Вы тут

Інтэрпрэтацыя фактаў і непрыдуманыя магчымасці нон-фікшн


Сучаснай літаратуры наканавана безліч выпрабаванняў. Прайшоўшы праз постмадэрнізм, які кажа, што ўсё ўжо напісана і ўсе ідэі і сюжэты безнадзейна вычарпаныя, перажыўшы «смерць аўтара», якая разняволіла чытача рабіць з мастацкім тэкстам усё, што заўгодна, і прыйшоўшы, нарэшце, у эпоху неверагодна раздзьмутай інфармацыйнай прасторы і змяншэння цікавасці да друкаваных выданняў, літаратура дагэтуль трымае ўдар. Але патрабаванні да яе значна выраслі. Каб быць цікавай чытачу, яна вымушана выціскаць з сябе хоць нешта новае, не надта загружаць мазгі або быць карыснай. І для таго, каб гэтыя патрэбы выканаць, на арэну выйшла літаратура нон-фікшн.


«Нон-фікшн» — значыць не прыдуманая, пазбаўленая вымыслу, літаратура факта, не мастацкі і не журналісцкі тэкст, а нешта зусім іншае. Настолькі іншае, што складана вызначыцца, як абазначаць гэтую з’яву — жанр, форма, род літаратуры? У пэўным сэнсе нон-фікшн можна параўнаць з дакументальным кіно. Яно адлюстроўвае рэальнасць, карыстаецца фактычнай інфармацыяй, але прапускае яе праз прызму аўтарскага ўспрымання, стварае пэўную інтэрпрэтацыю. Напэўна, нават старажытныя летапісцы не былі пазбаўлены жадання выказаць свае думкі і погляды. Таму любое фактычнае мастацтва так ці інакш звязана з аўтарскім «я», ад якога залежыць і выбар фактаў, і погляд на інфармацыю, якую ён абірае для інтэрпрэтацыі. Літаратура нон-фікшн можа быць прамой размовай з аўтарам у большай ступені, чым мастацкая літаратура. І ў гэтым — адна з прычын яе папулярнасці.

Літаратура факта звярнула на сябе ўвагу яшчэ ў пачатку двухтысячных і ўжо тады была прадметам абмеркавання. У расійскім часопісе «Знамя» яшчэ ў 2003 годзе выйшаў вялікі тэкст пад назвай «Літаратура non fiction: вымыслы або рэальнасць?», які сабраў меркаванні многіх літаратараў, крытыкаў і даследчыкаў наконт таго, што прыўнесла гэтая з’ява ў літаратуру, ці пераможа яна мастацкі вымысел увогуле і што абумоўлівае яе папулярнасць. Гэтая дыскусія ўтрымлівае шмат цікавых думак, але асноўнае, у чым яе ўдзельнікі пагадзіліся, — тое, што нонфікшн абавязаны сваёй папулярнасцю трансфармацыі чытацкага ўспрымання. «Чытач абірае не літаратурны жанр, а тое ці іншае стаўленне да сябе — чытача, чалавека. І шукае кнігу, аўтарам якой ён мог бы стаць — падчас чытання», — такую думку выказваў М. Айзенберг.

З тых часоў прайшло больш як дзесяць гадоў, і погляды на паняцце «нон-фікшн» у пэўнай ступені змяніліся. Размытае запазычанае слова абрасло канкрэтнымі жанрамі, і сёння да літаратуры нон-фікшн адносяць не толькі эсэістыку, мемуары, біяграфіі і травелогі, але і навукова-папулярныя выданні, кнігі па асобасным развіцці, падручнікі для розных сфер самаадукацыі, даведачную літаратуру і іншае. З аднаго боку, такое пашыранае паняцце яшчэ больш заблытвае, але і значна палягчае жыццё тым, хто вымушаны ўзаемадзейнічаць з такімі кнігамі на прафесійным узроўні, — выдаўцам.

«Нон-фікшн — гэта ўвесь вялізны пласт немастацкай літаратуры. У Беларусі ён у асноўным прадстаўлены кнігамі з класічных гуманітарных навук, сярод якіх дамінуе гісторыя. Арыгінальныя работы па філасофіі, эканоміцы, антрапалогіі, не ўлічваючы вучэбна-метадычныя выданні, сустракаюцца рэдка, — выказаў думку кнігавыдавец Андрэй Янушкевіч падчас фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”. — Але я хацеў бы звярнуць увагу на тыя сферы нон-фікшн, якія ў Беларусі прадстаўлены мала, хаця ва ўсім свеце карыстаюцца папулярнасцю. Гэта ў першую чаргу літаратура па самаразвіцці. Таксама ў свеце вялікі бум трэвэл-літаратуры — кніг пра вандроўкі. Тыя выданні, якія з’яўляліся ў Беларусі ў гэтым жанры, мелі вялікі поспех. Акрамя гэтага, значны пласт нон-фікшн — гэта біяграфічная літаратура, у тым ліку кнігі мемуараў, успамінаў. У нас ёсць цікавыя выданні такога кшталту, але недастаткова. А колькасць нацыянальных герояў, якія заслугоўваюць цікавых сучасных біяграфій, проста незлічоная. Чытач павінен убачыць не помнік на пастаменце, а жывога чалавека з эмоцыямі, трывогамі, грахамі. Жывая біяграфія пра кагосьці з вядомых асоб выклікала б у грамадства цікавасць».

