Вы тут

Апошні прыпынак — Трасцянец


Манумент “Масіў імёнаў” устанавілі ў Трасцянцы пад Мінскам — у памяць пра больш чым 10 тысяч аўстрыйцаў, што загінулі там ад рук нацыстаў у гады Другой сусветнай вайны


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц выступалі ў часе адкрыцця манумента “Масіў імёнаў” у Трасцянцы

Напрыканцы сакавіка ў Мінску з афіцыйным двухдзённым візітам пабываў Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц. Ён удзельнічаў 28 сакавіка ў адкрыцці манумента “Масіў імёнаў” у памяць пра аўстрыйцаў, што загінулі ў лагеры смерці Трасцянец.

Нагадаем, “фабрыка смерці” Трасцянец — адно з 8 найбуйнейшых у Еўропе месцаў масавага знішчэння людзей. На сённяшні дзень падлічана колькасць ахвяр: каля 206,5 тысячы мірных жыхароў Беларусі, Расіі, Германіі, Аўстрыі, Чэхіі ды іншых краін, а таксама ваеннапалонных. Вядома, што туды ў 1941-1942 гадах было накіравана 7 транспартаў з яўрэямі з Германіі (6428 чалавек), 7 з Чэхіі (7000 чалавек) і 10 эшалонаў з Аўстрыі — самая вялікая колькасць ахвяр (10476 чалавек). Усяго каля вёскі Малы Трасцянец Мінскага раёна загінулі 23 904 замежнікі. Высветлена, што сярод іх былі ўраджэнцы й Польшчы, Венгрыі, Францыі.

Устанавіць помнікі ў іх памяць у Трасцянцы дзяржавам прапанаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў 2015 годзе, калі на месцы лагера смерці адкрывалася першая чарга мемарыяльнага комплексу. Першай адгукнулася Аўстрыя. На стварэнне манумента аўстрыйцы аб’явілі конкурс, у якім перамог архітэктар Даніэль Занвальд. Яго задумку ўвасобіў скульптар Канстацін Касцючэнка — многім у Беларусі ён вядомы як аўтар кампазіцыі “Вароты памяці” ў тым жа Трасцянцы.

Манумент “Масіў імёнаў” устанавілі прыкладна ў 150 м ад “Варот памяці”, уздоўж алеі, якая вядзе па тэрыторыі лагера Трасцянец да ўрочышча Шашкоўка, дзе спальвалі людзей у спецыяльнай яме-печы.

Мемарыял “Масіў імёнаў” уяўляе з сябе вялікую каменную глыбу, як бы расшчэпленую на 10 частак: па колькасці чыгуначных эшалонаў, што прывезлі людзей на знішчэнне. На кожнай выбіты прозвішчы забітых у Трасцянцы. Іх імёны сталі вядомыя дзякуючы транспартным лістам, што захаваліся да гэтага часу: ахвяры самі аплочвалі сабе праезд да месца забойства.

Імёны аўстрыйскіх яўрэяў, якія паўсталі з нябыту 28 сакавіка, на цырымоніі адкрыцця помніка зачытала спадарыня Вальтраўд Бартан, кіраўніца венскага аб’яднання “Заўсёды памятаць аб Малым Трасцянцы”. Затым прысутныя пачулі памінальную малітву — кадыш з вуснаў галоўнага кантара аўстрыйскай сталіцы Шмуэля Барзілая.

На адкрыцці манумента Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ён “сімвалізуе імкненне пакаленняў ведаць пра трагічны лёс сваіх продкаў і захоўваць памяць пра іх”. “Мы ніколі не забудзем гэтае месца й яго назву. Яно падкрэслівае нашу адданасць дэвізу “Ніколі больш!”, — сказаў Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц.

На цырымонію былі запрошаны вязні канцэнтрацыйных лагераў, якія размяшчаліся на тэрыторыі Беларусі, а таксама тыя, каго гітлераўцы ў гады вайны адправілі на працу ў Германію.

Напярэдадні адкрыцця манумента “Масіў імёнаў” 27 сакавіка спецыяльна быў паказаны дакументальны фільм “Зондергетто”, зняты на студыі гістарычных фільмаў “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”. Кінастужка расказвае пра лёс яўрэяў з Заходняй Еўропы, дэпартаваных у Мінскае гета ў часы Другой Сусветнай вайны. Ідэалогія нацыстаў дыктавала татальнае знішчэнне яўрэйскай нацыі. Таму ахвярамі Халакоста сталі не толькі дарослыя, але й дзеці. Героі фільма — дзеці вайны з Германіі, Канады, Вялікабрытаніі, якім пашанцавала выжыць. Яны расказваюць пра адну з самых страшных трагедый у гісторыі чалавецтва. У фільме здымаліся Эдна Магдэр (Канада), Курт Маркс (Вялікабрытанія) і Міхаэль Розенберг (Германія).

Тысячы імёнаў — як знакі памяці на мемарыяльных плітах

Эдна Магдэр была на спецыяльным паказе фільма “Зондергетто” ў Мінску, выступала перад гледачамі, дзялілася ўспамінамі. “Мы рады, што сярод нас сёння ёсць дзеці ахвяр “Трасцянца”, — сказала на праглядзе карціны Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вёргетэр. — Яны прыбылі на адкрыццё мемарыяла. Сёння пабывалі там і нават сустрэліся са сведкамі трагедыі “Трасцянца”. І фільм “Зондергетто”, і новы мемарыял гавораць аб адным і тым жа”.

Аўтар ідэі, сцэнара фільма — журналіст Барыс Герстан, рэжысёр — Людміла Клінцова, аператары — Уладзімір Бокун і Павел Якушэвіч. У фільме няма сцэн расправы й жудасных карцін насілля, але можна ўбачыць, як адукаваныя, прыстойныя людзі, мірныя жыхары, садзяцца на звычайныя цягнікі, каб назаўжды знікнуць у невядомасці для сваіх родных і знаёмых. На сённяшні дзень высветлены й кірунак тых цягнікоў, іх апошняя станцыя. А вагоны, у якіх яны ехалі, названы вагонамі смерці.

Ганна Лагун

Фота БЕЛТА

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?