Вы тут

Як дзяўчына стала мехатронікам


Нягледзячы на свой 18-гадовы ўзрост, Аляксандра КУРНЕВІЧ ужо мае сур'ёзны занятак у жыцці. Яна вучыцца ў Мінскім каледжы электронікі па спецыяльнасці «Мехатроніка. Работа з тэхнікай» на трэцім курсе і, дарэчы, з'яўляецца першай дзяўчынай, якая паступіла на яе. Цікава, праўда? Аляксандра можа адрамантаваць фен або наладзіць работу механізмаў аўтамабіля, зрабіць дыягностыку паламанага халадзільніка або камп'ютара. Якія яшчэ захапленні маюцца ў Сашы, чытайце ў нашым інтэрв'ю.


— Мама заўсёды хацела, каб я стала мастачкай або дызайнерам, таму гадавала мяне творчым дзіцем: вадзіла на розныя курсы па жывапісе, казала, што менавіта гэтая справа стане для дачкі прызваннем. Але праз некаторы час я адчула, што ўсё тое — не для мяне, — прыгадвае суразмоўніца. — У дзявятым класе на ўрок па прафарыентацыі да нас у школу прыйшлі выкладчыкі з каледжа электронікі і расказалі пра перавагі навучання ў іх. Калі пералічвалі ўсе спецыяльнасці, мяне зацікавіла толькі мехатроніка. Але быў маленькі нюанс — на ёй вучыліся адны хлопцы. Магчыма, для кагосьці з дзяўчат такі расклад прагучаў бы своеасаблівым прысудам, але толькі не для мяне. З дзяцінства падабалася бавіць вольны час з бацькам у гаражы, разбіраючы розныя электрапрыборы, таму, нядоўга думаючы, вырашыла паступаць на нязведаную, але цікавую для мяне спецыяльнасць. Аднак сястра настаяла кінуць гэтыя думкі і пайсці вучыцца на архітэктара. Паддаўшыся ўгаворам, вытрымала толькі да першых экзаменаў — больш не змагла. З дрыжачымі каленкамі падала дакументы ў каледж электронікі. Вельмі пакутавала, былі думкі: «Можа гэта не для мяне?», «А што, калі не атрымаецца?».

Перажыванні Аляксандры былі дарэмныя, яна з лёгкасцю паступіла на жаданую спецыяльнасць. Але пасля ўзнікла іншая нагода для хвалявання — стасункі з групай...

— Шчыра кажучы, я была ўпэўненая, што адразу знайду агульную мову з 27 хлопцамі. Як я памылялася! Яны не ведалі, як сябе паводзіць. Жартавалі, гаварылі, што мне тут рабіць няма чаго. Выкладчыкі каледжа спачатку таксама здзіўляліся, прапаноўвалі перавесціся на іншую спецыяльнасць. Але калі зразумелі, што я стаўлюся да вучобы сумленна, падтрымалі, — гаворыць Аляксандра.

— Бывала, прыязджаю ў сэрвіс, а там з недаверам пытаюцца: «Дзяўчына, вы і ёсць мехатронік?» Адказваю: «Так». Але бачу па вачах, што да мяне ставяцца несур'ёзна. Калі шукала, дзе прайсці практыку, усюды адмаўлялі. Маўляў, няма месца або «Мы хацелі б на работу хлопца, прабачце». Не разумею, як тое, што я дзяўчына, можа паўплываць на якасць выкананых задач?! Калі ў мяне амаль што апусціліся рукі, з'явілася кампанія высокатэхналагічных візуальных рашэнняў Hologram. З ёй я супрацоўнічаю дагэтуль і планую туды ісці працаваць пасля заканчэння каледжа. Цікава, што калі запрасілі на сумоўе ў кампанію, я... спазнілася. Але мне далі другі шанц, і цяпер кожны дзень я даводжу сваімі вынікамі, што маё знаходжанне ў калектыве не марнае, — гаворыць Саша.

Каледж даў добрую базу для развіцця ў прафесіі. На занятках дзяўчына старалася ўвабраць у сябе як мага больш ведаў, і цяпер ёй лёгка прымяняць іх на практыцы.

— Кожны можа выявіць і развіць у сабе менавіта тыя навыкі, якія яму патрэбныя. Я хацела навучыцца — і ў мяне атрымалася! На вучобу ў мяне заўсёды ёсць час. А вось на бессэнсоўныя сустрэчы і размовы — не. Сутыкаючыся кожны дзень з новымі задачамі, стала больш спакойна ставіцца да многіх рэчаў, цаніць сваю працу. Я адкрыты чалавек, магу без сарамлівасці звярнуцца па параду да старэйшых калег або нават незнаёмых людзей, — дзеліцца суразмоўніца.

Аляксандра расказвае, што звычайна дзень у яе пачынаецца а сёмай гадзіне раніцы, а заканчваецца апоўначы. За гэты час дзяўчына павінна папрысутнічаць на парах, адзначыць адсутных (яна яшчэ і стараста групы), праверыць пошту па рабоце, прыехаць у офіс, выканаць тэрміновыя задачы, праверыць стан абсталявання, за якое яна адказвае. Саша сапраўды прыязджае дадому ноччу...

— На вучобе і рабоце бываю часцей, чым дома. Часам паспяваю паспаць толькі чатыры гадзіны за суткі. Але гэта не засмучае, мне падабаецца! Каб усё паспець, карыстаюся праграмамі для арганізацыі свайго часу, не забываю і пра розныя стыкеры, раздрукаваныя спісы задач на найбліжэйшы час. Імкнуся не спяшацца без прычыны, бо праз гэта можна дапусціць памылкі ў рабоце.

— Здаецца, у цябе зусім няма вольнага часу...

— А вось і не адгадалі! Маё захапленне — конны спорт. Таксама займаюся танцамі, паспяваю глядзець серыялы і чытаць кнігі, сустракацца з сябрамі і нават пісаць вершы (пачынае зачытваць мне адзін з іх. — Аўт.). Я чалавек, які не любіць сядзець на адным месцы, мне хочацца развівацца ў розных кірунках. Навык у маляванні ёсць — добра, крочым далей. У арт-мастацтве набываю вопыт зараз, а далей хачу ўключыцца ў сферу эканомікі, кіравання і менеджменту. Хачу нагадаць усім: у свеце шмат магчымасцяў, проста выберыце пэўны кірунак, будзьце мэтанакіраваныя — і поспех прыйдзе да вас!

Дык што ж такое мехатроніка? Гэта па сваёй сутнасці дастаткова складаная прафесія, якая аб'ядноўвае веданне электронікі, гідраўлікі і пнеўматыкі ў абслугоўванні высокатэхналагічнага абсталявання. Такія спецыялісты сёння востра запатрабаваныя ў машынабудаванні, радыётэхніцы, харчовай прамысловасці. З улікам паўсюднага ўкаранення ў вытворчасць мехатронных сістэм гэта прафесія патрабуе далейшага развіцця і ўдасканалення.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота Яўгена АЦЕЦКАГА

Загаловак у газеце: «Не жаночая» спецыяльнасць

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.