Вы тут

Прэзідэнцкія выбары могуць назначыць на вясенняй сесіі парламента — 2020


Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі могуць быць назначаны на вясенняй сесіі парламента ў 2020 годзе, расказала ў эфіры тэлеканала СТБ старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, паведамляе БЕЛТА.


Фота: БЕЛТА

Раней паведамлялася, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць не пазней за 30 жніўня 2020 года. "Думаю, пасля выбараў у парламент я абавязкова прыйду з дакладам да кіраўніка дзяржавы. І мы будзем абмяркоўваць разам з кіраўніцтвам парламента - яно назначае выбары - найбольш прымальны перыяд і дату правядзення прэзідэнцкіх выбараў. Думаю, каб не склікаць пазачарговую сесію парламента, менавіта на вясенняй сесіі не толькі будзе названа дата - будуць назначаны выбары", - сказала Лідзія Ярмошына.

Яна адзначыла, што 30 жніўня ў асноўным усе выбаршчыкі знаходзяцца па месцы жыхарства, таму што 1 верасня пачынаецца навучальны год. Акрамя таго, ужо адрамантаваны і працуюць усе навучальныя ўстановы, дзе размяшчаюцца ўчасткі для галасавання. На думку старшыні Цэнтрвыбаркама, гэта дата з'яўляецца прымальнай не толькі з арганізацыйнага пункту гледжання, але і з пункту гледжання вядзення перадвыбарнай агітацыі, паколькі ствараюцца спрыяльныя ўмовы для правядзення мерапрыемстваў на адкрытым паветры - пікетаў, мітынгаў. "Але, магчыма, кандыдатаў не вельмі задаволіць гэта дата з-за таго, што многія выбаршчыкі ў перыяд перадвыбарнай агітацыі будуць знаходзіцца ў іншых месцах, дзесьці ў адпачынках", - дадала яна.

Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу абазначыў, што парламенцкія выбары ў Беларусі адбудуцца ў 2019 годзе. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што добрай датай для правядзення гэтых выбараў з'яўляецца 7 лістапада. Але гэта чацвер, а выбары ў Беларусі звычайна праводзяцца ў нядзелю. "Выбарчае заканадаўства мае абмежаванні толькі адносна выбараў Прэзідэнта: яны заўсёды павінны праходзіць у нядзелю. Што датычыцца ўсіх іншых выбарчых кампаній і рэферэндумаў, то не ўказваецца дзень тыдня, у які павінны праходзіць выбары. Але тут можа быць іншая складанасць. Пастановай Савета Міністраў у нас перанесены рабочыя дні менавіта ў гэты тыдзень: 7, 8, 9, 10 лістапада - нерабочыя дні, адпрацоўваем потым 16 лістапада. Вельмі многія паедуць на гэтыя чатыры дні, што можа негатыўна паўплываць на яўку выбаршчыкаў. Цэнтрвыбаркам будзе прапаноўваць з улікам усіх гэтых акалічнасцей іншую дату. Лічу, што добрая, прымальная дата, якая задаволіла б усіх арганізатараў, - нядзеля 17 лістапада, паколькі 16 лістапада - рабочая субота", - адзначыла Лідзія Ярмошына.

Яна таксама расказала аб падрыхтоўцы Цэнтрвыбаркама да дзвюх выбарчых кампаній. "Цяпер працуем разам з мясцовымі ўладамі над картамі выбарчых акруг па выбарах дэпутатаў парламента. У нас ужо падрыхтаваны інструкцыі для выбарчых камісій. У маі мы правядзём пасяджэнне ЦВК, дзе зацвердзім праекты пастаноў і сярэднюю колькасць, напаўняльнасць выбарчай акругі, гэта значыць колькі выбаршчыкаў павінна пражываць на тэрыторыі кожнай выбарчай акругі ў сярэднім", - паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама.

"У нас не мяняецца выбарчае заканадаўства. Думаю, што калі і будзе што-небудзь мяняцца, удасканальвацца ў пастановах Цэнтральнай камісіі, то гэта будзе датычыцца арганізатараў выбараў і кандыдатаў у дэпутаты. Гэта могуць быць нейкія меры, пэўныя дзеянні, накіраваныя перш за ўсё на павышэнне празрыстасці працэсу падліку галасоў, удасканаленне назірання за выбарамі", - расказала яна.

Таксама Лідзія Ярмошына закранула пытанне ўнясення змяненняў у Канстытуцыю. "Калі будуць уносіцца тыя змяненні, якія патрабуюць правядзення рэферэндуму па Канстытуцыі, ён, вядома ж, будзе праводзіцца. І такіх раздзелаў у нас большасць. Таму я думаю, што калі Канстытуцыя будзе мяняцца, трэба абавязкова ўносіць папраўкі, якія датычацца парадку ўнясення змяненняў у яе. Усё ж такі ў нас цяпер амаль нічога немагчыма змяніць парламенцкім шляхам. Таму, напэўна, колькасць раздзелаў, якія могуць змяняцца толькі шляхам рэферэндуму, павінна на будучыню змяншацца", - выказала меркаванне яна.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.