Вы тут

Жым на поспех. Яго сакрэтам валодае «жалезны чалавек» Павел Клындзюк


Ён пачаў займацца спортам у дзяцінстве, бо яго крыўдзілі старшакласнікі. Тады хлапчук не мог сабе нават уявіць, што стане чэмпіёнам свету па шматразовым жыме штангі лежачы, майстрам спорту міжнароднага класа і двухразовым рэкардсменам Беларусі па шматпаўторным жыме. Аднак з кожным кілаграмам «жалеза» станавіўся больш загартаваным і дужым. Цяпер, у свае трыццаць, Павел Клындзюк не толькі выступае на элітных спаборніцтвах, але і перадае досвед і энергію іншым як трэнер клуба «Сілавыя віды спорту» ў Чэрвені.


На трэ­ні­роў­цы ра­зам з сы­нам.

У дзяцінстве Паша займаўся адзінаборствамі. У юнацтве — тайскім боксам. Але ўвесь час цягнула да «жалеза» — гір ды штангаў. У дваццаць чатыры гады ён нарэшце знайшоў сябе ў сілавых відах спорту, калі працаваў у Мінску. «Грошай на трэнажорную залу ў мяне не было, — успамінае ён. — Таму дамовіўся з былым трэнерам Ігарам Барысавічам Вайцяхоўскім займацца там бясплатна. А за гэта я павінен быў прасоўваць клуб, выступаючы на спаборніцтвах».

З цягам часу Павел атрымаў усе магчымыя разрады ў класічным шматпаўторным (альбо рускім) жыме, у тым ліку і самы высокі — «эліту». Але на гэтым не спыніўся: пачаў устанаўліваць рэкорды. А колькі чэмпіянатаў прайшоў: Расіі, Усходняй Еўропы, Еўропы, свету! І ўсюды — бясспрэчны лідар.

— Больш за ўсё мне запомніліся спаборніцтвы на чэмпіянаце свету, — успамінае суразмоўнік. — Калі ехаў туды, марыў пазнаёміцца з акцёрам, прафесійным спартсменам Сяргеем Бадзюком, за якім назіраў яшчэ ў юнацтве. Якое шчасце было паціснуць яму руку, пагутарыць! Ды і атмасфера там асаблівая, а арганізацыя — на найвышэйшым узроўні. Адна з самых прыгожых узнагарод — адтуль жа... Аднак складаней за ўсё даўся чэмпіянат Расіі. Здавалася б, не было чаго баяцца — у мяне добрая падрыхтоўка. Але, калі ўбачыў, што з 15 удзельнікаў у маёй намінацыі шэсць ці сем з «эліты»... Думаў, што абавязаны «зламаць» штангу, адціснуць максімальную колькасць разоў, якую яшчэ ніколі не рабіў. Інакш прайграю. А прайграць я не мог, не за гэтым ехаў. Помню, сціскаў штангу так, што косці трашчалі. Усе былі ў шоку...

«Жалезнага» чалавека не абмінулі траўмы і праблемы са здароўем. Але які спорт без іх? Самай шакуючай для яго ў дваццаць сем гадоў стала навіна пра прыроджаны парок сэрца. «Каб ведаў раней, дык можа і не займаўся б, а піў ці курыў, — жартуе Павел. — А так сілавыя трэніроўкі дапамаглі, хутчэй за ўсё, трымаць сэрца ў тонусе, умацоўваць яго...»

Па-за летась Павел стаў трэнерам. Прыехаўшы з жонкай на яе радзіму ў Чэрвень, зразумеў: «жалезныя» віды спорту тут зусім не развітыя. Давялося самому ўсё наладжваць. Ідэю адкрыць бясплатную трэнажорную залу падтрымала Ларыса Асановіч, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Набылі ўсё неабходнае, далі аб'яву. Пачалі набіраць групу дзяцей ад 12 гадоў, дарослым таксама былі рады. «У пятнаццаць гадоў ужо можна рыхтавацца ў майстры спорту, — упэўнены трэнер. — У мяне ёсць такі здольны хлопец, Лёша Суша. У яго ідэальная тэхніка, хуткасць выканання. Яму гэта дадзена ад нараджэння, не інакш! Плюс — неверагодная працавітасць і ўпартасць. За год ён прапусціў хіба адну трэніроўку, ды і тую па стане здароўя».

Чэрвеньскі трэнер займаецца з выхаванцамі не за грошы. Для яго галоўнае — вынікі на спаборніцтвах, удзячнасць у вачах і шчырае захапленне. «Я ніколі не забуду, як мне патэлефанавала жанчына з суседняга Беразіна, і сказала, што хоча трэніравацца, — расказвае ён. — Падумаў: «Жарты нейкія. Пры чым тут іх раён да нашага?!» Аказалася, што Вікторыя Антаневіч усё жыццё марыла займацца «жалезам», але не мела магчымасцяў. Аднойчы, гледзячы прамую трансляцыю з чэмпіянату Расіі, заўважыла мяне ў майцы з надпісам «Чэрвень». Зразумела, што вось, побач жыве і працуе чэмпіён па рускім жыме... Цяпер я не магу ўявіць свой клуб без яе».

Пасля адкрыцця залы Павел вырашыў скарыць новыя вяршыні і арганізаваў свае рэспубліканскія спаборніцтвы «Першы сярод роўных». Яны прайшлі настолькі ўдала, што праз паўгода заснавалі новы, ужо міжнародны турнір «Сіла народа» ў памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў.

— З таго часу заручыўся фінансавай падтрымкай Алега Купіча, старшыні саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Бярэзінскага раёна, — расказвае Павел. — Ён неаднаразова спансіраваў трэнажоры, аплачваў турніры, даваў грошы на дабрачыннасць, падарункі дзецям. З ім мы арганізоўваем розныя акцыі, мерапрыемствы.

Акрамя трэнерскай работы, у Паўла ёсць і асноўная: інжынер-будаўнік ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама. Як усё паспець?

— Ніяк, — адказвае ён. — Калі б паспяваў, мог бы і больш зрабіць. Мала хто дапамагае, даводзіцца самому... Людзей, якім я ўдзячны за падтрымку, не так і многа. Гэта Слава Клімковіч, былы першы сакратар райкама БРСМ. Ездзіў з намі на спаборніцтвы, хварэў, купляў сувеніры... Віка Антаневіч — мая правая рука. На яе магу разлічваць у любой сітуацыі. Ларыса Асановіч і Алег Купіч — без іх не было б нашага клуба і маштабных спаборніцтваў. Аднак і з падтрымкай, бывае, не хапае сіл і цярпення. Часам вельмі хочацца ўсё кінуць і жыць для сябе...

Найбольш цяжка, мяркуе Павел, яго жонцы. Яна як ніхто стараецца ўсё зразумець і падтрымаць. Хоць даход сваёй спартыўнай справай ён у сям'ю не прыносіць.

Спыняе Паўла не кінуць спартыўныя справы толькі ўдзячнасць людзей, поспех яго выхаванцаў. Ды і аднаклубнікі кажуць: «Калі не будзе цябе, Паша, то не будзе нічога».

Юлія АДАМОВЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.