Вы тут

(Ня)сумныя гісторыйкі


Адна з найлепшых якасцяў чалавека — уменне паглядзець на сур’ёзныя з’явы і праблемныя сітуацыі з гумарам. Не кожны на гэта здольны, таму ўласцівае людзям нежаданне зразумець іншы тып светаўспрымання часам выклікае непаразуменні. Але ці можна дакладна сказаць: чым больш гумару ў адносінах да жыцця, тым яно больш радаснае і лёгкае? Магчыма, усё залежыць ад жадання змяніць што-небудзь.


Серыя «Несур’ёзна пра сур’ёзнае» папоўнілася летась яшчэ адным выданнем. Андрэй Сідарэйка вырашыў пазабаўляць чытача кнігай з недвухсэнсоўнай назвай «Жонка на гадзіну» («Чатыры чвэрці», Мінск, 2018), змест якой — «гісторыйкі з розных сфер на вясёлы манер». Чытачы-аматары сучаснай беларускай гумарыстычнай літаратуры змогуць знайсці тут знаёмыя творы, бо яны друкаваліся ў «Вожыку», «ЛіМе», «Звяздзе», «Настаўніцкай газеце», але скампанаваныя па тэматычных раздзелах. Тут можна знайсці вясковыя, сямейныя, офісныя, навагоднія, школьныя і студэнцкія, пісьменніцкія і фантасмагарычныя, фельетонныя гісторыйкі, а таксама міні-п’есу. Такі шырокі тэматычны абсяг быццам падкрэслівае: аўтар ведае шмат пра жыццё і гатовы шчыра падзяліцца веданнем з чытачом.

Што кідаецца ў вочы перш за ўсё? Пазнавальнасць сітуацый і персанажаў. Так, офісную работу і часам звязаныя з ёй гордасць і натуральнае жаданне палайдачыць яскрава адлюстроўвае апавяданне «Графін». Рэдактар адной гарадской газеты папрасіў намесніка прынесці яму вады. Другі падхапіўся, але потым уцяміў, што для гэтага ёсць сакратарка. Тая, не ведаючы акалічнасцяў, вырашыла, што намесніку вады наліваць не абавязаная, і таму графін пайшоў па ўсёй рэдакцыі. У выніку рэдактар сам набраў сабе вады. Вінаватай у згубе графіна вырашылі зрабіць прыбіральшчыцу... Аўтар у адным творы апісаў іерархію ўнутры ледзь не любога калектыву і тое, да якой бязглуздзіцы яна можа прывесці. Але што ж кіруе героямі ў такой сітуацыі? Апраўданы, але часцей неапраўданы страх, які ўзнікае з-за магчымасці пазбаўлення працы ці наўпрост кпінаў або здзекаў з боку кіраўнікоў ці калег. Асаблівага адкрыцця тут, вядома, няма, але справа не ў гэтым.

У аўтара, без сумневу, ёсць распрацаваная схема сюжэтных ліній, бо ўсе творы кампазіцыйна падобныя: традыцыйная гісторыя, якая заўсёды завяршаецца нейкім павучальным і лагічным вывадам. Але часам канцоўкі выклікаюць здзіўленне: «І ўсё? Вось на гэтым усё скончыцца?». Бо ад любога тэксту заўсёды чакаеш арыгінальнага, надзвычайнага ці проста таго, што не ўпісваецца ў наш светапогляд. Але палова твораў завяршаецца непрадказальна прадказальна. І гэта змушае задумацца: дык у аўтара, відаць, была зусім іншая мэта. І яна — у персанажах.

За рэдкім выключэннем, у кожнай «гісторыйцы» аўтар стварыў тып, які адпавядае не вобразу сучасніка, а толькі частцы вобраза — хібам ці заганам. Агулам жанчыны ў творы малюцца аўтарам з неверагодай павагай. Дзесьці хітрыя (а хітрасць жонкі традыцыйна ўспрымаецца як мудрасць), дзесьці дасціпныя, яны нібы трымаюць уладу над усім, што іх акаляе. Міжволі ўспамінаецца выраз пра шыю і галаву. Мужчыны, наадварот, бачацца аўтарам як істоты абмежаваныя, неарыгінальныя, стэрэатыпныя, нібыта ўвогуле не прыстасаваныя да жыцця, а часцей за ўсё няўклюды. Відавочна, што на ўзаемаадносінах гэтых двух тыпаў і будуюцца гісторыі, бо поле атрымліваецца даволі шырокае, але не вельмі разнастайнае. Дзеці ж, дарэчы, выглядаюць надта разумнымі, смелымі і цікаўнымі. Аўтар нібыта між радкоў сцвярджае: якія б ні былі яны дарослыя, ёсць надзея на тое, што іх дзеці будуць лепшыя за бацькоў. Бо старэйшае пакаленне у аўтара выглядае безнадзейным, пры тым, што мае сваё існаванне ў гумарыстычным рэчышчы.

Некаторыя гісторыі пісьменнік, відавочна, мог узяць з жыцця, але ў іншыя верыцца з цяжкасцю. У творы «Гараж» аўтамабілісты апісаны людзьмі, якія маюць аўтамабіль, каб патаемна ад жонак бавіць час у гаражы, выпіваючы ці, напрыклад, граючы ў шахматы. І нават той адзіны, што не мае гаража, таксама хлусіць, каб паехаць на рыбалку. Магчыма, такая карыкатурнасць, а месцамі і мастацкая ўмоўнасць дапамагаюць круху адысці ад відавочнай жыццёвасці, якая ахоплівае кнігу.

Але ёсць больш грунтоўныя сюжэты, якія, дарэчы, часам паўтараюцца. Напрыклад, сэнс гісторый «Пасылка», «Перадачка» і «Развод па-сяброўску» ў тым, што чалавеку нешта даецца як шчаслівы выпадак ці дапамога ад родзічаў, але ён, як істота сумленная і заўсёды некаму чымсьці абавязаная, раздае шчаслівы прыз. Так робіць студэнт Воўка, які вялізную сумку ежы, што перадалі бацькі з вёскі, раздаў знаёмым, так робіць і Толік, які, дзякуючы неразумнаму земляку, раздае амаль усе грошы, адрасаваныя маці, знаёмым, якіх не бачыў гадамі, так з прызам у выглядзе дзесяці кілаграмаў бульбы-насенкі абыходзіцца і Пятрусь, дзелячы яе паміж людзьмі, якіх бачыць упершыню. Крыху падобная да папярэдніх спроба, прысвечаная дзяльбе кабанчыка. У апавяданні «Лепшы кавалак» Андрэй Сідарэйка раскрывае яе не зусім традыцыйна, бо ўсе героі тут, як ні дзіўна, станоўчыя.

Можна раіць прачытаць гэтую кнігу тым, хто стаміўся ад шматсэнсоўнасці і неадзназначнасці шмат якіх сучасных твораў. Магчыма, камусьці творы здадуцца прамалінейнымі, але ў гэтым бачыцца аўтарская задача — выразна паказаць чалавечыя хібы і заганы. Таму, нягледзячы на гумарыстычны пасыл, кніга пакідае нейкі сум з-за таго, што ў аснове не адзінкавыя здарэнні, якія маглі мець месца ў жыцці, а нібыта зрэз, асобны погляд на грамадства, якое хочацца змяніць. Але ўсё залежыць ад вашага ўспрымання.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».