Гэта, між іншым, адчулі ў Расіі, дзе запатрабаванасць літаратуры гэтага кірунку пацверджана нават існаваннем асобнай кніжнай выстаўкі-кірмашу «Non/ Fiction». У суседняй краіне літаратурай нон-фікшн займаюцца каля 20 выдавецтваў, але зразумела, што абмяжоўвацца гэтым яны не могуць, і выпускаюць таксама мастацкую літаратуру, імкнучыся вырашыць пытанне выжывання, патлумачыў Павел Касцюшын, прадстаўнік выдавецтва «Гнозіс», аднаго з найстарэйшых выдавецтваў Расіі, якія спецыялізуюцца на нон-фікшн (выпускае каля 200 выданняў на год). Цяпер тыражы кніг нон-фікшн складаюць каля 300—500 асобнікаў, якія разыходзяцца па ўсёй Расіі і суседніх краінах. Зразумела, што ёсць кнігі, якія перавыдаюцца некалькі разоў, але такіх каля 10—15 працэнтаў ад усяго асартыменту. Акрамя гэтага, кожны год кнігі становяцца даражэйшымі праз змены ў цэнавай палітыцы тыпаграфій і падаткавым заканадаўстве.

Матэрыяльны складнік справы істотны і ў Беларусі: падаткі на кнігавыдавецкую справу і паліграфічныя выдаткі даволі высокія сярод суседзяў. «Таму вузкая спецыялізацыя ніводнаму з нашых выдавецтваў не пагражае. Калі арт-рынак і кніжны рынак развітыя слаба, то даводзіцца працаваць веерна, у розных кірунках», — звярнуў увагу Зміцер Вішнёў, дырэктар выдавецтва «Галіяфы».

Выдаўцы лічаць, што паляпшэнне сітуацыі ў кнігадрукаванні, асабліва ў галіне нон-фікшн, залежыць ад усіх трох суб’ектаў. Справа выдаўцоў — выпускаць тое, што будзе запатрабавана, прасоўваць і распаўсюджваць свае кнігі. Але не кожны літаратар можа пісаць нон-фікшн. Аўтары не заўсёды здольныя напісаць так, каб было цікава масаваму чытачу, каб кніга прадавалася. Існуюць пытанні і ў выбары тэм, і ў падыходзе да выкладання інфармацыі. Для гарантыі продажу выдаўцы час ад часу звяртаюцца да перакладных кніг, тых, якія ўжо атрымалі папулярнасць за мяжой. Але праблема не толькі ў саміх творах — аўдыторыя не заўсёды гатовая заўважыць і ўспрыняць цікавую кнігу, ёй нязвыкла, што беларускае выдавецтва можа працаваць у гэтым кірунку і выпусціць кнігу пра дасягненне поспеху ці асобаснае развіццё. Гэтыя стэрэатыпы трэба пераадольваць.

Цяпер патрабуецца больш намаганняў для таго, каб выйсці на свайго чытача, сустрэцца з ім. Але і шляхоў для гэтага стала больш — інтэрнэт-крамы, электронныя кнігі. Для многіх выдавецтваў знаёмай практыкай з’яўляецца ўдзел у кніжных кірмашах і выстаўках — гэта магчымасць паглядзець свайму чытачу ў вочы.

«Я бачу, як развіваецца літаратура нонфікшн ва ўсім свеце і ў Беларусі ў тым ліку, — адзначыў Павел Касцюшын. Лічу, што такія кнігі павінны выдавацца на нацыянальных мовах, таму што гэта ўзбагачае, пашырае гарызонты нацыянальных літаратур».

Нон-фікшн — своеасаблівая з’ява, бо такія кнігі ствараюцца для чытачоў з пэўнымі запытамі, але пры гэтым у іх часцей сустракаецца інфармацыя, карысная ў звычайным жыцці. Лічыцца, што чытачам больш не патрэбныя кнігі-настаўнікі, але папулярнасць кніг па асобасным развіцці сцвярджае, што чытачы хутчэй патрабуюць іншых урокаў — больш канкрэтных, практыка-арыентаваных, і яны могуць гэтыя ўрокі знайсці ва ўсіх жанрах нон-фішн, не толькі ў падручніках. У літаратуры нон-фікшн ёсць інструменты папулярызацыі навукі, гісторыі і мастацтва, і гэта, здаецца, яе галоўны патэнцыял.

Дар’я СМІРНОВА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Прамая размова

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».