Вы тут

Хадзем у лес, пачастуем мядзведзя камамі!


Дзікі звер як зямное ўвасабленне Вялеса


Нашы продкі спрадвек імкнуліся захоўваць гармонію паміж светам жыцця чалавека і арэалам бытавання жывёл. Як свойскіх, так і дзікіх. Таму і нядзіўна, што ўдзельнікамі многіх важных святаў гадавога цыкла станавіліся: каза як сімвал урадлівасці, знак новага ўраджаю; птушкі як вешчуны набліжэння вясны, сувязныя паміж светам жывых і памерлых; мядзведзь як увасабленне фізічнай сілы, моцы.

Мядзведзя нашы продкі вельмі шанавалі. Бо лічылі, што з яго жыццёвым цыклам звязаны надыход зімы і пачатак вясны. Маўляў, увосень ён кладзецца ў бярлогу і забірае з сабой сонца. На Грамніцы пераварочваецца на іншы бок і пачынае смактаць іншую лапу. А на Благавешчанне прачынаецца і выходзіць з бярлогі. Пасля гэтага і сонца вызваляецца з зімовага палону і пачынае свяціць і грэць мацней. Нават свята Камаедзіца ў гонар мядзведзя адзначалі. Імкнуліся пабудзіць ляснога звера, пачаставаць яго смачнымі камамі — гарохавай ці бабовай кашай, злепленай у шарыкі — камы, напаіць аўсяным кісялём і сімвалічна накарміць аладкамі з мёдам.

Камаедзіца — гэта перадусім час абуджэння прыроды, нараджэння новага лета. У канцы сакавіка — пачатку красавіка сяляне радаваліся, што перажылі зіму. Лічылася, што на другі дзень пасля Камаедзіцы мядзведзь прачынаецца.

Гэты звер, які хадзіў на двух нагах, еў як мясную так і раслінную ежу, лічыўся ў язычніцкі час продкам чалавека. Таму важна было на Камаедзіцу заручыцца яго прыхільнасцю, улагодзіць, каб ён не шкодзіў на працягу будучага года. Таму большасць святочных абрадаў і была скіравана на атрыманне гэтай прыхільнасці. У старажытныя часы мядзведзь лічыўся ўвасабленнем бога Вялеса, і ў больш шырокай інтэрпрэтацыі свята прысвечана ўшанаванню бога ўрадлівасці.

Упершыню ў этнаграфіі свята Камаедзіца было запісана ў 1874 годзе і грунтавалася на матэрыялах, сабраных у ваколіцах Бягомля, што на Віцебшчыне. Месцам правядзення свята звычайна была плошча ці адкрытая мясцовасць побач з вёскай. У гэты дзень моладзь весялілася, ладзіліся агульныя гульні. Абавязковымі ўдзельнікамі, важнымі героямі ігрышча станавіліся людзі, апранутыя як мядзведзі. Яны нацягвалі на сябе вывернутыя поўсцю наверх кажухі ці нават сапраўдныя мядзведжыя шкуры. Такія «мядзведзі» павінны былі ўвесь час заставацца на вачах ва ўсіх, танцаваць і гуляць разам з усімі, выказваць радасць і весялосць з нагоды надыходу вясны, частавацца смачнай ежай. Увесь дзень бегаць у цяжкай шубе было нялёгка, вытрымаць гэта маглі толькі самыя моцныя і дужыя — бы сапраўдныя мядзведзі.

Ежа на Камаедзіцу таксама была адметная. На стол падаваўся прыгатаваны сушаны рэпнік (мядзведзь жа ўжывае пераважна раслінную ежу), аладкі з мёдам. Круглыя, жоўтыя, гарачыя, яны сімвалізавалі сонца, якое вызвалілася з мядзведжай бярлогі і «павярнулася на лета» (то-бок дзень пачаў павялічвацца). Адмыслова для мядзведзя гатавалі гарохавую кашу — камы. Паводле павер’яў, гэта любімы ласунак ляснога жыхара. Частку яе сімвалічна адносілі ў лес, каб сапраўды яго пачаставаць. Елі таксама рэпу, смакавалі аўсяны кісель.

Але як гатаваць гэтыя загадкавыя камы, якія так любіць мядзведзь? У большасці рэгіёнаў нашай краіны камамі сёння называюць адмыслова прыгатаваную бульбу. Вараную бульбу таўкуць у кашу, дадаюць смажаную цыбулю і шкваркі, запякаюць да залацістай скарынкі ў печы. Ядуць з квасам ці кіслым малаком.

Ды не пра гэтыя камы гаворка ідзе, калі кажам пра Камаедзіцу. Дарэчы, і сёння мае знаёмыя з Мёршчыны згадваюць, як іх бабулі вясной гатавалі кашу з бобу. А ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, дзе не так даўно шырока адсвяткавалі Камаедзіцу (на фота), са мной падзяліліся вось такім рэцэптам. Гарох варыцца ў кашу, пасля дадаецца мука. Для смаку ў гэтую масу можна дадаць смажанай цыбулі, морквы, шкварак. Потым рукамі фармуюцца шарыкі, іх кладуць у паніровачныя сухары і смажаць на патэльні на сланечнікавым алеі.

Пасля абеду ўсе клаліся спаць, але не спалі, а ўвесь час на працягу дзвюх гадзін павольна пераварочваліся з боку на бок, каб гэтыя рухі максімальна нагадвалі абуджэнне мядзведзя ў бярлозе і каб самому мядзведзю было лёгка прачнуцца пасля зімовага сну. Пасля смачнага абеду сяляне ўжо не займаліся дзённай працай, а святкавалі.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.