Вы тут

«Мне заўсёды хацелася дапамагаць людзям»


Маленькія крокі да дабрыні — вялікая справа. Так лічыць трэцякурсніца Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Валерыя КАВАЛЕЎСКАЯ. Гэтая думка яшчэ ў школе стала для яе стымулам, каб падацца ў валанцёры Чырвонага Крыжа, а пазней — у валанцёрскую каманду Socіal Weekend. Нядаўна Валерыя, дзякуючы перамозе ў конкурсе, які ладзілі каардынацыйны савет па адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця Міністэрства адукацыі і яго партнёры, стала Маладзёжным паслом Мэт устойлівага развіцця (МУР).


«Мне заўсёды хацелася дапамагаць людзям, — успамінае дзяўчына, — таму ў дзявятым класе ў роднай Лідзе я і прыйшла ў Чырвоны Крыж. Мы збіралі грошы для выхаванцаў з дзіцячых дамоў і праблемных сем'яў, развозілі навагоднія падарункі...»

Калі Лера паступіла ва ўніверсітэт, то вырашыла прадоўжыць валанцёрскую справу і пайшла ў каманду Socіal Weekend. Тут яна не толькі дапамагала ладзіць мерапрыемствы, але і натхнялася сама, слухаючы карысныя лекцыі: як прасоўваць свой праект, як ствараць лагатып... А таксама камунікавала з гасцямі і ўдзельнікамі конкурсаў. «Я думала: якія ў іх цудоўныя ідэі! І захацелася самой зрабіць свет крышачку лепшым», — успамінае дзяўчына.

А першай спробай стала для Валерыі арганізацыя ўласнага мерапрыемства: як пачаць будаваць кар'еру, калі ты студэнт? У якасці лектара яна запрасіла піяр-менеджара «Праца Тут.бай» Ганну Шагун. Зарэгістравалася трыццаць пяць чалавек, прыйшло дваццаць. Лера на такую аўдыторыю і не спадзявалася, таму вынікамі была задаволена. Ды і слухачы дзякавалі: інфармацыя аказалася для іх карыснай.

Пасля дзяўчына захапілася праектам «Жывая бібліятэка», дзе непадобныя на іншых людзі распавядаюць свае жыццёвыя гісторыі.

— Я размаўляла з тымі, каго абражаюць, не ўспрымаюць з-за незвычайнай знешнасці, светапогляду, — кажа Лера. — Прыйшла дадому і вельмі доўга думала. Мой свет проста перакуліўся! Тыя стэрэатыпы, што існавалі ў галаве, не тое каб зніклі, але я пачала зусім па-іншаму ставіцца да людзей. Усвядоміла: калі чалавек не такіх светапогляду і ўяўленняў пра жыццё, як ты, гэта не значыць, што ён дрэнны. А яшчэ я зразумела, што не ўсе людзі ў нас такія талерантныя, як прынята лічыць.

Так у Валерыі нарадзілася ідэя стварыць медыяпраект, які будзе разбураць вядомыя стэрэатыпы. З ім дзяўчына заняла другое месца ў конкурсе грантаў ад кампаніі «Актывіа». Мо таму яна і вырашыла не кідаць ідэю і, як толькі даведалася пра конкурс МУР, пачала расказваць пра свой праект, выбраўшы адну з сямнаццаці тэм — «Мір, правасуддзе і эфектыўныя інстытуты». І сярод 252 удзельнікаў конкурсу стала адной з пераможцаў.

— Больш за ўсё хачу, каб наша грамадства было міралюбівым, — кажа Валерыя. — Людзі не павінны жыць у страху з-за магчымай дыскрымінацыі па колеры скуры, светапоглядзе, веравызнанні... Я супраць гвалту. Відэа, якія збіраюся стварыць, дапамогуць прадэманстраваць грамадству новыя магчымасці. Маімі героямі, напрыклад, могуць стаць актывіст Аляксандр Аўдзевіч, які запусціў праект «Інклюзіўны барыста», ці Дзяніс Васілевіч з праектам «Асаблівы падыход», дзе адаптаваны водныя экстрэмальныя віды спорту для людзей з інваліднасцю...

Лера разумее: цалкам пазбавіцца ад стэрэатыпаў немагчыма. Але вельмі хоча зрабіць так, каб людзі прыхільна ўспрымалі чужое меркаванне, не ставіліся да іншых з агрэсіяй. І верыць у тое, што ў яе гэта атрымаецца.

Даведка

Мэты Устойлівага развіцця — сямнаццаць мэт Праграмы развіцця ААН, якія скіраваны на вырашэнне пэўных пытанняў: скарачэнне ўзроўню беднасці, голаду, хвароб, гендарнай няроўнасці, а таксама на барацьбу са змяненнем клімата, захаваннем экасістэм сушы і г. д.

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Перамагчы ў сабе стэрэатыпы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.