Вы тут

Таццяна Логінава, вачыма якой мы бачым свет


Кінааператараў называюць па-рознаму: правая рука рэжысёра, вочы фільма, першая скрыпка здымачнай групы... Безумоўна адно: калі існуе кінематаграфічная эліта — гэта менавіта кінааператар.


Таленавіты кінааператар можа выратаваць умоўна-мастацкі фільм, бездар жа здольны пахаваць геніяльную задуму. Усё гэта факты, пацверджаныя часам, гісторыяй кіно і досведам пакаленняў. Шчаслівы рэжысёр той, у каманду якога трапляе Таццяна Логінава. Логінава — значыць не проста «малюнак», а Кадр. Логінава — значыць не проста ракурс, а пункт гледжання. Дакладна выбудаваны відэашэраг — палова поспеху стужкі. А калі погляд аператара ўзмоцнены натхненнем, добрым густам і яшчэ любоўю — поспех гарантаваны.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, лаўрэат прэміі ЛКСМБ, прызёр Нацыянальнага кінафестывалю і міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», уладальнік прэстыжных прафесійных узнагарод на розных кінафестывалях, сёлетняя юбілярка Таццяна Логінава не спачывае на лаўрах. Сакрэт яе поспеху — у высокім прафесіяналізме, мабільнасці, невычэрпнай творчай энергіі і... няздольнасці да кампрамісаў. Чалавек, чыімі вачыма ў рэшце рэшт фільм убачыць глядач, не павінен быць іншы. Хоць прыкладаў прафесійнай неадпаведнасці куды больш, чым прыкладаў для пераймання...

Нарадзіўшыся ў Маскве, з 1970 года яна працуе на «Беларусьфільме». Карціны, якія сталі класікай нацыянальнага кіно, і эксперыменты, на якія вырашаюцца дзёрзкія дэбютанты, стаяць у яе паслужным спісе побач. «Вянок санетаў» і «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі» і «Знак бяды», «Дзікія звяры свету» і «Яшчэ пра вайну» «Анастасія Слуцкая»... Удзельнічала ў стварэнні дакументальных фільмаў «Пяць хвілін да кахання», «Мастак Барыс Забораў», «Геній месца», «Божа мой», «Завядзёнка», «Мужчынская справа», «Дар», «Інакіня» і інш.

Якія крытэрыі яе «выбару натуры», калі ўключыць у гэтае паняцце і сцэнарый, і рэжысёра, і мастака? Бо ў чалавека, які мае падобную прафесійную рэпутацыю, гэты выбар ёсць заўсёды.

Адказ — на экране: у кінааператара ёсць магчымасць адказваць на любыя пытанні, якія датычацца творчай кухні, не словам, а справай. Да свайго юбілею Таццяна Логінава прыйшла з важкім творчым багажом, па-ранейшаму ўпэўненай рукой, пільным сэрцам і ўважлівым позіркам. Назва адной з дакументальных стужак, знятых аператарам Логінавай, ідэальна падыходзіць для самой Таццяны — «Геній месца». Той добры дух, які робіць тэрыторыю, дзе знаходзіцца, жывой, цёплай, чароўнай, святой. Свет, дзе жыве і творыць Таццяна Логінава, — гэта кінематограф. Цудоўнае месца для геніяў...

Дастаткова нагадаць нават некалькі фільмаў, якія можна пераглядаць шмат разоў, і магія іх ад часу не страцілася. Гэта стужкі, адметныя з пункту гле-джання аператарскай працы, даюць магчымасць зразумець, які ўнёсак у беларускае кіно зрабіла Таццяна Логінава.

Юлія ЛЯШКО


«Вянок санетаў» (1976 г.), кінапаэма.

Аўтар сцэнарыя Віктар Муратаў.
Рэжысёр-пастаноўшчык Валерый Рубінчык.
Аператар-пастаноўшчык Таццяна Логінава.
Мастак-пастаноўшчык Аляксандр Чартовіч.
Кампазітар Яўген Глебаў.

