Вы тут

Пачым нерухомасць у гарадах-спадарожніках


За апошні год цэны на будоўлях Мінска ў залежнасці ад класа якасці выраслі ад 4 % да 10 %. У выніку аднапакаёвая кватэра класа «Эканом» у сярэднім падаражэла на 3,5 тысячы долараў, класа «Стандарт» — ужо на 5 тысяч. Для кагосьці гэта не так ужо і шмат, а для іншых — дастаткова, каб звярнуць увагу на больш даступныя па кошце кватэры ў прыгарадзе Мінска. Ці насамрэч гэта альтэрнатыва?


Вясковае жыццё з гарадскімі выгодамі

Возьмем, напрыклад, Бараўляны. Гэта пасёлак, у якім не спыняецца жыллёвае будаўніцтва. За апошні дзясятак гадоў невялікі населены пункт, раней вядомы як месца размяшчэння буйных медыцынскіх устаноў, ператварыўся ў элітны і развіты пасёлак. Гэта і ёсць першы па факце «памочнік» Мінска. Каб не было сумневаў, вы пацікаўцеся лічбамі прыросту насельніцтва ў Бараўлянах: за апошнія пяць гадоў — з 18 да 51 тысячы чалавек. Відавочна — у Бараўляны яшчэ едуць чаргавікі з Мінска. Атрымліваецца, што побач са сталіцай «спадарожнік» арганізаваўся сам па сабе. А яшчэ ёсць Калодзішчы, Копішча і Прылукі. Яны таксама растуць. Іх даўно ўжо трэба прызнаць Мінскам, а не рабіць выгляд, што гэта вёскі.

Прынамсі, цяпер продаж кватэр у гэтым пасёлку ў новабудоўлі прыраўноўваецца па кошце да сталічных прапаноў. І гэта вытлумачальна. Наяўнасць дзіцячых садкоў і прыватных адукацыйных устаноў, школ і гімназій стварае аптымальныя ўмовы для навучання дзяцей, а чыстае паветра, добраўпарадкаваныя і бяспечныя дзіцячыя пляцоўкі — найлепшае асяроддзе для гарманічнага развіцця і выхавання.

Купля новай аднапакаёвай кватэры ў Бараўлянах у сярэднім абыдзецца ў 35—40 тысяч долараў, «двушкі» — у 45—50 тысяч. Долевае будаўніцтва больш прывабнае, чым набыццё гатовага жылля: цана новабудоўлі тут пачынаецца ад 900 долараў за «квадрат».

Кіраўнік аддзела агенцтва «Твая сталіца» Наталля Жалава адзначае, што ў сітуацыі росту цэн і ўскладнення крэдытавання ўсё больш пакупнікоў звяртаюць увагу на прыгарадныя новабудоўлі. «Розніца ў кошце з мінскімі кватэрамі часам бывае настолькі значнай, што за цану жылля ў сталіцы можна купіць гатовыя для пражывання апартаменты ў прыгарадзе і аўтамабіль у дадатак.

На думку спадарыні Жалавай, за апошнія пяць гадоў стаўленне пакупнікоў да прыгарадных новабудоўляў вельмі змянілася. Калі раней раён ваеннага гарадка ва Уруччы выклікаў пытанні, то цяпер, дзякуючы добрым транспартным зносінам, ужо і Калодзішчы многімі ўспрымаюцца як ускраіна Мінска, а не прыгарад. А, дзякуючы развітой інфраструктуры, усё больш пакупнікоў звяртае ўвагу не толькі на Прылукі, але і на горад-спадарожнік Фаніпаль. Цяпер выбар новабудоўляў у прыгарадзе Мінска змяніўся, як колькасна, так і якасна.

Гэта ўжо не адзінкавыя дамы з вокнамі, якія выходзяць на пустку, а сучасныя і камфортныя для пражывання жылыя комплексы, дзе няма загазаванасці, затораў, праблем з паркоўкамі і перапоўненымі дзіцячымі садкамі.
Дзякуючы хуткаснай аўтамагістралі дабрацца да работы ў сталіцу часам можна хутчэй, чым з аднаго канца Мінска ў іншы на грамадскім транспарце.

