Вы тут

Карэспандэнтам «Звязды» расказалі пра валачобніцтва


Пакаленне, якое зараз мае самы вялікі жыццёвы вопыт, перажыло нямала трагедый. Яно заспела рэпрэсіі, вайну, пасляваеннае аднаўленне... Але памяць гэтых людзей захоўвае і іншае: часы, калі насуперак неймаверна цяжкім абставінам людзі ўмелі весяліцца, кахаць, верыць і сябраваць. Усё гэта яны рабілі напоўніцу, бо дакладна ведалі, што само жыццё — гэта радасць, а тое, што яго абцяжарвае і ўскладняе, — усяго толькі непазбежная акалічнасць, якая не можа радасць жыцця засланіць.


На Магілёўшчыне ў Круглянскім раёне ёсць вёска Ваўканосава. Яна вядомая з XVІІ стагоддзя, адрадзілася пасля разбурэння французамі ў 1812-м, перажыла Вялікую Айчынную вайну і сёлета магла б святкаваць 350 гадоў сваёй гісторыі, бо першыя звесткі пра яе адносяцца да 1669 года. Вось толькі цяпер тут засталося сем жыхароў, і наўрад ці гэты факт — нагода для святкавання... Але сярод апошніх ёсць Аляксандр Харкевіч, чалавек незвычайны, вядомы далёка за межамі Кругляншчыны. Ён расказаў «Звяздзе» пра велікодны мясцовы звычай — валачобніцтва. Звычай гэты якраз дэманструе тую радасць, якую мелі ад працэсу жыцця нашы продкі. І якой усім нам варта было б павучыцца.

«І радасць была такая, што ўлада не магла спыніць...»

Аляксандр Харкевіч дакладна памятае, што ў 1945 годзе ў Ваўканосаве стаялі 66 хат.

— У кожнай хаце сям'я, а сем'і тады былі... Вунь мае суседзі — 11 чалавек, другія — восем. Больш за 300 чалавек агулам. Варапаевых было 24 сям'і. Мой дзед таксама быў Варапаеў. Вам не апісаць, якая радасць была ў людзей, колькі натхнення! Яны паспрачацца маглі, але як яны сябравалі!

Працавалі цяжка. Жанчыны цягалі плуг. Сям'ю трэба было пракарміць з 20 сотак зямлі, заробкі не атрымлівалі, з'язджаць да 1950 года не мелі права. Таму трымалі вялікія гаспадаркі, у галодныя месяцы ноччу на калгасных палях збіралі каласкі, мёрзлую бульбу, рызыкавалі воляй.

Пры гэтым умелі адпачыць, кажа Аляксандр Антонавіч: па чарачцы выпівалі і пелі песні, прыпеўкі. Ля кожнай хаты ў маі — воблака белага або чырвонага бэзу. Вёска была дагледжаная, прыгожая: пагоркі, рака, гай. На Вялікдзень збіраліся разам: білі яйкі, весяліліся. Артысты сюды не прыязджалі, тэлевізараў не было, весялілі сябе самі. Шмат талентаў раскрывалася сярод мясцовых жыхароў. У дзеда Аляксандра Харкевіча быў малодшы брат — Пётр Емяльянавіч Варапаеў — таленавіты гарманіст, сам пісаў песні: і словы, і музыку. Бабка Дар'я ведала безліч валачобных песень. У Велікодную ноч Пятро Варапаеў браў сваю хромку, збіраў каманду валачобнікаў і хадзілі яны па хутарах.

— Як тут упершыню з'явіліся валачобнікі, не ведаю, але сэнс быў адзін — яны славілі Ісуса Хрыста, Сына Божага, — расказвае Аляксандр Харкевіч. — І радасць у людзей была такая, што ўлада не магла іх спыніць.

У 1949 годзе сямікласніка Аляксандра Харкевіча за хаджэнне па валачобніках на тыдзень выключылі са школы. Але гэта хлопца не засмуціла.

У кожнай вёсцы былі свае валачобнікі. Спачатку ішлі дарослыя, потым — юнакі, а самыя апошнія — падлеткі.

— Я сабраў хлопчыкаў. Адзін на балалайцы іграў, сам я барабаніў і спяваў, — успамінае Аляксандр Антонавіч. — Мы прайшлі некалькі хат і палову меха сабралі кулічоў, два рублі нехта даў і яйкі. Болей ужо не пайшлі. Прыйшлі дамоў, тут падзялілі. А паколькі я ўжо быў камсамолец, мяне потым за гэта пакаралі, але я асабліва не перажываў.

