Вы тут

Сімвал раўнавагі


З пачатку года на працягу трох нумароў у часопісе «Полымя» выходзіў раман Уладзіміра Гніламёдава «Праўда жыве пасярэдзіне». Сакавіцкі нумар нарэшце дазволіў скласці цэльнае ўражанне наконт гэтага твора.


Перад вачыма чытача разгортваецца жыццё чалавека з таго самага «філалагічнага пакалення» — яго дзяцінства было апалена вайной, але цяпер ён пасталеў і абірае кірунак самастойнага шляху. На пытанне пра тое, наколькі блізкія аўтару падзеі рамана, з першай старонкі адказваюць яго біяграфічная даведка і імя галоўнага героя. Спачатку юнак Валодзя марыць стаць геолагам, але бацькі, а пасля і прамое сутыкненне з прафесіяй пераўпэўніваюць яго.

І пачынаецца простая гісторыя першакурсніка, які спрабуе прызвычаіцца да новага горада, да новых людзей і выпрацаваць сваё стаўленне да ведаў, якія атрымлівае. Ніякіх прамых пацвярджэнняў таму, што філалагічная спецыяльнасць у педінстытуце — яго пакліканне, ні сам герой, ні чытач на працягу рамана не знойдуць. Але менавіта працэсу навучання ў тэксце адведзена вельмі шмат увагі. Інстытут у дадзеным выпадку, прынамсі, на першым курсе, становіцца сродкам даследавання не столькі прафесіі і пэўных галін навукі, колькі самога сябе і вялікага свету навокал.

У другой частцы выкладчык па літаратуры кажа, што, каб займацца сваёй справай, ён быў вымушаны вывучыць і іншыя дысцыпліны — філасофію, гісторыю. Аўтар рамана таксама імкнуўся напоўніць свой тэкст не проста апісаннямі і дыялогамі, але і пэўнай інфармацыяй. Ствараючы партрэты выкладчыкаў, аўтар не пазбаўляе іх справы — укладае ў іх вусны сапраўдныя вытрымкі з лекцый, прымушае чытачоў успрымаць разам з галоўным героем.

Лекцыйны матэрыял — не адзіныя пабочныя звесткі, якія ўплятаюцца ў апавяданне. Галоўны герой слухае чужыя разважанні, нехта расказвае яму гісторыі з вайны, канцэрты і паэтычныя выступы праходзяць перад вачыма чытача падрабязна і менавіта ў тым ракурсе, з якога бачыць і чуе іх галоўны герой. Усе гэтыя фактары яшчэ раз звяртаюць да думкі пра мемуарную прозу.

Гэтаму раману ўласціва своеасаблівая назіральнасць, падрабязнасць апісанняў. Герой звяртае ўвагу на перамены надвор’я і стан прыроды, на тое, што гатуе і ставіць на стол маці, якія кветкі вырошчвае, на тое, у чым дзяўчына прыйшла да яго на першае, другое, трэцяе і ўсе наступныя спатканні, углядаецца ў твары сяброў, запамінае іх манеру гаварыць. Так апісваюць падзеі, якія сапраўды моцна паўплывалі на свядомасць, нешта змянілі ў жыцці, былі адзначаны навізной, але нельга сказаць, што ў дадзеным выпадку апісанні атрымаліся вельмі эмацыянальныя. Нягледзячы на падрабязнасць, яны ўспрымаюцца быццам аддалена — як успамін. Адсюль узнікае своеасаблівы эфект кінематаграфічнасці. Складаецца ўражанне, што глядзіш стары савецкі фільм, які расказвае бытавыя гісторыі пра адносіны паміж людзьмі, у ім шмат дэталяў і буйных кадраў, але колеры прыглушаныя. У ім шмат персанажаў, якія ў розных абставінах выпадкова сутыкаюцца з галоўным героем.

Адна з асноўных тэм разважання пра любы твор — гэта пытанне пра назву. У дадзеным выпадку можна выказаць здагадку, што «Праўда жыве пасярэдзіне» — гэта выснова, якую робіць аўтар з падзей рамана. У жыцці галоўнага героя дастаткова супярэчнасцяў: палітыка партыі, светапогляды знаёмых, сярод якіх ёсць вернікі, бацькі і іх імкненне ўмацаваць сямейны дабрабыт. Але палітыка — не адзіная складанасць. Герой сутыкаецца з духам вольнасці, якім прасякнута жыццё яго сяброў у інтэрнаце, з адчуваннем першай закаханасці, з глыбока асабістым «пытаннем горада і вёскі», і ўсе гэтыя супярэчнасці, унутранныя і знешнія, пакідаюць яго ў разгубленасці, у якой апынуўся б любы сямнаццацігадовы юнак. Але можна заўважыць, што ў рамане ўсе складаныя сітуацыі студэнт Платонаў перажывае даволі спакойна, амаль нішто не можа пазбавіць яго душэўнай раўнавагі. «Праўда жыве пасярэдзіне» — гэта і ёсць сімвал раўнавагі і нежадання прымаць чыесьці занадта цвёрдыя, адназначныя і, магчыма, штучныя пазіцыі.

Сюжэтная фабула магла б прывесці гэты твор да жанру рамана-выхавання, але яго хутчэй можна абазначыць як раман-спазнанне. На яго старонках чытач можа ўбачыць запісы з дзённіка, але гэта дзённік даследчыка, вандроўніка па жыцці, які абсалютна не ведае, да чаго прывядзе яго эксперымент. І кампазіцыя нечакана набывае кальцавую форму. Раман пачынаўся з таго, што Валодзя Платонаў з’язджаў з роднай вёскі, ад бабулі з дзядулем, кіруючыся вялікай марай, у захапленні ад свету і ў чаканні новага, але з тугой ад развітання. У канцы рамана герой вяртаецца на канікулы ў свой край з адчуваннем спакою, цвёрдай зямлі пад нагамі, шмат чаго адкрыўшы. Але нельга сказаць, што сам Платонаў моцна змяніўся ці што яго далейшы лёс канчаткова вызначаны. Першы этап нібыта пройдзены, але кругаварот вярнуўся да пункту адліку і пра наступныя этапы можна толькі здагадвацца.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?