Вы тут

Як зберагчы студэнцкі кашалёк для незапланаванага паходу ў модны фастфуд


Многія маладыя людзі імкнуцца патрапіць на вучобу ў сталіцу, бо Мінск у іх уяўленні — горад магчымасцяў. І канешне ж, першакурснікі, уступіўшы ў дарослае жыццё, хочуць пабываць усюды, наведаць цікавыя мясціны, мерапрыемствы, фестывалі, канцэрты любімых гуртоў... Але, на жаль, не заўсёды можна ўвасобіць у жыццё сваё «хачу» за кошт базавай 80-рублёвай стыпендыі. 30 рублёў за праязны, 30 рублёў за інтэрнат, а на астатнія, умоўна кажучы, застаецца закупіць грэчку — і ўсё, няма яе, родненькай. Мы раскажам пра некаторыя хітрыкі, якія дапамогуць зберагчы студэнцкі кашалёк для незапланаванага паходу ў модны фастфуд.


Гэ­ты воб­раз быў ство­ра­ны ў звы­чай­най кра­ме.

А гэ­ты па­доб­ны воб­раз быў ство­ра­ны ў сэ­канд-хэн­дзе.

Абед з кавы і катлет

Пра адну недарагую кавярню мы чулі даўно, але наведалі яе ўпершыню нядаўна. Гэты вопыт нам спадабаўся: установа здзіўляе прыемнымі цэнамі. Стандарт — 1,5 рубля. Для тых, хто прывык да вялікіх аб'ёмаў кавы, задавальненне абыдзецца ў 2,5. Гэтае месца ідэальна падыходзіць для людзей з крытычным недахопам часу: замовіў, набыў, паеў, пабег. У асартыменце ёсць торцікі, булачкі, піражкі, свежавыціснуты маркоўны сок і шмат чаго яшчэ! Прадугледжаны месцы для наведвальнікаў, чые тэлефоны вечна «зжыраюць» зарадку. Мы лічым гэта велізарным плюсам! У цэлым кавярня спадабалася, за тры рублі можна цалкам спатоліць голад. Але, на нашу думку, гэта месца не падыходзіць для доўгіх душэўных пасядзелак. Тым не менш парада такая — шукайце «сваё» месца для хуткіх і недарагіх перакусаў.

Па музыку ў... метро

Мелодыя дапамагае не засяроджваць увагу на шэрасці дзён і праблемах, яна зараджае энергіяй і дазваляе абстрагавацца ад усяго старонняга. Калі вам нестае эстэтыкі, у нас ёсць выдатная прапанова — праект «Пешаходка». У Мінску яго запусцілі нядаўна, аднак мы ўжо актыўна падтрымліваем гэтую ідэю. Сутнасць яе заключаецца ў тым, што зараз для вулічных музыкантаў адводзяцца пэўныя месцы ў пераходах метро, дзе яны могуць радаваць мінакоў сваёй творчасцю і самі адначасова развівацца. Дык вось, калі раптам вам стане сумна ці проста захочацца цікава правесці вечар, паглядзіце на карту «Пешаходкі», вазьміце ў кішэню дробязь і адпраўляйцеся на найбліжэйшую станцыю метро — там вас ужо чакаюць музыкі. Не гурт Rammsteіn, канешне, але таленавітая моладзь.

Мода са старой камоды

Эксперыменты працягваюцца! Перад намі паўстала пытанне: «Ці можна выглядаць модна і пры гэтым не патраціць шалёных грошай?» Найперш мы выправіліся ў звычайную краму, у якой цэны на адзенне былі больш-менш даступныя для чалавека з сярэднім заробкам. Там «адарваліся па поўнай» і стварылі супермодны вобраз. Яго кошт — 255 рублёў. Што ж у яго ўвайшло? Шапка (10 рублёў), світар (40 рублёў), джынсы (30 рублёў), куртка (130 рублёў), боты (45 рублёў).

Далей пачалася самая складаная частка даследавання: узнаўленне падобнага вобраза ў сэканд-хэндзе. Шчыра кажучы, прышлося папацець. Перагляд адзення, «дайвінг» у кучы стракатых тканін, воклічы пры знаходках патрэбнага... Урэшце, яно таго каштавала. Цана бюджэтнага вобраза склала 121 рубель. Шапка абышлася ў 6 рублёў, світар — у 16, джынсы — 24, куртка — 40, боты — у 35 рублёў. Такім чынам, «прыкід» з «сэканда» абышоўся ў два разы танней, чым у звычайнай краме! Лічым, што гэта перамога!

