Вы тут

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі


Выстаўка «ТІБО-2019» — гэта магчымасць для вядучых тэхнічных карпарацый прадэманстраваць свае найноўшыя распрацоўкі. Натуральна, што яна прыцягвае да сябе шмат інтарэсу з боку наведвальнікаў. «Белпошта» таксама не выпала з мэйнстрыму. Сёлета стэнд нацыянальнага паштовага аператара быў прысвечаны адразу дзвюм тэмам. У год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў як жа не згадаць пра адзін з найважнейшых складнікаў войска — палявую пошту, якая дазваляла байцам падтрымліваць сувязь з роднымі і блізкімі? Канешне ж, паштавікі паказалі і свае тэхнічныя цікавінкі, якія неўзабаве ўвойдуць у прафесійны побыт.


— Аднайменны паштовы блок уведзены ў абарачэнне сёлета, у першы дзень работы выстаўкі, — кажа начальнік выдавецкага цэнтра «Марка» РУП «Белпошта» Ірына Шапілава. — На ім адлюстраваны танкетка атрада імя С. М. Кірава 37-й партызанскай брыгады Мінскай вобласці і знакамітая сцэна з архіўнай хронікі, дзе 3 ліпеня 1944 года жыхары Мінска вітаюць савецкіх воінаў-вызваліцеляў. У аснове спецштэмпеля — фрагмент скульптурнай кампазіцыі манумента «Беларусь партызанская». Ён надрукаваны тыражом 20 тысяч экзэмпляраў.

Выпуск гэты незвычайны. Упершыню да паштовага блока была выкарыстана тэхналогія дапоўненай рэальнасці, якой можа скарыстацца ўладальнік любога смартфона, што працуе на аперацыйнай сістэме Аndrоіd. У Gооglе Рlау Mаrkеt даступная для спампоўвання бясплатная праграма АR MАRKА BЕLАRUS.

Наводжу на карцінку камеру свайго смартфона. Праходзіць дзве-тры секунды — і на экране ўзнікае сюжэт, нібыта з камп'ютарнай гульні. Па дарозе ідуць танкі. Уверсе экрана з'яўляецца невялікі тэкст, які распавядае пра гэты паштовы блок. З дынамікаў раздаецца гук руху танкавай калоны.

— Вось так мы і здолелі сумясціць традыцыйную філатэлію разам з сучаснымі тэхналогіямі, — працягвае Ірына Шапілава. — Збіральнікі паштовых мініяцюр — гэта, як правіла, пажылыя людзі. І трэба, трэба падаграваць цікавасць у моладзі да калекцыянавання марак. Некалькі падобных праектаў ажыццявіла пошта Расіі. У іх сёлета выйшаў навагодні выпуск, дзе ажывалі карцінкі, і Снягурка круцілася ў танцы вакол елак. Не збіраемся спыняцца і мы — архіў праграмы будзе расці. Зараз мы задумваем зрабіць марку з дабаўленай рэальнасцю па беларускіх народных казках.

Акрамя таго, на стэндзе «Белпошты» працуе спецыяльная інтэрактыўная панэль. З яе дапамогай можна адначасова як паглядзець на выявы паштовых блокаў, якія ўжо выйшлі ў тыраж, так і паспрабаваць іх сабраць, як мазаіку, з дапамогай адмысловага стылуса самому. Тэматыка блокаў — Вялікая Айчынная вайна, ІІ Еўрапейскія гульні, прырода, мультфільмы, амфібіі і нават Ханс Крысціян Андэрсен...

Бяру стылус у рукі. Спачатку крыху губляюся — як жа тут што рабіць? Кампанентаў жа больш за дзясятак, і трэба іх усе злучыць правільна. Але пасля бачу, што вынік, які мусіць атрымацца, адлюстраваны ў якасці падказкі. Некалькі хвілін — і блок з выявамі птушак сабраны. Пасля заўважаю, што да стэнда падышлі дзеці і спрабавалі сабраць іншы пазл...

Акрамя таго, побач з інтэрактыўнай панэллю размясціліся чатыры вітражы. Пад імі — экспанаты, якія са сваёй калекцыі прадставіў славуты беларускі філатэліст Леў Коласаў. Гэта карэспандэнцыя часоў ваеннага ліхалецця.

— Вось сапраўдны рарытэт, — працягвае Ірына Шапілава. Павестка, якой адзін з жыхароў Лунінца быў прызваны ў райваенкамат на вучобу тэрмінам у паўтара месяца. І ён якраз трапляе на пачатак вайны. Чыгуначны квіток з косай паласой быў толькі ў адзін канец. Ён дабраўся да райваенкамата, і яго адправілі на вайну. Ехаў ён з двума таварышамі. Яны па дарозе губляюцца. На яго запыт пасля прыйшоў адказ, што адзін з іх загінуў, а другі знаходзіцца на спецыяльным заданні.

