Вы тут

Фрагменты рэдкай мадэлі танка Т-70 знайшлі пошукавікі ў Быхаўскім раёне


Фрагменты рэдкай мадэлі танка Т-70 — прабітая снарадам браня, пара колаў і шмат іншых дробязяў — знайшлі пошукавікі ў Быхаўскім раёне.


У 1944 годзе тут вяліся жорсткія кровапралітныя баі. Шэсць удзельнікаў гэтай бітвы былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Таму паведамленне, што пошукавікі натрапілі на сляды аднаго з трох падбітых у сакавіку 1944-га тут савецкіх танкаў, адразу ж цягнула на сенсацыю. Пошукавыя работы праходзілі на ворыве быхаўскага сельгаспрадпрыемства «Лудчыцы». Раённыя ўлады дапамаглі з тэхнікай, і гэта адчувальна скараціла час пошукаў. Коўш пагрузчыка на некалькі метраў «угрызаўся» ў зямлю і даставаў з глыбінь на паверхню ржавыя кавалкі тэхнікі. Пошукавікі ўважліва праглядалі кожны сантыметр, каб не прапусціць ніводнай дэталі. Іх «страхаваў» лабрадор Жорж, які быў у складзе сапёрна-піратэхнічнай групы вайсковай часці 6713. Сабака правяраў, ці ёсць на глыбіні выбуховыя прылады.

Дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея, а па сумяшчальніцтве яшчэ і член Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Сяргей Жыжыян гэтай хвіліны чакаў з нецярпеннем. Кажа, што разам з таварышамі шмат працаваў з мясцовымі людзьмі, каб атрымаць як мага болей інфармацыі аб падзеях на гэтым месцы. Зараз тут ворныя землі і, як расказваюць жыхары, тэхніка гаспадаркі часта чапляла нейкія кавалкі жалеза.

— Некалькі тыдняў таму мы знайшлі тут анамаліі, якія ўказвалі на прысутнасць буйнога металічнага прадмета, — кажа Сяргей Жыжыян. — Параіліся з кіраўніком клуба і вырашылі арганізаваць маштабнае пошукавае мерапрыемства.

— Ёсць аператыўная зводка штаба 380-й Арлоўскай стралковай дывізіі, якая тут ваявала, ад другога сакавіка 1944 года, дзе ў раздзеле «страты» напісана, што на Лудчыцкай вышыні спалены тры танкі Т-70 і адзін Т-34. Здаецца, што гэта адзін са знішчаных танкаў, — мяркуе камандзір Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. — Хутчэй за ўсё, адбылося прамое пападанне снарада ў танк. На металалом пасля вайны гэта не трапіла, відаць, таму, што варонка была вельмі глыбокая.

Улічваючы, што гэтыя мадэлі танкаў нядоўга праіснавалі, яго фрагменты стануць цікавымі экспанатамі раённага музея. «Захавалася нават фарба, і вельмі добра відаць, як у браню ўвайшоў снарад, — ацэньвае адну са знаходак Сяргей Жыжыян. — Гэта можа стаць выдатным антуражным прадметам. Тым больш у кантэксце быхаўскай гісторыі і Лудчыцкай вышыні. Тут было адно з маштабных месцаў бітвы аперацыі Баграціён. Баі ішлі вельмі жорсткія, траншэі пераходзілі ад немцаў да нашых і наадварот.

Намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама Віктар Агнетаў:

— Для нас сённяшняе мерапрыемства шмат што значыць. Знаходкі папоўняць наш раённы краязнаўчы музей, і гэта дасць магчымасць мясцовым жыхарам і ўсім астатнім датыкнуцца да ваеннай гісторыі нашай зямлі. У Быхаўскім раёне шмат месцаў, звязаных з ваеннай гісторыяй, тут фронт стаяў месцамі да дзевяці месяцаў. Кожны раз, калі ў нас працуюць пошукавікі клуба «Віккру», мы арганізуем матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне такіх мерапрыемстваў, удзел у іх прымаюць нашы валанцёры і актывісты. Некаторыя супрацоўнікі райвыканкама таксама ўваходзяць у клуб «Віккру».

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Тайны Лудчыцкай вышыні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Яна добра памятае той летні дзень. За акном сталі чутныя роў матацыклаў і нямецкая гаворка.

Грамадства

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Як з дапамогай кода стварыць уласную анімацыю і «ажывіць» касмічны карабель? 

Грамадства

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Наш карэспандэнт пастараўся згадаць самыя цікавыя прыклады сумеснай рэалізацыі праектаў.

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.