Вы тут

Як шматдзетным займець уласную кватэру


Гэтае і іншыя пытанні цікавяць жыхароў Міншчыны.

Пятнаццаць чалавек выслухаў падчас асабістага выязнога прыёму ў Любані памочнік Прэзідэнта — інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў. У тым ліку шэсць грамадзян Ігар Уладзіміравіч прыняў без папярэдняга запісу. Сярод заяўнікаў — не толькі жыхары Любаншчыны, але і іншых раёнаў: Барысаўскага, Салігорскага, Пухавіцкага, Мінскага, Дзяржынскага. Амаль палова пытанняў, а менавіта сем, датычыліся будаўніцтва і атрымання жылля.


Салігарчане Аляксей Аляксандравіч і Барыс Рыгоравіч паскардзіліся, што не могуць засяліцца ў свае кватэры ў новым доме, які пабудаваны з прыцягненнем безнаяўных жыллёвых аблігацый. Шматпавярховік узвялі ў ліпені 2018 года, а ўведзены ў эксплуатацыю ён толькі ў снежні. Тэрміны яго ўводу неаднаразова пераносіліся, дагаворныя абавязацельствы не выконваліся. Заказчыкам выступала таварыства з абмежаванай адказнасцю «Квадрат Груп». На сённяшні дзень фірма вярнула толькі невялікую частку даўгоў генпадрадчыку — Салігорскаму домабудаўнічаму камбінату. Дом здадзены са шматлікімі недахопамі, якія неабходна ліквідаваць. Камбінат нібыта і не супраць, але ў яго дэфіцыт неабходных на гэта сродкаў, паколькі заказчык яшчэ не разлічыўся за работы. Запазычанасць — каля мільёна рублёў. Акрамя таго, уласнікі жылля падазраюць фірму ў расходаванні сродкаў інвестараў не па прызначэнні і просяць правесці праверку. «Дзеля таго каб папярэдзіць паўтарэнне такой сітуацыі з іншымі людзьмі», — заўважылі яны.

Ігар Яўсееў абяцаў узяць пытанне на кантроль і дэталёва разабрацца ў сітуацыі. Пры гэтым ён адзначыў, што грамадзяне часта звяртаюцца па пытаннях зацягвання тэрмінаў будаўніцтва жылля так званымі «фірмачкамі», скардзяцца на нездавальняючую якасць, шматлікія будаўнічыя хібы. «Прэзідэнт дакладна абазначыў: калі ў цябе ёсць свая будаўнічая арганізацыя, адпаведны штат, тэхніка, то, калі ласка, будуй. Мы выдзяляем зямельныя ўчасткі толькі тым арганізацыям, якія могуць справіцца з будаўніцтвам. У гэтым выпадку ёсць з каго спытаць. А тут домабудаўнічы камбінат не можа спагнаць з камерцыйнай арганізацыі сродкі і людзі просяць дапамогі. Будзем рэагаваць», — сказаў Ігар Яўсееў.

Маладая маці прыйшла на прыём з немаўляткам на руках. Жанчына з мужам і дваімі дзеткамі жыла ў сваіх бацькоў у сельскай мясцовасці. Пераехалі ў Любань, дзе атрымалі арэндную кватэру. У сям'і нарадзілася трэцяе дзіця. Сужэнцы хацелі б пабудаваць сваё жыллё за кошт субсідыі. Але сям'ю не прымаюць на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, паколькі на кожнага члена прыходзіцца крыху больш за пятнаццаць квадратных метраў плошчы. Жанчыне растлумачылі, што стаць у чаргу можна толькі ў тым выпадку, калі яна выселіцца з арэнднай кватэры. Ды і па заканадаўстве яе паставяць на ўлік толькі праз пяць гадоў.

Як адзначыў Ігар Яўсееў, перад пачаткам прыёму ён выязджаў на месца. «Дом цудоўны, дзе створаны ўсе ўмовы для пражывання. Але шматдзетная сям'я не можа ўзяць субсідыю для будаўніцтва свайго жылля. Гэта прававы казус. Я падрыхтую інфармацыю для кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Будзем разглядаць пытанне ў межах сваёй кампетэнцыі. Мяркую, такі выпадак у Беларусі не адзіны».

У жыхаркі аграгарадка Пухавічы быў свой дом, але яго знеслі, узамен далі кватэру. Як сцвярджае заяўніца, выкупіць яе не дазволілі. Таму яна хоча атрымаць выдзеленае памяшканне ва ўласнасць. Але цяперашняе заканадаўства такога не дазваляе. Ігар Яўсееў канстатаваў, што дзейнічае ў межах закона і нічым дапамагчы не можа.

Трое жыхароў вёскі Струпень Барысаўскага раёна паскардзіліся на работу лесапілкі, якую адкрыў некалькі гадоў таму прадпрымальнік. Маўляў, няма адпачынку ні днём, ні ноччу — шум, пыл, апілкі. Адпаведная камісія на аб'екце выявіла шматлікія парушэнні і падала іск у эканамічны суд, які абавязаў прыватніка ліквідаваць недахопы. Але ён толькі часткова выканаў прадпісанне. Заяўнікі прасілі правесці яшчэ раз праверку лесапілкі. «Я перагавару з губернатарам Мінскай вобласці, і мы разам выедзем на аб'ект. А магчыма, я сам збяру камісію. Ва ўсялякім выпадку, дасканала вывучу пытанне», — запэўніў Ігар Яўсееў.

Дарэчы, такім жа складам заяўнікі раней звярталіся да старшыні Мінаблвыканкама падчас асабістага прыёму ў Барысаве. Анатоль Ісачанка даў даручэнне адпаведным службам часова прыпыніць работу прадпрыемства да высвятлення ўсіх абставін справы. Журналіст «Звязды» па заканчэнні прыёму выязджала на месца канфлікту. Аказалася, што жыхары вёскі раздзяліліся на два лагеры: адзін супраць прадпрымальніка, іншы — за яго гарой. Маўляў, ён дроў дасць бясплатна, і дарогу расчысціць зімой ад снегу, і матэрыялы для рамонту старога моста выдзеліў. Што ні чалавек, то сваё меркаванне.

Ігар Яўсееў не толькі правёў прыём грамадзян, але і наведаў сельгасарганізацыі раёна, дзе азнаёміўся з ходам пасяўной. «У Мінскай вобласці веснавыя работы на палях ідуць у штатным рэжыме, — канстатаваў ён. — Раннія яравыя збожжавыя пасеяны, паскоранымі тэмпамі хлебаробы сеюць кукурузу, лён. Мяркую, Міншчына ў пазначаны тэрмін і годна завершыць пасяўную кампанію».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Існавала павер'е, што на Русальны тыдзень нельга хадзіць у лес

Існавала павер'е, што на Русальны тыдзень нельга хадзіць у лес

«Прыйшло лета, спякота, і мы ўсё часцей і часцей ідзём на рэчку».

Грамадства

Першая зімоўка на Паўднёвым полюсе можа адбыцца ў 2020 годзе

Першая зімоўка на Паўднёвым полюсе можа адбыцца ў 2020 годзе

«Знаходжанне беларускіх палярнікаў у Антарктыдзе — гэта не вандроўка натуралістаў».

Спорт

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Ён быў падрыхтаваны адмыслова напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў.

Грамадства

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

Сярод знаходак — нямала сенсацый.