Вы тут

Самыя буйныя вучэнні 2019 года прайшлі на 227-м агульнавайсковым палігоне


Самыя буйныя вайсковыя тактычныя вучэнні, запланаваныя на 2019 год, прайшлі на 227-м агульнавайсковым палігоне. Яны адбыліся пад кіраўніцтвам камандуючага войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёра Андрэя Жука.

Экзамен на зладжанасць і ўменне весці абарончы бой здавала 120-я асобная гвардзейская механізаваная брыгада.


Асноўнай мэтай вучэнняў стала праверка таго, як часці і падраздзяленні злучэння гатовы да выканання задач па прызначэнні. Камандзіры мусілі самастойна прымаць рашэнні ў сувязі з абстаноўкай, якая вельмі хутка змянялася. Гэта патрабавала нестандартных падыходаў, а таксама вельмі падрабязнага ведання вайсковай тэхнікі і лёгкага ўзбраення. І канешне ж, здольнасці вельмі імкліва арыентавацца ва ўмовах сур'ёзна абмежаванага часу.

Вучэнні былі падзелены на два этапы. На першым вайскоўцы сканцэнтравалі асноўныя намаганні на арганізацыі абарончага бою брыгады, а таксама інжынерным абсталяванні абарончых пазіцый і рубяжоў. І канешне ж, на падрыхтоўцы асабовага складу і ўзбраення да таго, каб выканаць усе пастаўленыя задачы. Усё гэта стала падмуркам для другога этапу вучэнняў, у час якога часці і падраздзяленні непасрэдна вялі бой. За тым, як гэта робяць больш за 1100 ваеннаслужачых і 130 адзінак баявой тэхнікі, сярод якіх 40 танкаў і 60 БМП, назіралі прадстаўнікі пяці краін — членаў НАТА.

— У адпаведнасці з параметрамі, вызначанымі Венскім дакументам да 2011 года, падобныя вучэнні не падпадаюць пад катэгорыю тых, якія абавязкова мусяць суправаджацца надглядам з боку краін — удзельніц АБСЕ, — зазначыў начальнік упраўлення верыфікацыі Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны палкоўнік Андрэй Царык. — Заяўленая колькасць асабовага складу, узбраення і вайсковай тэхнікі не дацягвае да рэгламенту. Але кіраўніцтва нашых Узброеных Сіл зыходзіць з прынцыпу ўзаемнага павышэння ўзроўню даверу. Асабліва — з краінамі, якія знаходзяцца не так далёка ад Беларусі ці ўвогуле з ёй мяжуюць. Таму для назірання за практычнымі дзеяннямі байцоў 120-й асобнай механізаванай брыгады былі запрошаны прадстаўнікі пяці дзяржаў, якія маюць зацікаўленасць у развіцці ўзаемнага запрашэння назіральнікаў за падобнымі вучэннямі. Гэта прадстаўнікі Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Эстоніі.

І вось пачынаецца актыўная фаза вучэнняў. З пункта кіравання разведкі аператыўнага камандавання прыходзіць інфармацыя пра тое, што выкрыты перадавыя атрады праціўніка. Яны падыходзяць да пярэдняга краю войскаў, якія абараняюцца. Каб атрымаць дакладныя даныя, быў задзейнічаны беспілотнік «Суперкам С350». Дзякуючы яго назіранням стала вядома, што праціўнік разгортваецца на рубяжы ў ротныя калоны.

Але і ўмоўны вораг не губляў часу і атакаваў пярэдні край пазіцыі войскаў пры дапамозе бамбардзіровачнай і штурмавой авіяцыі. Супраць яе былі разгорнуты падраздзяленні проціпаветранай абароны. І каб папярэдзіць рух праціўніка, была выкарыстана ўдарная група з двух самалётаў штурмавой авіяцыі ЯК-130.

Самалёты зніклі за лініяй гарызонту, і пачалася контрбатарэйная стральба. Цяжкі гаўбічны дывізіён 2А65 «Мста-Б» і гаўбічны самаходна-артылерыйскі дывізіён 2С1 «Гваздзік» абстрэльвалі калоны праціўніка. Калі ж умоўны вораг наблізіўся да нашых пазіцый, то былі выпушчаны процітанкавыя кіраваныя ракеты. Эпіцэнтр бою перамясціўся ў глыбіню абароны войскаў. А з аднаго з кірункаў падлятела тактычная авіяцыя праціўніка. Наступ працягваецца. І ў ход уступае зенітны комплекс «Тунгуска». З правага флангу вораг усё яшчэ спрабуе абысці абаронцаў рубяжа. Па звестках разведкі, задзейнічана даволі істотная групоўка бронетэхнікі — ажно да танкавай роты. Наш танкавы ўзвод адпраўляецца на агнявы рубеж, а з паветра ворага атакуюць верталёты Мі-8МТВ-5.

