Вы тут

Колеру Сонца, сімвалу жыцця


Вялікдзень ужо зусім блізка. Таму тыдзень, што папярэднічае гэтаму, бадай, самаму важнаму святу гадавога цыкла, якое гарманічна аб’ядноўвае хрысціянскі і народны календары, зазвычай напоўнены справамі па гаспадарцы. Паводле традыцыі беларусаў, да святкавання варта рыхтавацца загадзя: не толькі прыводзіць у парадак думкі, ісці да споведзі (хаця б раз на год), але і ўпарадкаваць прастору вакол сябе. І хай значныя велікодныя абрадавыя дзеі ў нашай краіне раздзеленыя ў часе паміж каталікамі і праваслаўнымі, у нас не бывае спрэчак пра «сваё» і «чужое» свята. Больш за тое, у многіх сем’ях святкуюць два Вялікадні запар.


Так, учора, у Чысты чацвер, усе дбайныя гаспадыні-каталічкі надзвычай старанна прыбралі хаты. Сёння, у Вялікую пятніцу, Вялікі пост вымагае аскетызму ў ежы і паводзінах. Але, тым не менш, ужо зараз, каб усё паспець, варта рыхтавацца да свята, фарбаваць яйкі, пячы духмянага барана ці зайца (як гэта робяць на Мёршчыне), ляпіць барана са свежага масла, як спрадвек заведзена на Глыбоччыне, разам з дзецьмі развучваць вершы і песні, з якімі яны ўжо праз два дні пойдуць валачаваць па вёсцы з «Алялюяй». Дарэчы, старажытная традыцыя валачавання захавалася ў нашай краіне толькі ўрыўкава — сярод каталікоў і праваслаўных на Віцебшчыне і сярод каталікоў на Гродзеншчыне.

Як сцвярджаюць этнолагі, карані святкавання Вялікадня хаваюцца ў дахрысціянскіх часах, калі нашы далёкія продкі лічылі, што птушынае яйка, якое ўтрымлівае ў сабе будучае жыццё, — сімвал абуджэння прыроды пасля зімовага сну, увасабленне яе творчых сіл, сведчанне чалавечага дабрабыту і згоды. Таму і прымеркавалі гэты сімвал да Вялікадня — найвялікшага свята замляробчага календара, свята пачатку новага сельскагаспадарчага года, калі дзень станавіўся большым за ноч, а прырода абуджалася да новага жыцця. Таму невыпадкова з курынымі яйкамі звязваліся шматлікія абрады і звычаі магічнага, сімвалічнага характару, а каб узмацніць гэтую магію, яйкі па-рознаму дэкаравалі, найчасцей проста фарбавалі ў чырвонае — колер Сонца, сімвал жыцця.

З прыняццем хрысціянства афіцыйная рэлігія на першым часе спрабавала змагацца з паганскімі вераваннямі і звычаямі, але, убачыўшы марнасць такога змагання, паступіла разумна і прадбачліва: прымеркавала да традыцыйнага веснавога свята хрысціянскае свята Уваскрэсення Хрыста — Пасху, знайшла месца і адпаведнае тлумачэнне колішнім звычаям і абрадам. У выніку дэкараваныя курыныя яйкі — ці аднатонна афарбаваныя крашанкі, ці ўпрыгожаныя рознымі ўзорамі пісанкі — увайшлі ў хрысціянскую абраднасць.

Іх і сёння асвячаюць у царкве або касцёле, раздаюць дзецям, валачобнікам. Шырока ўжываліся яны для розных гульняў і забаваў: качання ў нахільным жалабку, выбівання — стукання канцамі пісанак ці крашанак, каб вызначыць, чыя мацнейшая. Не забыліся нашы сучаснікі і на старажытныя паганскія звычаі: пакласці яйка на парозе хлява перад выганам жывёлы ў поле, каб забяспечыць яе здароўе і плоднасць, або прынесці яго на могілкі ў дзень памінання продкаў.

Сёння шмат ідзе размоў пра тое, як варта фарбаваць яйкі на Вялікдзень, а майстэрства стварэння пісанак з мястэчка Сапоцкін, што ў Гродзенскім раёне, нават унесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Але ж ніхто не наважыцца спрачацца, што самым танным і экалагічным застаецца спосаб фарбавання ў настоі цыбульнага шалупіння (цыбульніку). З дапамогай выразаных з паперы фігурак, што прымотваліся гумкай ці ніткамі да яйка, можна ствараць на такіх крашанках адмысловыя ўзоры.

Яшчэ не так даўно быў жывы старажытны звычай дэкаравання яек узорамі з ужываннем даўняй тэхнікі васкавання. На паверхню яйка наносілі ўзоры з растопленага воску, іх можна рабіць звычайнай палачкай. Яйкі з нанесеным васковым узорам апускалі ў фарбавальнік — найчасцей сімвалічнага чырвонага колеру, розныя адценні якога даваў цыбульнік. Чорна-карычневы колер атрымлівалі настоем альховай кары і ржавага жалеза, карычневы — з шалупіння грэчкі, светла-зялёны — зялёнага жыта, жоўты — яблыневай кары. Пафарбаваныя яйкі вымалі з настою, падсушвалі, падагравалі і сціралі васковы ўзор. На каляровым фоне атрымліваўся выразны белы малюнак.

Здаўна ў беларускіх вёсках паміж гаспадынямі ішло спаборніцтва: чые фарбаваныя яйкі чырванейшыя, ярчэйшыя, прыгажэй аздобленыя. Ды і валачонае для валачобнікаў стараліся падрыхтваць самым смачным — яго ж пабачыць уся вёска.

Сёння інтэрнэт прапануе гаспадыням процьму варыянтаў фарбавання яек, у кожнай краме вылучаная асобная вітрына з фарбамі ды адметнымі ўзорамі, але ці не лепш звярнуцца да каранёў? Продкі кепскага не параяць.

Марына ВЕСЯЛУХА,

Яўген САХУТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.