Вы тут

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек


Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак» і даведалася, навошта нашы продкі малявалі павукоў і каласкі на галоўным атрыбуце свята Уваскрашэння Хрыстовага.


Тэорыя

— Традыцыя ўжывання ў ежу яек у Вялікдзень сягае ў далёкія першабытныя часы і звязаная з сімволікай адраджэння жыцця. Старажытнагрэчаскі гісторык Герадот першы запісаў легенду пра птушку Фенікс, якая знесла яйка на ахвярніку бога Геліяса і згарэла ад яго жару. Але менавіта з таго яйка птушка нарадзілася зноў, — расказвае мастацтвазнавец Валянціна Пісарэнка. — У даўніну ў Беларусі яйка было сімвалам вясновага сонца, увасабленнем жыцця, радасці, цяпла, святла, абуджэння прыроды, іншымі словамі, пераходу ад смерці да жыцця. Выкарыстанне яйка ў вясновых дзеяннях, звязаных з сяўбой (яго закопвалі на рагу поля), першым выганам скаціны пасля зімы (прагон статка праз закапанае яйка), будоўляй новага жытла (закладка яйка пад вугал дома) і іншымі дзеяннямі сустракаецца ў розных варыянтах і сёння. Хрысціянства так і не здолела перамагчы гэтыя паганскія традыцыі і вымушана было часткова прыняць іх. Дастаткова ўспомніць пра Марыю, якая падаравала яйка імператару Тыберыю, і пасля слоў якой: «Хрыстос Уваскрос» яно з белага ператварылася ў чырвонае. Дзякуючы гэтай легендзе з'явіўся звычай асвячаць чырвоныя яйкі ў царкве і хрыстосавацца імі з Вялікадня да Тройцы.

Фарбаванне яек таксама сягае ў старажытнасць, гэтая традыцыя існуе на ўсіх кантынентах. Трэба звярнуць увагу, што існуе мноства спосабаў дэкаравання яек.

— Ёсць крашанкі — звараныя яйкі, якія фарбуюцца шалупіннем цыбулі ці іншымі фарбавальнікамі. Яны адносяцца да рытуальнай ежы і з іх пачынаецца разгавенне на Вялікдзень. Крашанкі можна пераўтварыць у шкробанкі: з дапамогай нажа, шыла ці іголкі робяцца ўсемагчымыя ўзоры і малюнкі. Яны заўсёды двухколерныя. На вараныя яйкі таксама можна нанесці гатовыя аплікацыі. Маляванкамі называюць яйкі, што расфарбоўваюць пэндзлікам. Крапанкі — гэта яйкі з узорам, які ствараецца пры дапамозе воску, які капае са свечкі, і фарбы (звычайна анілінавай ці батыку). Цяпер у продажы сустракаюцца пустыя яйкі, адкуль выдзьмулі бялок з жаўтком, ці штучныя формы з дрэва, гіпсу, пластыку, шкла
і іншых матэрыялаў, якія ўпрыгожваюць дэкупажам, выцінанкамі, распісваюць алеем і г. д. Іх можна набываць як прыклад мастацтва, сувенір. Аднак абярэгам яны не з'яўляюцца.

Пісанкі — гэта выключна сырыя яйкі, які дэкаруюцца малюнкам у некалькі колераў з дапамогай воску і так званага пісальца. Іх, як правіла, ствараюць для дарэння і лічаць своеасаблівым абярэгам.

Валянціна Рыгораўна пачала цікавіцца пісанкамі ў 1982-м. У музей беларускага народнага мастацтва, дзе яна тады працавала, прывезлі выстаўку з Каламыі (Івана-Франкоўская вобласць). Гэты горад лічыцца сусветным цэнтрам захавання пісанак: там захоўваецца калекцыя з больш чым 60 тысячамі экспанатаў.

Сёння ў Беларусі пісанкі перад святам ствараюць толькі ў вёсцы Сапоцкін на Гродзеншчыне. У суседзяў — палякаў і украінцаў — гэтае майстэрства больш распаўсюджана. Сама спадарыня Пісарэнка падкрэслівае, што яе пісанкі — не ўкраінскія, а аўтарскія. Хоць рамяству яна вучылася ў каламыйскіх майстроў.

