Вы тут

Перамога жыцця і святла


Велікоднае пасланне

Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага ПАЎЛА,

Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі,

архіпастырам, пастырам, манахам

і ўсім верным дзецям Беларускай праваслаўнай царквы


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Уваскрасення дзень,

і прасвятлімся радасцю,

і адзін аднаго абдымем;

скажам: браты! нават тым,

хто ненавідзіць нас,

даруем усім праз уваскрасенне,

і так усклікнем:

Хрыстос уваскрэс з мёртвых,

смерцю смерць растаптаў

і тым, што ў магілах, жыццё дараваў.

                            Сціхіра Святой Пасхі

Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэснае прасвітарства, у Хрысце дыяканства, богалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!

Гасподзь даў нам зноў сустрэць святочную найвялікшую падзею сусветнай гісторыі — Уваскрасенне Госпада і Спаса нашага Іісуса Хрыста. Сёння святкуе Царква Праваслаўная, весяліцца свет бачны і нябачны, мільёны хрысціянскіх сэрцаў напаўняюцца невымоўнай радасцю, бо

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС!

«Смерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?» (Ас. 13:14) — усклікае сёння ўся паўната Святой Царквы Хрыстовай. Сваёй Крыжовай смерцю Гасподзь наш Іісус Хрыстос скасаваў смерць, Сваім Уваскрасеннем адкрыў перад намі магчымасць уваходжання ў радасць вечнага быцця, дараваў кожнаму з нас жыватворныя сілы разарваць путы граху і здабыць сапраўднае жыццё — жыццё ў яднанні з Богам.

Уваскрасенне Хрыстова — краевугольны камень нашай веры, яе неад'емная і непахісная аснова. «Калі Хрыстос не ўваскрэс, то марная і пропаведзь наша, марная і вера ваша» (1 Кар. 15:14), — усклікае святы апостал Павел. Але Хрыстос Спасіцель паўстаў з мёртвых і адкрыў усяму чалавецтву шлях да ўваскрасення, да вечнага і блажэннага жыцця ў абіцелях Царства Нябеснага. Амаль дзве тысячы гадоў над зямлёй гучыць не змаўкаючы пераможная радасная вестка аб Уваскрасенні Хрыстовым — залогу бессмяротнасці кожнага чалавека, які веруе ў Хрыста Спасіцеля і выконвае Божыя запаведзі.

«Калі Хрыстос уваскрэс, то і мы ўваскрэснем у целах нашых», — прапаведуе наш сучаснік і падзвіжнік XX стагоддзя, свяціцель Лука (Война-Ясянецкі). Свяціцель прапаведаваў гэта, пераказваючы словы апостала Паўла, звернутыя да карынфскіх хрысціян: «Бо паколькі праз чалавека смерць, то праз чалавека і ўваскрасенне мёртвых. Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць» (1 Кар. 15:21-22). Святыя падзвіжнікі пераканана прапаведавалі, што не толькі духоўную, але і цялесную смерць скасаваў Хрыстос Сваім Крыжам, смерцю і Уваскрасеннем.

Пасля Уваскрасення Хрыстовага нашы жыццё і смерць цалкам знаходзяцца ў руках усёмагутнага Бога, і ў нас няма патрэбы разважаць пра гэта, грунтуючыся на законах прыроды, бо і яны створаны Тварцом усяго, і Ён вольны дзейнічаць не па нашым розуме, а па невядомых нам законах Божых.

Паводле непарушнага абяцання Божага, усё чалавецтва ўваскрэсне ў канцы часу, і «выйдуць тыя, што рабілі дабро, ва ўваскрасенне жыцця» (Ін. 5:29). Нам жа, дзецям Царквы Хрыстовай, належыць не толькі знаходзіцца ў чаканні «новага неба і новае зямлі, на якіх праведнасць жыве» (2 Пят. 3:13), але і сведчыць пра Уваскрасенне Спасіцеля праз справы дабра, любові і міласэрнасці. «Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі любоў будзеце мець паміж сабою» (Ін. 13:35), — кажа Гасподзь. Добрыя справы дзеля славы Божай — вось самае лепшае, самае яркае пацвярджэнне таму, што Уваскрасенне Хрыстова і дагэтуль абнаўляе і асвячае свет, перамяняючы сэрцы людзей.

У Хрысце Уваскрэслым мы ўжо не чужыя, але — адна вялікая сям'я, якая называецца Царквой. Кожны, хто прылічае сябе да Святой Царквы Хрыстовай, закліканы паказаць свету сапраўдную любоў і маральную вышыню, пра якую сказана ў Пасланні апостала Паўла да Карынфян: «Любоў доўгацярплівая, міласэрная, любоў не зайздросціць, любоў не ўзвышае сябе, не ганарыцца, не бясчынствуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не памятае зла, не радуецца няпраўдзе, а радуецца ісціне; усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць (1 Кар. 13:4-7). У гэтых словах апостальскіх адлюстраваны ідэал, які, на першы погляд, здаецца недасягальным. Але, як сказаў Спасіцель свету, «...усё магчыма для таго, хто веруе» (Мк. 9:23). А таму, з верай ва Уваскрасенне Хрыстова і надзеяй на ўсёмагутную дапамогу Божую, будзем імкнуцца да таго, каб усё наша жыццё было напоўнена дзейнай любоўю да Бога і бліжніх.

Пачнем славіць Хрыста Уваскрэслага з даравання нашым крыўднікам і нядобразычліўцам, а затым уславім Спасіцеля свету бескарыслівай дапамогай людзям у нястачы, падтрымкай гаротных і нядужых, чысцінёй і высакародствам учынкаў. Падзелімся Пасхальнай радасцю з бліжнімі і дальнімі — і гэтая светлая радасць, шматразова ўзмоцненая, вернецца да нас і застанецца ў нашых сэрцах.

У гэтае светлазарнае свята Светлага Хрыстовага Уваскрасення зноў і зноў звяртаюся да вас — Праасвяшчэнныя архіпастыры і пастыры, інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры, — і шчыра жадаю ўсім вам добрага здароўя, душэўнага міру, моцы духу і невычэрпнай, невымоўнай Пасхальнай радасці!

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС!

Павел, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Пасха Хрыстова 2019 года, горад Мінск.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.