Вы тут

Сямі раёнам Магілёўшчыны былі дадзены прэферэнцыі для развіцця эканомікі


Указ № 235 менавіта і ствараўся дзеля таго, каб даць дадатковы імпульс развіццю сямі паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і трапілі ў цяжкае эканамічнае становішча. Патэнцыйным інвестарам прапаноўвалася на льготных умовах распачаць тут свой бізнес і прыцягнуць у раёны запатрабаваныя кадры. Напрыклад, прадпрымальнікі могуць сэканоміць на стварэнні інфраструктуры (яе дзяржава дае бясплатна) і адлічэннях у фонд сацыяльнай абароны, а маладыя спецыялісты — пабудаваць жыллё з крэдытам пад 1 %. Зразумела, што раёны складаныя і не вельмі прывабныя для бізнесу. І з лагістыкай тут ёсць пытанні, і з кадрамі, і з сыравінай. Але, як той казаў, было б жаданне. І станоўчыя прыклады ёсць. У аблвыканкаме звярнулі ўвагу на Крычаўскі і Слаўгарадскі раёны. І калі першы больш прывабны за кошт існуючай тут чыгункі, больш зручнага месцазнаходжання, то Слаўгарадскі, мякка кажучы, яму значна прайграе. Але, як ні дзіўна, справы тут рухаюцца на зайздрасць жвава. Ствараюцца новыя рабочыя месцы, развіваецца тэрыторыя, прыцягваюцца пазабюджэтныя фінансавыя сродкі — адным словам, указ працуе.


Налета мост будзе ўведзены ў эксплуатацыю.

Мармелад са слаўгарадскай прапіскай

Артур Мельнікаў, калі вярнуўся летась з арміі, перш за ўсё пачаў шукаць у Слаўгарадзе работу. Спачатку не шчасціла, а потым выпадкова натрапіў у інтэрнэце на аб'яву «Чырвонага харчавіка». Якраз быў абвешчаны набор на работу ў слаўгарадскім філіяле. Хлопец патэлефанаваў, і яго запрасілі на гутарку.

— У мяне жонка ёсць, дачцэ ўжо два гады, трэба грошы зарабляць, каб сям'ю карміць, — канстатуе ён. — Знайсці ў раёне нармальную работу не вельмі проста. Цяпер вось упэўнена гляджу ў заўтрашні дзень. Збіраюся пайсці вучыцца на інжынера. Спадзяюся і з жыллём пытанне ў будучым вырашыцца.

Слаўгарадчанін Алег Яшкін таксама свае спадзяванні на будучыню звязвае з «Чырвоным харчавіком».

— Працаваў сталяром у вучылішчы, але якая там зарплата, — кажа ён. — Калі пачуў ад суседа, што набіраюць на гэта прадпрыемства, адразу ж падаў заяўку. І вось з 19 чэрвеня мінулага года працую тут станочнікам-дрэваапрацоўшчыкам. Работа падабаецца, тут усё цывільна. Выдалі спецадзенне, акуляры, навушнікі — прыемна, калі пра тваё здароўе клапоцяцца.

Пакуль на прадпрыемстве робяць драўляныя паддоны, іх ахвотна бяруць цукровыя заводы, але галоўнае яшчэ наперадзе.

— Бабруйскі інвестар набыў гэтыя плошчы для вытворчасці кандытарскіх вырабаў — мармеладу, узбагачанага вітамінамі, дыябетычнага мармеладу, іншых пазіцый, — удакладняе Андрэй Галянкоў, дырэктар прадпрыемства «Чырвоны харчавік-Слаўгарад». — Сёлета плануем пачаць разліў мёду. Правялі тэндар на выбар пастаўшчыка абсталявання, чакаем атрымаць яго да канца года і ўжо ў верасні—кастрычніку запусцім лінію. Плануецца дзеля гэтага стварыць 14 працоўных месцаў, а да 2020 года, калі паступіць асноўная лінія па выпуску кандытарскіх вырабаў, адкрыецца яшчэ 100 рабочых месцаў. Для Слаўгарада, дзе буйных прадпрыемстваў няма, гэта вельмі значная падзея. Інвестар таксама толькі выйграў, бо атрымаў усе прэферэнцыі, прадугледжаныя Указам № 235.

