Вы тут

Што сабой уяўляе Прэзідэнцкі Указ № 235?


...У красавіку 2014 года Аляксандр Лукашэнка наведваў Клімавіцкі раён Магілёўскай вобласці. Адразу па прылёце ён падзяліўся ўражаннямі ад убачанага з борта верталёта і раскрытыкаваў аграрыяў за нізкую культуру земляробства. Яшчэ звярнуў увагу, што гэты рэгіён адстае па многіх паказчыках, калі не працуе практычна горш за ўсіх у краіне. Тады кіраўнік дзяржавы даручыў прадставіць комплекс мерапрыемстваў па развіцці паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці (дзеля справядлівасці адзначым, што даручэнне па працы ў гэтым кірунку было дадзена раней).


Патрабаванне было выканана, калі ўсе прапановы былі аб'яднаны ў адзіны дакумент — у сілу ўступіў Указ Прэзідэнта № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці» ад 8 чэрвеня 2015 года. Што прадугледжваў гэты дакумент?

Сямі раёнам Магілёўскай вобласці былі дадзены істотныя прэферэнцыі для развіцця сацыяльнай сферы і эканомікі. У прыватнасці, шырокія магчымасці атрымалі Крычаўскі, Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі і Хоцімскі раёны.

Так, прадпрыемствы, якія былі створаны на гэтай тэрыторыі пасля 1 ліпеня 2015 года, атрымалі прэферэнцыі ў выглядзе пабудаванай за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў інжынернай інфраструктуры.

Яшчэ ім знізілі памер абавязковых страхавых узносаў з 35 % да 24 %. На 3 % знізіўся падаходны падатак для работнікаў гэтых прадпрыемстваў.

Выдатную магчымасць атрымалі жыхары гэтых раёнаў па будаўніцтве жылля — крэдыт пад 1 % на 20 гадоў, каб пабудаваць або рэканструяваць дом, кватэру. Адна ўмова: трэба працаваць на мясцовых прадпрыемствах, у арганізацыях не менш за 10 гадоў з моманту заключэння крэдытнага дагавора.

У тым жа 2015 годзе на сесіі абласнога Савета дэпутатаў старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар адзначыў, што асноўны акцэнт у развіцці дадзеных тэрыторый планавалася зрабіць на сельскай гаспадарцы, таму што Краснапольскі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі, Хоцімскі раёны — аграрныя.

Задумка тут была такая: пакласці ў аснову АПК спецыялізацыю адной з перспектыўных галін. Вядома, усё гэта планавалася зрабіць зыходзячы з патэнцыялу раёна.

Згодна з указам, штуршок для развіцця павінны былі атрымаць лясная гаспадарка і прамысловасць. Не забыліся пра малы і сярэдні бізнес: дапамагчы гэтым катэгорыям планавалася за кошт перадачы нявыкарыстаных вытворчых плошчаў і абсталявання суб'ектам бізнесу для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

Нягледзячы на такія рашэнні, не ўсё ўдалося рэалізаваць на працягу двух наступных гадоў, што ў студзені 2018 года пацвердзіў тагачасны міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі. Тады ён заявіў, што паўднёва-ўсходняму рэгіёну Магілёўскай вобласці трэба больш актыўна выкарыстоўваць існуючы патэнцыял.

«На жаль, пакуль не выбіраюцца нават тыя невялікія рэсурсы, якія былі выдзелены для развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна ў 2017 годзе. Гэта звязана перш за ўсё з дрэннай прапрацоўкай праектаў і прадстаўленых бізнес-планаў», — цытавала яго БелТА.

Міністр эканомікі падкрэсліваў: праекты павінны быць дэталёва прапрацаваны, рашэнні павінны быць эфектыўнымі. Ён заклікаў мясцовыя органы ўлады і бізнес-супольнасць быць смялейшымі ці больш напорыстымі ў рэалізацыі тых ці іншых ініцыятыў. Уладзімір Зіноўскі дадаваў, што дынаміка ў гэтай працы ёсць, але пакуль усё рухаецца вельмі павольна.

У верасні 2018 года быў прыняты Указ Прэзідэнта № 383, паводле якога ва Указ № 235 былі ўнесены некаторыя змены. У прыватнасці, вельмі сур'ёзныя грашовыя сумы былі вылучаныя гэтаму рэгіёну на будаўніцтва свінагадоўчага комплексу, куплю сельгастэхнікі і абсталявання.

Акрамя таго, выдаткі па стварэнні інжынернай і транспартнай інфраструктуры ў рэгіёне ў бягучым і 2020 годзе ляглі на рэспубліканскі бюджэт. Яшчэ ў гэтыя два гады арганізацыі, якія вырабляюць сельгаспрадукцыю, вызваленыя ад выплаты адзінага падатку і ўзносаў па лізінгу.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Зробім гаспадарку моцнай

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.