Аляксандр Харкевіч памятае некалькі правілаў, якіх строга трымаліся валачобнікі. Па-першае, нельга было спяваць да поўначы, калі пачыналася Велікоднае набажэнства, на якім вернікі ўпершыню ўсклікаюць «Хрыстос уваскрэс!». Па-другое, ніхто не пачынаў спяваць, пакуль не быў атрыманы дазвол ад гаспадароў. «Вось, напрыклад, прыйшлі мы камандай. Я быў старэйшы, таму падыходжу да фіранкі і (далікатна. — «Зв.») грукаю. У мяне пытаюцца: «Хто там?» Адказваю (досыць бадзёра. — «Зв.»): «Дазвольце Хрыста велічаць!» Калі дазваляюць, мы пачынаем спяваць, калі не — будзьце здаровы!» — расказвае ён. Але не памятае, каб нехта адмовіў, бо народ быў набожны.

Ішлі не да кожнай хаты, а да тых, каго ведалі, і пачыналі заўсёды з агульнай фразы, у ваўканосаўскіх яна была такая:

«З-за лесу, лесу цёмнага...

(Усе падхоплівалі) Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

Ішла туча валачобная,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

Ішла яна ды шаталася,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

Багатага двара ды пыталася...

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!»

Далей спявалі для кожнага дома асобна: тое, што гэтаму дому адпавядала. «Адрасныя песні», — звяртае ўвагу Аляксандр Антонавіч. Напрыклад, дому Харкевічаў, які стаіць на гары, спявалі так:

«А чый гэта дом на пагурачку?

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

На пагурачку, на падмурачку?

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

Ля тога двара пчолкі гудуць,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

Пчолкі гудуць ды к сабе завуць,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!»

Дому, дзе жыла ўдава, пасля агульнай фразы спявалі інакш:

«А жыла ўдава пасярод сяла,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

Спарадзіла яна дзевяць сыноў,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

А дзясятую — дачушачку,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

Дачушачку — Настушачку,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

Сыны ўзраслі, у разбой пайшлі,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

Дочка ўзрасла, замуж выйшла,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

Замуж выйшла ды за купчыка,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

Ды за купчыка, за галубчыка,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!»

Заканчвалася песня словамі: «Адарыце нас, не марыце нас!» з тым жа прыпевам: «Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!», але, як правіла, гаспадары не чакалі, пакуль валачобнікі дапяюць, некаторыя запрашалі ў хату, збіралі на стол, частавалі.

«Валачобныя — людзі добрыя,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

Валачыліся, памачыліся,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

Зайшлі к бабцы, пасушыліся,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

Стала бабка іх частаваці,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!

Госпада Бога ўспамінаці,

Хрыстос уваскрэс, Сын Божы!»

Але часцей гасцям выносілі з дому гарэлку, дарылі грошы, кулічы ды яйкі. Пазней галоўны з каманды валачобнікаў дзяліў падарункі паміж удзельнікамі.

Стрыечны дзед Аляксандра Харкевіча Пятро Варапаеў у 1950-м, калі сельскім жыхарам дазволілі з'язджаць у горад, выехаў з усёй сваёй вялікай сям'ёй (у яго было пяцёра дзяцей) у Калінінград. Але ў 60-х гадах двойчы прыязджаў на Вялікдзень у Ваўканосава з гармонікам. «Калі б вы бачылі, што рабілася з людзьмі! — смяецца Аляксандр Антонавіч. — Ён выйшаў на цэнтр вёскі, і ўсе прыйшлі з ім павітацца, хто толькі мог: «Пятрок прыехаў!» І спявалі тады валачобныя днём, не хадзілі нікуды».

Апошнія валачобныя песні ў Ваўканосаве спеў Аляксандр Харкевіч. Пасля вучобы ў Мінскім аўтамеханічным тэхнікуме і службы ў арміі ён вярнуўся сюды ў 1957 годзе. У арміі навучыўся іграць на баяне. «Тады ўжо па валачобніках не хадзілі, — успамінае. — Не было да каго, але кожны Вялікдзень прыходзілі ўсе да мяне, жанчыны, і я іграў, усе спявалі і весяліліся».

З кожным годам усё менш людзей збіралася на лаўцы каля дома Харкевічаў, а 15 гадоў таму Аляксандр Антонавіч выйшаў з баянам адзін. Не было нават каму паслухаць. Ён спеў сам сабе, сам сабе пайграў на баяне. «Вось так валачобнікі скончыліся, — кажа. — Але гэта так цікава! Гэта такі талент! Нас жа ніхто не навучаў!» Вочы яго вылучаюць дзіўнае святло, цеплыня якога адчуваецца фізічна, а твар робіцца натхнёным і зусім маладым. Але ў наступную хвіліну ён уздыхае са словамі: «Вось такія справы!», у якіх ужо чуваць сум і горыч.

