Вы тут

У Мінску праходзіць фестываль «Горад і кнігі»


Сустрэчы з аўтарамі і героямі кніг, першыя чытанні для самых маленькіх, кніжныя экскурсіі і настольныя гульні, гучныя чытанні і творчыя майстар-класы, тэатральныя пастаноўкі і спаборніцтвы для інтэлектуалаў — знаўцаў сучасных кніг, літаратурная крытыка і блогінг, прыемныя пакупкі на стэндах розных выдавецтваў і глыбокія дыскусіі з экспертамі з розных краін... Усё гэта сканцэнтравана ў адным месцы — у Мінску, на вуліцы Якуба Коласа, 16. 19 і 20 красавіка ў сталіцы пяты раз аматары кніг і чытання сустракаюцца на фестывалі «Горад і кнігі», зладжаным Навуковай бібліятэкай БНТУ, праектам ЗаЧытанне і Беларуская бібліятэчнай асацыяцыяй.


Афіцыйны старт фэсту далі сёння міжнародныя чытанні: прадстаўнікі дыпмісій і вядомыя айчынныя медыяперсоны прачыталі ўслых знакамітыя кнігі ў арыгінале і беларускім перакладзе. Так, напрыклад, пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гіб прачытала ўрывак з кнігі «Пітэр Пэн», а яе беларускамоўным дублёрам выступіў вядомы музыкант Уладзімір Пугач. «Удзел у гэтым праекце насамрэч вельмі пачэсны для мяне. Маёй дачцэ хутка будзе 25 гадоў, таму, як вы разумееце, апошнім разам я чытаў казкі вельмі даўно, — прызнаўся выканаўца, — аднак вельмі пастараюся не сапсаваць уражанне». Таксама ўрыўкі з кніг прачыталі пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан, першы сакратар пасольства ФРГ Якаў Рачэк, тэлевядучыя Іван Падрэз і Святлана Бароўская.

На фестывалі сёлета дзейнічаюць сем тэматычных пляцовак — дзіцячая, зона гучных чытанняў, маладзёжная, экспертных сустрэч, зала майстар-класаў і літаратурных гульняў, нефармальная зона для стасункаў, літаратурнай гарбаты і аўтографаў. Таксама арганізатары зладзілі некалькі літаратурных падарожжаў па Мінску паводле дзіцячай кнігі «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў» Ганны Янкуты, серыі раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча» Людмілы Рублеўскай і «Гасцініца Бельгія» Ганны Севярынец. А ў межах прэміі «Ліхтар» ужо традыцыйна з дапамогай літіратурных экспертаў сабралі ў асобную бібліятэчку найлепшыя кнігі для дзяцей і падлеткаў, выдадзеныя цягам года.

Акрамя таго, сёлета на фестывалі праходзяць некалькі выставак — стэнд «Звычайныя кнігі пра незвычайных дзяцей», выстаўка хэнд-мэйд герояў сучасных кніг «Усмешлівыя цуды» (дарэчы, ужо шостая па ліку!), перасоўны стэнд пасольства ЗША «Спазнай Амерыку па коміксах!», бібліятэка краўдфандынгу — звыш 80 выданняў, якія ўбачылі свет дзякуючы «фінансаванню талакой», стол Мінскай абласной бібліятэкі «Шпарлагла», дзе можна вывучыць колькі кніжных фраз на розных мовах — іспанскай, кітайскай, карэйскай, грэчаскай... Словам, улічваючы, што агулам у праграме фестывалю больш як 150 розных мерапрыемстваў, наведвальнікі смуткуюць хіба з адной нагоды: як не прапусціць нічога цікавага.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара


Распаўсюджанне беларускай літаратуры абмяркуюць у Мінску

Міністр інфармацыі, краязнавец, журналіст, пісьменнік і літаратуразнавец Алесь Карлюкевіч прадставіць 20 красавіка сваю кнігу «Слова Купалы крочыць па свеце» ў Мінску на гарадскім фестывалі «Горад і кнігі» (Навуковая бібліятэка БНТУ, вуліца Якуба Коласа, 16).

Сустрэча пачнецца а 19 гадзіне на пляцоўцы экспертных сустрэч. Аўтар прапануе чытачам абмеркаваць прысутнасць беларускай літаратуры ў свеце, раскажа пра міжнародныя праекты і сувязі нашых пісьменнікаў, дзейнасць перакладчыкаў беларускай літаратуры ў розных краінах.

Дарэчы, набыць кнігу Алеся Карлюкевіча «Слова Купалы крочыць па свеце» можна будзе тут жа на стэндзе сталічнай кнігарні «Акадэмкніга».

Загаловак у газеце: Кнігі ў вялікім горадзе

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.