Вы тут

Кватэрны «рэбус». Як не «дапамагчы» злодзею?


Колькі існуюць на свеце матэрыяльныя даброты, столькі ж маюцца і ахвочыя да чужой маёмасці. І хоць кватэрных крадзяжоў паступова становіцца меней, усё роўна пра іх прафілактыку забываць не варта. Таму што ў большасці выпадкаў гаспадар кватэры сам незнарок рознымі шляхамі дае «зялёнае святло» злодзею. Пра тое, як жа захаваць нажытае ў цэласці, расказвае старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Андрэй Салыга.


— Мы назіраем датычна кватэрных крадзяжоў станоўчую дынаміку. Калі ў 2014 годзе іх было зарэгістравана крыху больш за 10 тысяч, то летась ужо 8521. Гэта значыць, такіх злачынстваў стала меней на шостую частку. З іншага боку, раскрывальнасць кватэрных крадзяжоў таксама павялічылася. Зараз віноўнікі ўстанаўліваюцца ў 7 з кожных 10 выпадкаў.

— Ці можна стварыць «партрэт» тыповага кватэрнага злодзея?

— Так, статыстыка дазваляе нам гэта зрабіць. Напрыклад, тры з кожных чатырох такіх злачынцаў — мужчыны. Амаль палова з іх раней мела праблемы з законам. Дзве траціны нідзе не працуюць і не вучацца. Асноўны ўзрост кватэрных злодзеяў вагаецца ў межах ад 21 да 40 гадоў. Палова крадзяжоў была здзейснена людзьмі ў нецвярозым стане. Прычым варта адзначыць, што сярод віноўнікаў кваліфікаваных крадзяжоў — гэта значыць, зробленых з падборам ключа, узломам дзвярэй або выбіваннем шкла — шмат тых, хто пакутуе на наркатычную залежнасць.

— Узімку СМІ абляцела навіна аб тым, што ў адным са шматпавярховікаў хадзіў невядомы мужчына і тузаў за ручкі дзвярэй.

— Памылка людзей у тым, што яны спадзяюцца на дзверы ў тамбуры. Але, па-першае, жыхар суседняй кватэры можа і забыць іх зачыніць. А па-другое, незразумела з пункту гледжання псіхалогіі, чаму замку, які знаходзіцца ў зоне агульнага карыстання, аддаецца большая ўвага. Вось сёлета мы ўжо затрымалі аднаго такога «ручачніка». Ён па начах хадзіў па пад'ездах і правяраў, ці зачынены дзверы. Даходзіла нават да таго, што калі людзі спалі, ён заходзіў у кватэру, пранікаў у спальню, браў тое, што «дрэнна ляжала» — і сыходзіў. А раніцай людзі прачыналіся, а рэчаў ужо і няма....

— Але часцяком ахвяры крадзяжоў самі пускаюць да сябе зладзеяў...

— Сцэнарый «прыйшлі разам, распілі бутэлечку, гаспадар прачнуўся і ўбачыў, што нешта прапала» рэалізуецца прыкладна пры 40 працэнтах такіх злачынстваў. Крадуць жа ўсё — пачынаючы ад золата, грошай, норкавых футраў і тэлевізараў і заканчваючы прадуктамі з халадзільніка, спіртнымі напоямі і нават... слоікамі з кампотам. Таму адзінае, што можна параіць у гэтай сітуацыі, — не запрашайце да сябе на пасядзелкі са спіртным малазнаёмых людзей.

— Зусім хутка стартуе сезон адпачынкаў, калі многія гаспадары кватэр на даволі працяглы тэрмін пакідаюць сваё жыллё...

— Важна, калі ў вас пачынаецца адпачынак і вы з'едзеце падчас яго на некалькі тыдняў, — не расказваць пра гэта ў сацыяльных сетках. Ключы ад паштовай скрыні аддайце сваякам і папрасіце, каб яны разы два на тыдзень вымалі адтуль карэспандэнцыю. Вокны лепш занавесіць, каб з вуліцы або з навакольных дамоў не было прыкметна, ці адбываюцца ў жыллі нейкія рухі.

Але самы дзейсны спосаб прафілактыкі — здаць жыллё пад ахову Дэпартамента аховы. Таму што нават самыя надзейныя замкі і рашоткі даюць магчымасць толькі запаволіць час на тое, каб патрапіць у кватэру. І нават высокі паверх — не панацэя. У нас была серыя выпадкаў, калі зладзеі-«альпіністы» спускаліся на вяроўках на паверхі, якія размешчаны пад дахам. Таму пры абсталяванні кватэры сігналізацыяй варта крыху даплаціць і паставіць блакіроўку таксама на вокны. Лішнім не будзе дакладна.

Апошнім часам на першых паверхах пачалі з'яўляцца камеры відэаназірання. Яны адпужваюць зладзеяў. Былі нават выпадкі, калі дзякуючы відэаздымцы кватэрныя крадзяжы раскрываліся вельмі хутка. Калі вашы суседзі не супраць, то можна паставіць камеру і ў тамбур.

— Як часта ўвагу злодзеяў прыцягваюць сацыяльныя сеткі?

