Вы тут

Свае горы не выбіраюць?


У гарах, на жаль, бываць мне не даводзілася. Тым не менш, паклаўшы руку на сэрца, магу шчыра прызнацца, што ведаю іх не проста добра, а нават цудоўна. У такім сцвярджэнні нічога дзіўнага — з гарамі я пазнаёміўся дзякуючы творчасці пісьменніка Ганада Чарказяна. Ягоныя раманы, аповесці, апавяданні — акурат тое, што і дазвляе ўпэўніцца: «лучше гор могут быть только горы, на которых […] не бывал». Яшчэ больш у гэтым пераконваешся, паглыбіўшыся ў свет паэзіі Ганада Бадрыевіча. І ягоная проза, і тое, што напісана ў гэтых жанрах іншымі знакамітымі аўтарамі, надзіва прыцягальнае. Радуе па-майстэрску выпісанымі характарамі персанажаў, праўдзівым узнаўленнем народнага побыту, глыбокім пранікненнем у багаты ўнутраны свет тых, для каго гэты куток самы дарагі на зямлі. Усім тым, што і патрапляе пад вызначэнне «душа народа», блізкага і роднага табе.


Шмат у чым паэзія Г. Чарказяна радуе больш, чым ягоная проза, бо ён — паэт па прызванні. Сапраўдны ж паэт, як вядома, — той, хто не толькі піша вершы, хай сабе больш ці менш дасканалыя, а глядзіць на свет зусім іншымі вачыма, чым звычайны чалавек. Як глядзіць — лёгка і ўпэўніваешся, знаёмячыся з напісаным Г. Чарказянам.

Асабліва важкія набыткі Г. Чарказяна-паэта ў жанры чаргаві. Навум Цыпіс, адзін з тых, хто ў сваіх публікацыях найбольш глыбока спасцігнуў сутнасць ягонай творчасці, у сувязі з гэтым заўважыў: «А што такое чаргаві? У перакладзе з курдскай — гэта чатыры крокі, іншасказальна — чатырохрадкоўе, старажытнае вынаходніцтва ўсходніх паэтаў, якія жылі тысячу гадоў назад. У Амара Хаяма — рубаі, у Ганада Чарказяна — чаргаві. Гэта яго ўласны жанр». Адну са сваіх кніг ён так і назваў — «Чатыры крокі» (2010). І вось новая — «Бяжыць жыцця дарога…», што выйшла ў выдавецтве «Каўчэг». Чарговыя «чатыры крокі», прыступка за прыступкай Ганад Бадрыевіч робіць разам са сваім перакладчыкам, таксама слынным майстрам паэтычнага слова Казімірам Камейшам.

Правільна кажуць: бацькоў не выбіраюць. Толькі датычна творчасці, у дадзеным выпадку паэтычнай, правільным будзе іншае меркаванне. Як бы ў супрацьвагу толькі што сказанаму. Шмат хто пераствараў паэзію Г. Чарказяна па-беларуску, былі сярод гэтых, кажучы словам незабыўнага Рыгора Барадуліна, і таленавітыя «шпалаўкладчыкі», як дасціпна сказаў Рыгор Іванавіч пра перакладчыкаў. Толькі ніхто з іх не дасягнуў той ступені майстэрства, якім багата напоўнены паэтычныя творы Г. Чарказяна ў арыгінале. Адзін К. Камейша лёгка пераадолеў бар’ер, што часам узнікае паміж самім паэтам і, па сутнасці, ягоным суаўтарам. Здолеў гэта, бо, перафразуючы Міхаіла Лермантава, можна сказаць: «і талент таленту голас падае»: творча сапернічаюць два таленты раўназначнай велічыні.

Нельга, аднак, сказаць, каб Казіміру Вікенцьевічу ўсё давалася лёгка. Пра гэта ён пісаў у невялікім уступе «Ад перакладчыка»: «[…] можа ўзнікнуць пытанне: ці ёсць складанасці ў перакладах на нашу мову гэтага аўтарскага мудраслоўя? Што тут адказаць? Справа гэта творчая. Адно даецца проста, іншае патрабуе доўгага пошуку і цярпення. Дакладнасць і суадпаведнасць заўсёды дасягаюцца цяжка, нават калі за тваімі плячыма немалыя гады вопыту. Але ёсць і свая асалода ў гэтым творчым перастварэнні. Заўсёды трэба трымацца пэўнага перакладчыцкага правіла — быць блізкім да арыгінала, не збіваць рытму аўтарскай хады і не парушаць ні ў якім разе сэнсу. А вынік заўсёды ацэньвае чытач. Апошняе слова заўсёды за ім».