«Кожнае дзіця таленавітае»

Пра Аляксандра Харкевіча як майстра па вырабе ўнікальных музычных інструментаў неаднойчы пісалі газеты, рабілі сюжэты тэлебачанне, радыё, інтэрнэт-выданні. У леташнім снежні «звяздовец» Анатоль Кляшчук ужо не першы раз прысвяціў яму свой фотарэпартаж. У 2008 годзе ваўканосаўскі майстра стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Народная творчасць».

Сёлета ў кастрычніку яму споўніцца 84 гады, але цягам жыцця Аляксандр Харкевіч праслаўляў Кругляншчыну не толькі як разьбяр, але і як музыка, як педагог, як творчая і неардынарная асоба. Першы раз на круглянскую сцэну ён выйшаў 5 снежня 1957 года з песняй «Дивлюсь я на небо та й думку гадаю...», якую прывёз з Украіны, дзе служыў у арміі. З 1973 года цягам трох дзесяцігоддзяў выступаў у складзе фальклорнага ансамбля «Бяседачка». У 1987-м стаў лаўрэатам першага беларускага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік»... Ён і зараз ездзіць па краіне з ансамблем «Вераснянка» і выконвае сольныя нумары на берасце і бубне.

— Быў першым, хто з апарату раёна паехаў на ўборку на Цаліну: мне адразу з завода далі новую машыну, пагрузіўся і з'ехаў у Казахстан, — успамінае ён. — Быў адзіным ад Беларусі ўдзельнікам агульнавайсковых вучэнняў Узброеных Сіл СССР «Дняпро», маю грамату ад міністра абароны Савецкага Саюза Грэчкі...

Ён 42 гады прапрацаваў у школе, выкладаў фізкультуру, працоўнае навучанне, спевы і нават асновы сямейнага жыцця... Выпусціў больш за 1000 дзяцей і ўпэўнены, што кожнае дзіця таленавітае. Прадстаўляў адукацыйную сферу Кругляншчыны на Усесаюзным з'ездзе настаўнікаў, асабіста быў прыняты ў камітэце па фізічнай культуры і спорце пры Савеце Міністраў СССР і ўзнагароджаны медалём. Выхаваў у вясковай школе будучага рэкардсмена Беларусі ў кіданні кап'я, бронзавага прызёра чэмпіянату свету і таленавітага трэнера Уладзіміра Сасімовіча. Аляксандр Харкевіч і дагэтуль згадвае сваю работу з дзецьмі з хваляваннем. Пра школу, дзяцей, сістэму адукацыі можа разважаць бясконца. І бясконца, з радасцю, успамінаць.

— Я свабодны чалавек, бо ў любы момант магу ўтрымаць сябе ад любога ўчынку. Вельмі сябе за гэта паважаю. Дарэчы, не ўжываю алкаголь з самага дзяцінства. Нават на вяселлях, — расказвае ён пра сябе. І потым тлумачыць, што не супраць алкаголю ў прынцыпе, але лічыць, што ва ўсім патрэбна мера. Так яго вучыў дзед.

Яшчэ ён дадае, што ў яго нервовая сістэма халерыка. Нездарма, калі ён сам вучыўся ў школе, якая месцілася ў панскім будынку ў Скляпаве, і ўдзельнічаў у драмгуртку, яму заўсёды давалі іграць смешныя ролі, — гэта якраз яму падыходзіла. «Напэўна, гэта абумоўлена генамі, — разважае Аляксандр Антонавіч. — У мяне сваякі такія ж былі».

Тры абяцанні самому сабе

Ён усё жыццё імкнецца трымацца абяцання, якое даў у 1954 годзе. Калі заканчваў Мінскі аўтамеханічны тэхнікум і развітваўся з выкладчыкам, які пераканаў яго не кідаць вучобу на трэцім курсе, ён даў сабе абяцанне ніколі нікога не крыўдзіць, нікому не дазваляць крыўдзіць сябе і самому не дазваляць сябе крыўдзіць. Кажа, што другое атрымлівалася не заўсёды. Яго крыўдзілі, але сам ён стараецца рабіць толькі добрае. Пра тое, наколькі паспяхова, сведчыць наступны факт: за час яго працы ў школе змянілася 15 дырэктараў, у снежні ўсе яны прыязджалі ў Ваўканосава і прыходзілі да яго ў госці.

Аляксандр Антонавіч некалькі разоў глядзеў смерці ў твар. Пры адступленні нямецкіх войскаў летам 1944 года ў гэтых мясцінах на дарогах, што вялі на захад, утварыўся затор. Жыхары вёсак, якія знаходзіліся ўздоўж дарог, запоўненых нямецкай тэхнікай і ваеннымі, знімаліся і часова з'язджалі ўглыб раёна. Дзед Аляксандра Харкевіча таксама вырашыў адвезці жанчын і дзяцей падалей ад хаты, поле вакол якой запоўнілася нямецкімі машынамі і гарматамі. Людзі падаліся ў бок возера Хатомле, праз 30 кіламетраў спыніліся адпачыць, дзед адвязаў каня і дазволіў шчасліваму ўнуку сесці вярхом.

