Вы тут

Больш за 80 арганізацый сталіцы прапанавалі мінчанам працоўныя месцы


 «Знайшла работу на кірмашы вакансій, зараз сама — прадстаўнік работадаўца»

Сёння я хадзіла на сталічны кірмаш вакансій — і была там нарасхват. На лбе ў мяне не напісана, што я — журналістка і прыйшла рабіць рэпартаж, таму ўжо на падыходзе мне пачалі сунуць у рукі ўлёткі з вакансіямі. А потым сталі запрашаць на работу: у аддзел дэпартамента аховы, адміністратарам у гасцініцу, прайсці перанавучанне па актуальных для рынку працы прафесіях... Я ішла міма столікаў, за якімі сядзелі прадстаўнікі прадпрыемстваў і так актыўна зазывалі да сябе, што ў нейкі момант падалося, што знаходжуся амаль як на Камароўцы. «Як на кірмашы», — пранеслася ў галаве, і я тут жа схамянулася: гэта ж і ёсць кірмаш, кірмаш вакансій.


Я рабіла рэпартажы з падобных мерапрыемстваў і раней, але вось такое адчуванне, што я ў цэнтры ўвагі, нібы пакупнік, якога наперабой зазываюць прадаўцы, у гэтым выпадку — прадаўцы работы, — з'явілася ўпершыню.

Вось столік прадстаўніка «Зялёнбуда» Ленінскага раёна сталіцы. На ім мноства ўлётак. Патрабуюцца рабочыя ў рамонтна-будаўнічы ўчастак, кіроўцы пагрузчыка, рабочыя, якія будуць касіць газоны, машыністы аўтавышкі. Зарплаты па ўсіх спецыяльнасцях — ад 800 рублёў, а для машыніста аўтавышкі і наогул ад 955 рублёў. Дзе-небудзь у Барысаве ці Сянне вакансіі з такім заробкам наўрад ці пуставалі б, а тут шукаюць патэнцыйных кандыдатаў. «У летні час вырастае трава, і патрабуюцца дадатковыя людзі на пакос», — тлумачыць прадстаўніца аддзела кадраў «Зялёнбуда». І, дарэчы, заўважае, што ў іх рабочых ёсць магчымасць зарабляць і больш, многае залежыць ад нормы выпрацоўкі. «А вось у бухгалтара нашага, напрыклад, толькі службовы аклад — 750 рублёў — і больш асабліва не заробіш», — дадае яна.

Адразу як заходзіш і злева — столікі з вакансіямі для людзей з інваліднасцю. Натоўпу каля іх няма, таму я пацікавілася, ці падыходзяць сюды людзі. «А як жа, — здзівілася ў адказ прадстаўніца швейнай вытворчасці «Баркос». — І людзі зацікаўлены, і мы ўзаемна». Яна паказала сшытак, дзе запісвала даныя саіскальнікаў, якім потым будуць ператэлефаноўваць і запрашаць на работу. «У нас штат 86 чалавек, з іх 45 работнікаў, а гэта больш за 50 %, складаюць асобы з інваліднасцю. А цяпер нам патрабуюцца і швачкі, і камплектоўшчыкі, і слесары механазборачных работ, і кіроўцы...»

Тут да суседняга століка падышоў мужчына: «Я шукаю работу мастака-дызайнера». «Мы бяром на адаптацыю толькі людзей з групай інваліднасці, — адказалі яму. — Але вось вам нумар, патэлефануеце. А раптам...»

Як аказалася, у 54-гадовага Анатоля Іванавіча вялікія складанасці з працаўладкаваннем. Мужчына ў свой час скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава. «Гэта было даўно, цяпер я ўжо шмат гадоў займаюся камп'ютарнай графікай, — кажа ён. — Зараз працую па дагаворы падраду. Але хацелася б знайсці больш аплачваемую работу, да таго ж я стаў задумвацца пра будучую пенсію. І вельмі хацелася б, каб з майго заробку ішлі грошы ў пенсійны фонд. Зараз гэта не так». Анатоль Іванавіч кажа, што работу ў яго ўзросце знайсці вельмі цяжка. «Мне так прама і ўказваюць на мой узрост і разводзяць рукамі: маўляў, не можам вас узяць, — скардзіцца ён. — А адзін кіраўнік нават сказаў: ды вы што, у мяне бацька маладзейшы за вас. Іх не цікавіць мой прафесіяналізм, наогул нічога не цікавіць, як толькі даведваюцца, колькі мне гадоў. На гэтым размова і заканчваецца»...

