Вы тут

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?


Сёння, здаецца, увесь свет перавярнуўся з ног на галаву. Рэдкія навіны абыходзяцца без паведамлення пра жахлівае забойства або няшчасны выпадак. Сын падымае руку на бацьку, дзяўчынка выскоквае з акна дзявятага паверха, маці выкідвае на сметніцу нованароджанае дзіця. І гэта толькі бачная вяршыня айсберга. Калі хварэе цела, не трэба тлумачыць, куды ісці. А калі чалавек знешне здаровы, але ўнутры яго творыцца нешта незразумелае? Тое, што прымушае яго рабіць усе гэтыя страшныя крокі? Пра такіх заўсёды казалі, быццам бы ў іх «нячысцік усяліўся». І лічылася, што дапамагчы справіцца з ім могуць толькі экзарцысты — тыя, хто выганяюць нячыстага. Карэспандэнт «Звязды» меў магчымасць паназіраць, як з гэтым спраўляецца адзіны дзеючы ў краіне праваслаўны экзарцыст.


Ай­цец Мі­ка­лай дае ду­хоў­ную па­ра­ду.

Духоўная лячэбніца

Айцу Валерыяну са Смілавіч даў на гэта благаславенне яшчэ Мітрапаліт Філарэт. У Смілавічы часта арганізуюцца паломніцкія паездкі, нехта едзе туды сваім ходам. Маўляў, цікава паглядзець, як бацюшка чарцям хвасты накручвае. У сеціве шмат водгукаў з нагоды ўбачанага — ад экзальтавана-захопленых да крытычна-недаверлівых. І гэта таксама падагравае цікавасць.

Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце. Набіраю нумар. Спачатку спрацоўвае аўтаадказчык, які падказвае час найбліжэйшага малебну — адчыткі. Нарэшце, трубку бярэ айцец Мікалай. У адказ на маё «хачу пра вас рэпартаж напісаць» чую сухое: «Нам рэкламы не трэба». Павісае няёмкая паўза. «Але ж я не магу вам забараніць прыехаць», — змякчаецца суразмоўнік. І я еду.

Белае і чорнае

Да пачатку службы яшчэ гадзіна, але народ пакрысе пачынае падцягвацца. Падкаціла сямейства на крутым аўто, выйшлі на вуліцу і пачалі апранацца па каноне. Дзяўчына завязала хустку, зверху джынсаў нацягнула спадніцу. Заўважаю цыганку ў бліскучай жоўтай хустцы. Яна нервова ходзіць перад агароджай храма, кагосьці выглядае. Памятаючы свой колішні, амаль што дзіцячы, вопыт стасункаў з гэтымі «экстрасэнсамі», трымаюся далей ад жанчыны. А вось хударлявая дзяўчына ў доўгай шэрай сукенцы, што дзяжурыць каля дзвярэй храма, адразу бачна, рэгулярна наведвае такія месцы. «Падайце, колькі не шкада», — працягвае яна руку. І я не магу адмовіць, бо замест пальцаў у яе кароценькія куксы.

Хутка пачатак службы, а айца Мікалая яшчэ няма. Падмануў? «Ну што вы, калі сказаў, то прыйдзе, чакайце», — падбадзёрвае работніца храма. Слова за слова, і высвятляецца, што завуць жанчыну Валянціна, што яна мая зямлячка з Магілёва, што нават жывём у адным раёне. «Як я сюды трапіла? — паціскае яна плячыма. — Ды вось аднойчы аказалася паміж жыццём і смерцю. Спачатку лячылася ў адной бальніцы, потым у другой — нічога не дапамагала, наадварот, станавілася горш. Сабрала манаткі і сюды. Бацюшка не прагнаў, дзякуй яму за гэта. Нясу паслушэнства пры храме. Кінула сваю кватэру без нагляду, дачу, на якой здароўе падарвала, — і вучуся існаваць у гэтым свеце па-новаму. Толькі тут я ўбачыла, што ён падзяляецца на белы і чорны...»

Айцец Мікалай

Ён з'яўляецца, ужо калі я амаль страчваю надзею. Усміхаецца: «Ну што, не перадумалі пісаць рэпартаж?» Разам заходзім у храм, а потым у нейкі маленькі пакойчык, збоку ад іканастаса. У ім шмат ікон і кніг. На стале ляжыць вялікае распяцце. Свяшчэннік паказвае па баках крыжа цёмныя кружочкі. «Гэта мошчы святых, — удакладняе ён. — Пасля адчыткі людзі прыкладваюцца да яго. Хтосьці робіць гэта з лёгкасцю, некаторыя наадварот».