Упэўнены: тыя, хто пазнаёміцца з кнігай «Бяжыць жыцця дарога…», атрымаюць асалоду ад мудраслоўя, назва якому — чаргаві. Напоўніцу ўдыхнуць водар той філасофскай напоўненасці радка, калі вытанчанасць думкі вынікае не сама па сабе, а з’яўляецца сведчаннем глыбокага роздуму. Самога працэсу яго, зразумела, не заўважаеш, а вось вынік уражвае, бо за знешняй прастатой хаваецца глыбокі сэнс, які мае месца тады, калі той, хто прамаўляе, па-філасофску ўспрымае рэчаіснасць у яе часавай прасторы.

Шукаем скарбы, дзень і ноч капаем,

Рыдлёўкі ломім, на сябе злуём.

Чым больш чужое, даўняе шукаем,

Тым больш губляем блізкае, сваё.

Ці яшчэ адно чаргаві:

Мудры час і вопыт мне даводзяць —

Так не раз здаралася у свеце —

Зорка, што з трыумфам узыходзіць,

Потым вельмі сумна, цьмяна свеціць.

Альбо такое:

У акіяне вечнае хлусні

Шукаю астравок забытай праўды.

Пра светлы час мы марым, нават снім,

Мы нават снам, як яве, часам рады.

На чацвёртую старонку вокладкі кнігі вынесены такія словы:

О, Беларусь — як песня, як вясна.

І блізкай ты здаешся, і далёкаю.

За ўсё табе я ўдзячны, сінявокая,

Ты засталася у мяне адна.

Зайздросная праўдзівасць пачуцця лірычнага героя. К. Камейша не прамінуў сказаць: «Канструкцыя чаргаві Ганада Чарказяна выбудоўваецца наступным чынам: калі ў першых двух радках аўтар засяроджае нашу ўвагу на нейкай з’яве аб прадмеце, дык у астатніх двух своеасаблівым паваротам або ўспыхам думкі дасягаецца афарыстычны эфект задуманага».

Ёсць у новай кнізе Ганада Бадрыевіча і вершы. «Другая старонка» — так прадстаўляе ён гэты раздзел. Што пра яго сказаць? Калі коратка, толькі адно. Даўно ўступіўшы ў пару сваёй творчай сталасці, паэтычны аксакал Г. Чарказян, як і сапраўды горац, на дробязі не разменьваецца. Са сваёй творчай вышыні, што ўспрымаецца раднёй вяршыні горнай, ён мудра, па-гаспадарску аглядае наваколле. У позірку гэтым, вядома, ёсць месца і замілаванню — не блытаць з самаўлюбёнасцю, што пачынаецца з самазаспакаення. Замілаванне гэтае датычыцца і радасці за ўжо зробленае. І спадзявання, што нягоды, якія напаткоўваюць, усё ж мінуцца.

Інакш і быць не можа. «Бяжыць жыцця дарога…» аднаго з самых таленавітых сучасных паэтаў. Калі ж наперадзе сустракаюцца перашкоды, то адразу знаходзіцца выйсце. Чатыры рашучыя крокі… Потым — наступныя… За імі — яшчэ... Канешне, пераадольванне такое даецца няпроста. Асабліва самога сябе. І ад гэтага нікуды не падзенешся. Не зважаючы ні на што, трэба жыць:

Не, сябе я ўжо не перайначу,

Кліча родны бераг зноў мяне.

Што наканавана — не мінеш.

Плачу кожны раз,

Калі пабачу:

На вяршыні горнай

Плача снег.

Гэтая ўпэўненасць — тое галоўнае, без чаго, як мне здаецца, і не нарадзілася б кніга «Бяжыць жыцця дарога…». Напісалася яна за некалькі месяцаў 2018 года на лецішчы. Як задумалася, так і вымавілася — на адным дыханні.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.