З узроставай дыскрымінацыяй, або, як яе цяпер называюць, эйджызмам, сутыкнуўся і 42-гадовы Артур, дарэчы, адзіны з наведвальнікаў кірмашу, хто размаўляў на чыстай беларускай мове. Але яму так проста на ўзрост не паказваюць. «Хоць Канстытуцыяй забаронены ўзроставы цэнз, але ў жыцці з ім даводзіцца сутыкацца, — тлумачыць ён. — Я хачу знайсці работу ў банкаўскай сферы, гэта вельмі вузкая ніша. І я чуў, што адно з негалосных патрабаванняў да кандыдатаў — узрост да 35 гадоў. Але прама так ніхто не скажа, вядома». Кірмаш вакансій Артуру спадабаўся. «Я першы раз на такога роду мерапрыемстве і атрымаў для сябе шмат карыснага. Тут і газеты раздаюць з вакансіямі, і наконт перанавучання я задаў пытанні спецыялістам, — расказвае мужчына. — Наогул, у мяне ёсць невялікі даход, але хацелася б, каб ён быў стабільны»...

«А вы зможаце кіраваць 200 чалавекамі?»

Яшчэ адна прадстаўніца старэйшага пакалення, 58-гадовая Ірына Барысаўна кажа, што ходзіць тут ужо паўгадзіны. «Я жыву ў Каменнай Горцы і шукаю работу побач з домам, — тлумачыць жанчына. — Шукаю, наогул, работу міністра (жартаўліва ўсміхаецца), але там усе месцы занятыя. Пенсіі мне не хапае: амаль палова ідзе на крэдыт за кватэру, астатняе на камуналку — і ўсё, на жыццё і не застаецца амаль. Я спрабавала шукаць у інтэрнэце, але там знаходзіш незразумела што, ката ў мяшку. А тут рэальныя арганізацыі і рэальныя вакансіі. Наогул, я згодная і прыбіральшчыцай працаваць або кухоннай рабочай, не толькі міністрам. Магу і мерчандайзерам, і гандлёвым агентам... Пайду туды, куды запросяць і дзе будзе бліжэй да дома».

Большасць наведвальнікаў кірмашу складаюць людзі ва ўзросце звыш 35—40 гадоў. Але вось сярод іх мільганула зграйка маладых дзяўчат гадоў дваццаці... Вось яшчэ некалькі маладых людзей прыглядаюцца да аб'яў вакансій. Адзін з іх паціскае плячыма: «500 рублёў — гэта чыстымі?» «Ну, з чагосьці ж трэба пачынаць, — адказвае яму прадстаўніца работадаўца. — Самае галоўнае — было б жаданне...»

У Беларусі не хапае кваліфікаваных рабочых кадраў

У нашай краіне захоўваецца высокі попыт на работнікаў па рабочых прафесіях — амаль 63 % ад агульнай колькасці вакансій. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны заявілі, што лідарамі па запатрабаванасці ў наймальнікаў з'яўляюцца такія прафесіі, як швачка, кіроўца аўтамабіля, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў, муляр, электрагазазваршчык, трактарыст, слесар-сантэхнік.

Сайт rаbоtа.tut.bу між тым адзначае, што лідзіруючыя пазіцыі па колькасці вакансій, размешчаных на ім, стабільна займаюць наступныя прафесійныя сферы: «Продажы» (29,7 % ад агульнай колькасці вакансій), «Інфармацыйныя тэхналогіі» (14,3 %), «Рабочы персанал» (10,8 %), «Транспарт і лагістыка» (10,8 %) і «Вытворчасць» (10,1 %).

Пры гэтым у 1-м квартале 2019 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць актыўных рэзюмэ вырасла на 7,4 %. Традыцыйна пошукамі работы актыўней за ўсіх займаліся студэнты і маладыя спецыялісты, а таксама прадстаўнікі сферы продажаў, транспарту і лагістыкі, бухгалтары, прадстаўнікі сферы вытворчасці.