Чым далей — тым танней

Асноўным фактарам, які прыцягвае пакупнікоў да прыгарадных новабудоўляў, выступае цана. У параўнанні з Мінскам розніца вельмі істотная. Наглядны прыклад — кошт аднапакаёвай кватэры плошчай 33 квадратныя метры ў цэнтры Калодзішчаў абыдзецца каля 32 тысяч долараў, а 40-метровай у Фаніпалі — каля 34 тысяч. У той час як у Мінску цэны на аднапакаёўку стартуюць ад 45 тысяч «зялёных», у адным з комплексаў Фаніпаля, 55-метровая «двушка» абыдзецца ў 45 тысяч долараў, а 70-метровая «еўратрошка» ў Калодзішчах — у крыху больш як 60 тысяч долараў.

Але асаблівую цікавасць для пакупнікоў уяўляюць кватэры з рамонтам. Менавіта на іх розніца ў цэнах «горад/прыгарад» найбольшая. Калі ў Мінску мінімальны кошт «аднапакаёўкі» з аздабленнем знаходзіцца на ўзроўні 56 тысяч долараў (плошча 45 «квадратаў»), то ў Фаніпалі яна каштуе 38 тысяч. Атрымліваецца розніца каля 18 тысяч долараў. А за розніцу ў кошце трохпакаёвых кватэр (Мінск: 78 «квадратаў» за 92 тысячы долараў супраць жылля Фаніпаля той жа плошчы за 67 тысяч долараў) у памеры 25 тысяч долараў, можна купіць не толькі новы аўтамабіль, але яшчэ і лецішча.

Яшчэ адзін горад-спадарожнік — Смалявічы. Дзякуючы будучаму эксперыментальнаму дому, гэты раённы цэнтр цяпер на слыху. Распрацаваны праект указа, паводле якога запланавана будаўніцтва спецыяльнага жылога дома для мінскіх чаргавікоў.

Знаходзіцца гэты населены пункт далей, чым згаданыя Калодзішчы і Фаніпаль, — прыкладна за 30 кіламетраў ад сталіцы. Паняцце «горад-спадарожнік» тут яшчэ не стала звыклым, хоць сёння — гэта індустрыяльны горад з высокай доляй прыватнага капіталу.

Цяпер у горадзе будуюць па долевым метадзе два дамы. Вялікі дзевяціпавярховы дом узводзіць УКБ Смалявіцкага раёна. На сёння гэта жыллё будзе самым танным у наваколлі. Квадратны метр яго будзе каштаваць каля 545 долараў. Аднапакаёвую кватэру (44 «квадраты») тут можна набыць за 24 тысячы долараў, а двухпакаёвую (62 «квадраты») — за 34 тысячы.

У цэнтры горада будуюць амаль элітнае жыллё ў сяміпавярховым доме. Цана квадратнага метра пачынаецца з 750 долараў. Цэннік аднапакаёвай кватэры (39 квадратных метраў) стартуе з 31 тысячы долараў.

Амаль ідэальны гарадок для сталіцы

Паміж Мінскам і Заслаўем хвілін пятнаццаць язды. Гэты гарадок прынята лічыць самым акуратным і дагледжаным з усіх гарадоў-спадарожнікаў. Калі не ўлічваць бяздушныя новабудоўлі, горад сапраўды зялёны. Дарослыя дрэвы растуць як уздоўж ажыўленых вуліц, так і пасярод двароў і прыватнага сектара. Вядома, цэны тут ніжэйшыя за мінскія, аднак... У жыллёвым кааператыве «Новае Заслаўе» прапановы стартуюць ужо ад 830 долараў за квадратны метр. Яшчэ год таму было 800.

«Гэта гарадок са свежым паветрам, дзе мноства вадаёмаў і лясоў. І дзяцей не баішся адпусціць пагуляць. Гэта не голае поле, дзе можна толькі кароў пасвіць, але гэта і не Мінск. Гэта прыгарад».

Гэтыя словы, напісаныя адным з удзельнікаў інтэрнэт-форуму, можна аднесці сёння да ўсіх гарадоў-спадарожнікаў. Можа, усё ж менавіта гэта, а не цана на жыллё, вабіць людзей у іх?

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: На сталічнай арбіце

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.