Вы тут

Леў Сапега (1557—1633)


Жыццёвым дэвізам для Льва Сапегі было перакананне: «Не толькі я, але і жыццё маё належыць Айчыне». Сапраўды, ён цалкам прысвяціў Айчыне сябе і свой талент дзяржаўнага дзеяча. Сапега прайшоў шлях ад велікакняжацкага сакратара пры Стафане Баторыі да канцлера, віленскага ваяводы, нарэшце вялікага гетмана літоўскага.


На плечы Льва Сапегі ўскладаліся самыя адказныя місіі — ці гэта ўсмірэнне непакорлівых жыхароў Рыгі і Віцебска, цяжкія пасольствы ў Маскву, выбранне рускім царом каралевіча Уладзіслава, абарона Лівоніі ад шведскіх войскаў і шмат іншых спраў, якія ён, умелы адміністратар, разважлівы палітык, дасведчаны дыпламат ажыццяўляў з карысцю для сваёй краіны. Але перш за ўсё імя Льва Сапегі звязана з Трэцім Статутам Вялікага Княства Літоўскага. Работу над гэтым найлепшым на той час зводам законаў у Еўропе Сапега пачаў яшчэ ў маладосці, калі служыў у велікакняжацкай канцылярыі. Малады пісар, юрыдычныя веды якога ўразілі Баторыя, зрабіўся незамянімым памочнікам канцлера Яўстафія Валовіча і падканцлера Крыштофа Радзівіла, якія працавалі над стварэннем вышэйшага апеляцыйнага суда — Трыбунала ВКЛ. Стаўшы падканцлерам, а пасля і канцлерам, Леў Сапега ўзначальваў соймавую камісію па складанні новага зводу законаў ВКЛ. Артыкулы Статута абмяркоўваліся на павятовых сойміках і агульнадзяржаўных з'ездах. Такім чынам, Статут быў плёнам заканадаўчай думкі «шляхецкага народа» ВКЛ. Агульную рэдакцыю канчатковага варыянта рабіў Леў Сапега, і гэтая праца вымагала не толькі руплівасці, але добрых ведаў і палітычнай тактоўнасці. Адны хацелі аднаго, другія — другога. «Усе аднадушныя ў тым, каб браць за прыклад найлепшае. Іншы раз самі не ведаюць, чаго хочуць. Калі пытаюся, як хочаш, каб гэта было, дык адказвае: «Сам не ведаю, як перадаць тое, што думаю». Злы дух цябе пабраў бы, калі я абавязаны разумець тваю фантазію, калі ты сам не можаш яе выказаць! Ужо так мне ўсё надакучыла, што сам не ведаю, ці вытрымаю», як сведчылі сучаснікі, падчас скрухі прызнаўся Сапега. Не толькі вытрымаў, але справіўся выдатна з гэтай нялёгкай задачай.

Сапега выступіў прыхільнікам прававога грамадства і краіны. У прадмове да Статута ён пісаў: «А где опять право або статут гору маеть, там сам Бог всим владиеть». На думку Сапегі, кожны чалавек павінен вызначаць тыя прававыя нормы, якія б пачціва ўзвышалі яго і засцерагалі ад ганебных учынкаў. А для дзяржавы зарукай яе росквіту і велічы ёсць якраз прававы лад. Відавочна, што гуманістычныя погляды Сапегі паўплывалі на гуманны характар многіх артыкулаў. Чалавек нават простага стану — «паспаліты» — гэта «Божье створенье», што вымагала і адпаведнай пашаны да яго. Гэтак у аснову законаў ВКЛ былі пакладзены хрысціянскія прынцыпы. Статут абвяшчаў роўнасць усіх перад законам, усе павінны судзіцца «тым одным правом писаным».

У палітычным аспекце Статут абвяшчаў ВКЛ самастойнай дзяржавай і скасоўваў шэраг пастаноў Люблінскай уніі, што абмяжоўвалі яе суверэнітэт. Як сапраўдны «міласнік Айчыны» Леў Сапега з гонарам пісаў у прадмове да Статута: «А если которому народу в стыд прав своих не имети, поготовно нам, которые не обчим яким языком, але своим власным права списаные маем и каждого часу чого нам потреба ку отпору всякое крывды, ведати можем». Сам факт напісання Статута «власной» мовай робіць яго культурным здабыткам беларусаў, іх вялікай кнігай, па законах якой яны жылі аж да сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Трэба адзначыць, што Статут на працягу 200 гадоў быў самым дасканалым зводам законаў у Еўропе і адным з самых дэмакратычных, які паўплываў на заканадаўства іншых краін, у прыватнасці Рускага царства.

Вельмі значная роля Льва Сапегі і ў зацвярджэнні Статута ў 1588 годзе. Ён разам з менскім кашталянам Янам Глябовічам умела выкарысталі барацьбу выбранага палякамі манархам Рэчы Паспалітай Жыгімонта Вазы са сваім канкурэнтам аўстрыйскім эрцгерцагам Максіміліянам Габсбургам. За падтрымку ў гэтай барацьбе і прызнанне літвінамі яго вялікім князем літоўскім Жыгімонт Ваза ў абыход сойма зацвердзіў Статут. Сапега і Глябовіч атрымалі бліскучую дыпламатычную перамогу. Сам жа Сапега на свае сродкі і надрукаваў Статут у віленскай друкарні братоў Мамонічаў (былых магілёўскіх мяшчан).

