Вы тут

Беларускае шчасце Рузаны Аванесян


Ансамбль “Эрэбуні” з Мінска прадстаўляе за межамі Беларусі як армянскае танцавальнае мастацтва, так і шматнацыянальную беларускую культуру


Артысты ансамбля “Эрэбуні” на свяце ў Верхнім горадзе ў Мінску

З якога часу жывуць армяне на Беларусі? Цяжка сказаць. А вядома між тым, што ля вытокаў вытворчасці знакамітых Слуцкіх паясоў у другой палове XVІІІ стагоддзя быў армянін з Турцыі Аванэс Маджаранц, пазней ён узяў сабе імя Яна Маджарскага. Кажуць, менавіта ён і прывёз на Беларусь першы станок (тайком, па частках), на якім можна было ткаць унікальныя паясы. І мануфактуру ў Слуцку спачатку ўзначальваў гэты перасяленец, а потым і ягоны сын Леон. А вось Рузана Аванесян, пра якую тут пойдзе аповед, з’явілася ў Беларусі ўжо ў савецкім часе. Дарэчы, калі сёлета ў лютым армянская дыяспара на Беларусі ўпершыню адзначыла сваіх лепшых прадстаўнікоў прэміяй “Мы вас любім”, то адной з намінантак стала і яна — як мастацкая кіраўніца фальклорнага танцавальнага ансамбля “Эрэбуні”. Ушанавана за пашырэнне армянскай культуры ў Беларусі. Рузана Георгіеўна з удзячнасцю згадвае яшчэ дзве дарагія сэрцу ўзнагароды: дыплом ЮНЭСКА за развіццё міжкультурнага дыялогу і прапаганду нацыянальных культурных традыцый (2006) і залаты медаль Міністэрства культуры Арменіі за развіццё й захаванне армянскай культуры за мяжой у 2012 годзе.

Ансамбль быў створаны ў 1998 годзе пры Мінскім гарадскім культурна-асветніцкім таварыстве “Айастан”. Юбілейны канцэрт “Эрэбуні” — адзначалі 20‑годдзе — прайшоў летась. А нядаўна ў дзень армянскага нацыянальнага свята мацярынства й прыгажосці, што супадае з Дабравешчаннем, “Эрэбуні” даў канцэрт у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску. Ён першым у плыні новага праекта музея “Вянок дружбы” знаёміў беларусаў з армянскай культурай і паказваў, як цесна традыцыі армян спляліся з культурай беларусаў.

Вянок з культур армян і беларусаў

Рэпетыцыі ансамбля звычайна праходзяць у Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур. І там сярод моладзі, якая чакала кіраўніка, я пачула беларускую гутарку. На добрай беларускай мове размаўляў юнак, якога па знешнасці прымеш хутчэй за армяніна, чым беларуса. У Ігната Мельнічэнкі маці — Лусінэ Налбандзян, родам з Арменіі. Спявае ў Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле імя Рыгора Шырмы ў Мінску. Бацька ж Ігната — беларус. Яшчэ ў школе Ігнат перамагаў з беларускай мовай на алімпіядах, хоць гаварыў на рускай. Цяпер вырашыў размаўляць толькі па-беларуску, бо ўсвядоміў: у кожнага чалавека павінна быць адна мова роднаю.

Рузана Аванесян з залатым медалём Міністэрства культуры Арменіі

Ужо ў зале, у часе рэпетыцыі, я заўважыла, як пад гукі армянскай музыкі ў танцы кружылася прыгожая жанчына са светлымі валасамі. Ну ніяк не армянка. Яе мне Рузана прадставіла як сваю сяброўку. Вольга Багушынска — салістка ў “Эрэбуні”, яна ж і мастацкая кіраўніца Мінскага тэатра паэзіі пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Яе малодшы сын Роберт прыгожа чытае вершы на беларускай мове, нават атрымаў за тое Гран-пры на конкурсе. На рэпетыцыі ходзіць з мамай. Вольгу захапляе як армянская музыка, так і культура, традыцыі. Яна неаднаразова выязджала з ансамблем у Арменію, вельмі палюбіла яе. А з Рузанай яны пазнаёміліся недзе ў 2002‑м у часе дзіцячага спектакля. Сядзелі побач, разгаварыліся. Іх сыны, высветлілася, аднагодкі, і жывуць сем’і ў Мінску амаль па суседстве. Так Вольга, якая раней танцавала ў беларускім народным ансамблі, прыйшла ў армянскі, а Рузана стала хроснай маці старэйшага сына Багушынскіх.

Рузана Аванесян гаворыць, што здзіўляцца няма чаму: у ансамбль можа патрапіць кожны, хто пажадае — любога ўзросту й нацыянальнасці. Разам танцуюць і армяне, і беларусы. Таму натуральна, калі беларусы ўбіраюць у сябе адметнасці армянскіх нацыянальных традыцый, а мінскія армяне шануюць беларускую культуру як сваю. Тое, што многія з армян у яе калектыве вывучаюць беларускую мову і нават гавораць на ёй, для Рузаны Георгіеўны звычна. Бо для многіх з іх Беларусь — Радзіма. Яна згадвае: як толькі прыехала ў Мінск, то розныя меркаванні пра беларускую мову чула. Некаторыя нават лічылі яе вясковай, непрыдатнай для адукаваных людзей. І гэта яе шакіравала. У Арменіі, дзе субяседніца нарадзілася й вырасла, не сустрэнеш армяніна, які б не ведаў родную мову. І людзі іншых нацыянальнасцяў, якія там жывуць, хоць крыху, але могуць размаўляць па-армянску. На яе думку, немагчыма жыць на зямлі любога народа і не ведаць яго мову. І Рузана Георгіеўна свядома аддала сваіх дзяцей вучыцца ў школы з выкладаннем беларускай мовы: сын Ваагн закончыў 14‑ю беларускамоўную гімназію ў Мінску, а дачка Рыпсімэ — Рэспубліканскую гімназію-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка.