Апартаменты для ландраса

Ігар Сяднёў адказвае на свінакомплексе за электроніку.

На свінагадоўчым комплексе ў раёне слаўгарадскай вёскі Перагон ужо вядуцца пуска-наладачныя работы, плануецца запусціць яго ў работу ў першым паўгоддзі. Магутнасць аб'екта разлічана на 24 тысячы галоў у год, рэалізаваных з адкорму. Гэты буйны праект рэалізуе на слаўгарадскай зямлі Магілёўскі мясакамбінат.

Плошча свінакомплекса болей за 11 гектараў, тут будзе дзейнічаць замкнёны цыкл вытворчасці. Ёсць лабараторыя для даследавання свайго біялагічнага матэрыялу.

— Любыя вынікі залежаць ад двух фактараў — ад генетыкі і ўтрымання жывёл, — з веданнем справы кажа начальнік свінакомплексу Кірыл Лявонаў. — Таму гэтаму аддаём так шмат увагі.

Дыпламаваны спецыяліст, нягледзячы на малады ўзрост, ужо атрымаў вельмі добры вопыт, адпрацаваўшы некалькі гадоў на падобных гаспадарках у Талачынскім і Магілёўскім раёнах. З яго ўдзелам аднаўлялася пасля афрыканскай чумы талачынская гаспадарка, а пасля ён ужо сам дапамагаў выходзіць з падобнай крызіснай сітуацыі бізнесмену з Гомельскай вобласці.

Дырэктар прадпрыемства Андрэй Галянкоў і яго падначалены Артур Мельнікаў.

На свінакомплексе ў Перагоне вызначаныя ўсе сродкі абароны ад непрадугледжаных выпадкаў: бетонная агароджа па перыметры з калючым дротам, сетка-рабіца, 15 відэакамер працуюць у пастаянным рэжыме, ёсць чатыры ўстаноўкі для адпуджвання птушак. На ўездах сур'ёзныя дэзынфікуючыя ўстаноўкі, якія апрацоўваюць транспарт адразу і зверху, і знізу, і з бакоў. Для людзей таксама прадугледжана дасканалая санапрацоўка. Абсталяваны спецыяльныя памяшканні, дзе работнікі пакідаюць сваё хатняе адзенне, праходзяць душавы пакой і ўжо ў новай распранальні надзяваюць спецадзенне.

— Дысцыпліна будзе строгая, — удакладняе Кірыл Лявонаў. — З райспажыўкааперацыяй ужо заключаны дагавор на дастаўку абедаў. Ніякіх цукерак або печыва падчас кантакту з жывёламі — толькі ў пакоі прыёму ежы. Курыць не забаронена, для гэтага адведзены спецыяльны куток, але цыгарэты таксама будуць завозіцца цэнтралізавана.

Побач будуецца камбікормавы завод з галандскім абсталяваннем, які за змену будзе вырабляць 40 тон розных марак. «За лета цалкам сябе забяспечым кармамі», — заўважае супрацоўнік.

