Вы тут

Сістэма аплаты працы бюджэтнікаў зменіцца


Навацыі датычацца структуры налічэння заробку, але не ўплываюць на яго памер.


Сутнасць змен прадставіла на нядаўнім пасяджэнні сесіі Савета Рэспублікі міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ.

— За перыяд свайго існавання (з пачатку 2000-х гадоў) дзеючая сістэма зведала мноства кропкавых змен, якія, з аднаго боку, былі накіраваны на рашэнне канкрэтных бягучых задач, але, з другога, — прывялі да яе разбалансіроўкі. У выніку маем сістэму аплаты працы, у якой складана разабрацца не толькі самім работнікам, але нават бухгалтарскім службам, — адзначыла яна.

З улікам гэтага была пастаўлена задача па комплексным пераглядзе сістэмы аплаты працы ў бюджэтнай сферы і вызначэнні паўнамоцтваў і задач, што рашаюцца на ўзроўні ўрада, Мінпрацы і сацабароны, іншых міністэрстваў бюджэтнай сферы. Асноўныя падыходы па комплекснай змене сістэмы аплаты працы бюджэтнікаў адлюстраваны ва Указе № 27 ад 18 студзеня 2019 года «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый».

Адным з асноўных палажэнняў дакумента з'яўляецца спрашчэнне структуры заработнай платы ў сувязі з наяўнасцю ў існуючых умовах аплаты працы мноства відаў павышэнняў, надбавак і даплат, якія вылічаюцца з розных баз. З 1 студзеня 2020 года зарплата бюджэтнікаў будзе складацца з акладу, стымулюючых і кампенсуючых выплат.

— У адпаведнасці з нормамі Указа № 27 пры ўвядзенні новай сістэмы аплаты працы норма аб дадатковых мерах стымулявання, якую павінен прадугледжваць кантракт у частцы павышэння тарыфнай стаўкі, падлягае карэкціроўцы. Па гэтай прычыне ўносяцца змены ў Дэкрэт Прэзідэнта ад 26 ліпеня 1999 г. № 29 «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны». У дачыненні да работнікаў бюджэтных арганізацый найменне «павышэнне тарыфнай стаўкі» падлягае замене на «надбаўку», паколькі гэтая выплата з'яўляецца стымулюючай, — растлумачыла міністр.

Варта адзначыць, што ранейшы памер надбаўкі — не больш за 50 % ад акладу работніка — застаецца нязменным.

Ці закране гэта работнікаў небюджэтнай галіны? Як растлумачыла Ірына Касцевіч, для захавання існуючай сістэмы аплаты працы ў арганізацыях рэальнага сектара эканомікі для работнікаў норма аб дадатковых мерах стымулявання ў частцы павышэння тарыфнай стаўкі ці тарыфнага акладу застаецца без змен.

Па словах міністра, рэалізацыя дэкрэта не паўплывае на велічыню даходаў і расходаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, паколькі змены носяць выключна рэдакцыйны характар.

Міхаіл СІЦЬКО, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, пацікавіўся, наколькі зменіцца ўзровень аплаты працы работнікаў бюджэтных і прыраўнаваных да іх арганізацый у сувязі з адыходам ад «тарыфнай стаўкі»?

— Дакумент накіраваны выключна на спрашчэнне сістэмы фарміравання аплаты працы, і ў ім ёсць норма не дапусціць паніжэння заработнай платы. Указ — гэта ўдасканаленне сістэмы, а падвышэнне — гэта іншыя крокі, якія мы будзем рабіць для таго, каб у рамках новай сістэмы падняць заработную плату бюджэтнікаў, — растлумачыла Ірына Касцевіч.

Нагадаем, што павышэнне заробкаў бюджэтнікаў сёлета анансаваў міністр фінансаў Максім ЕРМАЛОВІЧ на сумесным пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі і Савета Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце.

— За кошт якіх сродкаў або якога артыкула бюджэту будуць выплачвацца надбаўкі па кантрактах? — пацікавіўся Рыгор БЫСЮК, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы.

Як падкрэсліла міністр працы і сацыяльнай абароны, у бюджэтных арганізацыях адна крыніца — бюджэт (рэспубліканскі ці мясцовы). І менавіта адтуль накіроўваюцца рэсурсы для выдзялення надбаўкі за кантракт.

Ці можна наймальніку выкарыстоўваць на гэтыя мэты сродкі, атрыманыя па іншых артыкулах, скажам, ад эканоміі электраэнергіі?

— Тут выключна бюджэтныя рэсурсы, але для гэтага ў нас з вамі ёсць іншыя стымулюючыя і кампенсуючыя выплаты, якія будуць дазваляць кіраўніку павышаць заработную плату работніку, — растлумачыла Ірына Касцевіч. — Рычагі ёсць, трэба толькі зарабляць, каб скарыстацца імі.

Рыгор ДВОРАК, член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, задаў пытанне аб аб'ёме сродкаў, зрасходаваных летась на рэалізацыю дадатковых гарантый тым, хто працуе па кантрактах, прадугледжаных Дэкрэтам № 29, і сярэдняй суме ў разліку на аднаго бюджэтніка.

— У 2018 годзе гэтая лічба складала больш за 430 мільёнаў рублёў. Паколькі на кантрактнай форме найму ў бюджэтнай сферы працуе каля 180 тысяч чалавек, то сярэдняя экспертная ацэнка — 40—45 рублёў у месяц, — адказала міністр.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».