Вы тут

Час наводзіць прыгажосць


У народзе кажуць, што красавік пачынаецца снегам, а заканчваецца зелянінай. І гэта сапраўды так. Але што мы сёння бачым пасля талага снегу? На жаль, не толькі вясновае хараство, набраклыя пупышкі і свежую траву, але і пластыкавыя бутэлькі, усюдыісныя пакеты ды шмат якога іншага смецця...

Фота Юрыя Горыда

Вясновыя клопаты не абмінулі і наш часопіс, ізноў мы асвятляем тэму адходаў. Рост колькасці смецця – адна з самых актуальных праблем не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце. І сёння ўсё больш дзяржаў задумваюцца над эканомікай адходаў, разумным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, а таксама памяншэннем шкоднага ўздзеяння смецця на экасістэмы і чалавека. Аб гэтым піша Вераніка Коласава ў матэрыяле “Адходы: як прадухіліць катастрофу”.

Вясной не толькі вяртаюцца з далёкіх краёў птушкі, зелянеюць лугі і газоны, ад лёду вызваляюцца рэкі і азёры, але і становяцца бачнымі вынікі чалавечай дзейнасці: смеццевыя звалкі, ссечаныя і зваленыя ў кучу дрэвы, сляды падпалаў на траве. Часопіс “Родная прырода” і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўпэўненыя – у Беларусі ёсць людзі, якія любяць сваю краіну і дапамагаюць ёй вызваліцца ад смецця. Калі вы належыце да іх ліку, дасылайце свае фота "да" і "пасля" з невялікім аповедам пра сябе, а таксама пра месца, дату і абставінах уборкі на электронны адрас часопіса pryroda@zviazda.by або ў нашы групы ВКонтакте і Facebook. Лепшыя з іх будуць апублікаваныя на старонках “Роднай прыроды” (“Зробім Беларусь чысцей!”).

А ці ведаеце вы, як казурка з Паўночнай Амерыкі шкодзіць яблыням і ягадным хмызнякам у Беларусі? У нас распаўсюджаны два абарыгенныя віды, якія адносяцца да трапічнага сямейства гарбаткі з падатрада Цыкадавых – гарбатка дракавая і гарбатка звычайная. Характэрнай асаблівасцю відаў гэтага сямейства з'яўляюцца своеасаблівыя вырасты на спіне. Да 2000 года ў нашай краіне былі вядомыя толькі гэтыя два віды, пакуль на тэрыторыі Мазырскага ўзвышша не зарэгістравалі першыя экзэмпляры новага для Беларусі і інвазіўнага для фаўны Еўропы віду – так званай буйвалавай цыкады. Аб гэтым засцерагае Алег Барадзін, кандыдат біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік ДНВА "НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах” (“Буйвалавая цыкада – небяспечны госць”).

“Прырода памежжа – агульны клопат”, упэўнена не толькі я, але і навукоўцы Беларусі і Украіны. Трансгранічная Рамсарская тэрыторыя "Альманы – Пераброды" – адзін з найбуйнейшых, што захаваліся ў Еўропе, прыродных комплексаў верхавых, нізінных і пераходных балот. Менавіта там знаходзіцца і самае вялікае натуральнае балота ў Прыпяцкім Палессі. З-за цяжкадаступнасці тэрыторый на ім захаваліся тыповыя раслінныя супольнасці. Тут жывуць рэдкія віды фаўны – вялікі арлец, арлан-белахвост, сіваграк – і растуць рэдкія віды флоры, напрыклад, расянка прамежкавая.

Кацярына Цітова, вядучая рубрыкі “Зялёная школа” нагадвае чытачам “Паперу – у зялёны кантэйнер, пластык – у жоўты, а арганіку – чарвякам”. Справа ў тым, што незвычайны "хатнія" жывёлы – чарвякі – пасяліліся ў сярэдняй школе №3 г. Пінска. Яны зусім ня гуллівыя, вельмі пражэрлівыя і да таго ж не даюць сябе пагладзіць. Мы часта бачым іх пасля дажджу на асфальце і вельмі баімся на іх наступіць. Але навошта ж, спытаеце вы, трымаць чарвякоў у школе? Аказваецца, гэтыя маленькія жывёлы здольныя прыносіць велізарную карысць як для прыроды, так і для кашалька.

Маша Зялёная, даючы свае карысныя парады, пытае: “Каму патрэбныя пластыкавыя кветкі?”. Кожны год перад Вялікаднем і Радаўніцай каля метро, на рынках і ў некаторых крамах пачынаюць масава прадаваць пластыкавыя кветкі. Мабыць, і вашы бацькі, бабулі і дзядулі іх таксама купляюць, каб аднесці на могілкі сваякоў. Камусьці гэтыя штучныя рамонкі, ружы ды лілеі нават могуць падацца прыгожымі з-за сваіх яркіх колераў. Акрамя таго, ім, у адрозненне ад жывых, не патрэбны догляд. Але разам з тым мала хто задумваецца, якую шкоду яны наносяць наваколлю і здароўю чалавека.

А наша прафесійная падарожніца Таня Гендэль у гэтым выпуску расказвае пра “Грацыёзны сімвал пустыні” – антылопу орыкс. У бязмежных прасторах пустыні Наміб, пад агністым сонцам у ценю рэдкіх калючых дрэў ляжаць прыгожыя і моцныя антылопы орыксы. Яны валодаюць незвычайнай цягавітасцю, зграбным гнуткім целам і доўгімі прамымі рагамі, дзякуючы якім гэтых жывёл не зблытаеш ні з якім іншым відам антылоп.

Спадзяёмся, што вам будзе цікава пачытаць красавіцкі выпуск, а можа, і ў чымсьці перагледзець свой светапогляд, адмовіцца ад некаторых пластыкавых прадметаў... занадта шмат штучнага ў нашым жыцці, патрэбна натуральнае, сапраўднае (і гэта датычыцца не толькі рэчаў, але і чалавечых пачуццяў).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.