Вы тут

Аднойчы праз дваццаць гадоў


Вясна дваццаць гадоў таму была на дзіва халодная — бульбу на пачатку мая садзілі ў ватоўках і гумовых ботах. Кожную ноч былі замаразкі, і гаспадыні, якія паспяшаліся высадзіць у парнікі памідоры ды перцы, па вечарах насілі туды тазы ды каструлі з гарачым вуголлем, у квітнеючых садах на змярканні палілі вогнішчы, а пасля закідвалі сырой травой — каб шчыльны дым бараніў кветкі яблынь, вішань ды груш ад пагібелі. Людзі, чакаючы цяпла, як мы сёлета чакаем дажджу, кідалі насенне ў зямлю і спадзяваліся на лепшае...


Фота: booking.com

Адкуль я ведаю такія сінаптычныя падрабязнасці дваццацігадовай даўніны? Проста аднойчы праз дваццаць гадоў, наводзячы парадак да Вялікадня ўсюды, у тым ліку і ў «архівах», знайшла пажаўцелую ўжо ад часу газетную выразку, датаваную 11 мая 1999 года. «Халодны травень 99-га» называўся той матэрыял. Дзіўна было перачытваць яго, вяртаючыся думкамі ў мінулае тысячагоддзе — гэткая своеасаблівая старонка з ненапісанага дзённіка. За дваццаць гадоў шмат чаго адбылося ў жыцці, нават вясна стала больш ранняй і цёплай. Людзі, іх побыт у многім змяніліся... Зрэшты, ці ў многім?

Вось я пісала, напрыклад, тады пра дачнікаў. «Шчасліўчыкі абжыліся, пабудаваўшы невялікія хаты-«шпакоўні». Некаму ўдалося танна купіць у наваколлі старую хату ці хлеў і перавезці на ўчастак. Хтосьці прывалок аднекуль стары будаўнічы вагончык. Але нямала ўчасткаў, на якіх, акрамя прыбіральні (яе, калі далекавата лес, будуюць у першую чаргу), градак ды кустоў і дрэўцаў, нічога няма... Добра, калі ва ўладальнікаў такіх участкаў ёсць «запарожац» ці «аўдзі» 74-га года выпуску.... Але багатых, нават на ўзроўні такой «раскошы», як дабіты аўтамабіль, у нас нямнога. Таму з пачаткам дачнага сезона пачынаецца сезон баталій у прыгарадным транспарце»...

Не верыцца нават, што так было, праўда? Цяпер, як толькі распачнецца сезон, у суботу з раніцы не выехаць з горада, у нядзелю ўвечары — не ўехаць у горад, столькі «дачных» машын. Прыстойнага выгляду іншамаркі (мець машыну, старэйшую за пятнаццаць гадоў, сёння лічыцца дрэнным тонам) ці зусім новенькія «джылі» імчаць сваіх гаспадароў і іх хатніх гадаванцаў да дагледжаных домікаў (і мала ў якіх цяпер няма другога паверха). У прыгарадных аўтобусах ездзяць толькі бабулі, калі дзецям або ўнукам няма часу падвезці на машыне, ды моладзь, што свайго аўтамабіля яшчэ не набыла...

Але нязменнымі застаюцца калівы памідораў і перцаў, што пагойдваюцца ў салоне аўто побач з галовамі пасажыраў, маладыя дрэўцы, што вытыркаюцца з прыадчыненых багажнікаў, вірлівыя натоўпы ў аддзелах магазінаў, дзе прадаецца «ўсё для дачы». Здавалася б, вунь колькі садавіны-гародніны ў крамах і на рынках. Круглы год, і свежай, і кансерваванай. Калі палічыць, куплёнае і абыдзецца танней (ваша пакорная слуга на адно толькі насенне сёлета больш за сорак рублёў аддала, а на падкормку, укрыццё, садовы рыштунак яшчэ колькі патраціш). Але ж не, бо сваё — гэта сваё! (Жалезная логіка). І гэта адчуванне, хай сабе і імгненнае, незвычайнай узнёсласці, калі вось жа кінутая табой у зямлю сухая дробачка з'яўляецца спачатку невялікай зялёнай дзюбкай, а потым кволым парасткам, які пад тваім клопатам мацнее і мацнее на вачах... Ах, каму я ўсё гэта расказваю, нібыта вы не ведаеце!