— Дзядуля і бабуля сядзелі ўдваіх спераду на калёсах, ззаду — іх нявестка, мае мама і сястрычка. Дзядуля паставіў каня па цэнтры, ён еў з калёс. Я на кані вярхом, радасны... Бабуля з дзядулем як сядзелі, так і засталіся — мёртвыя, у крыві. Маме, сястры і нявестцы асколкам парвала мышцы ног. Каню адарвала ўвесь зад, мяне скінула. Я вельмі любіў дзядулю... Калі падняўся і паглядзеў на яго... Не памятаю, хто нас і як назад прывёз, — і праз 75 гадоў Аляксандр Антонавіч, калі ўспамінае гэты эпізод, плача.

Другі раз смерць прайшла побач ужо пасля вайны. У 50-я гады ён працаваў у раёне інструктарам райкама камсамола. Праводзіў у Загаранах а дзявятай гадзіне вечара камсамольскі сход. «Сабраліся камсамольцы, адкрыў я сход, раптам гул і выбух. Ваенны самалёт за 600 метраў ад клуба на гары ўзарваўся. Я ўбачыў, як шыбы з акон вылятаюць. Усе разбегліся, а мне 15 кіламетраў да Круглага і яшчэ 10 — ад Круглага сюды. Баяўся па дарозе ісці. Бачыў, як ехалі ваенныя машыны на месца падзення самалёта. Толькі а першай гадзіне ночы прыйшоў у Круглае», — расказвае ён і здзіўляецца таму, як блізка быў сам і ўсе, хто сабраліся на сход, ад гібелі.

Ён часта думае пра тое, што мог з'ехаць з Ваўканосава, але не з'ехаў. Пасля службы ў арміі яму прапаноўвалі работу ў Белай Царкве ва Украіне, абяцалі кватэру. Але ў той час дома была складаная сітуацыя, сястра прасіла дапамогі. Ён прыехаў і застаўся. Пазней на Усесаюзным з'ездзе настаўнікаў пазнаёміўся з латышскай дэлегацыяй, яго ўгаворвалі ехаць працаваць у Латвію, таксама пытанне з жыллём вырашалася лёгка, жыў бы ў горадзе з усімі выгодамі. Яму няпроста было адмовіцца, бо сястра яго жыла таксама ў Латвіі, але вырашыў застацца. На гэты раз галоўным аргументам стала тое, што сыну з арміі трэба было вяртацца дамоў.

...Ён любіць разважаць пра асаблівую ролю жанчыны ў сусвеце і гатовы гаварыць пра каханне. У яго ёсць на конт гэтага сваё меркаванне. Ён лічыць, што каханне не бывае ў мінулым, яно бывае толькі тут і цяпер, і яно не здольнае на дрэннае. А яшчэ ён шмат жартуе, калі кажа пра сур'ёзнае. Слухаць яго цікава і павучальна.

Ёсць у гэтага чалавека адна рыса, напэўна, — самая галоўная. Ён усёй душой любіць справу, якую робіць. Якой бы гэтая справа ні была: настаўніцтва, музыка, разьбярства, бытавыя клопаты... Шануе людзей, крытыкуе чыноўнікаў, заўсёды кажа праўду. Верыць у лёс і Бога. І вельмі перажывае за ўсё, што адбываецца навокал. З прыродай, грамадствам і, ні многа ні мала, — з цывілізацыяй.

Яшчэ ён вельмі любіць сваю зямлю. У яго прыгожы, аздоблены разьбой дом і чысты, утульны двор, межы якога цяжка вызначыць. Вакол дома ён развесіў 40 шпакоўняў. Спецыяльна ездзіць паглядзець на сем'і лебедзяў у Талачын. Раіць вучыцца ў іх вернасці. Увосень усе шпакі, перад тым як паляцець у вырай, збіраюцца на правадах перад яго ганкам. Потым знімаюцца і ляцяць. А ён глядзіць ім услед.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Вёска Ваўканосава Круглянскага раёна.

Загаловак у газеце: Апошні ваўканосаўскі валачобнік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.

Грамадства

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

1 верасня ў беларускія школы ў невялікіх населеных пунктах прыйдуць 12 крэатыўных і неабыякавых педагогаў, якія павінны ўдыхнуць у іх новае жыццё.

Эканоміка

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Гэта прадугледжана новай рэдакцыяй Жыллёвага кодэкса, якая была прынята сёлета ў пачатку мая, а ўступіць у сілу з 1 студзеня наступнага года.