Актыўная фаза вучэнняў скончылася тым, што з беспілотніка прыйшла інфармацыя аб атрадах праціўніка, якія спрабавалі абысці нашы пазіцыі з флангаў. Рухаецца танкавая калона. Каб не быць акружанымі, падраздзяленні батальённай тактычнай групы выйшлі з бою. Іх прыкрывалі сродкі проціпаветранай абароны і дымавая заслона. Яны адышлі на падрыхтаваныя загадзя рубяжы ў глыбіні абароны брыгады. Усё гэта было рэалізавана прыкладна за паўгадзіны.

Вайскоўцы выкарыстоўвалі падчас вучэнняў новыя і мадэрнізаваныя ўзоры тэхнікі. Гэта танкі Т-72Б3, мадэрнізаваныя радыёрэлейныя станцыі Р-409МБ1 «Цытрус», мінамётны комплекс 2С12Б.

— На кожным вучэнні мы адпрацоўваем новыя метады і спосабы вядзення баявых дзеянняў, — падкрэсліў камандуючы войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Андрэй Жук. — Тут жа быў на практыцы разгледжаны дастаткова вялікі спектр пытанняў, у тым ліку тылавога, медыцынскага, тэхнічнага забеспячэння. Шырока выкарыстоўваем для вядзення разведкі і карэктавання агню беспілотныя комплексы. А танкі Т-72Б3, якія трапляюць на ўзбраенне 120-й брыгады, паказваюць высокую эфектыўнасць і высокую надзейнасць.

Назіральнік ад Эстоніі Петэр Кыяў падзякаваў Узброеным Сілам Беларусі за запрашэнне.

— Вы зрабілі вельмі вялікі ўнёсак у бяспеку і ўзняцце ўзаемнага даверу. Асабіста я атрымаў выключна пазітыўныя эмоцыі. Самае галоўнае, што Беларусь запрасіла нас добраахвотна. І гэта насамрэч вельмі вялікі крок, які пацвярджае імкненне да транспарэнтнасці. За гэта мы вельмі ўдзячны.

За ходам актыўнай фазы вучэнняў сачылі і парламентарыі. «Ёсць план сумеснай работы і ўзаемадзеяння Нацыянальнага сходу і 120-й брыгады, — кажа намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Рыгор Бысюк. — Афіцэры наведвалі адно з нашых пасяджэнняў, каб паглядзець, як працуем мы. А гэта, так бы мовіць, візіт у адказ. Для ўсіх нас вельмі важна бачыць, у якім кірунку развіваецца армія, што ў гэтым кірунку, магчыма, трэба ўдасканаліць. І я бачу, што не дарэмна сродкі ідуць на армію. Яна павінна быць заўжды на варце айчыны і грамадзян. Я пераканаўся ў тым, што ўчарашнія хлопцы валодаюць сучаснай зброяй, і ў мяне ёсць упэўненасць, што яны нас абароняць».

Рыгор Бысюк асобна зазначыў, што законапраект, які датычыцца магчымага скарачэння колькасці адтэрміновак, звязаных з вучобай, у Савет Рэспублікі зараз не ўнесены. Таму раней за восень яго разгляд не пачнецца дакладна.

Гэтую тэму закрануў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргей Бобрыкаў:

— Дэмаграфічная сітуацыя зараз даволі складаная. І з-за гэтага ў нас вялікі некамплект прызыўнога кантынгенту. І таму трэба пераглядаць колькасць адтэрміновак, дадзеных па адукацыі. Іх зараз, на мой погляд, шмат. А яшчэ ў недалёкім мінулым служылі ўсе, каму споўнілася 18 гадоў. Дрэнна, калі ёсць зброя, боепрыпасы, тэхніка, а валодаць імі ніхто не ўмее. Радзіму абараняць трэба ўмець кожнаму, я лічу.

...І вось на гарызонце курыцца пыл ад баявых машын пяхоты, якія вяртаюцца з палігона. Экіпажы задачу выканалі і цяпер кіруюцца назад. Механік-кіроўца БМП-2 Дзмітрый Выбрыкаў праслужыў да таго 16 месяцаў. Але вучэннямі ўражаны:

— Адчуванні проста неверагодныя, хоць бой і трэніровачны. Увосень у нас былі батальённыя вучэнні, але маштаб проста непараўнальны.

Камандзір мотастралковай роты, якая ўдзельнічала ў вучэнні, капітан Фёдар Барсук расказаў, што асабовы склад справіўся з задачамі цалкам годна:

— Нічога складанага не было. Мы ж увесь час праводзім заняткі па баявым зладжванні і падрыхтоўцы. А вучэнне — гэта як іспыт нашай гатоўнасці. Цудоўна, што ўсе вайскоўцы навучаны, яны не губляюцца ў няпростай сітуацыі, выдатна ведаюць, што павінны выконваць. Так, перад пачаткам вучэнняў крыху хвалявання было. Але неўзабаве трывога знікла. У сухім астатку засталіся нашы веды і ўменні.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Разграміць праціўніка за паўгадзіны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.