Як толькі комплекс запрацуе, а гэта ўжо пытанне некалькіх месяцаў, уваход пабочным асобам у святая святых будзе забаронены. Таму карыстаюся момантам і напрошваюся на экскурсію. Умовы ўражваюць, для маленькіх парасят нават зроблена падлога з падагрэвам. Ва ўсіх памяшканнях для жывёл сістэмы арашэння, ахалоджвання, газавыя пушкі для ацяплення — жывёла не павінна адчуваць дыскамфорт. Спецыяльныя паілкі, сістэмы для кармлення з дазатарамі — усё разлічана вельмі дакладна. На дарошчванні, напрыклад, разумная тэхніка счытвае з чыпа жывёлы, колькі ёй патрэбна харчу. І — ніякай дабаўкі. Абсталяванне спрэс нямецкае. Свая, напэўна, толькі падлога. Але таксама разумная. Прадугледжаны спецыяльныя выемкі для сцякання гною ў адмысловыя ванны — так званая самасплаўная сістэма каналізацыі. Для свінаматак ёсць нават душавая. Ідэя, дарэчы, Кірыла Лявонава — жывёлу будуць паліваць з дапамогай спецыяльных распырсквальнікаў. Каб не траўмаваць псіхіку жывёл, зроблены спецыяльныя калідоры для перагону. Дзверцы адкрываюцца і свіння сама бяжыць, куды трэба. Пасля дарошчвання, напрыклад, яе накіроўваюць на адкорм — іншае памяшканне. Адтуль прамы шлях на мясакамбінат. На выхадзе спецыяльныя вагі — свіння павінна важыць не меней за 110 кілаграмаў. «Будзем разводзіць пароды беконнага тыпу — ландрас, ёркшыр і дзюрок, — у іх вельмі мала тлушчавай праслойкі, больш мяса», — заўважае начальнік свінакомплекса.

Алег Яшкін лічыць, што яму пашчасціла з работай.

Працаваць на высокатэхналагічным перадавым прадпрыемстве будуць жыхары Слаўгарадскага раёна. Ігар Сяднёў, былы сістэмны адміністратар аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў, нават пераехаў для гэтага ў Слаўгарад. Жыве пакуль у інтэрнаце, але ўжо стаў на чаргу на жыллё. На свінакомплексе працуе інжынерам, яго задача падтрымліваць электроніку ў працаздольным стане.

— Работа цікавая, зарплата таксама задавальняе, ёсць перспектывы развіцця, — кажа ён.

Слаўгарадчанін Уладзімір Радчанка прызнаўся, што да таго, як працаўладкаваўся, браўся за любую работу, нават у Расію ездзіў. Зараз ён ні пра якія паездкі не думае.

— Навошта? Там нас ніхто не чакае, — паціскае ён плячыма. — А тут і дом пад бокам, і сям'я.

— Зараз ідзе набор персаналу, — удакладняе Кірыл Лявонаў. — Агульная колькасць працуючых складзе 57 чалавек. Закупілі ўжо і аўтобус, які будзе працаваць на падвозе.

Засожжа атрымала новае жыццё

Яшчэ адзін жаданы аб'ект, уводу якога тут чакаюць з нецярпеннем, — мост цераз раку Сож. Ён будуецца ў адпаведнасці з дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай. Мост звяжа Слаўгарадскі і Краснапольскі раёны, значна палепшыць лагістыку транспартных зносін і дасць магчымасць выйсці на прыгранічныя рэгіёны Расіі. Цяпер тут актыўна працуе тэхніка, умацоўваецца 12-метровы насып. Майстар з «Магілёўдарсэрвіса», які кантралюе працэс, ацэньвае, што прыблізна працэнтаў на 60 работы па аб'екце зробленыя, сёлета плануецца запусціць пробны рух.

