Вы тут

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!


Праз паўтара месяца пасля нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне» ўжо, здаецца, усе атрымалі адказы наконт прадстаўніцы Беларусі — што гэта за дзяўчынка, дзе яна жыве, хто яе тата і ўсё такое. Таму мы вырашылі абысціся без банальных пытанняў і пацікавіцца ў Зінаіды Купрыяновіч (спявачка ЗЕНА) і часткова ў Аляксандра, яе бацькі і дырэктара, як 16-гадовая артыстка сумяшчае падрыхтоўку да конкурсу і вучобу ў гімназіі, у чым бачыць сакрэт поспеху і як ставіцца да канкурэнтаў. Тым больш што за гэты месяц з будучымі сапернікамі па еўравізійнай сцэне ЗЕНА сустракалася ўжо двойчы: на традыцыйнай і самай вялікай pre party ў Амстэрдаме і літаральна ўчора — у Маскве.


— Канцэрт у Амстэрдаме — гэта было крута! — не стрымлівае эмоцый спявачка. — Я пабывала ў гэтым горадзе ўпершыню, і гэта быў класны вопыт і падарожжа, і творчага працэсу. Эмоцыі — проста супер, вельмі цёплы, нейкі ўтульны горад, і людзі вельмі прыязныя, як дэлегацыі, так і ў прынцыпе ўсе сустрэчныя. Чатыры тысячы гледачоў, артысты з 27 краін, жывы гук, шыкоўная зала, мы з усімі перазнаёміліся і завязалі цёплыя стасункі. Мне цікава было патрэніраваць сваю англійскую мову, паколькі на конкурсе трэба размаўляць пастаянна і свабодна. Асабліва пасябравалі з прадстаўнікамі Ізраіля і Іспаніі. Наогул, у мяне песні амаль усіх удзельнікаў ёсць у плэй-лісце, некаторыя пераслухоўваю шматразова. У Маскве крыху іншая атмасфера, бо рускамоўныя слухачы, шмат знаёмых — але прома-вечарынка атрымалася таксама крутая!

Наогул, графік у артысткі вельмі насычаны: пасля здымак відэавізітоўкі ў Тэль-Авіве пачалася работа над кліпам, а паралельна — рэпетыцыі, заняткі з педагогам па вакале і харэографам, выступленні на розных пляцоўках. «Ці не складана сумяшчаць вучобу і падрыхтоўку да конкурсу? Нармальна, паколькі я знаходжуся на дамашнім навучанні і магу кансультавацца з выкладчыкамі дыстанцыйна, праз інтэрнэт. Дый настаўнікі падтрымліваюць, дапамагаюць засвойваць матэрыял, каб я не адставала (пасля перамогі ў нацыянальным адборы Зіна перавялася з маскоўскага кінакаледжа зноў у 36-ю мінскую гімназію, дзе вучылася раней, і мае сярэдні бал вышэйшы за 9. — Аўт.). А ад сцэны я наогул не стамляюся, мне ўсё гэта падабаецца: выступленні, музыка, танцы, камеры, закуліссе, знаёмствы з новымі людзьмі».

— Раней беларусы ездзілі на «Еўрабачанне», што называецца, «па-багатаму», у сэнсе прома-прадукцыі. Але тэндэнцыя апошніх часоў — нічога лішняга, дыскі, майкі, карысныя дробязі і прыемныя сувеніры. Што плануе прывезці твая каманда?

— Прома-прадукцыя фарміруецца з улікам маіх пажаданняў і інтарэсаў, а таксама з улікам таго, што гэта Ізраіль, цёплая краіна, — інтрыгуе артыстка. — Пакуль усіх сакрэтаў раскрыць не магу, сама ў чаканні і прадчуванні, але паверце: усё будзе пазначана маім хэштэгам, будзе стыльным і яркім, як і мой нумар і песня. Што дакладна — павязём дыск (калі паспеем, дададзім на яго акустычную версію конкурснай песні «Lіke Іt») і інфармацыйны буклет.

— Хто наогул уваходзіць сёння ў каманду, акрамя самой Зіны і бэк-вакалістак?

— Суполка інтэрнацыянальная і, шчыра кажучы, немаленькая: прадзюсар, бэк-вакалісты (набралі іншы склад, не той, што быў у фінале адбору), танцоры, педагог па харэаграфіі і па вакале, візажыст-стыліст, адміністратар, прадстаўнікі кіраўніцтва, творчыя і тэхнічныя супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі — тыя, хто будуць здымаць «Дзённікі Еўрабачання», і хто адказвае за трансляцыю конкурсу ў нашай краіне, — пералічвае Аляксандр Купрыяновіч. — Мы робім усё магчымае для таго, каб зрабіць цікавае, якаснае шоу, і каб Беларусь паднялася ў «Еўрабачанні» на самую высокую прыступку. Усе памятаюць пра вынік Дзімы Калдуна (6-е месца) — гэта тая планка, якую хацелася б пераўзысці. Так што нумар, які мы паказалі на адборы, кардынальна змяніўся — Зіна будзе шмат рухацца, а сама пастаноўка стане вельмі сучаснай і адпаведнай яе ўзросту.

