Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Добрая жонка і дома рай, а благая — хоць цягу дай

Мая сястра жыве ў суседняй вобласці. Неяк тэлефаную ёй, пытаюся, чым займаецца? «Ай, — кажа, — адбілася ад работы, як Антосіха ад кроснаў». І далей ідуць падрабязнасці: маўляў у нейкага там Антося цікавая жонка была: кросны (ткацкі станок і, дарэчы, досыць грувасткі...) у хаце паставіла, а за ткацтва так і не села — рукі не дайшлі. Вось адтуль і пагалоска: пра чалавека, які штосьці распачаў ды не скончыў, у тых мясцінах да сёння кажуць, што ад работы адбіўся...

З кроснамі ды нашым лёнам такія нумары вельмі рэдка праходзілі. Капрызная гэта культура: вымагала працы ды клопату, прычым не столькі ў вырошчванні...

Сарваны да абмалочаны, лён звозілі са сцелішчаў, дзе ён мок у расе і дажджах, грэўся пад сонейкам, потым сушылі ды мялі (пажадана за дзень, пакуль сцяблінкі сухія і цёплыя), потым цэлы месяц (нездарма яго празвалі кастрычнікам) трапалі (ачышчалі ад кастры) і часалі — адлучалі доўгае і тонкае валакно (кужаль) ад кароткага (зрэб'я).

Затым наступаў час прасці — ніткі рабіць з тога кужалю, зрэб'я, воўны. Ды пры лямпе, газніцы, лучыне...

І толькі нарэшце, калі дзень ужо добра большаў, у пакоях ставілі кросны, каб наткаць ручнікоў, абрусаў, сукна, палатна да Вялікадня, каб перад святам ачысціць хату.

А хто не паспеў гэта зрабіць, — той сапраўды спазніўся, бо па свяце пачыналіся работы на гародзе ды ў полі, і тады ўжо не да ткацтва было: кросны ўсё лета маглі ў хаце прастаяць патарочай-замінішчам.

...Дык вось. Жыла ў адной вёсцы цікавая сямейка. Гаспадар там быў здольны музыка, скрыпач: дома не стыкаўся, можна сказаць, бо ўся акруга запрашала яго іграць на розных бяседах. А вось гаспадыня была нядбайніца, пусці-павалюся, як той казаў. Ёй абы дзень да вечара: лён ва ўсякім разе аж да Каляд пад сцяной не змяты ляжаў.

А тут і свята надышло — багатая куцця, Вадохрышча. Моладзь (а яе тады ў вёсках багата было) варажыць стала ды розныя штукі выкідваць: то ўсе брамкі ў людзей паздымае, у агульную кучу пазносіць, то вёдры-каромыслы з двара ў двор паперакідвае, то дзверы пазавязвае, то на коміны шкла паложыць (неба відаць, як быццам, а дым на хату ідзе), то...

Завіталі гэтыя гарэзы і ў двор да скрыпача, пад сцяною лён агледзелі. А далей...

Гаспадар — яны гэта добра ведалі — на чарговае ігрышча пайшоў, гаспадыня спіць як пшаніцу прадаўшы. Так што смела яны падагналі каня, на сані пагрузілі лён ды і павезлі ў іншую вёску.

Раніцай скрыпач, вядома ж, згледзеў прапажу, без сабакі «ўзяў след» каня, прайшоў па ім і ўбачыў, што лён апынуўся пад вокнамі ў маладой удавіцы Арынкі. Гаспадар яе загінуў, у хаце чацвёра дзяцей... Усё, карацей, як у прымаўцы: гора плача, гора скача, гора песенькі пяе...

Так што скрыпач, можа, калі і «падыграў» яму — паглядзеў на Арынку-гаротніцу, можа, усміхаўся калі, каб нос не вешала... Ад вёскі ж нічога не схаваеш: хлопцы ведалі, куды лён завезці.

...Казалі, Скрыпчыха пасля гэтага як быццам крыху схамянулася — пабаялася страціць мужа — узялася за работу, за гаспадарку. Але з часам паглядзела, што той з сям'і не сыходзіць (тады неяк моды не было, каб жонак мяняць), ды і супакоілася.

Так што лянок яе, з'ездзіўшы ў госці і прыехаўшы назад, па-ранейшаму ляжаў пад сцяной.

Леанарда Аляшэвіч, г. Смаргонь


Маё лебядзінае... возера

Некалі ў вельмі ўжо далёкай маладосці я займалася стралковым спортам, выступала ў зборнай горада, і вось неяк раз нашу каманду (пяць хлопцаў і я, за галоўнага Валодзя Дабравольскі) накіравалі на спаборніцтвы ў Мінск. Мы паехалі на грузавой машыне, пад тэнтам.

Каля пераезда, як зараз помню, грузавік спыніўся (шлагбаум быў закрыты), і да нас падышоў нейкі дзядзька. Паглядзеў у кузаў (мы са стрэльбамі, у ватоўках, у такіх жа падшываных цёплых портках) ды пытаецца, хто ж мы будзем ды куды кіруемся? Я, не падумаўшы, адказваю:

— Дабравольцы... А едзем — у В'етнам!

Дзядзька ў адказ:

— А дзетачкі, вы ж такія маладзенькія!.. На халеру вам тая вайна?

На гэтым і рассталіся: дзядзька — заклапочаны — у адзін бок пайшоў, мы — з рогатам — паехалі ў другі.

Бліжэй да вечара апынуліся ў сталоўцы Сувораўскага вучылішча. Там усіх пакармілі і начаваць пакінулі ў нейкім марскім клубе. Я нават падумала, што калі клуб ёсць, дык, можа, і мора блізка?