Шмат якія аспекты дзейнасці Льва Сапегі працягваюць увагу і цікавасць даследчыкаў, ды і проста аматараў айчыннай гісторыі. Не да канца высветлена роля Льва Сапегі ў падзеях «Смутнага часу» Маскоўскага царства першай паловы ХVІІ стагоддзя, яго сувязі з Ілжэдзмітрыямі. Рускі гісторык Сяргей Салаўёў лічыў Сапегу ледзь не галоўным завадатарам смуты, але сам Леў апраўдаўся перад гісторыяй, гнеўна асудзіўшы на сойме сапраўдных зачыншчыкаў гэтых падзей. Наадварот з Маскоўскім царствам Сапега марыў заключыць унію і стварыць моцную славянскую кааліцыю супраць пратэстанцкай Швецыі і мусульманскіх Турцыі і Крыма. Яго праект уніі, якую ён прапаноўваў у 1600 годзе цару Барысу Гадунову падчас пасольства ў Маскву за дэмакратычны характар (свабода веравызнання, гандлю, выбарнасць манарха і г. д.) не прынялі маскоўскія баяры. Магчыма, таму Сапега праз свайго стаўленіка ў Маскве Аляксандра Гансеўскага, які верхаводзіў баярскай думай, спрыяў выбранню ў 1610 годзе царом каралевіча Уладзіслава Вазы ў надзеі, што ён ажыццявіць унію паміж Рэччу Паспалітай і Рускім царствам. Але падзеі разгарнуліся іначай, чым таго хацеў Сапега. Уладзіслаў так і не вянчаўшыся на царства, быў звергнуты. Што ж, не ўсё ўдаецца зрабіць, нават вялікім, і не ўсе зробленае з цяжкімі намаганнямі прыносіць жаданы плён. Але вялікія не зацыкліваюцца на няўдачах і на крыўдных паражэннях. Часам сам факт іх дзейнасці мае станоўчы характар і дапамагае выправіць цяжкае становішча. Так было ў 1617 годзе, калі Швецыя пачала вайну супраць Рэчы Паспалітай за Лівонію, Жыгімонт Ваза перадаў Льву Сапегу гетманскую булаву. Сапега разумеў, што не з-за таленту палкаводца ён прызначаны вялікім гетманам, а з-за «незлічоных скарбаў», за якія ён мог трымаць войска і, несумненна, за вялікую пашану і палітычны ўплыў у дзяржаве. Ён браў на сябе цяжар абароны, як свяшчэнны абавязак перад Айчынай. «Калі маім слабым сілам даручана нахіленую Рэчы Паспалітай сцяну падпіраць і неасцярожна ўчынены пажар гасіць трэба, дык гадам і здароўю дзеля Айчыны не дам адпачынку». Хоць нешматлікае войска, дарэчы пераважна нанятае за грошы Сапегі, і не прагнала шведаў з Лівоніі, але ўсё ж не пусціла заваёўнікаў у ВКЛ і вызваліла Курляндыю.

Маючы «незлічоныя скарбы», якія Сапега, як даволі практычны чалавек сабраў за жыццё, карыстаючыся сваім высокім становішчам, ён шмат траціўся на дабрачыннасць. Кіраваўся лацінскім выразам: «Марна жыве той, хто нікому не дапамагае», напісаным на яго экслібрысе. Уражвае колькасць пабудаваных Львом Сапегам хрысціянскіх храмаў, толькі касцёлаў аж 24(!) у Вільні (Святога Міхаіла, дзе ён і пахаваны), Брэсце, Бялынічах, Бярозе, Гародні, Оршы (комплекс езуіцкага кляштара нядаўна адноўлены), Ружанах (Святой Тройцы захаваўся), Сапежыне і іншых, а таксама ўніяцкіх і праваслаўных цэркваў. Пры іх адкрываў школкі, шпіталі і прытулкі. Так што Леў Сапега пакінуў свой след не толькі ў гістарычных падзеях, але і ў помніках дойлідства, і ў сваіх годных справах.

Варта завяршыць жыццяпіс Льва Сапегі словамі аўтара «Гісторыі Літвы» Альберта Віюка Каяловіча, адрасаваныя яго сыну Казіміру Лявону: «Як мне не гаварыць пра твайго бацьку, які заслужыў надзвычайную славу? Рашэннем мудрага караля Стафана, ён, вядома, быў выбраны з такога мноства і прызначаны на пастаянную каралеўскую службу, не параўноўваючы з верным Ахатам. Па смерці караля ён памалу ўздымаўся да вышэйшых дзяржаўных пасад і напрыканцы воляй усёй дзяржавы быў аб'яўлены гетманам ВКЛ пасля вялікага Сцыпіёна Літвы Хадкевіча. Ён, атрымаўшы гэтую спартанскую пасаду, так сябе паводзіў, што можна было паверыць, што ў ім уваскрос Хадкевіч».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».