Вы тут

Карані жыцця


У Гродне ўрачыста адкрылі мемарыяльны знак у гонар пісьменніка, франтавіка, грамадскага дзеяча Аляксея Карпюка. Шмат гадоў грамадскасць горада чакала гэтай падзеі, і нарэшце адбылося ўвекавечанне памяці легендарнага земляка.


Каля дома № 49 па вуліцы Ажэшкі, дзе з 1962 па 1976 год жыла сям’я вядомага празаіка, сабраліся сябры, калегі па ўніверсітэце, мастакі, журналісты, прадстаўнікі грамадскасці. Мемарыяльную дошку з барэльефам пісьменніка выканаў мясцовы скульптар, ганаровы грамадзянін Гродна Уладзімір Панцялееў.

Аляксей Карпюк — сапраўдная легенда Гродна, паўтаралі выступоўцы, што сабраліся на ўрачыстасці з нагоды адкрыцця памятнай дошкі пісьменніка.

Паэтка Данута Бічэль-Загнетава расказала аб чалавечых якасцях пісьменніка, успомніла, як выйшла яе першая кніга вершаў «Дзявочае сэрца»:

— Ён рабіў наша жыццё займальным і цікавым, гульнёй і разам з тым усе цяжкія выпрабаванні браў на сябе, і часам мы пра іх і не ведалі… Прыязджала я пасля канікул да яго, а ён: «Што ты там напісала? Ну, пакінь…» Урэшце назбіраў, а пасля з жонкай Інай Анатольеўнай яны надрукавалі гэтыя вершы на машынцы, завезлі ў Мінск Алесю Адамовічу. Яны мне кніжку падрыхтавалі, надрукавалі, пра гэта я не ведала, для мяне гэта быў сюрпрыз… Мова Алексея Нічыпаравіча была не такая, як мова Крапівы, Лынькова і нават Брыля. Ён пісаў на сваёй, на страшаўскай мове, бо паходзіў з вёскі Страшава з-пад Беластока. Наколькі гэта важна — захаваць мову нейкага канкрэтнага рэгіёна сёння. Мова Карпюка — нейкая самабытная, якая цякла па гэтым Нёмане і злучала беластоцкіх беларусаў і ўсю Беларусь.

Уладзімір Кіслы, мастак-рэстаўратар:

— Аляксей Карпюк не быў адміністратарам, ён быў падзвіжнікам, даваў магчымасць нам, тады маладым супрацоўнікам музея атэізму і рэлігіі, свабодна мысліць. Выхоўваў у нас дэмакратызм, самастойнае мысленне, ён так і казаў: «Я з вас гэты правінцыялізм выб’ю…» Даваў магчымасці развівацца, пасылаў у розныя рэгіёны Савецкага Саюза. Вакол сабе стварыў непаўторную аўру, сфарміраваў асяроддзе аднадумцаў, правакаваў на творчасць, на працу. Асаблівасць яго асобы ў тым, што ён аднолькава размаўляў і з міністрам, і з шафёрам, ставіўся да ўсіх неверагодна справядліва, быў праўдалюбам. Лічу, што часткова з’яўляюся яго выхаванцам.

Пісьменнік Аляксей Карпюк нарадзіўся 14 красавіка 1920 года, наступны 2020 год — юбілейны: споўніцца 100 гадоў з дня яго нараджэння. З гэтай нагоды мастацтвазнаўца Марына Загідуліна выказала прапанову правесці да знакавай даты навукова-літаратурную канферэнцыю, прысвечаную выдатнай асобе, аўтару аповесцяў і апавяданняў, казак і краязнаўчых кніг, рамана «Карані». За кнігу «Сучасны канфлікт» яму была прысуджана літаратурная прэмія імя І. Мележа.

У кнігах гродзенскага пісьменніка гэты горад застаўся міфічным, загадкавым, непаўторным. Зараз прыйшоў час гораду аддаць належнае. Мемарыяльная дошка — знак памяці і павагі пісьменніку Аляксею Карпюку.

Змяніўся час, а разам з ім — і чытачы, але імя пісьменніка ўжо даўно ўпісана ў пантэон беларускай літаратуры, час усё расстаўляе па сваіх месцах, у яго свой адбор. Але кнігі Аляксея Карпюка запатрабаваныя і сёння, перачытваюцца новым пакаленнем.

Ірына ШАТЫРОНАК

Фота Руслана Кулевіча

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.