А вось і цікавае паштовае адпраўленне проста з фронту. У салдата не было магчымасці заклеіць канверт. Воін скарыстаўся ніткай, якой прышываў сабе падкаўнерык. Адначасова «заштопаў» і ліст. Яшчэ адна паштовая картка была адпраўлена з Германіі ў Саратаў якраз 9 мая 1945 года. Таксама выстаўлены канверты, на якіх калісьці распісаўся Герой Савецкага Саюза Міхаіл Ягораў, які ў далёкім 1945 годзе ўстанавіў сцяг Перамогі над рэйхстагам.

— Усе папкі з гэтымі дакументамі захоўваюцца толькі ў вертыкальным становішчы. Інакш, калі іх класці адна на адну, яны будуць пашкоджаны. Мы прыбралі сафіты са скрынак. Цяпло, якое ўтвараецца ў тубусе, можа справакаваць хімічную рэакцыю са старымі чарніламі. І ліст можа быць сур'ёзна пашкоджаны. Але звярніце ўвагу — гэты ліст напісаны алоўкам амаль 75 гадоў таму, але і дагэтуль на ім можна прачытаць тэкст. Адзінае — крыху незразумелы почырк ваенурача...

Ад спраў гістарычных пераходзім да дня сённяшняга. Пошце ёсць што прадэманстраваць і ў кірунку ІT.

— Зараз у нас завершана распрацоўка новага інтэрнэт-партала, — кажа начальнік цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій. Анатоль Неўмяржыцкі. — Ён ужо даступны ў тэставым рэжыме па адрасе bеtа.bеlроst.bу. Таксама з'явілася новая карыстальніцкая праграма для тэлефонаў на Аndrоіd і іОS — BЕLРОST. Зараз мы вырашаем апошнія моманты датычна размяшчэння яе ў крамах Gооglе Рlау Mаrkеt і АррStоrе. І на працягу месяца яна будзе апублікаваная.

Што ж з'явіцца ў новым функцыянале? Перш за ўсё, адсочваць рух паштовага адпраўлення можна будзе непасрэдна ў праграме, а не толькі на сайце. Можна будзе стварыць асабісты кабінет і не ўводзіць запаветны код сачэння кожны раз. Будзе магчымасць настроіць і Рush-паведамленні, калі паведамленне будзе прыходзіць проста на экран манітора або мабільнага тэлефона. Таксама проста з асабістага кабінета можна будзе выклікаць кур'ера ЕMS.

— І мы не забываем пра стандартныя сэрвісы, — працягвае Анатоль Неўмяржыцкі. — Напрыклад, знайсці найбліжэйшае аддзяленне пошты па геапазіцыі з улікам часу яго работы і выконваемых аперацый. Асабліва гэта важна ў выхадныя дні — суботу і нядзелю.

На новым сайце мы сканцэнтравалі анлайн-сэрвісы. Яны будуць перапрывязаны да асабістага кабінета. Там можна будзе аформіць падпіску, у тым ліку і на платныя электронныя рэсурсы. Таксама будзе даступна функцыя жывога чата, калі можна будзе звязацца з аператарам і вырашыць пытанне, якое хвалюе карыстальніка. Хутка плануецца запусціць Fасеbооk-месенджар, а таксама чат у «Тэлеграм».

— І гэта яшчэ не ўсё, — сцвярджае Анатоль Неўмяржыцкі. — Не выходзячы з дома, можна будзе нават разлічыць суму, якую трэба заплаціць за паштовае адпраўленне, — дастаткова толькі мець пры сабе простыя электронныя вагі. Таксама мы прадстаўляем мабільную прыладу «Электронны паштальён». Яе мэта — палепшыць сэрвіс кліентаў незалежна ад адлегласці. Мы хочам, каб паслугі, якія аказваюцца ў хатніх умовах, максімальна наблізіліся да тых, што можна атрымаць у звычайным паштовым аддзяленні. Асабліва гэта важна для сельскай мясцовасці. Фактычна гэты тэрмінал уяўляе сабой пераносную касу, якая мае ў сабе РОS-тэрмінал для аплаты карткамі з чыпам, бескантактнай аплаты. Ёсць прынтар для друку чэкаў і інтэрфэйс для ўводу персанальных даных. Усталяваны нават сканер QR-кодаў. Таксама можна адправіць копію чэка на е-mаіl. Фактычна гэта — інфакіёск у кішэні.

Праграмнае забеспячэнне навінкі распрацавана ў Беларусі, сам апарат таксама зроблены ў нашай краіне. І нават калі паштальён працуе ў аддаленай вёсцы, дзе назіраюцца перабоі з мабільнай сувяззю, то даныя можна захаваць на флэшцы ў зашыфраваным выглядзе. На працягу сямі дзён яны будуць перададзены на серверы Белпошты, як толькі апарат зловіць сігнал ад мабільнай вышкі.

Тэхнічную навінку будуць пакуль што тэставаць у Дзяржынскім і Аршанскім раёнах некалькі месяцаў. Старт эксперымента прызначаны на канец чэрвеня.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Паштальёны бываюць і мабільныя

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.