Вы тут

Як аднаўляюцца тэрыторыі, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы


У выніку катастрофы на ЧАЭС на тэрыторыі радыяцыйнага забруджвання аказалася 3678 беларускіх населеных пунктаў, у якіх пражывала звыш двух мільёнаў чалавек. 479 населеных пунктаў спынілі існаванне. З пацярпелых тэрыторый адселена 137,7 тысячы чалавек, з іх 75 працэнтаў — жыхары Гомельскай вобласці. Акрамя арганізаванай эвакуацыі, яшчэ каля 200 тысяч чалавек самастойна пакінулі свае дамы... Доўгія гады моладзь працягвала з'язджаць з праблемных зон. Але сёння з'явілася надзея, што ў многіх раёнах жыццё адновіцца. За тыя гады, што мінулі пасля катастрофы, плошча забруджвання стронцыем скарацілася амаль у два разы, цэзіем — у 1,7 раза.


«З 1986-га да 2016 года з забруджаных зон выведзена 1485 населеных пунктаў, ці 40 працэнтаў. Спіс перагледжваецца раз на пяць гадоў і карэктуецца пасля абавязковага ўдакладняючага радыялагічнага абследавання дадзеных населеных пунктаў. Больш за ўсё населеных пунктаў — 1813 (ці 83 працэнты) — знаходзіцца ў зоне з перыядычным радыяцыйным кантролем. З 1986-га да 2018 года колькасць насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі забруджвання, у тым ліку і за кошт пераходу часткі населеных пунктаў у больш чыстыя зоны, зменшылася на 1 мільён 87 тысяч (амаль на палову) і на 1 студзеня 2019 года складае 1 мільён 112 тысяч чалавек», — паведаміў падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры намеснік начальніка Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Пётр Нікалаенка.

Скарачэнне колькасці населеных пунктаў, якія адносяцца да зоны забруджвання, будзе адбывацца і надалей. Па прагнозах да 2020 года іх будзе 2050, да 2050 года — 1218.

Да тэрыторыі радыяцыйнага забруджвання адносяцца 19 раёнаў Гомельскай вобласці, 13 — Магілёўскай, 4 — Брэсцкай, 10 — Мінскай і 3 — Гродзенскай.

Як паведаміў Пётр Нікалаенка, у межах дзяржпраграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС за 2016—2020 гады плануецца выкарыстаць 2 мільярды 510 мільёнаў рублёў. Большасць з гэтых сродкаў пойдзе на сацыяльную абарону, медыцынскае забеспячэнне і аздараўленне насельніцтва. Так, сёння на дыспансерным уліку знаходзіцца каля паўтара мільёна жыхароў праблемных тэрыторый. Летась медагляд прайшлі 1 мільён 478 тысяч чалавек (гэта 98,5 %). Санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленнне прайшлі ў 2018 годзе 97,7 тысячы грамадзян, у тым ліку 87,6 тысячы дзяцей. Выдаткі на гэтыя мэты склалі 86,3 мільёна рублёў.

Паступова праца з пацярпелымі тэрыторыямі мяняецца, назіраецца пераход ад рэабілітацыйных мерапрыемстваў да развіцця сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу рэгіёнаў. Ужо многа зроблена для добраўпарадкавання населеных пунктаў, яны газіфікуюцца, пракладаюцца водаправодныя сеткі, будуюцца дарогі, закупляецца транспарт. Узводзяцца і рамантуюцца аб'екты аховы здароўя і адукацыі. Так, у горадзе Ветка праведзены капітальны рамонт гімназіі і ўведзены ў эксплуатацыю басейны. Брагінская бальніца сёння аснашчана добрым абсталяваннем, у Хойніках і іншых гарадах будуюцца школы, жыллё.

Для замацавання спецыялістаў на забруджаных тэрыторыях існуе цэлая праграма. Дзякуючы мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў сёння няма вострага дэфіцыту ўрачоў, настаўнікаў, сельгасработнікаў.

Пад радыяцыйнае забруджванне падпадала каля 23 працэнтаў ляснога фонду Беларусі. 3 1986-га да 2019 года плошча лясоў, забруджаных цэзіем, скарацілася на 420 тысяч гектараў. Сярод асноўных ахоўных мерапрыемстваў — лесааднаўленне і лесаразвядзенне, ахова лясоў ад пажараў (ствараюцца спецыяльныя засцерагальныя палосы, устанаўліваюцца сродкі назірання, тэхнічна аснашчаюцца пажарныя станцыі).

У зонах адчужэння і адсялення знаходзяцца 250 «асірацелых» населеных пунктаў з рэшткамі пабудоў і збудаванняў, 127 помнікаў воінам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, і 270 могілак.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Вяртанне да жыцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».