— Калі стужка гарачага воску пакрывае цёплае яйка — гэта фантастычная, у нечым таямнічая з'ява. Я ў такія моманты забываюся пра ўсё на свеце. Але ж зазначу: для мяне пісанкі — занятак сезонны. Мне не хочацца сядаць за іх летам, восенню і зімой. Толькі вясна і толькі пара перад Вялікаднем.

Што ж пішуць на яйках воскам? Пісанкі 1930-х гадоў, якія захоўваюцца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, даюць падставу меркаваць: у Беларусі былі распаўсюджаныя пісанкі ў тэхніцы роспісу цвіком ці шпількай з манахромнай, у два колеры, гамай. Украінскія пісанкі больш яркія і багатыя на дэталі.

Беручыся за роспіс, спачатку прадумайце будучы малюнак. Кожная рыска і кропка павінны мець сэнс. Спрадвеку асноўным элементам пісанак было сонейка як пачатак усякага жыцця на зямлі. Каня — першага памочніка селяніна — малявалі як сімвал самага добрага і самага важнага ў жыцці. Зямлю звычайна наносілі ў выглядзе ромба з маленькімі квадрацікамі ўнутры (гэта зерне). Вада на пісанках — простая лінія ці знак «бясконцасць». Людзі верылі, што калі на яйка не нанесці сімвал бясконцага жыцця, то гэта прывядзе да бяды. Пеўні сімвалізуюць ахову ад нячыстай сілы. А пісанкі з выявай рыб дарылі хвораму чалавеку, каб той хутчэй ачуняў. Дрэва — неперарыўнае абнаўленне жыцця, сувязь пакаленняў, сіла роду. Каласок, натуральна, — сімвал ураджаю. Павук (ён жа крутарог, ветрачок, павуцінне) вядомы як адзін з найстаражытнейшых знакаў, які сімвалізуе дабрабыт і шчасце.

У пісанках падзел плошчы яйка воскам на чатыры часткі, якія ў сваю чаргу дзеляцца на тры, — гэта сімвал чатырох пораў года з трыма месяцамі. «Саракаклінцамі» называюць падзел на 48 частачак, кожная з якіх абазначае людскую дзейнасць ці з'яву прыроды.

Сімвалічнае значэнне маюць і колеры, якімі фарбуюць яйка. Чырвоны — радасць, жыццё, каханне (а для маладых — спадзяванне на вяселле). Блакітным пішуць, каб было добрым здароўе. Зялёны абяцае ўрадлівасць і ўказвае на абуджэнне прыроды. Чорны — колер царства памерлых, ночы, усяго невядомага і таямнічага. На пісанках яго выкарыстоўваюць і для выдзялення сілы іншых колераў.

Практыка

Зрабіць сапраўдную пісанку, якая стане абярэгам, можа кожны (аднак дзеля справядлівасці скажу, што раней гэтым займаліся выключна жанчыны). Паколькі рамяство бярэ пачатак яшчэ ў паганскія часы, то ніякіх дзіўных інструментаў і матэрыялаў шукаць не трэба. Набор такі: сырыя яйкі, воцат, вата (ці ватныя дыскі), папяровыя ручнікі, анілінавыя фарбавальнікі для воўны розных колераў, невялікія ёмістасці (для фарбы), сталовыя лыжкі, воск, мяккая анучка і пісальца. Для растаплення воску падыдзе невялічкая аромалямпа.

— Адразу ўдакладню, што для пісанак трэба браць свежыя хатнія яйкі ад маладых курэй. Калі такой магчымасці няма, то ў краме набывайце яйкі толькі катэгорыі Д2 (менавіта іх адпраўляюць на інкубатары выводзіць куранят). Пісанка — гэта згустак энергіі жыцця, якую вы дапаўняеце цяплом сваіх рук і добрых думак. Калі яе на Вялікдзень яшчэ і асвяціць, то гэта будзе сапраўдны абярэг. Перажываць за ўнутраны стан яйка не трэба: з часам не сапсуецца. Бялок ператворыцца ў тлен, а жаўток высахне. Захоўваць можна доўгія дзесяцігоддзі, — тлумачыць Валянціна Рыгораўна. — Воск таксама павінен быць натуральны, без парафіну.

