, якая распаўсюджваецца. Таксама створана база даных непраўдзівых паведамленняў. У пачатку красавіка Facebook паведаміла, што выдаліла 687 старонак і ўліковых запісаў, якія маюць дачыненне да ІNC.

Модзі vs Гандзі

Але ўсе разумеюць, што асноўная барацьба разгорнецца паміж дзвюма галоўнымі палітычнымі сіламі краіны — BJP і ІNC. І галоўная інтрыга выбараў у тым, ці ўдасца Бхаратыя джаната парты паўтарыць поспех 2014 года, а дзеючаму прэм'еру Нарэндры Модзі ўзначаліць урад на другі тэрмін запар. Кіруючая партыя стаіць на пазіцыях абароны традыцыйных індускіх каштоўнасцяў, Модзі лічыцца выразнікам спадзяванняў індускай большасці краіны. Аднак, як лічаць эксперты, за пяць гадоў прэм'ерства яму не ўдалося дабіцца паляпшэння жыцця ў вёсцы. Сяляне — асноўная частка насельніцтва мільярднай краіны. Пры гэтым Модзі, паводле апытанняў, па-ранейшаму вельмі папулярны.

Яму супрацьстаіць ІNC — найстарэйшая палітычная партыя Індыі, якая прывяла краіну да незалежнасці ў 1947 годзе. Яе лідары — Джавахарлал Нэру, Індзіра Гандзі, Раджыў Гандзі і іншыя — узначальвалі краіну большую частку яе незалежнай гісторыі. Цяпер партыяй кіруе Рахул Гандзі — сын Раджыва Гандзі, забітага экстрэмістамі ў 1991 годзе, унук Індзіры Гандзі. Рахул у свае 48 гадоў лічыцца палітыкам-пачаткоўцам — раней ён быў у цені сваёй маці Соні Гандзі. Аднак за яго спінай стаіць самы ўплывовы палітычны клан краіны — сям'я Нэру-Гандзі. Адметнасцю цяперашняй кампаніі стаў выхад на палітычную арэну роднай сястры Рахула, 47-гадовай Прыянкі Гандзі (па мужу Варда), вельмі падобнай па сваёй энергетыцы і знешнасці на трагічна загінулую ад рук тэрарыста Індзіру Гандзі. На думку індыйскіх аглядальнікаў, цяперашняя перадвыбарчая кампанія ўжо стала адной з самых цікавых у гісторыі краіны.

Навуковы супрацоўнік сектара міжнародных арганізацый і глабальнага палітычнага рэгулявання Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін РАН Аляксей Купрыянаў вызначыў тры найбольш імаверныя варыянты развіцця сітуацыі, перадае news.ru. Першы і найменш рэальны — перамога Індыйскага нацыянальнага кангрэса. Другі варыянт — няпоўная перамога Бхаратыя джаната парты, калі ім давядзецца дамаўляцца аб кааліцыі з іншымі палітычнымі сіламі. Трэці варыянт — поўны трыумф кіруючай партыі. Як лічыць Аляксей Купрыянаў, з-за непрадказальнасці індыйскага палітычнага ландшафту магчымыя ўсе згаданыя расклады.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Багі не галасуюць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.