Вы тут

Змей. Пра тых, хто побач


У Мінску прэзентавалі кнігу Уладзіслава Місевіча «Песняры. Я раман з працягам пішу…»


Паліца выданняў, што распавядаюць пра гісторыю, асоб нашага, бадай, самага папулярнага гурта «Песняры», папоўнілася новым томам. «Песняразнаўства» — так пра гэтую серыю, якая склалася хаатычна, жартам і сур’ёзна кажуць прыхільнікі.

Ад ідэі выдання да яго ўвасаблення ў жыццё прайшло амаль чатыры гады. Ды і назву выбралі не адразу. Змей — такая мянушка была ў «Песнярах» у Влада Місевіча, ён быў гонарам і здаровым сэнсам усёй каманды, таму першапачаткова меркавалі назваць мемуары ў суадносінах з гэтым свойскім іменем. Але спыніліся на знакамітым радку з «Волагды».

Як кажуць аўтары, першы тыраж выдання — тры тысячы асобнікаў — ужо амаль разышоўся. Зараз дадрукоўваюць наступныя. Як гэта ні дзіўна, але найлепш прадаецца кніга ў Расіі, а ў нас — праз інтэрнэт-краму oz.by ды сетку «Белкніга».

— Усе паверылі ў нас, у тое, што кніга будзе, — кажа аўтар, адзін з тых знакамітых «Песняроў» Уладзіслаў Місевіч. — І зараз, калі кніга ўжо ёсць, прыемна бачыць, што яна запатрабаваная. Быў у нас канцэрт у Маскве, дык у той зале нават не хапіла асобнікаў для ўсіх, хто імкнуўся набыць выданне.

— Калі працавалі, хацелася, каб веды пра «Песняроў» ператварыліся ў словы, а не проста паляцелі кудысьці ў сусвет, — разважае аўтар ідэі кнігі Аляксандр Кацікаў. — Каб маладзейшыя прыслухоўваліся да таго, чым кіраваліся музыканты, што сталі кумірамі мільёнаў. Іх кружэлкі разляталіся неверагоднымі да Савецкага Саюза накладамі. У музеі «Песняроў» можна пабачыць узнагароду «Залаты дыск», дзе пазначаны неверагодны на сёння тыраж: 14 мільёнаў асобнікаў. Вельмі хацелася б, каб гэты досвед перадаваўся новым пакаленням.

Так, гучанне «Песняроў» многія нашы сучаснікі-музыканты назвалі б цёплым, як кажуць сёння, «лямпавым». Такі гук сапраўды складана ўявіць у час панавання камп’ютарных праграм гуказапісу. У 1960—80-я гады запіс думак, рэпетыцыі займалі большасць часу. Так, начамі пісалі партытуры, рвалі іх, выкідвалі ў сметніцу. Гэты працэс быў бясконцы.

У выданні падаюцца не толькі звесткі пра пэўную падзею, але і аналіз аўтара, яго асабістае меркаванне.

— Мы паказалі максімальна магчымы спектр матэрыялаў, хацелі ахапіць і ўспаміны самога Уладзіслава Місевіча, і яго калег, — разважае кансультант Сяргей Трафілаў. — Адсюль «Песняры» бяруць свае карані, важна, што фактычна кожная падзея ў гісторыі гурта ў кнізе адлюстравана з дапамогай фотаздымка.

Мемуары — вельмі шматгранны жанр літаратуры. Так, аўтару цяжка заставацца аб’ектыўным, не прыхарошваць сябе, не знаходзіць апраўданняў сваім учынкам.

Уладзіслаў Місевіч распавядае пра кнігу «Песняры. Я раман з працягам пішу...»

— Пры напісанні кнігі было складана не адстаць ад праўды, — прызнаецца Уладзіслаў Місевіч. — Асабліва цяжка пісаць пра тых, хто побач. Але пакуль ніхто не наракаў на праўдзівасць, ніхто не даў кулаком мне ў твар (Смяецца.), таму ўсё добра. У кожнага з нас, «Песняроў», свае ўспаміны, свая праўда, кожны з нас пражыў у гурце вялікую частку жыцця. І важна: за гэтыя паўстагоддзя, якія сёлета святкуюць «Песняры», мы не разгубілі свае каштоўнасці, захавалі сваю праўду.

Дарэчы, сам Уладзіслаў Місевіч не адмаўляе ролю выпадку ў яго лёсе. Нарадзіўся ў Аранбургу, рос у звычайнай сям’і, але праз розныя абставіны апынуўся ў Беларусі, у «Песнярах».

— Напэўна, пашанцавала схапіць удачу за хвост, — кажа ён. — Былі і больш таленавітыя, здольныя.

А мы ўпэўнены: не проста пашанцавала. Удача даецца толькі моцным.

Аматарам «Песняроў» сёння можна не толькі слухаць іх запісы, але і чытаць кнігі. Так, у 2004 годзе ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга «Уладзімір Мулявін. Нота лёсу». У 2016-м тут жа пабачыла свет выданне Людмілы Крушынскай «Уладзімір Мулявін. Сэрцам і думамі…». Ужо амаль рарытэтная кніга «Уладзімір Мулявін і Лідзія Кармальская. Недаказанае» выйшла сёлета. Асобнымі выданнямі друкаваліся ўспаміны Леаніда Барткевіча і Валерыя Дайнекі.

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.