Варыянт для лянівых: калі з пісальцам вазіцца не хочацца, смела бярыцеся за стварэнне крапанкі. Запальваем тоненькую свечку і капаем воскам на паверхню. Каб кропачкі атрымаліся рознакаляровымі — не забываем акунаць яйка ў розныя фарбы і «дакрапваць» воск на кожным этапе.

Просценькае пісальца — важны інструмент у працэсе, але робіцца лёгка. У тонкую галінку з любога дрэва даўжынёй з аловак устаўляем звычайную кравецкую шпільку з металічнай «кропелькай» на канцы. Для першых спроб такой прылады будзе дастаткова, але прафесіяналы маюць больш сур'ёзную.

Перш чым сядаць за роспіс, падрыхтуйце фарбы: развядзіце іх цёплай (не гарачай!) вадой, растапіце воск у аромалямпе.

— Спачатку змочваем ватку ў воцаце і праціраем яйка. Робім гэта да моманту, пакуль яно не перастане слізгаць і не стане «чапляцца». Пасля добра абсушваем папяровым ручніком, — пачынае Валянціна Рыгораўна. — Пасля гэтага пісальца, быццам пэндзлік, акунаем у гарачы воск і хуценька наносім на шкарлупіну малюнак ці ўзор, якія хочаце бачыць белымі.

Кропка і коска — першае і самае важнае, што трэба ўмець наносіць воскам на яйка. Гэта не так проста. Воск застывае за секунды. Спрытнасць рук і хуткая рэакцыя — вам у дапамогу. Але калі засвоіце базіс, то зможаце з дапамогай толькі гэтых двух элементаў намаляваць сонейка, кветку, птушку і яшчэ шмат чаго іншага. Так, аўтару матэрыялу спатрэбілася дзве гадзіны, каб напісаць воскам каласок. Затрачанага часу не шкада, калі ведаеш, што наперадзе цябе абавязкова чакае багаты ўраджай!

— Роўныя лініі (напрыклад, пры дзяленні пісанкі на часткі) атрымаюцца тады, калі вы будзеце не пісальца весці, а паварочваць само яйка. Так зручней, але да гэтага трэба прыладкавацца.

Пасля таго, як разабраліся з белымі ўзорамі, апускаем яйка ў слоік з фарбай на 5—10 хвілін. Дастаём, абсушваем, і зноў пішам воскам. Пасля — чарговае акунанне, але ўжо ў іншы колер. Важна пачынаць акунанне са светлых фарбаў: жоўтая — аранжавая — чырвоная і г. д. Бо калі спачатку апусціце ў сінюю, то пасля жоўтая не возьмецца.

Калі на яйку не засталося вольнага месца і вы дайшлі да колеру, які хочаце бачыць канчатковым, то трэба прыступаць да раскрыцця малюнкаў пісанкі. Трымаем яйка над агеньчыкам свечкі альбо ставім яго ў цёплую печ. Воск плавіцца і сцякае, яго неабходна выцерці папяровым ручніком.

Што далей рабіць з пісанкай? Можна паставіць на самым бачным месцы ў кватэры і паказваць гасцям. Калі звярнуцца да традыцый, то распісаныя сакральнай сімволікай яйкі хавалі за іконы.

Дарэчы

Пісанкі з уласнай калекцыі Валянціны Рыгораўны да канца красавіка можна ўбачыць у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Тут ёсць унікальныя экзэмпляры ад украінскіх і польскіх майстроў, зробленыя па старадаўніх канонах. Маюцца яйкі, распісаныя ў беларускіх традыцыях. Хапае таксама і незвычайных аўтарскіх работ — самой спадарыні Пісарэнкі, яе дачкі і вучаніц. Ювелірнасць працы ўражвае: на яйках красуюцца храмы, цвітуць кветкі, бягуць коні і лётаюць птушкі.

Падрабязны майстар-клас ад Валянціны Пісарэнкі знойдзеце на старонках кнігі «Пісанкі» (выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі», 2018)

Ганна КУРАК

Фота аўтара і Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Культура

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. 

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.