А назаўтра ўжо было — стрэльбішча і самі спаборніцтвы. Спачатку — сярод дзяўчат. Я паспяхова адстралялася — Валодзя даручэнне дае: пакуль хлопцы выступяць, зганяць у парк Горкага, доўг аддаць.

Мне што — я гэта хуценька. Надзела сукенку (брала з сабой) і павезла. Па дарозе бачу — афіша: вечарам у тэатры мой любімы балет «Лебядзінае возера». Пазайздросціла мінчанам: яны могуць схадзіць... А пад вечар дазналася, што мы яшчэ ноч у Мінску начуем, што машына прыедзе па нас толькі раніцай.

— Хлопцы, — прашу, — хадзем са мной на балет?

Яны ў адказ:

— Ага, табе добра... Нават у оперу, бо ў цябе сукенка ёсць, а нас у ватоўках хто туды пусціць?

— Дык мы, — кажу, — на балкон папросімся... Калі святло патушаць.

Угаварыла, карацей, каманду.

На балконе, апроч нас, і праўда нікога не было. Мы селі на самы першы рад, зайграла музыка, паднялі заслону і... На сцэне пачаўся ну гэткі цуд, ну гэткае хараство! Я ва ўсе вочы глядзела, нават не міргаючы!..

А хлопцы — я выпадкова заўважыла — дружна паснулі. Ведама, пераезд, хваляванні, спаборніцтвы... Ды і нагрузка: 20 стрэлаў лежачы, 20 — з калена, 20 стоячы... У плячо аддача моцная. Вось яны і стаміліся — праспалі ўсё «Лебядзінае возера»! Я ім потым кажу:

— Ну што ж вы так? У тэатр схадзілі... А што ўбачылі-пачулі, што дома раскажаце ды самі ўспомніце?

— Ну як жа што? — яны мне адказваюць, — што ў Чайкоўскага музыка харошая: бач, закалыхала нас...

Раніцай па нашу каманду прыйшла машына, мы паехалі дамоў. Хлопцы — спакойна, можна сказаць, без ніякіх прыгод-перамог, а я — з першым месцам, з граматай, але ж галоўнае — з незабыўным уражаннем ад «Лебядзінага возера».

М. Любаскіна, г. Бабруйск


Горка!..

Гадоў шэсцьдзясят таму на маёй малой радзіме, на Крычаўшчыне, вяселляў амаль не спраўлялі: маладыя распішуцца паціху ды ўсё. Ведама, разруха, пасляваенная бедната — не да гуляў было... Калі ж нехта з людзей такі адважваўся, збіраў на вяселле гасцей, то стараўся, каб яно і праўда было вясёлае, каб бяседнікі не ўборамі сваімі хваліліся і не падарункамі, а гаспадары — зусім не багатымі сталамі. На баль запрашаўся добры гарманіст (у бубен мог пастукаць і нехта з гасцей), а ў «дапамогу» яму — самыя галасістыя пяюхі, самыя здатныя танцоры (нават калі ніякай раднёй не былі). І ўжо тыя, пасля пачастункаў, пачыналі свае выступленні: госці з боку нявесты — літаральна страчвалі галасы, адрывалі падэшвы на бяседзе ў жаніха і наадварот — госці жаніха з найлепшага боку стараліся паказаць сябе ў доме нявесты. Карацей, уражанняў ды размоў на паўгода потым было!

Але ж адно вяселле ў гісторыю ўвайшло зусім не весялосцю...

Тыя маладыя досыць адметныя былі: жаніх — майстрам працаваў на цэментным заводзе і, расказвалі, майстрам лічыўся — на тое, каб мазгі дзеўкам пудрыць, каб любоў круціць. А што — хлопец відны...

І нявеста яму да пары — настаўніца, прыгажуня, з прыстойнай сям'і.

Вяселле бацькі ім багатае зладзілі. І пакуль гулялі ў хаце маладой, усё неяк па-людску ішло, бо сям'ю гэту ў вёсцы паважалі, дзяўчыну любілі, радаваліся, што такі прыгожы хлопец замуж бярэ. А вось у маладога ўсё наперакос пайшло, прычым ад самага пачатку. Госці толькі сабраліся, толькі паселі за сталы, толькі выпілі па чарцы-другой ды нечага пакаштавалі, як раптам сталі... хуценька падымацца, вылазіць з-за сталоў ды выскокваць за дзверы — па адным, па два...

Што цікава, назад ніхто з іх не вяртаўся — пусцела хата. Ніякай там гамонкі, песень ды танцаў... Горка, у поўным сэнсе гэтага слова, маладым, горка гаспадарам, а ўжо гасцям... Тыя, бедныя, не ведалі, куды бегчы, што рабіць і як ім ратавацца?!

...Не ў памяці ўжо, ці прыязджала тады «хуткая», ці забірала каго ў бальніцу? Па дамах — дык дакладна развозілі... Прычым, расказвалі, што шафёр (ён жа адзін з гасцей) за рулём у жончынай спадніцы сядзеў. І ўвесь час спыняўся, каб альбо самому да ветру адскочыць, альбо пасажыраў выпусціць.

Нехта гаварыў, што ў гэтым вінавата было надвор'е: дні стаялі вельмі гарачыя, а халадзільнікі мала хто меў. Нехта ўспамінаў, з якімі дзеўкамі жаніх раманы круціў — каторая з іх магла вось гэтак адпомсціць?

...А ў горадзе з тых часоў людзі за правіла ўзялі: да кухні, да прадуктаў, рыхтуючы бяседу, нікога чужога і блізка не падпускаць. То-бок вучыўся народ акуратнасці, глядзеў, каб не паўтарылася, крый бог, тое вяселле.

А можа і хлопец які задумаўся?

Л. Міхалевіч, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж чарговае і шчырае: «Пішыце», бо ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца, — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены на пачатку наступнага года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?