Вы тут

У Мінску пройдзе канферэнцыя па ініцыятыве «Адзін пояс, адзін шлях»


Зусім хутка — з 28 да 30 красавіка — у Мінску адбудзецца ІІ Міжнародная парламенцкая канферэнцыя Групы падтрымкі Шаўковага шляху Парламенцкай асамблеі АБСЕ «Адзін пояс, адзін шлях: паглыбленне супрацоўніцтва ў імя ўстойлівага развіцця і росквіту». На брыфінгу намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Баляслаў Пірштук расказаў пра падрыхтоўку да правядзення гэтага маштабнага мерапрыемства.


Ён нагадаў, што Група падтрымкі Шаўковага шляху была створана ў Мінску ў час правядзення 26-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ ў 2017 годзе. Тады было 17 краін-удзельніц — усе яны выказалі жаданне і ўвайшлі ў гэтую Групу. За два няпоўныя гады дадалося яшчэ сем краін. Сярод удзельніц у тым ліку і краіны Еўрасаюза, такія, як Італія, Іспанія, Францыя, Польшча, Румынія.

«Беларускі бок, безумоўна, зацікаўлены ў тым, каб мы стварылі такую іміджавую пляцоўку, чарговы раз прыцягнулі ўвагу буйных партнёраў. Мы не ўтойваем, што наш парадак дня ў асноўным будзе працяты эканамічным блокам пытанняў. Перш за ўсё, гэта інвестыцыйная прывабнасць, — сказаў Баляслаў Пірштук. — Другое: мы з'яўляемся сувязным мостам паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Еўрасаюзам. У нас вельмі добрая інфраструктура, магутная лагістыка, таму па вялікім рахунку ў еўрапейцаў няма іншых калідораў, па якіх яны маглі б камунікаваць з асноўнымі партнёрамі з Захаду і Усходу».

Паводле яго слоў, Група падтрымкі Шаўковага шляху імкнецца не дубляваць функцыі АБСЕ — больш палітызаванай структуры. «Задача гэтай Групы, — зазначыў ён, — знайсці новую нішу, не паўтараючыся».

Акрамя таго, Баляслаў Пірштук расказаў, што на ІІ Міжнароднай парламенцкай канферэнцыі Групы падтрымкі Шаўковага шляху Парламенцкай асамблеі АБСЕ будзе прыняты важны дакумент. «Мы будзем прымаць Мінскую дэкларацыю. І мы спрабуем там закласці пэўныя тэзісы і пасылы, якія былі б блізкія і зразумелыя не толькі ў Беларусі, але каб нашы партнёры былі зацікаўлены ў супрацоўніцтве. Гэта значыць, наша мэта — не проста сябе паказаць, а прыцягнуць прыхільнікаў», — растлумачыў парламентарый.

У самой дэкларацыі няма жорсткіх абавязацельстваў і тэрмінаў, проста абвяшчаюцца пэўныя тэзісы і гучыць запрашэнне да супрацоўніцтва. Дарэчы, гэта не беларуская дэкларацыя, а дэкларацыя краін-удзельніц Групы. «Мы вельмі мірныя тэмы прапануем — працаваць над ростам эканомікі, павышэннем ўзроўню дабрабыту, стабільнасці, бяспекі ў рэгіёнах», — паведаміў ён.

Безумоўна, Беларусь на гэтай канферэнцыі пакажа свае практычныя магчымасці. Напрыклад, індустрыяльны парк. Пры гэтым намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу: важны не проста прыход інвестара і адкрыццё вытворчасцяў. Важна, каб высокатэхналагічную прадукцыю можна было прапанаваць партнёрам. «Экспартны складнік у нас, безумоўна, захаваецца досыць вялікі. Усё, што мы будзем вырабляць звыш тых аб'ёмаў, якія мы робім сёння, — зразумела, іх трэба прадаваць на экспарт. Каму? Вядома, хацелася б у Еўропу», — дадаў Баляслаў Пірштук.

Парламентарый таксама адзначыў, што ў рамках канферэнцыі акцэнт будзе зроблены на інавацыі, новыя тэхналогіі і лічбавую эканоміку. «Усё гэта неабходна для суправаджэння тых праектаў, якія будуць вырастаць вакол маршруту», — сказаў ён.

Пры гэтым Баляслаў Пірштук падкрэсліў: важна, каб лічбавізацыя працяла ўсе сферы жыццядзейнасці. І гэтыя тэхналогіі вельмі нядрэнна развітыя ў беларускіх партнёраў — напрыклад, у Швейцарыі. Можна выкарыстаць яе вопыт. У цэлым, у нас наладжаны добрыя кантакты і з Італіяй, Іспаніяй. «Германія — пакуль не член гэтай Групы, але таксама зацікаўлена», — расказаў ён і дадаў, што па пэўнай інфармацыі згаданая дзяржава можа летам папоўніць склад удзельнікаў Групы.

Ён таксама звярнуў увагу, што Беларусь у апошнія гады пазіцыянуецца як паспяховая міратворчая пляцоўка. «І заўважце, колькі вялікіх сур'ёзных палітычных мерапрыемстваў прайшло ў нас апошнім часам. Вядома, гэта дзякуючы ў цэлым пазіцыі дзяржавы, яе кіраўніка, МЗС краіны, — адзначыў парламентарый. — Мы бачым, якія адносіны да нас на розных міжнародных форумах, у якіх мы ўдзельнічаем».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: У аснове парадку дня — эканоміка

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.