Хочам звярнуць увагу на яшчэ адзін плюс падобных крамаў: менавіта тут можна знайсці нешта цікавае, што вылучыць вас з натоўпу і дапаможа стварыць свой уласны стыль, у той час калі звычайныя мас-маркеты прапануюць вам «наштампаваны» тавар. Асцерагайцеся сустрэць свайго двайніка!

Ган­на ад­чу­ла ся­бе ві­за­жыс­там.

Зрабіць макіяж задарма

Важная сустрэча або спатканне ўжо праз гадзіну, а вы не паспелі нафарбавацца? Нават у такой сітуацыі мы знайшлі выдатны, а галоўнае, бюджэтны выхад. Розныя брэнды прафесійнай касметыкі прапануюць пакупнікам магчымасць «затэсціць» іх прадукцыю абсалютна задарма. Вам застаецца толькі знайсці ідэальны тон памады або ценяў, а затым нафарбавацца непасрэдна ў краме. Так-так! У іх абсталяваны спецыяльныя люстэркі з падсветкай і столікі, на якіх можна знайсці ватныя дыскі і міцэлярную ваду, калі раптам нешта пойдзе не так. Прадаўцы-кансультанты рэагуюць на падобныя ператварэнні абсалютна спакойна, нават могуць нешта падказаць і параіць. Больш за тое, не саромейся да іх звяртацца, калі раптам спатрэбіцца пэндзлік, каб «паспрабаваць» танальны крэм, хайлайтар або румяны.

Адзінае, за што нам прыйшлося пахвалявацца і пачырванець — гэта просьба зрабіць фота ў краме. Астатняе прайшло выдатна, і нават макіяж, нанесены ў некаторых выпадках пальцамі, атрымаўся шыкоўны!

За адпачынак — ні капейкі

Аператыўна знайсці мерапрыемства з вольным уваходам дапамогуць інтэрнэт-афішы. Выстаўкі, вечарыны, канцэрты, спектаклі і многае іншае. Безумоўна, не заўсёды сярод пераліку прапанаваных мерапрыемстваў можна адшукаць нешта даспадобы, тым не менш, калі вельмі хочацца выбрацца кудысьці з сябрамі, нясумна правесці з імі вечар і не выдаткаваць пры гэтым ні капейкі, то вам, пэўна, на ўкладкі «бясплатна».

Напрыклад, вы хочаце правесці вечар у кіно. У кінатэатры «Піянер» практычна кожны тыдзень праходзяць розныя кінафэсты, у рамках якіх усе паказы абсалютна дармовыя. Тэматыка вар'іруецца ад вострасацыяльных кінастужак да мастацкіх замежных фільмаў з рускімі субцітрамі. Не спрачаемся, што такія фільмы на аматара, але адшукаць гучныя прэм'еры за бесцань, на жаль, практычна немагчыма. Аднак калі вы аматар «непапулярнага», але цікавага і вартага кіно, то той жа «Піянер» стане для вас самай сапраўднай знаходкай. І пошукі ў гэтым кірунку можна працягваць далей.

Ка­ця па­каш­та­ва­ла ка­пус­тач­кі на Ка­ма­роў­цы.

«Замарыць чарвячка» на рынку

Ну што, прыйшоў час заваёўваць Камароўскі рынак! Мы вырашылі ўскладніць задачу і здаволіць голад задарма! І не, мы нічога не кралі. Ёсць легальны спосаб: проста падысці да прылаўка, на якім выстаўлена прадукцыя, міла ўсміхнуцца, спытаць цану ў прадаўца, а потым папрасіць пакаштаваць. Такім чынам, «на зубок» нам трапіліся: адна вінаградзінка, адно зярнятка граната, памідорка чэры, долька мандарына і два віды кіслай капусты. Як вы здагадаліся, такім смешным наборам прадуктаў па-сапраўднаму здаволіць голад у нас не атрымалася (хіба што на некаторы час падтупіць гэта пачуццё), але пазітывам мы зарадзіліся на ўвесь дзень. Магчыма, у адносным правале такога «эксперымента» ролю адыгралі сарамлівасць і «не сезон» на багацце ягад, садавіны і агародніны, аднак паход на Камароўку ўсё яшчэ можна лічыць варыянтам незвычайнага баўлення часу з сябрам.

Кароткія вынікі

Вельмі спадзяёмся, што наш гайд быў для вас карысны. Хочам вас запэўніць, што ў Мінску можна крута правесці выхадныя, апрануцца, нафарбавацца і паесці, не марнуючы на гэта касмічныя сумы. Усё залежыць толькі ад вашай вынаходлівасці, фантазіі і прагі эксперыментаў!

Кацярына ЯРАШЭВІЧ, Ганна БАРАНОК, студэнткі І курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».