— Выкладванне на агульны агляд фотаздымкаў каштоўных рэчаў або дэманстрацыя багатага ладу жыцця прыцягвае ўвагу зламыснікаў. Бо першая думка якая? Грошы і маёмасць у гэтага чалавека дакладна ёсць. А калі яшчэ на «сценцы» чалавек пакідае допіс аб тым, што ён паехаў у адпачынак — то гэта проста самы вялікі падарунак, на які могуць разлічваць ахвочыя да чужога. Больш за тое, многія сацыяльныя сеткі падтрымліваюць магчымасць імгненнай геалакацыі па фота ў анлайн-рэжыме. Што гэта такое? Вы сфатаграфаваліся дзесьці на марскім узбярэжжы, тут жа выкладваеце фота, а сацыяльная сетка паслужліва дае GРS-каардынаты месца, адкуль загружаны здымак. Вы ж не можаце адначасова быць у Беларусі і на ўзбярэжжы ўмоўнага Міжземнага мора?

Безадказныя паводзіны ў інтэрнэце дапамагаюць злачынцам і ў іншым ракурсе. Не так даўно мы затрымалі маладога чалавека, які даў у адной з суполак аб'яву пра тое, што яго бацькі кудысьці з'ехалі, хата вольная і ён запрашае да сябе ўсіх ахвотных на вечарыну. У яго сабралася некалькі хлопцаў і дзяўчат, якія не ведалі адно аднаго, не кажучы ўжо пра гаспадара кватэры. Пасля вясёлай гулянкі сёй-той з гасцей не далічваўся ў сваёй кішэні мабільнага тэлефона. Сітуацыя ўскладнялася тым, што ніхто не мог назваць асоб, з кім правёў той вечар. А добрая колькасць выпітага спіртнога спрыяла таму, што і адрас «вясёлай» кватэры ніхто не мог узгадаць.

Сацработнік, ды не той

— Што да пажылых людзей, то іх «апрацоўваюць» нечаканыя візіцёры — раптоўныя сацыяльныя работнікі або спецыялісты, якія нібыта прыйшлі праверыць якія-небудзь камунікацыі, — працягвае суразмоўнік. — Тут трэба звярнуць увагу на два моманты. Калі, напрыклад, да вас прыйшлі людзі, якія прадстаўляюцца, скажам, спецыялістамі па праверцы газавых пліт, то не спяшайцеся адразу ж адчыняць дзверы. Лепш за ўсё ператэлефанаваць у адпаведную службу, каб даведацца, ці сапраўды такія спецыялісты працуюць на вашым участку ў гэты момант. Што да сацыяльных работнікаў, то яны, як правіла, замацаваны за пэўнымі людзьмі, якія маюць патрэбу ў іх дапамозе. І заўжды ходзяць па адным. Гэта значыць, што калі пад выглядам сацработнікаў прыходзіць адначасова некалькі чалавек, то трэба неадкладна тэлефанаваць у міліцыю. Сацыяльны работнік, аднак, не робат — ён таксама можа захварэць або пайсці ў адпачынак. У гэтым выпадку тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання заўжды папярэджвае загадзя аб тым, што прыйдзе іншы супрацоўнік. Дата і час наведвання таксама ўдакладняюцца загадзя.

Фантазія зламыснікаў не ведае межаў. Адна бабуля, якая жыве ў Гомелі, назбірала даволі нямалую суму — 1700 долараў ЗША. А каб такія грошы ніхто не скраў, насіла пакуначак у... станіку. І вось у дзверы аднойчы пазванілі некалькі чалавек і прадставіліся сацыяльнымі работнікамі, якія прыйшлі рабіць масаж. Без задняй думкі жанчына пагадзілася на гэтую нечаканую паслугу. Праз некалькі дзён, калі «масажыстаў» і след прастыў, старая палезла ў свой грашовы схрон. І аслупянела. Замест невялікага стосіка доларавых банкнот у пакунку ляжала «лялька».

— А калі я знаходжуся дома і чую, што нехта пачаў калупацца ў замку?

— Лепш за ўсё ціхенька з мабільнага тэлефона выклікаць міліцыю. Нашы супрацоўнікі прыедуць і возьмуць зламысніка на «гарачым». І такія выпадкі перыядычна здараюцца. Праўда, аднойчы ў нашай практыцы здарыўся кур'ёзны выпадак. Чалавек сур'ёзна выпіў і ішоў да сябе дадому. Але пераблытаў паверхі і пачаў сваім ключом адчыняць дзверы кватэры суседа, які ў гэты час знаходзіўся дома. Пачуўшы, што з боку дзвярэй раздаюцца нейкія дзіўныя гукі, сусед набраў нумар «102».

Іншая сітуацыя, калі вы падыходзіце да сваёй кватэры і чуеце, што там нехта ўнутры знаходзіцца, але вы цвёрда ведаеце, што ў гэты час там нікога быць не павінна. Самае лепшае — вельмі ціха адысці ад дзвярэй, выключыць гук на мабільным тэлефоне і выклікаць міліцыю.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.