Протаіерэй Мікалай Літвінчык — благачынны Чэрвеньскага раёна, настаяцель двух храмаў велікамучаніка Георгія Перамаганосца і Казанскай Божай Маці гарадскога пасёлка Смілавічы. Ён дапамагае айцу Валерыяну.

— У бацюшкі ёсць духоўны айцец, якому сёння болей за 90 гадоў, — Пётр Кучар, — расказвае ён. — З яго ўсё пачалося. Ён сам займаўся малітвай аб нядужых і айца Валерыяна блаславіў. Аўтар гэтага малебна мітрапаліт Пётр Магіла, які жыў у ХVІІ стагоддзі. Той самы знакаміты рэфарматар, які заснаваў Кіеўскі калегіум — Кіева-Магілянскую акадэмію, — адну са старэйшых вышэйшых школ ва Усходняй Еўропе. У перакладзе з грэчаскага малебен аб нядужых называецца экзарцызмам. Або, калі казаць простымі словамі, адчыткай. Спачатку айцец Валерыян займаўся гэтым пры храме Касмы і Даміяна ў гарадскім пасёлку Сноў Нясвіжскага раёна, а ў 1992 годзе пераехаў у Смілавічы — адправілі аднаўляць, які тады быў яшчэ ў сценах былой мэблевай крамы. Ну, а я прыехаў сюды праз некалькі гадоў. З бацюшкам мы пазнаёміліся яшчэ ў Нясвіжскім раёне, і ён мяне сюды пазваў. Разам з ім і дапамогай іншых клірыкаў пабудавалі ўжо сем храмаў.

Пра незразумелае

— А чаму ў нас у краіне так мала экзарцыстаў? — пытаюся ў бацюшкі.

— Кожны свяшчэннік павінен займацца сваёй справай. Гэта цяжкі крыж, не кожны зможа яго несці. Трэба весці вельмі аскетычны лад жыцця, абмяжоўваць сябе ва ўсім. Больш маліцца, чытаць Псалтыр і Евангелле.

— Праўда, што падчас службы незразумелыя рэчы адбываюцца?

— Некаторыя ўяўляюць сабе, што тут чэрці па храме скачуць, баяцца зайсці, каб на яго не заскочылі (усміхаецца). Нічога такога ў нас няма. Бывае, што чалавек стаіць, а потым з размаху падае на падлогу і пачынае біцца ў канвульсіях. Некаторыя наогул страчваюць прытомнасць. Людзі кідаюцца дапамагчы, але бацюшка просіць не чапаць. Такія рэчы — нармальная з'ява, на тое гэта і адчытка. Потым чалавек сам падымецца, яму будзе ўжо лягчэй.

— І адной адчыткі дастаткова?

— Па-рознаму бывае. Але так хутка нічога не робіцца. Вы ж прастуду тыдзень лечыце, а тут душа. Тым больш што духоўныя хваробы ў нас часцей за ўсё хранічныя.

— А адкуль гэтыя хваробы бяруцца?

— Няправільны лад жыцця. Да нас прыходзяць, калі аббегалі ўсіх бабулек ды экстрасэнсаў. А ў Евангеллі гаворыцца, што мы павінны даверыцца волі Госпада. Усё ад Бога. Ён не пярэчыць, калі чалавек нешта вырашыў зрабіць. Гэтым вораг і карыстаецца. Можна ісці вузкім шляхам, маліцца, пасціцца, працаваць, сям'ю даглядаць. А другі хоча піць, гуляць, весяліцца. Чалавек парушае духоўную раўнавагу, і вораг усяляецца ў яго.

Чаму хварэюць дзеці

Пачынаецца малебен, айцец Валерыян чытае малітву, і хутка з прытвора даносіцца нейкае скавытанне... Не вытрымліваю і іду глядзець. Хлопчык гадоў трох круціцца ў руках маці, як вужака і камусьці крычыць: «Адпусці! Пайшлі адсюль». Маладая маці, уся пунсовая ад напругі, толькі мацней прыціскае да сябе дзіця.