— На што ты гатовая дзеля поспеху? Скажам, заўтра Віктар Дробыш абвесціць: «Зіна, трэба пафарбавацца ў чорны і набраць пяць кіло...»

— Ого, — спявачка на хвіліну задумваецца. — Думаю, што дзеля нейкага хайпа і шоу рабіць нічога падобнага не буду, мне проста нецікава. А калі, напрыклад, спатрэбіцца для здымак у фільме, калі мэта будзе таго вартая — я гатовая эксперыментаваць над сабой, без праблем магу змяніць знешнасць, стыль. Віктар Якаўлевіч, дарэчы, ніякіх жорсткіх умоў не дыктуе — мы робім песню, пастаноўку, касцюмы так, як бачым, а ён глядзіць на ўсю карцінку ў цэлым як прадзюсар і ўносіць свае карэктывы.

ЗЕ­НА з та­там Аляк­санд­рам і ма­май Нэ­лі —  па су­мя­шчаль­ніц­тве яны ды­рэк­тар  і ад­мі­ніст­ра­тар ар­тыст­кі.

— Ты расказвала, што суняць хваляванне перад выхадам на сцэну дапамагаюць «абдымашкі» з камандай. Ці ёсць яшчэ нейкі рытуал на ўдачу?

— Няма. Для мяне важна проста сабрацца. Да выступлення я магу гадзіну бегаць, з усімі цалавацца, зараджацца энергіяй. А потым, хвілін за дзесяць, трэба проста глыбока ўдыхнуць, выдыхнуць, падумаць пра штосьці добрае і светлае і ісці рабіць сваю работу. Але варта зазначыць, мне пашанцавала: падабралася насамрэч класная каманда, я з усімі сябрую, і мне разам з імі камфортна, неяк прыязна, усе «за цябе» і ты «за» іх... Гэта работа маёй мары, прынамсі пакуль што.

— Дэвіз сёлетняга «Еўрабачання» — «Dare to Dream», «Дазволь сабе марыць». Адна твая мара — прадставіць краіну на конкурсе, ужо практычна збылася. Чаго хочацца дасягнуць далей?

— Мара — гэта для мяне штосьці вельмі глабальнае. Пакуль што цягам усяго жыцця я стаўлю сабе мэты, так лягчэй: паставіў мэту, папрацаваў, дасягнуў. А мара — гэта нешта, што цябе акрыляе, натхняе, штосьці глыбока ўнутранае, душэўнае... На сёння я вельмі хачу пасля «Еўрабачання» зладзіць вялікі сольны канцэрт, а перад гэтым выпусціць свой альбом — словам, закруціцца ў гэтым творчым працэсе, каб былі рух, новыя сустрэчы, пастаянныя пералёты, — я заўжды пра гэта марыла, і, напэўна, гэтая частка мары таксама пачынае збывацца.

У ліс­та­па­дзе 2018-га ЗЕ­НА ра­зам з Хе­ле­най Ме­ра­аі і Яў­ге­нам Пер­лі­ным  бы­ла вя­ду­чай дзі­ця­ча­га «Еў­ра­ба­чан­ня» ў Мін­ску.

— Падпісчыкі ў Інстаграм (іх у спявачкі амаль 100 тысяч. — Аўт.) шмат распытваюць пра твае татуіроўкі. Раскажаш?

— Іх тры. Адна была зробленая на «Новай Фабрыцы зорак», яе падарылі мне бацькі на дзень нараджэння — на рэбрах прыгожыя кветкі. Другая — падарунак тату на дзень нараджэння, у мяне на руцэ сабраная, скажам так, уся наша сям'я, з бацькамі, малодшымі сястрой і братам, і вось зараз у працэсе «рукаў», ён напалову зроблены, і гэты малюнак таксама з'явіўся не проста так — у найбліжэйшы час, як дараблю, абавязкова раскажу прыхільнікам, які ў гэтым сэнс. Для мяне тату — не проста мода, а ўпрыгожанне на целе, якое нясе пэўны змест. Яно заўжды з табой, ты можаш на яго паглядзець, калі табе дрэнна ці, наадварот, вельмі добра, і згадаць нешта важнае.

— Не тое каб мы ўжо рыхтавалі віншаванні, але шчыра зычым на «Еўрабачанні» поспеху — няхай усё атрымаецца. Дарэчы, найлепшы падарунак для цябе — гэта?..

— Магу сказаць, што вельмі люблю есці, але будзе неяк бязглузда гучаць. Канешне, вельмі люблю кветкі — ружы, півоні, ліліі, але таксама люблю сюрпрызы з б'юці-сферы, гаджэты... Але вось што самае галоўнае: люблю падарункі, зробленыя з душой і з крэатывам, — калі адчуваеш, што чалавек падышоў не фармальна, а падбіраў спецыяльна для цябе. Такое заўжды прыемна, і я гэта вельмі цаню.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота з архіва спявачкі і Ган­ны ЗА­НКА­ВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.