Вы тут

Асоба эпохі і жыццё ў свеце маланак. Маладзечна запрашае


У Маладзечне актыўна рыхтуюцца да адной з самых значных культурных падзей горада і краіны — XІХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна — 2019» запрашае!», які адбудзецца 7—8 чэрвеня. Сёлетняе свята будзе прысвечана 75-годдзю з Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году малой радзімы. Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася, чым парадуе фестываль жыхароў і шматлікіх гасцей, што новага яны змогуць пабачыць гэтым разам.


— У першы дзень канцэртная зала Палаца культуры запрашае на ІІ тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні пад фанаграму. Сваё майстэрства тут пакажуць артысты-пачаткоўцы з усіх абласцей Беларусі і сталіцы, — расказалі арганізатары свята. — А ІІІ тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні распачнецца на сцэне Палаца культуры ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Паэтычная пляцоўка «Мой родны кут, як ты мне мілы» з удзелам беларускіх паэтаў будзе працаваць у канцэртнай зале Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў. У зале ўрачыстасцяў Палаца культуры адбудзецца інтэрв'ю з вядомымі асобамі ў межах аўтарскай праграмы «Суразмоўцы» пісьменніка Навума Гальпяровіча. Навум Якаўлевіч закране актуальныя праблемы сучаснасці, развіцця беларускай літаратуры, ролі роднай мовы ў фарміраванні грамадскай свядомасці і культуры. Дакрануцца да гісторыі можна будзе падчас выстаўкі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Гісторыя вызвалення краіны будзе прадстаўлена ў дакументах, франтавым жывапісе, графіцы, ваенных здымках і газетах. Жыхары і госці Маладзечна змогуць таксама ўбачыць прэм'еру канцэрта «Песні вайны», дзе выступяць салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Падчас канцэрта адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

Святочны феерверк завершыць першы фестывальны дзень. 8 чэрвеня таксама прынясе шмат новага і цікавага. Мерапрыемствы адкрые Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі канцэртам акадэмічнай музыкі творчых калектываў. Прадоўжыць праграму гала-канцэрт «Маладзічок» запальвае зоркі» лаўрэатаў VІІІ Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзічок — 2019». Мінскі абласны краязнаўчы музей запросіць усіх ахвотных на выстаўку мастацкіх вырабаў «Гармонія шкла». Аўтары — Таццяна і Пётр Арцёмавы прадставяць незвычайныя работы, якія акунуць нас у чароўны свет шкла, дзе можна ўбачыць здавалася б звычайную рэч у незвычайным афармленні. Для тых, хто любіць цёплыя сустрэчы і душэўныя размовы, трэці год запар праходзіць праект «Асоба эпохі», дзе героямі становяцца жанчыны-легенды. Сёлета гераіняй праекта стане заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, вядомая спявачка Надзея Мікуліч. Сустрэча з яркай і цікавай асобай адбудзецца ў 16.00 у малой зале Палаца культуры. Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прадставіць спектакль «Янка Купала: жыццё ў свеце маланак». Гэта музычная драма-версія, заснаваная на свабоднай трактоўцы падзей з жыцця класіка беларускай літаратуры, гісторыі няпростага кахання народнага паэта Беларусі і Паўліны Мядзёлкі. Рэжысёр-пастаноўшчык — Міхаіл Кавальчык.

Яскравым завяршэннем свята стане канцэрт-закрыццё фестывалю на галоўнай пляцоўцы — летнім Амфітэатры ў 21.30. Жыхары горада і госці атрымаюць асалоду ад юбілейнай канцэртнай праграмы «Зорны карагод» Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі з удзелам артыстаў беларускай эстрады. Галоўны лейтматыў праграмы — творчая садружнасць ансамбля з найлепшымі выканаўцамі краіны, якая складаецца ў зорную повязь рухаў, мелодый і жанраў. Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Валянціна Дудкевіча 60 гадоў з'яўляецца найлепшым калектывам. Ён абавязковы ўдзельнік міжнародных фестываляў мастацтваў у Беларусі і за яе межамі.

Акрамя асноўных мерапрыемстваў фестывальная праграма прапаноўвае гледачам і ўдзельнікам музычна-паэтычнага свята шэраг цікавых мерапрыемстваў: у прыватнасці, спектакль «Не пакідай мяне» — драматычную баладу ў дзвюх дзеях, канцэрт джазавай песні.

На працягу двух фестывальных дзён разгорнуць работу адкрытыя пляцоўкі, якія размесцяцца на Цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі. Так, «Фестывальная талака» прапануе выступленні творчых калектываў Маладзечанскага рэгіёна. Выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва будзе прадстаўлена на пляцоўцы «Фестывальная сядзіба». Народныя майстры, умельцы горада і раёна, майстры-госці фестывалю змогуць прыняць удзел у раённым конкурсе па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве «Вытокі майстэрства». Пачне сваю работу АРТ-ФЭСТ «ЛянОК». Усе ахвотныя змогуць наведаць выстаўку-продаж «Льняныя дзівосы» і набыць льняныя вырабы тэкстыльных і швейных прадпрыемстваў, дызайнераў, самабытных майстроў і ўмельцаў Беларусі. Магчымасць купіць тавары народнага спажывання з'явіцца і на выстаўцы-продажы «Беларускі пачастунак». Пабачыць беларускія краявіды, каларытнае багацце краіны, рэалістычныя і сімвалічныя рысы, уласцівыя беларускай прыродзе, атрымаць асалоду ад родных пейзажаў можна будзе падчас «Мастацкага пленэру». Для аматараў мастацтва адбудзецца майстар-клас па кітайскім жывапісе мастакоў з Кітая. Знойдуць сабе занятак у святочныя дні дзеці, моладзь, наведаўшы творчыя пляцоўкі «Тэрыторыя дзяцінства» і «Арт-старт».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».