У храм заходзіць сям'я з хлопчыкам гадоў шасці-сямі. На яго твары павязка, як у хворых на грып. Хлопчык стаіць амаль у мяне за спінай і, калі ён пачынае выдаваць дзіўныя гукі, я ад нечаканасці ўздрыгваю. Хочацца адысці падалей. Але ў яго такі нешчаслівы твар, што мне становіцца сорамна за сваё маладушша.

Паўгадзіны малебна пралятаюць вельмі хутка. Самае цікавае, што пасля яго на душы сапраўды становіцца спакойна і ўтульна. Частка людзей разыходзіцца, але большасць выстройваецца ў дзве чаргі — да айца Валерыяна і да айца Мікалая. Сярод тых апошніх заўважаю тую самую жанчыну з дзіцем, што бачыла ў прытворы. Хлопчык сцішыўся і стомлена прынік да маці галавой. Тут жа і падлетак з павязкай на твары — стаіць побач са сваімі бацькамі. Наогул, сем'яў з дзецьмі вельмі шмат. Айцец Мікалай дазваляе папрысутнічаць на прыёме, каб можна было паназіраць за размовай збоку.

У пакойчык заходзіць малады чалавек. Дзмітрый прыехаў з Рэчыцкага раёна, ужо не першы раз. З размовы са свяшчэннікам зразумела, што хлопец мае моцную залежнасць ад інтэрнэту і не можа самастойна пазбавіцца ад дрэннай звычкі.

— Доўга не набліжаўся да камп'ютара, а нядаўна зайшоў у інтэрнэт — Нядзельную школу наведаць, і тут пальцы самі пачалі ціскаць не тыя клавішы. Каб не спакушацца, выключыў усё і доўга не мог апамятацца. Спачатку на душы было дрэнна, але пачытаў Псалтыр, і палягчэла.

Пасля Дзмітрыя заходзіць сям'я з маленькай дзяўчынкай. Малая пачынае пранізліва пішчаць. Бацюшка ціха чытае над ёй малітву, і яна супакойваецца, прыслухваецца. Потым зноў пачынае стагнаць. Бацюшка пырскае святой вадой і адпускае. Маці кажа, што ў дзяўчынкі быў вельмі моцны спалох.

Чарговы хворы — Дзяніс, якому ўсяго два гады восем месяцаў. Пішчыць, нервова смяецца, кашляе. Сям'я прыехала са Стоўбцаў. Пакуль маці з Дзянісам размаўляюць са свяшчэннікам, пытаюся ў бацькі хлопчыка: «Ён у вас толькі ў храме так плача?» «Не, — круціць галавой малады чалавек. — Яшчэ і ў бальніцы. Мы вось толькі адтуль. Хварэе сын, а на што — не ведаем».

— Чаму пакутуюць нашы дзеці? — пытаюся ў бацюшкі, калі выходзіць апошні наведвальнік.

— Гэта ўсё наступствы жыцця бацькоў і дзядоў — злоўжывалі, грашылі. Вось дзеці і расплачваюцца. Цяпер модна стала складаць радаводы, але вельмі карысна ведаць яшчэ і тое, чым займаліся вашы продкі. Калі яны бралі хабар, кралі або забівалі, не трэба здзіўляцца, адкуль няшчасці сыплюцца. На ўсё ёсць прычыны. Даём у першую чаргу духоўныя парады. Галоўнае, каб у сям'і былі мір, спакой і любоў. А цяпер у модзе пазашлюбныя сувязі, якая ж гэта павага да сям'і? Чалавек бяжыць ад адказнасці, жыве для сябе, а гэта самы вялікі грэх. Таму і дзеці нашы пакутуюць. Людзі часта скардзяцца, што да поўначы заснуць не могуць, нейкія свае справы ў галаве «пракручваюць». Трэба памаліцца, тады і сон будзе мацнейшы. Пражыў дзень — і дзякуй Богу. Прачнуўся — дзякуй Богу. Малітва павінна быць перш за ўсё. Чалавек складаецца з цела і душы. Цела даглядаем, а душу ігнаруем. Вось усё і назапашваецца. А душу трэба лячыць пакаяннем.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: «Цела даглядаем, а душу ігнаруем»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Яна добра памятае той летні дзень. За акном сталі чутныя роў матацыклаў і нямецкая гаворка.

Грамадства

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Як з дапамогай кода стварыць уласную анімацыю і «ажывіць» касмічны карабель? 

Грамадства

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Наш карэспандэнт пастараўся згадаць самыя цікавыя прыклады сумеснай рэалізацыі праектаў.

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.