Яшчэ я пісала пра вясновыя пажары: «Ішла страшэнная вогненная лавіна, ад кожнага парыву ветру зліваючыся з небам. Было пачуццё страху і безвыходнасці, як у дзяцінстве, калі часта снілася вайна... Людзі ведалі, што пожня загарэлася не ад выпадковай запалкі: так у нас рыхтуюць поле пад ворыва»...

За дваццаць гадоў выратавальнікі і эколагі папрацавалі добра: палеткі ўвесну ў сельгаспрадпрыемствах цяпер ніхто так не «рыхтуе». А вось у простых грамадзян ні экалагічнай свядомасці, ні, выбачайце, розуму, болей не стала. Паляць і, напэўна, яшчэ не раз па дваццаць гадоў будуць паліць, нягледзячы на папярэджанні, на штрафы, на жудасную статыстыку. Сёлета, напрыклад, на вясновых выпальваннях загінулі шэсць чалавек (часцей гэта тыя, хто і падпальваў). Сёння раніцай на захадзе Мінска не было чым дыхаць ад дыму. Толькі за адны суткі па краіне патушылі амаль дзевяноста ўзгаранняў. У ратавальнікаў з'явілася сучасная тэхніка для барацьбы са стыхіяй, але яны па-ранейшаму бяссільныя супраць дурняў з запалкамі...

«Вяскоўцы, якія атрымліваюць менш за гараджан, купляюць самы дарагі і самы нясмачны хлеб. Выбару няма: адзін сорт — чорная «цагліна» вытворчасці мясцовага хлебазавода»...

Цяпер праблем з асартыментам няма. Хлеб можна купіць і мінскі, і барысаўскі, і нават гарадзейскі. А мясцовыя батоны ды ўздзенскае аўсянае пячэнне гараджане вязуць з вёскі ў сталіцу, бо надта смачныя. Цяпер іншы дэфіцыт — пакупнікоў. На зіму ў вёсцы застаецца не больш за два дзясяткі чалавек. Адпаведна, прыбытку краме ніякага, і яна зачыняецца, ездзіць некалькі разоў на тыдзень крама на колах. Але ж гэта зусім не тое. Таму перад дачным сезонам заўжды хвалюемся: ці адкрыецца на лета крама стацыянарная (тут справа не ў будынку або абсталяванні — усё гэта ёсць, у выдатным стане, а ў тым, ці знойдуцца ахвотныя ў ёй працаваць). Сёлета, дзякуй богу, прадавачку знайшлі. Крама з красавіка працуе. Можна ўздыхнуць спакойна і не перабіраць у галаве ўсё, што трэба купіць у вёску, — ад алею да запалак.

«...Яны, канешне, вырошчваюць на бацькоўскім агародзе бульбу і да бульбы на зіму. Але галоўнае, для іх, бадай, не гэта. Галоўнае для іх — ціхі надвячорак, калі можна прысесці на лаўку і нетаропка пагутарыць з суседзямі. Галоўнае — брамка на старым плоце, якая рыпіць гэтак жа, як і дваццаць гадоў таму, і з-за якой, здаецца, вось-вось выгляне нябожчыца-маці. Гэтыя людзі прыязджаюць у вёску не па харчы, яны прыязджаюць у вёску самі па сябе, нярэдка, праўда, гэтага не ўсведамляючы...»

Неразумнае дзяўчо, адкуль у далёкім 99-м я ведала, што праз дваццаць гадоў будзе менавіта так?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.

Грамадства

 Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Нудна больш не будзе. Гэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.