— Будаўніцтва моста натхніла нас на напісанне праектаў, якія будуць садзейнічаць развіццю Левабярэжжа, — кажа старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Язерская. — Там знаходзяцца маланаселеныя пункты, якія патрабуюць развіцця, землі запасу Слаўгарадскага раёна, каля 2,5 тысячы гектараў добрых заліўных лугоў, Блакітная крыніца, нарэшце, якая з'яўляецца месцам паломніцтва. Найперш мы стварылі дзяржаўную прыродаахоўную тэрыторыю, бо мост адкрые дарогу да крыніцы, і гэта будзе вялікая нагрузка на яе. Былі прыцягнуты сродкі Глабальнага экалагічнага фонду і рэалізаваны тры праекты, створаны водна-балотны рэспубліканскі заказнік «Слаўгарадскі». Мост дае магчымасць развіваць тут аграэкатурызм. На гэтыя мясціны ўжо звяртаюць увагу прыватнікі, цікавяцца набыццём участкаў. Мы збіраемся часткова выкарыстоўваць тэрыторыю для выпасу мясной жывёлы. Гэта яшчэ адзін кірунак, каб прыцягнуць туды малы і сярэдні бізнес і стварыць цэнтр сельскага прадпрымальніцтва. Для гэтага будуць выкарыстаныя пустуючыя будынкі пошты, клуба і сельсавета ў Старой Каменцы. Там жа з'явіцца невялічкая турбаза. Уладкуем тэрыторыю, распрацуем веласіпедныя і пешаходныя маршруты, адным словам, зробім усё для таго, каб цывілізавана рэгуляваць турыстычныя патокі.

Работы па рэалізацыі праектаў пачнуцца, як толькі крыху пацяплее, грошы для гэтых і іншых ідэй ужо ёсць.

— У рабоце больш за 700 тысяч еўра міжнароднай тэхнічнай дапамогі, — удакладняе Віктар Драбкоў, дырэктар дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Блакітная крыніца». — Робім дзве аглядальныя сцяжыны, будуем дзве вышкі, купляем фотаапараты і біноклі, 10 ровараў для падарожжа па экасцяжынках. За кошт гэтых сродкаў аснасцім у раёне тры экалагічныя класы. Крыху раней за кошт міжнароднай тэхнічнай дапамогі былі запушчаны сонечныя батарэі магутнасцю 40 кВт/гадзіну. Плануем пабудаваць электралінію. Хутка пачнём рабіць ачышчальныя збудаванні, усё неабходнае для гэтага ёсць. На тэрыторыі ўжо функцыянуе пабудаваны таксама за сродкі міжнароднай тэхнічнай дапамогі цэнтр экалогіі і крынічнай вады, на Блакітнай крыніцы зроблена ўваходная група, сцэна, праведзена асвятленне. Гэта ўсё вынік плённага супрацоўніцтва дзяржавы з прадпрымальніцтвам і грамадскай ініцыятывай. Калі адчуваеш дапамогу, узнікае жаданне развівацца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

У тэму

Канстанцін Жыгуцкі, старшыня Слаўгарадскага райвыканкама:

— Два буйныя інвестары — Магілёўскі мясакамбінат і «Чырвоны харчавік» з Бабруйска сёння ствараюць умовы для занятасці насельніцтва ў раёне. Высокапрадукцыйныя месцы дазволяць людзям атрымаць годную зарплату і папоўніць мясцовы бюджэт. Мы не забываемся і пра малы бізнес. У раёне працуе шэсць малых прадпрыемстваў, плануецца стварыць яшчэ адно. Летась з'явілася пяць экспартна арыентаваных прадпрыемстваў, якія прадалі прадукцыі на тры мільёны долараў у эквіваленце. За два гады мы павялічылі экспартны патэнцыял у два разы. Сёлета плануем павялічыць экспарт яшчэ на 20—30 %.

Руслан Страхар, старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама:

— Па стане на 1 студзеня ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне ажыццяўлялі дзейнасць 453 суб'екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і 2103 індывідуальных прадпрымальнікаў. З пачатку дзеяння Указа ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне створана 169 новых камерцыйных арганізацый. На зноў створаныя рабочыя месцы ў 2018 годзе працаўладкаваны 601 чалавек — на 106 больш, чым прадугледжвалася заданнем. Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата па паўднёва-ўсходнім рэгіёне за мінулы год склала 701,8 рубля. Летась на тэрыторыі гэтага рэгіёна была ўведзена ў эксплуатацыю 21 тысяча квадратных метраў жылля пры заданні 10 тысяч «квадратаў».

Усе публікацыі рубрыкі "Чвэрць стагоддзя"

Загаловак у газеце: Мост у будучыню

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.