На цяперашні момант у цэлым па Беларусі на адну вакансію на сайце rаbоtа.tut.bу прыходзіцца 7,9 рэзюмэ, што прынята лічыць у межах нормы. Прапановы ёсць як для людзей з вопытам работы, так і без яго.

Яшчэ адзін малады чалавек размаўляе з кадравіком сеткі крамаў «Дыяніс». «Таваразнаўцам? — перапытвае ён і тут жа самаўпэўнена заяўляе: — А чаго? Я падпрацоўваў неяк таваразнаўцам на аўтазапраўцы...» Я пераглядваюся з прадстаўніком «Дыяніса». І тая, як толькі хлопец адышоў, пачынае скардзіцца: «Моладзь, па-мойму, наогул не хоча працаваць. Яны хочуць адразу пасаду і шмат грошай. Запыты вялікія, а самі прапанаваць асабліва нічога не могуць. Вось, напрыклад, прыйшла дзяўчына з юрыдычнай адукацыяй і кажа: «Я пайшла бы загадчыцай крамы». Я яе пытаю: «А вы зможаце кіраваць 200 чалавекамі?» Некаторыя людзі дрэнна ўяўляюць, што яны могуць, а чаго не. Так што рэальнага кандыдата на пасаду знайсці складана. Прыходзяць людзі з эканамічнай адукацыяй, але ў размове высвятляецца, што яны не ведаюць самых базавых рэчаў — і такое таксама здараецца».

***

Афіцыйна

Звыш 3 тысяч рабочых месцаў прапанавалі мінчанам

25 красавіка ў Мінску ў рамках агульнарэспубліканскага кірмашу вакансій прайшоў агульнагарадскі кірмаш вакансій «Знойдзем работу разам!». У ім прынялі ўдзел больш за 80 арганізацый сталіцы з розных сфер дзейнасці, якія прапанавалі мінчанам рабочыя месцы.

Як заявіла начальнік упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Таццяна КУДЗЕВІЧ, наймальнікі зараз адчуваюць велізарную патрэбу ў кваліфікаваных рабочых кадрах. На сённяшні дзень у сталіцы на аднаго афіцыйна зарэгістраванага беспрацоўнага прыпадае 12 вакансій. На кірмашы было прадстаўлена больш за 3 тысячы рабочых месцаў.

Была арганізавана работа секцый, дзе наведвальнікі маглі атрымаць інфармацыю аб рабочых месцах для грамадзян, якія маюць абмежаванні па стане здароўя, аб студэнцкіх атрадах і другаснай занятасці моладзі, пра тое, як прайсці перанавучанне. Спецыялісты кансультавалі наведвальнікаў па пытаннях арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і атрымання фінансавай падтрымкі з розных крыніц, адказвалі на пытанні, якія датычацца заканадаўства аб занятасці.

Канешне, не ўсё проста, і знайсці работу бывае нялёгка, і падыходзячага кандыдата на яе — таксама часам не лягчэй. Але ўжо перад самым сыходам я пачула гісторыю, якой не магу не падзяліцца. Прадстаўніца станцыі Мінск-Пасажырскі Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі Святлана Касцюковіч расказала: «Я сама шукала работу тры гады таму. Зусім выпадкова трапіла на такі ж кірмаш вакансій і мне там прапанавалі работу на Беларускай чыгунцы. Я стала працаваць спецыялістам па кадрах. Зараз я вядучы спецыяліст аддзела. А сёння прыйшла на работу, а мне намеснік начальніка кажа: «Вы ідзяце прадстаўніком ад лакаматыўнага дэпо на кірмаш вакансій». І вось я тут — ужо як прадстаўнік работадаўца». «Праўда, я працую на месцы супрацоўніцы, якая цяпер у дэкрэтным адпачынку, — сумленна дадала яна. — І праз пяць месяцаў мне давядзецца яго вызваліць, але, ведаеце, у жыцці проста так нічога не бывае. Кожная сустрэча невыпадковая. Я ведаю, што знайду сваю работу!»

Святлана БУСЬКО

Фота Андрэя Сазонава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!