Некалькі «складнікаў поспеху» сышліся ў патрэбным месцы, у патрэбны час дзеля працы над неверагодна паэтычным фільмам пра вайну: у ім гучаць вершы Бэлы Ахмадулінай. Але, як ні дзіўна, фільм без агаворак хвалілі нямногія. І — нямногае ў ім. Аператарскую працу, напрыклад.
«Неадступна за героем і ў поўнай згодзе з рэжысёрам ідзе камера... Логінавай — аператара чулых, нервовых паветраных фарбаў і паўтонаў, — улоўліваючы найтачэйшыя пераходы настрою, ствараючы адэкватную стыхіі верша атмасферу…» — пісаў крытык В. Тураўскі. «Вялікая доля поспеху належыць маладому аператару, якая ў гэтай працы цалкам праявіла сваю здольнасць валодаць прасторай кадра, не проста фіксуючы імгненне, але як бы прымушаючы яго доўжыцца, робячы яго фактам мастацтва» — гэта цытата з рэцэнзіі Т. Цюрынай.

2. «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979 г.), містычная драма.

Кадр з фільма «Дзікае паляванне караля

Аўтары сцэнарыя Уладзімір Караткевіч, Валерый Рубінчык.
Рэжысёр-пастаноўшчык Валерый Рубінчык.
Аператар-пастаноўшчык Таццяна Логінава.
Мастак-пастаноўшчык Аляксандр Чартовіч.
Кампазітар Яўген Глебаў
.

Фільм стаў самастойным творам, які здолеў стварыць адметную атмасферу часу і перадаць настрой, які панаваў на землях Беларусі таго часу. І не ў малой ступені гэта атрымалася дзякуючы працы аператара. Замак XVII стагоддзя, дзе можна было здымаць, знайшлі ва Украіне, на Львоўшчыне (дарэчы, як і для здымак «Чорнага замка Альшанскага»). Але містыка хавалася не толькі ў замку, а хутчэй па-за яго сценамі, калі даводзілася здымаць сцэну пагоні — спецкамерай і запаволенымі здымкамі. Тэхніка шмат у чым дапамагала ў здымках «першага містычнага трылера», створанага ў савецкі час. Але сам фільм атрымаўся зусім не савецкі. У тым ліку і дзякуючы містычнай аператараскай працы, дзе хапіла і панарамных здымак, настрою, створанага прыглушанай каляровай гамай, а таксама псіхалагізму ў выкананні артыстаў, што здолела перадаць камера.

3. «Знак бяды» (1986), ваенная драма.

Аўтары сцэнарыя Васіль Быкаў, Яўген Грыгор’еў, Оскар Нікіч.
Рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Пташук.
Аператар-пастаноўшчык Таццяна Логінава.
Мастак-пастаноўшчык Уладзімір Дзяменцьеў.
Кампазітар Алег Янчанка.

Кадр з фільма «Знак бяды».

Карціна запускалася як нацыянальны праект, рэжысёр рабіў стаўку на беларускіх артыстаў. Але сам Васіль Быкаў убачыў сваю гераіню ў Ніны Русланавай. Яе партнёрам стаў Генадзь Гарбук. Праз камеру мы бачым псіхалагічную драму, якую перажываюць героі.

Найбольш складанай для здымак стала сцэна пажару. Здымка была адказная, таму задзейнічалі тры камеры. Логінава працавала як галоўны аператар, таму яе камера была асноўная. Для другой камеры запрасілі аператара Дзмітрыя Зайцава: ён здымаў на спецыяльным пад’ёмніку — верхнім пункце для кадраў з дымам. Каля трэцяй камеры стаяў сам Пташук. Для здымкі гэтай сцэны трэба было спаліць асобную дэкарацыю. Гэта была сапраўдная хата, да яе далучылі хлеў, калодзеж, дробныя пабудовы. Усе разумелі: калі здымаць, то адразу, таму што потым гэтыя дэкарацыі зноўку не пабудуеш. І вось падпалілі дом, пачалі здымаць, а асноўная камера не ўключылася. Механік спрабаваў нешта зрабіць, але сам вельмі хваляваўся, адчувалася нервовае напружанне. Так і знялі — без асноўнай камеры… Гэта кіно: у ім можна пацярпець падчас працы, і дзеля яго даводзіцца цярпець любыя нечаканасці. А ці чакала Таццяна Логінава, што ў выніку сам Васіль Быкаў выкажа ёй сваю высокую адзнаку?..

Ёсць фільмы, якія можна пераглядаць шмат разоў. І, ведаючы, як і ў які час яны здымаліся, захапляцца, што без спецэфектаў і камп’ютарнай графікі, толькі дзякуючы прафесійнаму погляду, уменню трымаць кадр і падкрэсліць псіхалагізм сітуацыі, яны здольныя моцна ўздзейнічаць на гледача.

Загаловак у газеце: Пункт гледжання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».