Уся сям’я танцуе ў “Эрэбуні”

Прыгажосць армянскага танца

Пра сваіх дзяцей Рузана расказвае ахвотна. Яны ў Беларусі нарадзіліся, выраслі. Рыпсімэ Геваркян (прозвішча па бацьку) — студэнтка 5‑га курса Беларускай дзяржакадэміі мастацтваў. З поспехам займаецца скульптурай і стала стыпендыяткай Спецфонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. У дзяцінстве захаплялася музыкай і маляваннем, а нядаўна пачала ўдзельнічаць у канцэртным жыцці “Эрэбуні”. Як тлумачыць сама, да яе раптам прыйшло ўсведамленне: армянскія танцы нагадваюць пра сонечную Арменію, дзе жыве шмат сваякоў, а таму патрэбны ў першую чаргу ёй самой. А Ваагн танцаваў у “Эрэбуні” з маленства. І сёння ён саліруе сярод мужчын ансамбля. Юнак вучыцца ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце на перакладчыка ангельскай і нямецкай моў. Рузана расказала, што напачатку з ёю разам танцаваў і муж — Роберт Геваркян, інжынер-праекціроўшчык па прафесіі. Ён жа дапамагаў вырашаць шмат аргпытанняў, калі “Эрэбуні” толькі ствараўся. Апошнім часам Роберт Арташавіч разам з Рыпсімэ, як мастакі, дапамагаюць Рузане ствараць сцэнічныя касцюмы ў стылістыцы армянскіх нацыянальных традыцый. Усе разам вывучаюць сярэдневяковыя армянскія дываны, потым іх арнаменты пераносяць на матэрыял, з якога шыюцца касцюмы. Атрымоўваецца здорава! Часам нават спецыялісты ў Арменіі дзівяцца: адкуль такія прыгожыя армянскія строі? Разам з сынам Рузана пашырае рэпертуар ансамбля, у якім ужо звыш 50 армянскіх народных танцаў. Бывае, вучацца ў армянскіх харэографаў-фалькларыстаў. Тыя знаходзяць танцы ў армянскіх паселішчах. Так да танцораў “Эрэбуні” патрапілі “Тамзара”, “Лорке”, “Качары”, “Ацвапар” ды іншыя самабытныя танцы. На думку мастацкай кіраўніцы, гэта вельмі важна, калі танец адпавядае сваёй назве.

Мары юнацтва спраўдзіліся

Сама Рузана Аванесян вучылася танцам яшчэ ў Арменіі. У Беларусь патрапіла ў 1988‑м: па мэтавым наборы студэнтаў прыехала з філасофскага факультэта Ерэванскага ўніверсітэта ў БДУ. А назад вярнуцца ў тыя гады было складана: Арменія перажывала не лепшыя часы. І яна засталася. Рузана Георгіеўна гаворыць: менавіта ў Беларусі спраўдзіліся планы яе юнацтва на дарослае жыццё. Атрымала цудоўную адукацыю, уладкавалася на добрую працу: сёння Рузана Аванесян узначальвае аддзел міжнародных сувязяў Беларускай дзяржакадэміі музыкі. Але самае галоўнае: тут яна сустрэла будучага мужа Роберта Геваркяна і стварыла сям’ю, тут нарадзіліся іх дзеці. Пра Арменію ж Рузана памятае заўсёды — таму й стварыла ансамбль “Эрэбуні”. Пачынаўся ён з чатырох пар, сёння ў ім 27 чалавек: юнакі і дзяўчаты, мужчыны і жанчыны розных нацыянальнасцяў і ўзростаў. А за 20 гадоў творчага жыцця “Эрэбуні” армянскаму танцу навучыліся каля 130 чалавек. У іх актыве шматлікія выступленні, гастролі ў розныя краіны: Латвію, Літву, Эстонію, Германію, Францыю, Англію, Аўстрыю, Расію, Арменію ды іншыя. І Арменія ў тых паездках з канцэртамі — самая жаданая і любімая краіна.

Ганна Лагун

Даведка. Яшчэ лаўрэаты прэміі ў намінацыі “Мы вас любім, мы вамі ганарымся”:

Іскуі Абалян — Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, Амбасадар добрай волі Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. Вадзім Аванесаў — дырэктар сеткі магазінаў “Соседи” і партнёр сеткі піцэрый і рэстаранаў, намінант прэміі “Человек дела” ў Беларусі, суарганізатар і ўдзельнік першага Дня армянскага прадпрымальніцтва ў Мінску. Іскуі Амбарцумян — шэф-кандытарка, шматразовая пераможца чэмпіянатаў па кандытарскім майстэрстве па ўсім свеце. 28 лютага 2018 года яна заняла 1-е месца на Чэмпіянаце ў Еўропе “Экспо Свит”, а 25 лістапада ўзяла золата на Чэмпіянаце свету ў Люксембурзе. Саркіс Сімаваран — заснавальнік і выканаўчы дырэктар кампаніі ООО “ІSEC-SYSTEM”, адзін з заснавальнікаў газеты “Міасін”, член клуба армянскіх бізнесменаў. Карэн Мурадзян — сустаршыня армянскай моладзевай грамады ў Беларусі. Менавіта ён працуе з армянскай моладдзю, ладзіць для яе навагоднія святы, спартыўныя турніры ды іншыя імпрэзы. Ануш Амбарцумян — арганізатар свят армянскай культуры “Эрэбуні-Ерэван”, “З Араратам ў сэрцы” ў Мінску.

Нумар у ПДФ-фармаце

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.